ГЕНАДЗЬ ГАЙДУК: «АКЦЁР ПАЧЫНАЕЦЦА З ВЯЛІКАГА АКЦЁРСКАГА ДАРУ»

Наўрад ці ведаў у дзяцінстве вясковы хлопчык Гена Гайдук з Міншчыны, што такое тэатр і што сабой уяўляе прафесія артыста. Але хацелася яшчэ ў тыя, школьныя гады наладжваць розныя сцэнкі і мініяцюры, быць публічнай асобай. Гэта і вызначыла выбар жыццёвага шляху. У тэатральна-мастацкі інстытут паступаў двойчы: толькі на другі раз патрапіў на курс выдатнага педагога Аляксандра Іванавіча Бутакова, які для многіх студэнтаў быў сапраўдным бацькам. У настаўнікаў юнак засвоіў асновы майстэрства, але сапраўдным акцёрам стаў, ужо трапіўшы на коласаўскую сцэну.

Сёння ўспамінаем яго наіўнага, па-дзіцячы непасрэднага, закаханага ў медсястру салдата Лёньку-Адуванчыка з дудараўскіх «Радавых», адну з першых цэнтральных роляў Генадзя Гайдука.

Пасля была цэлая галерэя буйных і эпізадычных вобразаў, якія ён стварыў цягам свайго вялікага творчага шляху: ад Алёшы з гісторыі пра падлеткавае каханне «Маскоўскія канікулы» А.Кузняцова, казачных герояў – Пачвары з «Дарогі з чорнага царства» А.Вярбеца, Маслячка з тэатральнага хіта «Жыла-была Сыраежка» В.Зіміна, Зюзі-Зімавіцы з «Вядзьмаркі і Дыназаўрыка» А.Якімовіча, Блэза з аднайменнай камедыі Клода Манье да славутых асоб XX стагоддзя Марка Шагала, Хаіма Суціна («Шагал…Шагал…» і «Мадам Боншанс» У.Драздова) і Альберта Эйнштэйна («Прывітанне, Альберт!» Ю.Сохара), ад геніяльнага, але незразумелага бюракратамі вынаходцы Мурашкі з «Мудрамера» М.Матукоўскага, цынічнага і вытанчанага Хлестакова з эксперыментальнай пастаноўкі «Рэвізора» М.Гогаля, непадобнага на іншых Малодшага – Брыдкага качаня з «Дацкай гісторыі» А.Шапіры паводле Х.-К.Андэрсена, да чыстага душой, але з трагічным лёсам Освальда з «Грахоў бацькоў» паводле «Зданяў» Г.Ібсена, адарванага ад сваёй радзімы Пата Дулі з «Каралевы прыгажосці з Лінэна» М.Мак-Донаха і прайдзісвета Благае з «Доктара філасофіі» Б.Нушыча.

 

 

 

 

Ролі самага шырокага дыяпазону – лірычныя, казачныя, камедыйныя, драматычныя. Але калі вызначаць сутнасць яго акцёрскай індывідуальнасці, то гэта, бадай, вострая характарнасць з ноткамі з’едлівай іроніі. У тэатры Генадзь Іосіфавіч быў заўсёды загружаны, творчага прастою не ведаў, хоць не ўсе работы прыносілі сапраўднае задавальненне.

Генадзь Гайдук упэўнены, што акцёр пачынаецца з вялікага акцёрскага дару, прыроднай з’явы, якую можна развіць або загубіць. «Велізарнае шчасце акцёра, а магчыма, трагедыя, – кажа вядомы коласавец, заключаецца ў тым, што акцёр адначасова творца і матэрыял, скульптар і гліна, выканаўца і інструмент. Але скрыпка Страдзівары можа дастацца рамесніку без слыху, без пачуцця стылю і густу, а можа трапіць у рукі Моцарта – і паліецца незвычайная музыка».

Найбольшую папулярнасць, цёплыя водгукі сярод крытыкаў і гледачоў набыў вобраз Марка Шагала. З гэтым спектаклем тэатр аб’ехаў мноства краін: Вялікабрытанія, ЗША, Францыя, Італія, Польшча, Малдова, Расія, Літва, Латвія. На Міжнародным фестывалі ў Эдынбургу (Шатландыя) ён атрымаў Гран-пры ў праграме «Fringe». Артысту давялося паказаць славутага мастака ў розныя перыяды яго жыцця. Спектакль быў пабудаваны такім чынам, што Марк бачыць розныя малюнкі свайго віцебскага жыцця быццам праз прызму сваёй свядомасці. Першае ў жыцці юнацкае захапленне – Волечка, каханне да Бэлы, развітанне з роднымі, і, вядома ж, Віцебск – самы дарагі для яго горад, улюбёная, ды, на жаль, пакінутая ім радзіма, якая прыходзіць у снах, вершах, малюнках, непазбыўнай настальгіі. Генадзь Гайдук стварыў тонкі, пранізлівы, светлы і вельмі аб’ёмны вобраз найперш праз унутранае пражыванне, праз дакладнае ўзаемадзеянне з іншымі акцёрамі, у выніку якога атрымаўся сапраўдны ансамбль.

 

 

Працуючы над вобразам славутага фізіка Эйнштэйна ў спектаклі «Прывітанне, Альберт!», артыст перачытаў многа кніг, сядзеў у інтэрнэце, затое лепш за ўсіх у тэатры ведаў тэорыю адноснасці і мог за лічаны час растлумачыць, што такое фатоны і кванты. Ведаў, што толькі так можна дайсці да самай сутнасці ролі.

 

Увогуле перыяд працы ў тэатры мастацкім кіраўніком Віталя Баркоўскага лічыцца часам акцёрскага, выканальніцкага ўздыму і Генадзя Гайдука, калі раскрыліся яго прыхільнасці як драматычнага артыста.

На больш сучасным этапе такімі сталі ролі Пата Дулі ў «Каралеве прыгажосці з Лінэна», Віктара ў «Восеньскай санаце» І.Бергмана, Толі ў «Пахавайце мяне за плінтусам» П.Санаева.

 

У п’есе Мак-Донаха артыст надаў сваёй ролі сапраўдны аб’ём, шчымліва-пранізлівае, драматычнае гучанне. Перад намі зусім не класічны герой-палюбоўнік, артыст акцэнтуе ўвагу на яго добрых чалавечых якасцях: ён з самага пачатку спрабуе зразумець Морын і тыя правілы гульні, якую тая вядзе з ім. Вядома ж, яна больш пачуццёвая, больш акутая жаданнем, жарсцю, а ён насамрэч трапляе да яе ў палон. Герой адчувае сябе даволі няўпэўнена і няёмка ў той канфліктнай сітуацыі з маці, у якую міжволі трапіў. Пэўна ж, гэтая ноч змяніла і яго адносіны з Морын, і яго ўласную самаацэнку. У другой частцы спектакля, калі Пата чытае свой ліст да Морын, дзе папраўдзе робіць ёй прапанову быць разам, абяцае светлы рай, верыш у шчырасць яго намераў, у сапраўднасць пачуцця. Пры ўсёй слабасці характару героя гэта ўжо ўяўляецца смелым крокам, учынкам, які мог бы ўратаваць яе, ды стаў прычынай згубы.

 

Здольнасць падпарадкаваць сябе абставінам, у якія трапляе вобраз, выяўляецца, апрача названых спектакляў, у «Афінскіх вечарах» П.Гладзіліна (Барыс Алегавіч), «Загадкавых варыяцыях» Э-Э.Шмітта (Эрык Ларсен), «Леанарда?» Э.Флізара (Крывы), «Глыток чужога віскі» Л.Агулянскага (Рычард).

 

Цікава, што нават у камедыйных пастаноўках апошніх год – «Хітрыкі Скапэна» Ж.-Б.Мальера (Жэронт), «Доктар філасофіі» Б.Нушыча (Благае), «Дурнічка» Лопэ дэ Вегі (Турын), «Бальніца на краі свету» Х.Бойчава (Дзед) ды іншых артыст не захапляецца абыгрываннем камічных сітуацый. Ён спрабуе зразумець чалавека, вобраз якога ён стварае, яго мінулае, абставіны, у якія ён трапляе воляй лёсу, логіку яго паводзін. Пад маскай клоўна артыст заўсёды выяўляе драматызм.

 

 

У «Афінскіх вечарах» для артыста больш істотным здаецца неспадзяванае каханне, якому герой некалі здрадзіў, зрабіўшы выбар на карысць сям’і. Менавіта гэтай здрадай, гэтым хаўрусам з уласным сумленнем Генадзь Гайдук тлумачыць такую ўсеабдымную, ахвярную любоў да ўласнай дачкі, лёс якой, відаць, робіцца сэнсам яго жыцця. Таму яго лірычны маналог, праз які Барыс Алегавіч міжволі выдае сябе, робіцца кульмінацыяй сцэнічнага існавання ў гэтага акцёра. Артыст «абыходзіць» камедыйныя моманты п’есы, яны для яго не вельмі істотныя, такім чынам, ён узбуйняе драматычны аб’ём ролі. І гэта цікава гледачу.

 

Спрабаваў сябе Генадзь Гайдук і ў рэжысёрскай прафесіі. У 2002 годзе пры Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава ён арганізаваў студэнцкі тэатр «Аўтограф». Яны існавалі шэсць гадоў. За гэты час былі выпушчаны вельмі цікавыя яго эксперыментальныя пастаноўкі: «Доктар філасофіі» Б.Нушыча, «Справа аб людаедстве» У.Дарашэвіча, «Ніжнія Байдуны» паводле Я.Брыля, «Гавялус» паводле «Выпадку ў Пасажы» («Кракадзіл») Ф.Дастаеўскага, «Сны каморніка» паводле «Замка» Ф.Кафкі. Яны мелі вялікі розгалас сярод студэнтаў і выкладчыкаў. Але, на жаль, кіраўніцтва не аказала цікаваму творчаму калектыву належнай падтрымкі, ды і не заўсёды хапала часу, Генадзь Іосіфавіч літаральна разрываўся паміж рэпетыцыямі і спектаклямі на дзвюх творчых пляцоўках. На жаль, давялося сысці.

 

У вольны час артыст любіць складаць вершы, іншым разам перакладае цікавыя яму творы на беларускую мову. Як прыклад, дзіцячая п’еса «Казявачка», якая і зараз знаходзіцца ў рэпертуары.

За шматгадовую плённую творчую работу, асабісты ўклад у дасягненні коласаўскага тэатра ў 2001 годзе адзначаны Граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, у 2006 годзе – нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі», а ў 2016 годзе – Падзякай Міністра культуры Рэспублікі Беларусь. У 2012 годзе ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

У святочны для Генадзя Гайдука час
Коласаўскі тэатр жадае яму творчага гарэння, натхнення, узнёсласці,
новых цікавых роляў, шчасця ў асабістым жыцці, выдатнага настрою,
моцнага здароўя і трываласці на доўгія гады!

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

      

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка