ГАЛІНА БУКАЦІНА: «ЦУД НЕЛЬГА ПАТЛУМАЧЫЦЬ»

30.01.2025

27 студзеня 2025 года юбілейную дату адзначае Галіна Мікалаеўна Букаціна, вядучы майстар сцэны Нацыянальнанага акадэмічнага драматычнага  тэатра імя Якуба Коласа, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, уладальніца медаля Францыска Скарыны і прыза Беларускага саюза тэатральных дзеячаў «Крыштальная зорка».

За плячыма больш чым 40 год напружанай сцэнічнай працы, напоўненай шчаслівымі імгненнямі сустрэч з удзячным гледачом. Створаны вялікі шэраг цікавых, разнастайных, па-мастацку змястоўных вобразаў. Сярод іх – Аня з «Вішнёвага саду» А.Чэхава, Ліда з «Радавых» А.Дударава, Ульяна з «Хама» Э.Ажэшка, Марта-Ісабэль («І паміраючы дрэвы стаяць» А.Касоны), Гала з «…Таму што люблю», фрау Лора з «Дадому» і Ліза з «Маленькага свету» А.Паповай, Понсія з «Дома Бернарды Альбы» Ф.-Г.Лоркі, Мод з «Гаральд і Мод» К.Хігінса, Агустына з «Васьмі закаханых жанчын» Р.Тама, Філумена Мартурана са «Шлюба па-італьянску» Э.дэ Філіпа і многія іншыя.

 

 

А ўсё пачыналася так. Першая роля была сыграна будучай актрысай, як яна сама прызнаецца, яшчэ ў дзіцячым садку. Ёй даручылі стаць Снягурачкай. А яна была вельмі адказным дзіцем. Хвалявалася і не спала ўсю ціхую гадзіну. Але ўсё адбылося добра. Узімку дзяўчынка прыязджала гасцяваць у вёску да бабулі. Звычайна ў хаце збіраліся яе сяброўкі ці сваячкі, і маленькая Галя проста на печцы адсоўвала фіранку і пачынала выступаць перад жанчынамі. А потым пайшоў ужо больш дарослы шлях. Паколькі ў старшакласніцы Галі Букацінай быў даволі звонкі, выразны голас, у школе яе задзейнічалі ў розных канцэртах. Але была яшчэ і тэатральная студыя ў Палацы культуры Маладзечна. якой кіравала Надзея Іванаўна Сідарэнка. Яна вучылася на рэжысёра ў Ленінградскім інстытуце тэатра, музыкі і кіно. Прыехала ў Маладзечна, дзе паставіла шыкоўны спектакль на пластыцы з тэкставымі ўстаўкамі «Муха-Цакатуха». Рэпеціравалі Астроўскага, але ўдзельнічаць у прэм’еры часу ўжо не ставала: трэба было рушыць у Мінск, паступаць у тэатральна-мастацкі інстытут. Калі даведалася, які там конкурс, адразу засумнявалася і вырашыла проста паехаць са сваёй сяброўкай за кампанію. Дзяўчынку не ўзялі, а Галіне параілі: «Можаце і далей паспрабаваць».

Курс набіраў Валерый Раеўскі, вядомы рэжысёр, ён даўно ўжо быў мастацкім кіраўніком купалаўскага тэатра. Пачынаючы з трэцяга курса, дзяўчына ўжо пачала працаваць у Купалаўскім. Іграла Стэлу ў «Пагарэльцах» Макаёнка. Квіткі на гэты спектакль пыталіся ад пачатку сквера, у якім знаходзіцца тэатр. Што такое ў той час для студэнта выйсці на знакамітую сцэну і іграць разам з масцітымі артыстамі – Аўсяннікавым, Гарбукам, Тарасавым, Захарэвіч! Глыбы! І яна сярод іх. Арнольд Памазан, акцёр купалаўскага тэатра, народны артыст Беларусі, падарыў ёй паштоўку з надпісам: «Ты разумееш, Стэла, у чым адказнасць сучаснага моманту?» Гэта была такая ж адказнасць, як і роля Снягурачкі ў дзіцячым садку.

 

Але Раеўскі хацеў адразу акунуць студэнтаў у тэатр, у прафесію. Яны выходзілі ў масоўцы (сцэне балю) у «Аптымістычнай трагедыі». Потым Галіна іграла ў беларускіх вадэвілях – Зоську ў спектаклі «Ажаніцца – не журыцца». Першыя гастролі былі ў Гродне таксама з Купалаўскім. А потым Галіна Букаціна прыехала ў Віцебск.

У той час у Коласаўскім рэпеціраваў Мазынскі п’есу Чэхава «Вішнёвы сад». Першая яе роля – Аня, адразу класіка. Гераіня Галіны Букацінай атрымалася трапяткая, летуценная, імпульсіўная, поўная дзявочых мар і веры ў лепшае жыццё. Гэта была добрая заяўка. І побач – Маркіна, Куляшоў, Дубаў, Трус, Трушко, Каралькова, таксама масцітыя, як і раней у Купалаўскім. І гэтыя таксама трапятліва і пяшчотна адносіліся да моладзі. Ды і сама атмасфера Коласаўскага тэатра – цёплая, хатняя. Усе хочуць дапамагчы. Галіна глядзела, як працавала Маркіна. Любіла назіраць за Кокштысам-Расплюевым у «Вяселлі Крачынскага». У іх было чаму павучыцца. 

І па сёння Галіна Мікалаеўна надзвычай удзячна тым выдатным рэжысёрам, з якімі давялося працаваць. Найперш гэта Валерый Мазынскі, які ўзяў у тэатр і даручыў першую ролю. Потым – Барыс Эрын. Першы вопыт сумеснай работы быў у драме «Без віны вінаватыя» А.Астроўскага, дзе яна працавала разам з мэтрамі коласаўскай сцэны – народнымі артыстамі Беларусі Галінай Маркінай, Уладзімірам Куляшовым і Георгіем Дубавым, набіралася вопыту, вучылася майстэрству. У пастаноўцы яна сыграла правінцыйную актрысу Карынкіну, крывадушную інтрыганку і зайздросніцу, якая добра ўмее іграць не толькі на сцэне, але і ў жыцці.

 

Пазней ён жа, Барыс Уладзіміравіч яе, 27-гадовую дзяўчыну, прызначыў на ролю 45-гадовай Ульяны, сястры Паўла, галоўнага героя ў спектаклі «Хам». Галіна яшчэ падумала: а навошта?. А ён адказаў: «Трэба пашыраць дыяпазон. Субрэтак і гераінь вы ўжо ўмееце іграць. А тут вясковая кабета». Гэта была дзівосная школа. Рэпетыцыі так ішлі, што муха не магла праляцець. Эрын заўсёды прыходзіў добра падрыхтаваны. І акцёры імкнуліся быць у форме.

Потым быў Юрый Лізянгевіч. З ім у актрысы была цікавая сумесная работа – «І паміраючы дрэвы стаяць» па п’есе Алехандра Касоны. Роля Марты-Ісабэль. Цікавы вобраз, дзе межы паміж ігрой, у якую яна міжволі ўцягваецца, і сапраўднымі чалавечымі пачуццямі, раптам пачынаюць знікаць, а зусім чужы чалавек становіцца блізкім, родным, сваім.

 

Складаны, супярэчлівы характар Ізабэлы П’емонцкай, якая цягам спектакля вядзе складаны псіхалагічны паядынак з ігуменняй манастыра, стварыла Галіна Букаціна ў спектаклі «П’емонцкі звер» па п’есе Андрэя Курэйчыка.

 

У 1997 годзе ў тэатр прыйшоў новы мастацкі кіраўнік Віталь Баркоўскі. Гэта быў рэжысёр са сваёй школай, са сваім адметным бачаннем свету і мастацкай рэальнасці. Галіна Мікалаеўна іграла амаль ва ўсіх яго спектаклях, і ў асноўным цэнтральныя ролі. Адна з першых – Гала, жонка галоўнага героя, кранальна-вытанчаная, пяшчотная, грацыёзная, самаахвярная ў спектаклі «…Таму што люблю» па п’есе Алены Паповай. За яе актрыса атрымала прыз за лепшае выкананне жаночай ролі ў Бабруйску на Рэспубліканскім фестывалі беларускай драматургіі. Ходам работы над роляй хацела больш даведацца пра іншую Галу, жонку Сальвадора Далі, у нейкім сэнсе правобраз сваёй гераіні. Многа чытала пра яе. Пры ўсёй непадобнасці гэтых жанчын знаходзіла нешта агульнае паміж імі, зразумела сутнасць ролі. Па прызнанню актрысы, работа над ёй ішла няпроста.

 

«Там іншы стыль, іншы спосаб існавання на сцэне. У мяне ляжаў часопіс «Космапалітэн», і там я знайшла вялікі артыкул пра Галу і Далі. Прачытала – і быццам у мяне ўнутры штосьці шчоўкнула. Хоць у спектаклі зусім іншая Гала, тым не менш. Ёсць жа невытлумачальныя рэчы. Гэта падсвядомасць дае табе пасыл, і адбываецца цуд. А цуд нельга патлумачыць. Іншым разам ідзе ўсё аднолькава, і дзіва не адбываецца, яно буксуе перад рампай і ўсё. А іншы раз робіш, як заўсёды, і гэты паток ідзе праз сцэну. Ідзе да гледача, а табе вяртаецца ўзамен. Ідзе абмен энергіяй. І тады, калі гэта супадае, адбываецца цуд».

Складанай, неадназначнай паўстала Бона Сфорца ў выкананні Галіны Букацінай у «Чорнай нявесце» Аляксея Дударава. Уражваў першы эфектны выхад каралевы ў кракаўскім палацы. Ахутаная палаюча-чырвоным святлом, у чорнай сукенцы з залатым аздабленнем, яна цырымонна-танцавальна спускалася з лесвіцы. Як гром з яснага неба гучала нечаканая навіна Мнішака пра тое, што Жыгімонт закахаўся ў Барбару з Радзівілаў, якія ніжэйшага роду. Каралева ў трывозе. Яна паволі набліжаецца да пасткі, трывожна ўглядаецца ў цемру і жахліва адхінаецца, быццам бы ўбачыўшы там адбітак сваіх чорных думак. Але гэта толькі хвілінная разгубленасць. Яна сустракае Жыгімонта ўзброенай і падрыхтаванай. Кульмінацыя спектакля – сустрэча Барбары і Боны. Напалоханая чуткамі пра цяжарнасць сынавай каханкі, каралева тайна прыязджае ў Нясвіж, каб прыняць адпаведныя меры. З першай хвіліны Бона-Букаціна пачынае да дробязей разлічаную гульню. Яна парывіста абдымае Барбару, прыціскаецца вухам да яе жывата, жадаючы пераканацца, што ў гэтым ненавісным чэраве сапраўды зарадзілася жыццё яе нашчадка. Барбара з цяжкасцю вырываецца з яе учэпістых абдымкаў, а тая, быццам змяя, паўзе за ёй па падлозе. За вобраз каралевы Боны Сфорца ў «Чорнай нявесце» актрыса ўганаравана спецыяльным дыпломам «За яскравае ўвасабленне ролі» і прызам камітэта па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама на Міжнародным тэатральным фестывалі «Славянскія тэатральныя сустрэчы».

 

У спектаклі «Позняе каханне» паводле п’есы А.Астроўскага Галіна Букаціна стварыла вобраз Варвары Лябёдкінай, гэткай халоднай спакушальніцы, якая разлічвае кожную інтанацыю і жэст, а да ўсяго рэжысёр прыдумаў для яе доўгую і пранізліва-драматычную сцэну маўклівага дыялогу з лялькай накшталт прызнання ў самых патаемных пачуццях.

 

У пастаноўцы «Дадому» А.Паповай яе гераіня – немаладая жанчына Лора Васільева, якая спрабуе абараніць сваё шчасце, забіваючы саперніцу.

 

Многія другарадныя ролі, дзякуючы майстэрскаму выкананню актрысы, часта выходзілі на першы план. Напрыклад, служанка Понсія ў драме «Дом Бернарды Альбы» Ф.-Г.Лоркі, пастаўленай балгарскімі рэжысёрамі Дзімітрам Дзімітравым і Йорданам Славейкавым. Дзень за днём, хвіліна за хвілінай яна назапашвае ў сабе нянавісць і прагу помсты. Пакуль у фінале спектакля сама бярэ ў рукі стрэльбу і нацэльвае на Бернарду, увасабляючы сабой расплату. Роля выходзіць на першы план, становіцца лагічнай развязкай сямейнай драмы.

 

У апошнія гады Галіна Мікалаеўна актыўна занятая ў дзіцячым рэпертуары. Прыгадаем яе гратэскавы вобраз фрэкен Розенблюм з яскравай сцэнічнай фантазіі «Пэппі» паводле вядомай кніжкі А.Ліндгрэн і мюзікла Ю.Кіма. Яна галоўная антаганістка Пэппі Доўгаяпанчоха. Напэўна, актрысе не вельмі цікава было сыграць гэткага вельмі правільнага персанажа, і таму яна дадае вобразу яшчэ адну фарбу, прыўносіць у спектакль тэму жаночай неўладкаванасці. У гратэскавым плане вырашаны і другі яе казачны персанаж – малодшая графіня Вішня ў «Прыгодах Чыпаліна» па матывах вядомай кнігі Д.Радары. У апошняй прэм’еры тэатра – казцы братоў Грым «Беласнежка і сем гномаў» Галіна Букаціна стварыла вельмі абаяльны вобраз Кактуса.

 

 

Калі казаць пра дарослыя вобразы апошніх сезонаў, трэба адзначыць яе Мод з лірычнай камедыі «Гаральд і Мод» К.Хігінса, Агустыну з дэтэктыва «Восем закаханых жанчын» Р.Тама і Мар’ю Ярмілаву з жыццёвых гісторый «Яшчэ раз пра каханне» паводле апавяданняў В.Шукшына (навела «Восенню»).

У адметнай трактоўцы рэжысёра Уладзіміра Савіцкага чароўная Мод зусім не выглядала жанчынай вельмі сталага ўзросту, хутчэй наадварот. Справа тут была зусім у іншым, хутчэй у адносінах да навакольнага свету, да людзей, да жыцця. Мод быццам адкрывала яго перад Гаральдам. Такім чынам паглыбляўся сэнс і ролі, і спектакля.

 

Шалапутнай, дзівакаватай і эгаістычнай паўстае ў спектаклі «Восем закаханых жанчын» па п’есе Рабэра Тама Агустына, сястра галоўнай гераіні. Нейкае спалучэнне амаль звар’яцелай на глебе сквапнасці, пажадлівасці і рэўнасці жанчыны і наіўнага, кранальнага дзіцяці.

 

У спектаклі «Яшчэ раз пра каханне» роля Галіны Букацінай – не з цэнтральных. Тым не менш, актрыса аказваецца здольнай прыўнесці ў спектакль дасцэнічнае мінулае сваёй гераіні, перадаць яе душэўны боль, кранальную пяшчоту і памяць аб тым далёкім юнацкім каханні, якое яна здолела пранесці праз усё жыццё. Тонкая, трапяткая работа актрысы.

 

Да мінулага юбілею актрысы рэжысёр Юрый Пахомаў ажыццявіў прэм’еру спектакля «Шлюб па-італьянску» па вядомай п’есе слыннага італьянскага драматурга Эдуарда дэ Філіпа «Філумена Мартурана». Трэба заначыць , што актрыса іграла ў ранейшай пастаноўцы гэтага твора 1983 года Дзіяну, маладую суперніцу Філумены. І вось амаль праз сорак гадоў – цэнтральная роля.

У гэтай жа ролі Галіна Мікалаеўна выйдзе на бенефісе, які адбудзецца 1 лютага, а 18-й гадзіне.

Камедыйную сітуацыю яшчэ да пачатку спектакля стварае сама гераіня, калі прыкідваецца смяротна хворай, дамагаючыся ад Даменіка Сарыяна (так завуць яе сужыцеля) шлюбу. І вось калі гэтая падзея адбываецца, можна скінуць маску, чым поўнасцю агаломшыць новаспечанага мужа. Філумена (так падае гэтую сцэну Галіна Букаціна) адчувае сябе поўнай гаспадыняй становішча, насміхаючыся з Даменіка ды іранізуючы з яго дарэмнай сумятні. Чым больш ён абураецца, тым больш яна стараецца быць спакойнай і непарушнай. Пэўна ж, не заб’е, хоць трымае ў руках сталёвую статуэтку і марна шукае пісталет. Паступова падводзіць яго да галоўнай навіны, якую хавала чвэрць стагоддзя, да галоўнай прычыны яе махлярства. Гэта яе дзеці, яе сыны, якім яна мае намер даць яго прозвішча. Тут трэба заўважыць, што ўсе эпізоды, дзе Філумена пра іх згадвае ці тым больш кантактуе з імі непасрэдна, гучаць у спектаклі найбольш праўдзіва і шчымліва.

 

Да апошняга Філумена не хоча паверыць, што закон можа аказацца такім негуманным, і ёй давядзецца саступіць, пайсці з гэтага дому ні з чым. Але яна сустракае добрыя, зычлівыя адносіны да сябе з боку дзяцей, і гэта дае ёй унутраную моц. Вельмі шчымліва і эмацыянальна прамаўляе актрыса свой знакаміты маналог-успамін пра Мадонну, якая «падказала» ёй адзінае правільнае рашэнне. «Дзеці ёсць дзеці», — неаднаразова паўтарае яна як заклінанне. Чалавек робіцца моцным, калі ён здольны, нягледзячы на ўсе перашкоды, рабіць праведныя ўчынкі, жыць сумленна, — быццам даводзіць выканаўца. А ўвогуле ў вобразе Філумены ў спектаклі коласаўцаў спалучаюцца і моц характару, і жаноцкасць, і абаяльнасць, і прыгажосць, найперш чалавечая.

Сярод апошніх сыграных работ актрысы – Кабета з вёскі Лясіны ў спектаклі «Сотнікаў» па аднайменнай аповесці Васіля Быкава. Пасля «Хама» гэта другая роля падобнага плану. І яшчэ адзін даволі складаны эпізод – маці Дробава – быў у спектаклі «Выбар» па Аляксею Дудараву.

 

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа
сардэчна віншуе шаноўную Галіну Мікалаеўну з юбілейнай датай
і зычыць ёй моцнага здароўя, аптымізму, пастаяннага бадзёрага настрою,
натхнення, новых яскравых сцэнічных вобразаў!

Юрый Іваноўскі

Добавить комментарий

Положение
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

АЦАНІЦЕ РАБОТУ НАЦЫЯНАЛЬНАГА АКАДЭМІЧНАГА ДРАМАТЫЧНАГА ТЭАТРА ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА
НА ПАРТАЛЕ
РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ ЯКАСЦІ АКАЗАННЯ ПАСЛУГ І АДМІНІСТРАЦЫЙНЫХ ПРАЦЭДУР
АРГАНІЗАЦЫЯМІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                    

                    

              

 

 

X