АД АРТЫСТА-ПАЧАТКОЎЦА ДА САПРАЎДНАГА МАЙСТРА. УЛАДАЛЬНІК МЕДАЛЯ ФРАНЦЫСКА СКАРЫНЫ ГЕНАДЗЬ ГАЙДУК АДЗНАЧАЕ 65-ГОДДЗЕ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ.

 

22 верасня ў аднаго з найбольш вядомых і запатрабаваных артыстаў коласаўскай трупы Генадзя Іосіфавіча Гайдука асабістая шаноўная дата – 65-годдзе з дня нараджэння. Апрача гэтага, ён святкуе і 40-годдзе сваёй творчай дзейнасці.

Пройдзены вялікі шлях – ад артыста-пачаткоўца да сапраўднага майстра, які здольны выканаць самыя складаныя прафесійныя задачы. А як жа ўсё пачыналася? Наўрад ці ведаў у дзяцінстве вясковы хлопчык Гена Гайдук з Міншчыны, што такое тэатр і што сабой уяўляе прафесія артыста. Меў выдатныя тэхнічныя, інжынерныя здольнасці, любіў круціць розныя вінцікі, болцікі, і нават у шэсць гадоў зрабіў сабе трактар. Сябры нават і мянушку яму адпаведную далі – Гайка. У школе добра цяміў у матэматыцы. Але разам з тым хацелася яшчэ ў тыя, школьныя гады наладжваць розныя сцэнкі і мініяцюры, быць публічнай асобай. Гэта і вызначыла выбар жыццёвага шляху.

У тэатральна-мастацкі інстытут паступаў двойчы: толькі на другі раз патрапіў на курс выдатнага педагога Аляксандра Іванавіча Бутакова, які для многіх студэнтаў быў сапраўдным бацькам. Але нават лепшыя з лепшых не могуць навучыць быць акцёрамі, гэта можна адолець толькі самому, упэўнены сам Генадзь Іосіфавіч. Трэба засвоіць у педагогаў аснову, а ўсё астатняе падгледзець, прыдумаць. У настаўнікаў юнак засвоіў асновы майстэрства, але сапраўдным акцёрам стаў, ужо трапіўшы на коласаўскую сцэну.

Дэбютаваў у ролі Лёнькі-Адуванчыка ў спектаклі «Радавыя» па п’есе Аляксея Дударава. Гэта быў наіўны, непасрэдны, закаханы ў медсястру хлапчук. Потым быў цэлы шэраг маладых герояў – Алёша ў спектаклі пра падлеткавае каханне «Маскоўскія канікулы» А.Кузняцова, шэкспіраўскі Бенволіа з «Рамэа і Джульета», Вася («І быў дзень…» А.Дударава), Іван («Сняданак з невядомымі» У.Дазорцава), Адзінцоў («Тры гадзіны на сачыненне» А.Крумера, М.Міхайлава).

 

 

 

Многа іграў у казках, дзе набыў неблагі прафесійны вопыт: сыграў Пачвару («Дарога з чорнага царства» А.Вярбеца), Бураціна («Навагоднія прыгоды з чароўнай скрыначкай» Ю.Куліка, А.Оксіня), Лесуна ў «Купальскай ночы» Ю.Куліка, Казла з «Кошчынага дома» С.Маршака, Малодшы брат у «Дацкай гісторыі» А.Шапіры паводле Х.-К.Андэрсана,  Шэрае мышаня ў «Дні нараджэння ката Леапольда» А.Хайта.

 

На больш познім этапе – Доктар Айбаліт у аднайменным спектаклі па кінасцэнарыю Р.Быкава і В.Карастылёва, Зюзя-Зімавіца ў музычнай казцы «Вядзьмарка і Дыназаўрык» А.Якімовіча.

 

Але вось пайшлі больш грунтоўныя ролі. Напрыклад, Хлестакоў у эксперыментальнай пастаноўцы «ЧП-1»–«ЧП-2» паводле «Рэвізора» М.Гогаля ў пастаноўцы выдатнага рэжысёра Барыса Эрына, пазней – Освальд у спектаклі «Грахі бацькоў» паводле п’есы Г.Ібсена «Здані». Увогуле ў «Рэвізоры», па задуме рэжысёра, суіснавалі чатыры Хлестаковы. Гэта ў нейкім сэнсе адлюстроўвала гогалеўскую фантасмагорыю і містыцызм. Кожны з выканаўцаў ролі ўвасабляў нейкую адну рысу, якую ён перадаваў – інфернальнасць у Вадзіма Асвяцінскага, інфантыльнасць і рамантычнасць у Генадзя Кірпічова, ганарлівасць і самаўпэўненасць у Міхася Краснабаева, гіпертрафаваную жаноцкасць у Генадзя Гайдука. Паступова вобраз абрастаў і іншымі рысамі – цынізмам і рафініраванасцю.

 

Праз некалькі год – паглыбленне ў псіхалагізм і трагічнасць ібсенаўскага персанажа Освальда. Яго герою цягам дзеі ўласцівы вонкавы, знешні спакой. Страціўшы апошнюю надзею на выратаванне, ён усё прадумаў, разлічыў і прыехаў да дому паміраць. Вестка пра тое, што яго абранніца Рэгіна з’яўляецца яго сястрой, не вельмі хвалюе Освальда. Жыццялюбівая, адчайная дзяўчына неабходна яму толькі для таго, каб у патрэбную хвіліну даць выратавальную атруту. Але ад’езд Рэгіны парушае ўсе яго планы. Тады са страшнай прапановай сын звяртаецца да маці. Освальд на сцэне зусім пазбаўлены нервовай узбуджанасці, экзальтацыі, істэрыі. Толькі незямны сум у вачах ды ледзь прыкметная пакутлівая грымаса, што часам скажае яго прыгожы твар, выдаюць нясцерпны душэўны боль. Освальд мяккі, разважлівы, мудры, таму што ў думках сваіх ужо даўно пераступіў мяжу небыцця. Выкананне Генадзя Гайдука ўражвала глыбінёй, напоўненасцю, прыхаваным драматызмам.

  

Акцёр з поспехам працаваў у самых розных жанрах – псіхалагічнай драме, лірычнай камедыі, абсурдысцкім трагіфарсе або казцы. У спектаклі «Блэз» па п’есе французскага драматурга Клода Манье ён яскрава выконваў ролю галоўнага героя. Малады мастак, месье Блэз арэндуе кватэру, каб са сваёй дамай сэрца правярнуць нейкую аферу. Ён задумаў ажаніцца з дачкой багатага палюбоўніка сваёй дамы. Але іх планы руйнуюцца, і Блэз вымушаны выкручвацца самымі рознымі спосабамі. Лёгкі жанр, камедыя становішчаў? Так. Але гэты жанр вымушае акцёра трымаць сябе заўсёды ў форме. Тут мы ўспамінаем знакамітых французскіх комікаў, якія нават у вельмі прымітыўных фільмах прымушалі трымаць глядацкую ўвагу, выклікаць любоў ці, прынамсі, сімпатыю да сваіх няўдачлівых персанажаў.

 

У тэатры Генадзь Іосіфавіч быў заўсёды загружаны, творчага прастою не ведаў, хоць не ўсе работы прыносілі сапраўднае задавальненне. Найбольшую папулярнасць, цёплыя водгукі сярод крытыкаў і гледачоў набыў вобраз Марка Шагала. Са спектаклем «Шагал… Шагал…» па п’есе У.Драздова «Прамы цягнік да Парыжа з усімі перасадкамі» тэатр аб’ехаў мноства краін: Вялікабрытанія, ЗША, Францыя, Італія, Польшча, Малдова, Расія, Літва, Латвія. На Міжнародным фестывалі ў Эдынбургу (Шатландыя) ён атрымаў Гран-пры ў праграме «Fringe». Артысту давялося паказаць славутага мастака ў розныя перыяды. Спектакль быў пабудаваны такім чынам, што Марк бачыць малюнкі свайго віцебскага жыцця быццам праз прызму сваёй свядомасці. Першае ў жыцці юнацкае захапленне – Волечка, каханне да Бэлы, развітанне з роднымі, і, вядома ж, Віцебск – самы дарагі для яго горад, улюбёная, ды, на жаль, пакінутая ім радзіма, якая прыходзіць у снах, вершах, малюнках, непазбыўнай настальгіі. Генадзь Гайдук стварыў тонкі, пранізлівы, светлы і вельмі аб’ёмны вобраз найперш праз унутранае пражыванне, праз дакладнае ўзаемадзеянне з іншымі акцёрамі, у выніку якога атрымаўся сапраўдны ансамбль.

 

Працуючы над вобразам славутага фізіка Эйнштэйна ў спектаклі «Прывітанне, Альберт!», артыст перачытаў многа кніг, сядзеў у інтэрнэце, затое лепш за ўсіх у тэатры ведаў тэорыю адноснасці і мог за лічаны час растлумачыць, што такое фатоны і кванты. Ведаў, што толькі так можна дайсці да самай сутнасці ролі.

 

Увогуле, перыяд працы ў тэатры мастацкім кіраўніком Віталя Баркоўскага лічыцца часам акцёрскага, выканальніцкага ўздыму і Генадзя Гайдука, калі раскрыліся яго прыхільнасці як драматычнага артыста. Да ўжо названых варта дадаць вобразы Пракурора («От цо да…» па п’есе С.Яновіча («Арышт»), мастака Хаіма Суціна з «Мадам Боншанс» У.Драздова, Поля («І смех, і слёзы, і Любоў» па п’есе У.Набокава «Падзея»).

 

 

На больш сучасным этапе такімі сталі ролі Пата Дулі ў «Каралеве прыгажосці з Лінэна» М.Мак-Донаха, Віктара ў «Восеньскай санаце» І.Бергмана, Толі ў «Пахавайце мяне за плінтусам» паводле П.Санаева.

 

У п’есе МакДонаха артыст надаў сваёй ролі сапраўдны аб’ём, шчымліва-пранізлівае, драматычнае гучанне. Перад намі зусім не класічны герой-палюбоўнік, артыст акцэнтуе ўвагу на яго добрых чалавечых якасцях: ён з самага пачатку спрабуе зразумець Морын і тыя правілы гульні, якую тая вядзе з ім. Вядома ж, яна больш пачуццёвая, больш акутая жаданнем, жарсцю, а ён насамрэч трапляе да яе ў палон. Герой адчувае сябе даволі няўпэўнена і няёмка ў той канфліктнай сітуацыі з маці, у якую міжволі трапіў. Пэўна ж, гэтая ноч змяніла і яго адносіны з Морын, і яго ўласную самаацэнку. У другой частцы спектакля, калі Пата чытае свой ліст да Морын, дзе папраўдзе робіць ёй прапанову быць разам, абяцае светлы рай, верыш у шчырасць яго намераў, у сапраўднасць пачуцця. Пры ўсёй слабасці характару героя гэта ўжо ўяўляецца смелым крокам, учынкам, які мог бы ўратаваць яе, ды стаў прычынай згубы.

 

Здольнасць падпарадкаваць сябе абставінам, у якія трапляе вобраз, выяўляецца, апрача названых спектакляў, у «Загадкавых варыяцыях» Э.-Э.Шмітта (Эрык Ларсен), «Леанарда?» Э.Флізара (Крывы), «Глыток чужога віскі» Л.Агулянскага (Рычард), «Афінскіх вечарах» П.Гладзіліна (Барыс Алегавіч).

 

 

Цікава, што нават у камедыйных пастаноўках апошніх год – «Доктар філасофіі» Б.Нушыча (Благае), «Дурнічка» Лопэ дэ Вегі (Турын), «Бальніца на краі свету» Х.Бойчава (Дзед) ды іншых артыст не захапляецца абыгрываннем камічных сітуацый. Ён спрабуе зразумець чалавека, вобраз якога ён стварае, яго мінулае, абставіны, у якія ён трапляе воляй лёсу, логіку яго паводзін. Пад маскай клоўна альбо камедыйнга героя артыст заўсёды выяўляе драматызм.

 

 

У «Афінскіх вечарах» для артыста больш істотным здаецца неспадзяванае каханне, якому герой некалі здрадзіў, зрабіўшы выбар на карысць сям’і. Менавіта гэтай здрадай, гэтым хаўрусам з уласным сумленнем Генадзь Гайдук тлумачыць такую ўсеабдымную, ахвярную любоў да ўласнай дачкі, лёс якой, відаць, робіцца сэнсам яго жыцця. Таму яго лірычны маналог, праз які Барыс Алегавіч міжволі выдае сябе, робіцца кульмінацыяй сцэнічнага існавання ў гэтага акцёра. Артыст «абыходзіць» камедыйныя моманты п’есы, яны для яго не вельмі істотныя, такім чынам, ён узбуйняе драматычны аб’ём ролі. І гэта здаецца цікавым гледачу.

 

У спектаклі «Смешныя людзі», пастаўленым паводле аднаактовых жартаў Антона Чэхава, рэжысёр Юрый Пахомаў даручае акцёру ролю Нюхіна. Ім пачынаецца дзея, ён працягвае спектакль пасля антракту і завяршае на журботна-шчымлівай ноце фіналу. Менавіта гэты маналог па прынцыпе кантрасту дазваляе, прымушае іначай зірнуць і на герояў іншых вадэвіляў — так бы мовіць, абсалютна камедыйных. У 2024 годзе спектакль «Смешныя людзі» з поспехам прайшоў на міжнародным фестывалі «Меліхаўская вясна». Прывядзем словы старшыні экспертнага савета фестываля, заслужанага артыста Расійскай Федэрацыі Юрыя Іванавіча Колышава, сказаныя пры ўручэнні ўзнагарод і адрасаваныя Генадзю Гайдуку: «Мне хочацца вылучыць аднаго акцёра, які нагадаў мне вялікую школу рускага нацыянальнага псіхалагічнага тэатра».

 

Спектакль «Дзеці. Вёрсты» па матывах творчасці народнага паэта Беларусі Якуба Коласа (аўтар п’есы Арцём Казюханаў) пры ўсёй прастаце, немудрагелістасці сюжэтнай асновы мае другі, падтэкставы, філасофскі, сімвалістычны план. І гэта, здаецца, вельмі добра адчуў выканаўца адной з цэнтральных роляў – Станцыйнага наглядчыка – Генадзь Гайдук. Яго герой набывае нейкія абагульненыя, тыпізаваныя рысы чалавека, які шмат чаго ведае аб людзях і разумее ў жыцці такое, што цяжка нават выказаць у словах, ён – свайго роду дамарослы філосаф, назіральнік.

 

П’еса амерыканскіх драматургаў Уільяма Ван Зандта і Джэйн Мілмор, па якой быў пастаўлены спектакль коласаўцаў «Каханне і падаткі», быццам нагадвае пра сапраўдныя каштоўнасці: каханне, павагу адно да аднаго, якія мы часцяком забываем. І гэтая праблема набывае асаблівае гучанне праз вобраз падатковага інспектара Флойда Шпінэля, які змог убачыць і ацаніць сябе і сваё жыццё ў зусім іншым ракурсе. Ужо казалася пра тым, што Генадзь Гайдук зусім не захапляецца ігрой, знешне яркай падачай вобраза, а шукае яго драматычную падаплёку. Драматычная нотка і тут гучыць. Можа, гэта адзінота, неўладкаванасць, нейкая чалавечая нерэалізаванасць. Выдатна артыст перадае стан, пачуцці, эмоцыі героя ў фінальнай сцэне, калі Лэслі раскрывае перад ім сапраўдную сутнасць іх намераў. Ад абуранасці нахабствам маладых людзей ён пераходзіць да рашэння пра іх дараванне. Чалавек у ім перамог, адолеў чыноўніка, службоўцу, фармальнага выканаўцу сваёй сацыяльнай ролі.

 

Абсалютна супрацьлеглая роля начальніка паліцыі Партнова ў адной з апошніх прэм’ер тэатра – ваеннай драме «Сотнікаў». На допытах Сотнікава і Рыбака ён, сыты, самаўпэўнены, адчувае сябе поўным гаспадаром становішча, калі спрабуе выцягнуць пэўную інфармацыю ад іх. На самой справе, і ад яго тут мала што залежыць. Лёс Сотнікава і іншых ваеннапалонных быў ужо даўно вырашаны. А паказанні былі толькі актам дэманстрацыі фашысцкай улады і поўнай асвядомленасці пра тое, што адбываецца. Партноў насамрэч лічыць сябе связуючым звяном з нацысцкім правасуддзем і таму прысвойвае сабе разрад «абраных». Гэта разумны і хітры вораг, які думае, на чым жа можна падлавіць палонных, бо трэба ж выслужыцца перад вышэйстаячым кіраўніцтвам. І не дамогшыся нічога ад Сотнікава, вырашае ўчыніць допыт і Рыбаку. Ён разумее, што не ўсе партызаны маўчаць, калі трэба ратаваць уласнае жыццё.

 

У 2002 годзе Генадзь Гайдук арганізаваў пры Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя Машэрава студэнцкі тэатр «Аўтограф». Яны існавалі шэсць гадоў. За гэты час былі выпушчаны вельмі цікавыя яго эксперыментальныя пастаноўкі: «Доктар філасофіі» Браніслава Нушыча, «Справа аб людаедстве» Уласа Дарашэвіча, «Гавялус» паводле «Выпадку ў Пасажы» («Кракадзіл») Фёдара Дастаеўскага, «Сны каморніка» паводле «Замка» Франца Кафкі, «Ніжнія Байдуны» паводле Янкі Брыля. Яны мелі вялікі розгалас сярод студэнтаў і выкладчыкаў. Але, на жаль, кіраўніцтва не аказала цікаваму творчаму калектыву належнай падтрымкі, ды і не заўсёды хапала часу, Генадзь Іосіфавіч літаральна разрываўся паміж рэпетыцыямі і спектаклямі на дзвюх творчых пляцоўках. На жаль, давялося сысці. Былыя вучні Генадзя Іосіфавіча і па сёння з задавальненнем і вялікай падзякай да майстра успамінаюць тыя часы. У вольны час артыст любіць складаць вершы, іншым разам перакладае цікавыя яму творы на беларускую мову. Як прыклад, дзіцячая п’еса «Казявачка», якая і зараз знаходзіцца ў рэпертуары.

 

За шматгадовую плённую творчую работу, асабісты ўклад у дасягненні коласаўскага тэатра ў 2001 годзе артыст адзначаны Граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, у 2006 годзе – нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі», а ў 2016 годзе – Падзякай Міністра культуры Рэспублікі Беларусь. У 2012 годзе ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

У святочны для Генадзя Гайдука час
Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа
зычыць яму творчага гарэння, натхнення, узнёсласці, новых цікавых роляў,
шчасця, выдатнага настрою, моцнага здароўя і трываласці на доўгія гады!

Запрашаем гледачоў 22 верасня, у 18:00, на камерную сцэну тэатра, дзе Генадзь Гайдук сыграе ролю Станцыйнага наглядчыка ў спектаклі «Дзеці. Вёрсты». Пасля спектакля адбудзецца віншаванне юбіляра.

 
 

 

 

Добавить комментарий

Положение
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

АЦАНІЦЕ РАБОТУ НАЦЫЯНАЛЬНАГА АКАДЭМІЧНАГА ДРАМАТЫЧНАГА ТЭАТРА ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА
НА ПАРТАЛЕ
РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ ЯКАСЦІ АКАЗАННЯ ПАСЛУГ І АДМІНІСТРАЦЫЙНЫХ ПРАЦЭДУР
АРГАНІЗАЦЫЯМІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                    

                    

              

 

 

X