БЫЦЦАМ ВЫЙШАЎ НА СЦЭНУ З САМОГА ЖЫЦЦЯ

 

Па-рознаму трапляюць будучыя акцёры на прафесійную сцэну. Хтосьці са шчасліўчыкаў праходзіць вучобу ў майстэрнях тэатральных вну ці каледжаў, а хтосьці (праўда, такіх вельмі нямнога) проста з мастацкай самадзейнасці. Здараецца, таленты на розных конкурсах ці фестывалях заўважаюць кіраўнікі тэатраў і запрашаюць у трупу. Так адбылося і з Яўгенам Шыпілам, будучым народным артыстам Беларусі, які больш за 30 год свайго не вельмі працяглага жыцця прысвяціў служэнню Коласаўскаму тэатру.

Нарадзіўся Яўген Патафеевіч 7 кастрычніка 1943 года на Верхнядзвіншчыне, дакладней – у вёсцы Відокі. Па натуры чалавек няўрымслівы, энергічны, патрабавальны да сябе і сваіх таварышаў, ён на працягу шэрагу гадоў працаваў на камсамольскай рабоце, а ў вольны час аддаваў сябе самадзейнай сцэне – чытаў вершы, байкі, удзельнічаў у драматычных спектаклях. Мара стаць прафесійным акцёрам не давала спакою. Ён падрабязна і дасканала вывучаў біяграфіі майстроў сцэны, гісторыю беларускага і замежнага тэатра. На жаль, патрапіць у шэрагі студэнтаў Яўгену не было суджана. Неаднаразова паступаў у тэатральна-мастацкі інстытут, але чамусьці туды не патрапіў. Значна больш яму пашанцавала ў Віцебску. Коласаўскі тэатр у 1967 годзе аб’явіў набор у дапаможны акцёрскі склад трупы, і Яўген Шыпіла вельмі прыйшоўся даспадобы майстрам сцэны і кіраўніцтву, якія праглядалі кандыдатаў у акцёры. Спадабалася яго чыстае маўленне, натуральная беларуская гаворка, якой немагчыма навучыць, бо гэта ўбіраецца з дзяцінства, як кажуць, усмоктваецца з малаком маці.

У коласаўцаў ёсць добрая традыцыя – акружаць клопатамі моладзь, якая прыходзіць у тэатр, ствараць усе неабходныя ўмовы для яе творчага ўдасканалення. Такія ж добрыя адносіны былі і да артыста дапаможнага складу Яўгена Шыпілы. Галоўны рэжысёр тэатра Сямён Казіміроўскі бачыў у ім патэнцыяльныя магчымасці для сцэны. Паступова, крок за крокам, будучы вопытным педагогам, ён раскрываў у пачаткоўца прыродныя дадзеныя, характар, яго ўнутраны свет. Па першым часе Шыпілу дапамагалі акцёры старэйшага пакалення – Цімох Сяргейчык, Анатоль Трус, Фёдар Шмакаў, Іосіф Матусевіч. Дзе парадай, дзе добрым словам, пажаданнем,  нейкай падказкай.

Першая роля. Колькі пакут і хваляванняў яна прынесла маладому акцёру! Няхай яна была нязначная (Гарбуноў з п’есы «Шостае ліпеня» Міхаіла Шатрова), але затое гэта быў адказны экзамен у такім сур’ёзным спектаклі. Неўзабаве акцёр быў пераведзены ў асноўны склад трупы. Пайшлі новыя ролі, яшчэ больш адказныя.

Феніса ў камедыі Лопэ дэ Вегі «Дурнічка». Гэты спектакль стаў сапраўднай школай для акцёрскай моладзі тэатра. Ён з’явіўся школай і для Яўгена Шыпілы. Работа над роляй навучыла яго валодаць шпагай, вострым іспанскім словам. Гэта быў своеасаблівы ўрок па сцэнічнаму руху і мове… Кузьма Хаценьчык з камедыі Мікалая Матукоўскага «Амністыя», той самы прыяцель Грышы Салавейчыка, які спрабуе ўсялякім чынам абараніць свайго прыяцеля-сабутыльніка, нахабна хітруе, маніць, маскіруецца... Пагранічнік Пятро Шчарбіна з драмы «Не турбуйся, мама!» Думбадзе запомніўся акрэсленым характарам, які гартуецца на мяжы, дзе выпрабоўваюцца мужнасць і адданасць Радзіме.

Ад ролі да ролі крышталізуецца акцёрская індывідуальнасць, з’яўляецца ўпэўненасць у сваіх сілах, выпрацоўваецца уласнае бачанне вобраза, прыёмы, пранікненне ў яго біяграфію. І хоць не так часта па першым часе трапляліся цікавыя ролі, артыст не адчайваецца. Ён спрабуе надзяляць герояў цікавымі характэрнымі рысамі, што надае ім дзейнаснасць і жыццёвасць. Тут трэба ўзгадаць ролю Івана Шведа з камедыі Андрэя Макаёнка «Таблетку пад язык». П’еса была пастаўлена ў многіх тэатрах Беларусі і Расіі. І, як правіла, рашэнне гэтай ролі ў большасці выканаўцаў было лабавым, сухім. Педаліравалі яго грубасць, паказвалі Шведа гэткім хуліганам. Шыпіла іграў зусім не хулігана. Ён быў простым, вельмі абаяльным хлопцам, які валодаў цудоўным пачуцём гумару і ўмела карыстаўся ім.

Вяршыняй творчага пошуку артыста першай паловы 1970-х гадоў стала роля Пятра Хромава ў спектаклі «Сталявары» па п’есе Генадзя Бокарава. Спачатку хлопца ўспрымаеш гэткім легкадумным і гарэзлівым балагурам сярод равеснікаў і прыяцеляў па рабоце. Праўда, акцёр не вельмі акцэнтаваў гэтую якасць свайго персанажа. Ён хутчэй перадаваў шчырасць героя ў кожную хвіліну яго сцэнічнага жыцця. Чалавек з гарачага цэха, Пётр нібы і за яго сценамі адчуваў напал сапраўднай садружнасці людзей аднаго з ім прызвання, людзей з рабочага асяроддзя. Паступова глядач пачынае верыць, што балагур і жартаўнік саступаюць месца сур’ёзнаму чалавеку, што ў характары Хромава перамагае штосьці больш трывалае, больш надзейнае. Асабліва гэта робіцца адчувальным у сцэне, калі Хромаў кідае выклік некаторым сваім таварышам па брыгадзе, знарок парушаючы сяброўскія адносіны, адстойваючы справядлівасць.

З цягам часу вобразы маладых герояў-аднагодак саступілі месца ролям старых, прымудроных жыццёвым досведам. Першай з такіх работ стаў дзед Курыла са спектакля «Сымон-музыка» паводле аднайменнай паэмы Якуба Коласа. Стары пастух у выкананні Шыпілы – увасабленне розуму і мудрасці беларускага народа. Нават мова яго, напеўная, меладычная, гучала як вершаванае апавяданне казачніка. Духоўная блізкасць Сымона са сваім настаўнікам – гэта сувязь мастака з народнымі каранямі, роднай зямлёй. Пад уздзеяннем Курылы адбываецца станаўленне творчай асобы, самапазнанне таленту. У нечым падобным стаў для артыста і кранальны вобраз дзеда Глахуны з інсцэніроўкі рамана Надара Думбадзе «Закон вечнасці». Праўда, тут рэжысёр Валерый Маслюк разам з артыстамі, у тым ліку і Яўгенам Шыпілам, паспрабаваў перадаць нацыянальны грузінскі каларыт, уласцівы вобразам.

Кагорту «старых» цудоўна дапоўнілі іншыя работы артыста: Тарон у армянскай камедыі «Заставайцеся сонцам» Арамашота Папаяна, і асабліва Мульцік-Фядос у драме «Вечар» па п’есе Аляксея Дударава. Спектакль быў удастоены Дзяржаўнай прэміі БССР. Акцёр тут пераконваў мудрасцю, нетаропкасцю, унутраным спакоем, народнай філасофіяй, справядлівасцю свайго героя. Здавалася, што выканаўца ролі Фядоса нічога і не іграў, а натуральна выйшаў з самога жыцця, з той вёскі Відокі, дзе некалі нарадзіўся і ўзяў ад сваіх аднавяскоўцаў не толькі знешняе падабенства, а глыбокую ўнутраную сутнасць. Мастацкая глыбіня гэтага вобраза, як і ўсяго спектакля, сапраўды ўражвала.

Артыст умеў па-майстэрску падключыцца ў атмасферу розных па жанру і стылістыцы відовішчаў. Так, у спектаклі «Тры мяшкі засмечанай пшаніцы» ён іграў ролю старшыні сельсавета Кісцерава, а ў камедыі-прыпавесці Казіса Саі «Клеменс» – мясцовага свата-балагура Канкаліса. У першым панавала бытавая інтанацыя і адпаведнасць вобразаў жыццёвым прататыпам. Гэта было зададзена рэжысёрам і падтрымана артыстамі, сярод якіх быў і Яўген Шыпіла. Другі спектакль – бывальшчына, блізкая да казкі, прыпавесці. І тэатр прапаноўваў выканаўцам рэзка пераўвасабляцца, падключацца да зусім іншых стылявых структур. Большасць з іх рабіла гэта з добрым мастацкім захапленнем. І сярод іх годнае месца займаў Яўген Шыпіла. Ён быццам адчуваў тую мелодыю, што трымцела ў душы старшыні сельсавета Кісцерава альбо свата Канкаліса.

У спектаклі «Парог» артыст стварыў цэнтральны вобраз Андрэя Буслая. Гэтая роля стала адной з самых знакавых у творчасці артыста. Андрэй Буслай прачынаецца ад тэлефоннага званка ў чужой кватэры, больш таго, нават у невядомым горадзе. І сустракае незвычайных, дзівакаватых людзей і не менш дзіўныя парадкі. А далей – болей. Ён даведаецца, што ў вёсцы, на яго радзіме, блізкія людзі на могілках хаваюць яго ж цела. І паедзе Буслай туды. Сустрэнецца з былым дружбаком. Будзе пераконваць, што ён жывы, а той усё адно не дасць яму веры. Яўген Шыпіла не збіваўся на вонкавую абмалёўку вобраза, даваў свайму персанажу складаную характарыстыку, паказваў чалавека, што згубіў аблічча з-за злоўжывання алкаголем, у дыялектычным развіцці. Апынуўшыся на парозе, за якім пачынаецца маральная бездань, Андрэй Буслай, сам таго не ўсведамляючы, пачынаў барацьбу за сваё чалавечае «я». Уражваў фінал спектакля, калі Андрэй прыціскаў да грудзей свайго маленькага сына і спрабаваў расказаць яму казку. Толькі ніяк не мог яе ўспомніць.

Як пісала крытыка, Яўген Шыпіла мог па-майстэрску паказаць народнае паходжанне сваіх персанажаў. Асабліва гэта выявілася ў ролі Несцеркі з аднайменнай камедыі Віталя Вольскага, якую артыст сыграў пасля першых выканаўцаў – народных артыстаў СССР Аляксандра Ільінскага і Фёдара Шмакава. Няма патрэбы параўноўваць гэтых выканаўцаў, бо кожны з артыстаў прыўносіць у ролю нешта сваё, і гэта яго права і абавязак. У Шыпілы Несцерка перш-наперш памаладзеў, і тым яго зухаватасць і гарэзлівасць афарбавалася ў зусім іншыя колеры. Ва ўсякім выпадку гледачы, сустракаючы іншага выканаўцу, не маглі папракнуць яго ў другаснасці, верылі ў самастойны характар акцёрскіх адкрыццяў у гэтай ролі.

Дастаткова нечаканым здавалася прызначэнне Яўгена Шыпілы на ролю Канстанціна Заслонава ў спектаклі «Паядынак» па п’есе Мікалая Матукоўскага, які паставіў на коласаўскай сцэне выдатны беларускі і расійскі рэжысёр Барыс Эрын. Раней яны ўжо сустракаліся разам у рабоце над інсцэніроўкай аповесці Барыса Васільева «Не страляйце ў белых лебедзяў», дзе артыст стварыў вельмі складаны і па-мастацку аб’ёмны вобраз Ягора Палушкіна. Там герой набыў грунтоўныя псіхалагічныя матывіроўкі кожнага свайго ўчынка, нават кожнага дзівацтва. І вось новая сустрэча. Заслонаў Шыпілы зусім быў пазбаўлены рысаў плакатнага героя, прыўзнятага на котурны. Драматургія п’есы і ролі патрабавала ад выканаўцы моцнага валявога напружання, інтэлектуальнага патэнцыялу, які яму спатрэбіўся для той рызыкоўнай ігры, якую той вядзе з ворагам.

Яўген Патафеевіч іграў у тэатры ролі рознага плану, імкнуўся быць універсальным акцёрам. Сярод класічных персанажаў можна вылучыць яго Вайніцкага з п’есы Антона Чэхава «Дзядзя Ваня», паштмайстра Шпекіна з эксперыментальнай пастаноўкі «ЧП-1»-«ЧП-2» паводле гогалеўскага «Рэвізора», Джона Бочку ў сцэнічнай кампазіцыі па трылогіі Уільяма Шэкспіра «Генры VI», Глостэра з яго ж трагедыі «Кароль Лір».

Дзядзя Ваня Яўгена Шыпілы, па сутнасці, горка расплачваецца за тое, што стварыў сабе куміра і слепа пакланяўся яму. Пасля прасвятлення Іван Пятровіч абрушваў на Серабракова ўсю сваю крыўду, зайздрасць, расчараванне. На спектаклі станавілася зразумелым, чаму п’еса называецца «Дзядзя Ваня». Менавіта Іван Пятровіч Вайніцкі, высакародны, глыбока прыстойны чалавек, больш за астатніх адыходзіць ад духоўных каранёў і парушае асноўныя хрысціянскія запаведзі – стварае ілжэкуміра, а расчараваўшыся, асуджае яго, спакушае чужую жонку, даходзіць да адчаю, робіць замах на жыццё блізкага свайго і асабістае жыццё. Яўген Шыпіла не імкнуўся іграць выключнага героя. Яго дзядзя Ваня быў знарок будзённы, заземлены, як асоба прайграваў ў параўнанні з Астравым, і відавочна, што ні Дастаеўскага, ні Шапэнгаўэра з яго ніколі б не атрымалася. Тым больш ёміста гучала ў спектаклі думка аб самакаштоўнасці кожнай чалавечай асобы, незалежна ад сацыяльнага статусу і таленту, падараванага прыродай.

Яўген Шыпіла пражыў яркае жыццё ў мастацтве, пакінуў свой след у гісторыі Коласаўскага і наогул беларускага тэатра. Яго любілі і калегі па працы, і гледачы. У адносінах з людзьмі Яўген Патафеевіч быў вельмі дасціпным, абаяльным, вясёлым, з пачуццём гумару, таварыскім чалавекам, выдатным субяседнікам.

Пайшоў з жыцця ён 28 лістапада 1999 года. Ведаючы пра сваю цяжкую хваробу і хуткі скон, паехаў паміраць на сваю радзіму, развітацца з роднымі мясцінамі і блізкімі людзьмі. Пахаваны выдатны беларускі артыст у вёсцы Свяціцы Верхнядзвінскага раёна.

Добавить комментарий

Положение
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

АЦАНІЦЕ РАБОТУ НАЦЫЯНАЛЬНАГА АКАДЭМІЧНАГА ДРАМАТЫЧНАГА ТЭАТРА ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА
НА ПАРТАЛЕ
РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ ЯКАСЦІ АКАЗАННЯ ПАСЛУГ І АДМІНІСТРАЦЫЙНЫХ ПРАЦЭДУР
АРГАНІЗАЦЫЯМІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                    

                    

              

 

 

X