ФЕСТЫВАЛЬНЫЯ СУСТРЭЧЫ Ў БАБРУЙСКУ

З 27 па 31 кастрычніка ў Бабруйску, на сцэне Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча, праходзіць Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі. Пабывалі на ім і коласаўцы. Фактычна яны і адкрылі праграму свята драматычнай баладай «Не пакідай мяне…» па п’есе Аляксея Дударава. Рэжысёр-пастаноўшчык - заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, мастацкі кіраўнік Коласаўкага тэатра Валерый Анісенка. Спектакль быў вельмі цёпла прыняты гледачамі, высока ацэнены крытыкай.
Паездка віцябчан была даволі насычанай, бо апрача сустрэчы з гледачамі, яны змаглі наведаць некалькі прадпрыемстваў ААТ «Белшына». На заводзе масавых шынаў артыстаў ласкава прывітаў і азнаёміў з абсталяваннем, прадукцыяй галоўны інжынер ЗМШ Вадзім Нікіценка, на заводзе звышбуйнагабарытных шынаў гасцей з Віцебска сустрэў і правёў экскурсію намеснік дырэктара прадпрыемства Аляксандр Ачыновіч.
Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі ладзіцца з 1998 года, сёлета ён пяты па ліку. Сёлета, як і раней, форум меў статус міжнароднага. Маскоўскі акадэмічны драматычны тэатр імя Маякоўскага закрые фестываль спектаклем «Любоў людзей» па п’есе маладога беларускага драматурга Дзмітрыя Багаслаўскага. Апрача таго мясцовыя гледачы, крытыкі і госці свята ўжо пабачылі альбо яшчэ паспеюць азнаёміцца з пастаноўкамі тэатраў з Мінска, Віцебска, Гомеля, Магілёва, Бабруйска, Пінска.
Творчыя работы сёлета ацэняць у намінацыях «Лепшы спектакль», «Лепшая рэжысура», «Лепшая мужчынская роля», «Лепшая жаночая роля», «Лепшая сцэнаграфія». Пераможцу чакае Гран-пры. Журы ўзначальвае вядомы беларускі тэатральны крытык, тэатразнаўца, доктар філалагічных навук, прафесар Таццяна Дзмітрыеўна Арлова.
Акрамя конкурсу падчас фестывалю адбудуцца майстар-клас сцэнічнага майстэрства, тэатральная лабараторыя, чыткі п'ес.
Добавить комментарий