31 кастрычніка СПАЎНЯЕЦЦА 90 год СТАРЭЙШАМУ АКЦЁРУ АЙЧЫННАЙ ТЭАТРАЛЬНАЙ СЦЭНЫ, НАРОДНАМУ АРТЫСТУ БЕЛАРУСІ ТАДЭВУШУ АНТОНАВІЧУ КОКШТЫСУ

31 кастрычніка 2024 года народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, кавалер ордэна Францыска Скарыны Тадэвуш Антонавіч Кокштыс адзначае юбілей – 90-годдзе з дня нараджэння.

Усявышні падарыў гэтаму чалавеку вялікае па часе жыццё. Значыць, так было патрэбна, значыць, такі лёс быў яму наканаваны – прайсці вялікі творчы шлях у мастацтве, аздоблены яскравымі сцэнічнымі вобразамі, якіх налічваецца больш за 150. Многія з іх былі адзначаны на розных міжнародных і рэспубліканскіх фестывалях, крытыкамі і гледачамі. Сярод галоўных здабыткаў акцёра — феерычны Труфальдзіна са «Слугі двух гаспадароў» Карла Гальдоні, камедыйна-буфанадны з падкрэсленай лініяй характару Благае з «Доктара філасофіі» Браніслава Нушыча, сатырычна-гратэскавыя Расплюеў з «Вяселля Крачынскага» Аляксандра Сухаво-Кабыліна, Качкароў з «Жаніцьбы» Мікалая Гогаля, сацыяльна тыпізаваны Жабрак з «Сымона-музыкі» Якуба Коласа, псіхалагічна аб’ёмныя, жыццёва-пазнавальныя Шаргаёў з «Парога», Гастрыт з «Вечара», Салянік з «Радавых», Ютка з «Вежы» Аляксея Дударава, трагічны Блазан з «Караля Ліра» Уільяма Шэкспіра, па-дзіцячы наіўна-мудры Тарас з «Тараса на Парнасе» паводле Сяргея Кавалёва, Князь у «Дзядзечкавым сне» Фёдара Дастаеўскага.
НАРАДЖЭННЕ. ДЗЯЦІНСТВА
Нарадзіўся Тадэвуш Антонавіч у плябаніі (ксяндзовым доме) у вёсцы Хоўхлава Маладзечанскага раёна ў сям’і Антона і Настассі Кокштысаў. Бацька прыехаў у маёнтак Хоўхла па запрашэнню мясцовага памешчыка Чайкіна, каб аздобіць дачны палац. Ажаніўшыся, набыў у пана два гекатары цудоўнай зямлі з вапняком і крэменем на пагорку. З таго пагорку, дзе размясцілася хатка, была добра відаць далеч ва ўсе бакі. Бацька добра маляваў, рабіў для суседзяў «відочкі», пэўна ж, гэты дар перадаўся і сыну. Маці, не ведаючы літаратуры, расказвала Тадзю журботныя, беспрасветныя казкі. Маленькаму хлопчыку было шкада ўсіх герояў гэтых казак. Яны потым прыходзілі да яго ў снах. Потым у хаце Кокштысаў з’явіўся адзіны на ўсю вёску грамафон і стос кружэлак. А потым – і радыё. Гэтыя прадметы сталі неабходнымі для іх, а для суседзяў чамусьці непатрэбнымі.
У сямігодку пайшоў у часы акупацыі. Памятае, як пісалі лацінкай, а яшчэ, як з чацвёртага класа ў пяты перайшла толькі адна выдатніца. Аднойчы летнім ранкам маці наняла фурманку і павезла хлопчыка ў Валожын у восьмы клас. Дырэктару шапнула, што сын добра малюе, і яго напоўніцу загрузілі работай. Афармляў насценгазеты, пісаў лозунгі... Дырэктар Антон Станіслававіч Паныш вёў біялогію і быў адзіны, хто ставіў хлопчыку пяцёркі, бо той намаляваў яму ўвесь пакутлівы шлях чалавека, пачынаючы ад той самай малпы да партрэта Якуба Коласа для школьнай бібліятэкі. У школьнай самадзейнасці хлапчука не вельмі актыўна займалі. У адным са спектакляў – «Выбачайце, калі ласка!» па п’есе Андрэя Макаёнка ён усё ж такі сыграў Моцкіна. Пасля адной з рэплік пачуў рогат глядзельнай залы. З таго часу зразумеў, што на яго неяк асабліва рэагуюць. Але аб акцёрскай прафесіі тады яшчэ не задумваўся. Перад самым выпускам дырэктар выклікаў юнака да сябе, паказаў газетную аб’яву аб наборы ў тэатральна-мастацкі інстытут і прамовіў: «Паспрабуй!» Меў ён на ўвазе, вядома ж, мастацкі факультэт. Але лёс распарадзіўся па-іншаму.
СТУДЭНЦКАЕ ЮНАЦТВА
Для паступлення на мастака патрабаваліся дамашнія работы, якіх хлопец не меў, не было і адпаведнай пачатковай адукацыі (мастацкай школы альбо вучэльні), як у гарадскіх абітурыентаў. Выйсце было адно: падаваць дакументы на акцёрскі. Першым яго рэжысёрам быў кіраўнік курса, народны артыст БССР, прафесар Дзмітрый Арлоў (дарэчы, настаўнік многіх іншых вядомых коласаўцаў) – чалавек з вялікім жыццёвым вопытам, начытаны, таленавіты. Вельмі хуткі ў руках, нягледзячы на каржакаватасць, ён дасканала ведаў, каму што паказаць, каму падказаць, а каму і проста намякнуць. На адным курсе з Кокштысам вучыліся такія ў будучым знакамітасці, як Генадзь Гарбук, Георгій Дубаў, Тамара Шашкіна, Эдуард Гарачы, Леанід Бакштаеў, Яўген Шабан. Студэнцкія дыпломныя работы – Максім Кутас з купалаўскіх «Прымакоў», Кастылёў і Крывы Зоб з горкаўскай п’есы «На дне», Лапшынаў з розаўскай драмы «У пошуках радасці» сведчылі аб цікавых здольнасцях будучага артыста. Яны былі кантрасныя ў сваёй аснове: ад іскрыстай камедыйнасці да глыбокай драматычнасці і завостранай характарнасці.
ПЕРШЫЯ РОЛІ Ў КОЛАСАЎСКІМ
Фактычна, гэта быў першы курс, выпускнікі якога папоўнілі трупу коласаўскага тэатра ў 1958 годзе. Раней сюды траплялі ў асноўным былыя студыйцы альбо студэнты расійскіх навучальных устаноў (Звездачотаў, Шмакаў). Першай роляй (нават не роляй, а ролькай, выхадам) быў Чорт у «Несцерцы». Падчас сцэны са Скамарохам ён выбягаў, круціў хвастом, куляўся. Чорт існаваў, пакуль не парваўся касцюмчык, а каб не шыць новы, ролю вырашылі скасаваць. Пазней артыст перайшоў на скамароха, і ўрэшце рэшт стаў іграць Другога шляхцюка, на жонку якога Несцерка і скакаў з моста. Кожны сыход артыста са сцэны суправаджаўся нязменнымі воплескамі глядзельнай залы.

На першым этапе многа іграў сваіх равеснікаў – юнакоў з актыўнай жыццёвай пазіцыяй альбо проста зухаватых, імпульсіўных хлопцаў у сучасных савецкіх п’есах («Мой бедны Марат» А.Арбузава – Марат, «Вендэта» – Косця і «Квартэт Алямбор» М.Віннікава – Міша, ««Заводская моладзь» І.Шура – Косця, «Разбуджанае сумленне» В.Шаўрына – Генка). Вялікага следу ў творчай біяграфіі артыста яны не пакінулі і звычайна пра іх рэдка ўзгадваюць.

Больш звярнуў на сябе ўвагу акцёр у класічным рэпертуары ў ролях Дыдзіса са спектакля «Ветрык, вей!» Я.Райніса і асабліва Блазна ў пастаноўцы знакамітай трагедыі У.Шэкспіра «Кароль Лір» (1965). Адметна, што апошняга з названых персанажаў Тадэвушу Антонавічу давядзецца сыграць двойчы. Праз многа год мастацкі кіраўнік коласаўскага тэатра Валерый Маслюк зноў звернецца да «Караля Ліра». Але гэта будзе зусім іншы Блазен. Калі ў першым выпадку яго герой поўнасцю адпавядаў свайму прызначэнню, хоць і хаваў дулю ў кішэні, то цяпер артыст цураўся эксцэнтрыкі, буфанады, знешне выйгрышных момантаў, уласцівых традыцыйнай трактоўцы вобраза. Цікава, што ў адной са сцэн ён з’яўляўся са стосам кніг у руцэ. Блазен Кокштыса на гэты раз адмаўляецца быць паслугачом караля-тырана, караля-дэспата. Але яго трапныя філіпікі, жахлівыя прароцтвы не дасягаюць мэты. І тады ён сыходзіць. У небыццё. Каб потым, у фінале спектакля, з’явіцца ў белым адзенні, стаўшы ці то анёлам, ці то святым. Найбольш цікавы перыяд да артыста пачаўся з прыходам у тэатр у якасці галоўнага рэжысёра Сямёна Казіміроўскага, які фактычна адкрыў Кокштыса як цікавага камедыйнага акцёра.

ПАЧАТАК ТВОРЧАГА РОСКВІТУ
У 1969 годзе яму была даручана цэнтральная роля Труфальдзіна ў камедыі Карла Гальдоні «Слуга двух гаспадароў». Поспех быў ашаламляльны. выканаўца абапіраўся ў гэтай ролі на майстэрства і ўменне карыстацца цэлым арсеналам акцёрскіх выразных дадзеных, а больш за ўсё на шчырасць пачуццяў гэтага «героя з вуліцы». Артыст не шукаў у ролі сацыяльнага падтэксту: яго ў ёй і няма. Але ў галоўным героі сцэнічных падзей быў паказаны народны характар. Вось што пісаў пра яго ігру вядомы віцебскі журналіст і тэатральны крытык Сяргей Буткевіч: «Труфальдзіна – прадстаўнік «плебейскага саслоўя» – прайдзісвет, наіўны хітрун і ў той жа час сумленны, добры і чысты сэрцам чалавек. Ён, слуга, гаспадар дзеі, галоўнае звяно паміж гаспадарамі, прычына ўсіх непаразуменняў і іх шчаслівай развязкі. Роля патрабавала велізарнага фізічнага напружання ў кожным акце камедыі, але к канцу трохгадзіннага спектакля Кокштыс быў такі ж рухомы, лёгкі і спрытны, як і ў пачатку. Прастадушны і хітры, лянівы і прадпрымальны, бязладны і кемлівы, нясмелы і рашучы. Усе гэтыя процілеглыя якасці ўжываліся ў каржакаватым бергамцы, як у цэлым народзе. Ды ён і прадстаўляў цэлы народ».

А праз некалькі год – новая ўдача ў камедыі Браніслава Нушыча «Доктар філасофіі» (1972), дзе артыст стварыў гратэскавы вобраз прайдзісвета Благае. Нягледзячы на падкрэслены камізм, часам буфанаднага плану, акцёр дакладна праводзіў усю лінію вобраза, ствараў арыгінальны характар. Вось гэтая кантрасная пара – заўсёды ўзбуджаны Жывата і марудлівы Благае – вызначыла асноўны поспех спектакля. Вядомы тэатральны крытык Барыс Бур’ян, пабачыўшы яго, напісаў: «Калі выходзяць на сцэну такія акцёры, як, скажам, Дубаў ці Кокштыс, мне прыгадваецца незабыўны Аляксандр Ільінскі…»

УЗОРЫ АКЦЁРСКАГА МАЙСТЭРСТВА
Менавіта такім чынам можна вызначыць наступны этап творчасці Тадэвуша Антонавіча і тыя ролі самага высокага гатунку, якія давялося сыграць.
Жабрак у першай рэдакцыі «Сымона-музыкі» Якуба Коласа ў пастаноўцы Валерыя Мазынскага (1976). Жвавы, рухавы, у зрэбнай вопратцы, з традыцыйнай торбай за плячыма, хуткі на гаворку, па-зямному трывалы і немудрагелісты. І разам з тым лёгкі, як вецер, настырны, учэпісты, хітры спакушальнік (нездарма ж другі выдатны крытык Таццяна Арлова назвала яго «вясковым Мефістофелем»). Такія супрацьлеглыя рысы спалучаў у сабе вобраз, створаны Тадэвушам Кокштысам.

Расплюеў у пастаноўцы Барыса Эрына вядомай камедыі А.Сухаво-Кабыліна «Вяселле Крачынскага» (1981). Як пісала пра гэтую работу тэатральны крытык Таццяна Катовіч, «рабалепны каўзун, амаль лёкай, ён поўнасцю страціў пачуццё годнасці і апынуўся за парогам чалавечнасці. Праўда, яму нічога не варта нацягнуць маску свецкага чалавека, прыняць ганарлівую позу пакрыўджанай нявіннасці, але яго ганарлівасць, нават фанабэрыя ўяўныя, гэта хутчэй карыкатура на чалавечую прыстойнасць».

Асаблівага поспеху дасягнуў артыст у драмах Аляксея Дударава. Драматург, рэжысёр Валерый Мазынскі і акцёр Тадэвуш Кокштыс былі аднадумцамі. Вобразы Шаргаёва ў «Парозе», Гастрыта ў «Вечары», Саляніка ў «Радавых», Юткі ў «Вежы» канчаткова замацавалі за ім рэпутацыю «сур’ёзнага» артыста.

У драме «Парог» вострым трагізмам, нягледзячы на фарсавую сітуацыю, вылучаецца вобраз вясковага п’яніцы Шаргаёва – чалавека «па-за мяжой жыцця». Ён быў адначасова смешны, недарэчны ў сваёй амаль дзіцячай наіўнасці і страшны інертнасцю жывёльнага існавання, вычварнасцю. Кульмінацыйная сцэна – сустрэча Шаргая з «нябожчыкам» Буслаем у яго вясковай хаце, з’яўленне якога герой успрымае як нейкае ачмурэнне розуму, белую гарачку, а потым ацэньвае ўжо і сябе як хадзячы труп.

Гастрыт (Цімоха) з драмы Аляксея Дударава «Вечар». Складанасць вобраза ў тым, што трэба было ў сённяшняй чалавечай дробнасці, нягегласці, раздражнёнасці, адзіноце паказаць яго жахлівае мінулае, вытокі чорных плямаў хворага сумлення. Герой нібы нясе запозненае пакаранне за грахі сваёй маладосці. Тадэвуш Кокштыс выдатна паказаў працэс трансфармавання свядомасці свайго героя, паступова падводзіў яго да фінальнай драматычнай споведзі пра змарнаванае жыццё. Дарэчы, за гэтую работу артыст быў удастоены Дзяржаўнай прэміі Беларусі ў 1984 годзе, а таксама атрымаў дыплом «За лепшае выкананне мужчынскай ролі» на Міжнародным фестывалі «Прыбалтыйская тэатральная вясна» у Вільнюсе ў 1987 годзе.

РОЛІ АПОШНІХ ГАДОЎ
Сярод яркіх, запамінальных, разнастайных вобразаў, створаных народным артыстам у апошнія дзесяцігоддзі, варта ўспомніць яго Іосіфа III з «Кракаўскага студэнта» Г.Марчука, Тараса ў «Тарасе на Парнасе» С.Кавалёва, Круціцкага з «Мудрацоў…» А.Астроўскага, Сыракваша з «Плошчы Перамогі» А.Паповай, Зганарэля з «Лекара мімаволі» Ж.-Б.Мальера, Старога з «Бездані» паводле Р.Брэдберы. Апошняя з названых для акцёра асабліва ўпадабаная, магчыма таму, што дазволіла сказаць пра самае істотнае, што яго хвалюе: без мінулага, без памяці, без каранёў няма будучага.


У другой рэдакцыі спектакля «Сымон-музыка» (2018), пастаўленага да 100-годдзя першай рэдакцыі паэмы, Тадэвуш Антонавіч іграў чатыры ролі, унутрана звязаныя між сабой: Старога, Курылу, Жабрака і дзеда Данілу. Яны ў многім падобныя і па той функцыі, якую выконвалі у спектаклі (духоўных настаўнікаў Сымона), і проста па-чалавечы. Насамрэч выканаўца стварыў адзін велічны, эпічны вобраз, які ўвабраў у сябе розныя рысы, уласцівыя беларусам, і найперш– мудрасць, пранікнёнасць, абачлівасць, памяркоўнасць, спагадлівасць, чалавекалюбства.

А ў спектаклі «Звярыныя гісторыі» па п’есе Дона Нігра артыст ізноў выконвае ролі некалькіх персанажаў – індычку Боба, Качкадзюба, Караля Бабуінаў і карову Элаізу. Жывёлы, якімі яны паўстаюць у п’есе – усяго толькі метафары. У спектаклі гэта жывыя людзі, якія не ўпісваюцца ў пэўнае чалавечае, грамадскае, сацыяльнае асяроддзе. І сапраўды, чаму б не ўявіць, што дзікія індычкі (адна з іх Боб – герой Кокштыса) шукаюць спажыву зусім не ў лесе, а ў нейкай гарадской трушчобе? Ды і самі яны падобныя да бяздомных (вольных) бадзяжнікаў.У фінале Боб прыходзіць да высновы, што можна жыць не толькі кукурузнымі катахамі, а яшчэ чымсьці духоўным. Напрыклад, ігрой на саксафоне. У другой навеле, дзякуючы віртуознай ігры Тадэвуша Кокштыса, маналог Бабуіна ішоў пад няспынны смех глядзельнай залы. З’яўляючыся стрымгалоў, як маланка, з сякерай у руцэ і гэткай жа ваяўнічай прычоскай іракезам, ён, Бабуін, гатовы змагацца не на жыццё, а на смерць з усімі, хто мае іншы светапогляд, іншую пазіцыю, хто спрабуе засумнявацца ў магутнасці яго бога. Таксама ж вобраз-метафара, хоць і з негатыўным адценнем. У трэцім маналогу «Качкадзюб», больш псіхалагічна-спавядальным, у адрозненне ад гратэскавага папярэдняга, герой асэнсоўвае сваё непадабенства да іншых як вялікую асабістую трагедыю, як боскае пакаранне. Ізноў артыст на вышыні, бо змог за колькі хвілін сцэнічнага існавання стварыць цікавы чалавечы лёс.

Сёння народны артыст Беларусі Тадэвуш Кокштыс, старэйшына коласаўскай трупы, заняты ў двух спектаклях – «Самая жаданая» С.Гіргеля і «Дзядзечкаў сон» па аднайменнай аповесці Фёдара Дастаеўскага. У першым з іх ён іграе Мацье – немаладога сцэнарыста, што знаходзіцца ў працяглым творчым крызісе і марна шукае сюжэт для новага фільма. Акцёр быццам нутром адчуў і саму ролю, і тыя праблемы, якімі жыве персанаж – яго творчыя пакуты, унутраны крызіс, залішнюю прыземленасць каханай, пачуцці якой ён надумаў ускалыхнуць. Знешне герой Кокштыса нагадвае знакамітых французскіх комікаў, але разам з тым прываблівае, скарае ўнутранай цеплынёй, пяшчотай, абаяльнасцю. У нечым ён наіўны, нібы дзіця, а ў нечым мудры філосаф. Мабыць, у канцы спектакля ён усё ж такі прыходзіць да высновы, што нельга гуляць з жыццём, з пачуццямі – сваімі альбо блізкіх табе людзей нават дзеля стварэння мастацкіх шэдэўраў.

Звычайна, у ранейшых пастаноўках твора, ды і ў самой аповесці «Дзядзечкаў сон» мы бачылі Князя нейкай пародыяй на чалавека, пры ўсім знешнім лоску насамрэч гэта мярцвяк на спрунжынах, са шкляным вокам, устаўнымі зубамі, карсэтам, і гэтак далей. Зусім іншым Князь выглядае ў коласаўцаў. Увогуле штуршком у адметным вырашэнні вобраза стала яго фраза аб тым, што пасля паездкі – такой нечаканай і недарэчнай – у Мардасаў – ён адпраўляецца ў Опціну пустынь, у манастыр да іераманаха Місаіла. Адсюль гэты вобраз набывае зусім іншую афарбоўку. Свецкае жыццё для яго губляе такую ўжо вялікую каштоўнасць, саступаючы месца духоўнаму пакаянню за ўсе прыжыццёвыя грахі, ачышчэнню душы. Недзе ў сярэдзіне спектакля Князь становіцца на калені і прамаўляе хрысціянскую малітву. І тут ён як быццам разумее сапраўдную сутнасць рэчаў, дзеля чаго яго сюды завабілі. Камічная абалонка быццам знікае, і вобраз набывае трагікамедыйную аснову.

Князь толькі робіць выгляд, што ён працягвае ўдзельнічаць у гэтым жыццёвым маскарадзе («знешнім сне»). Насамрэч у ім адбываецца змаганне паміж «знешнім» і «ўнутраным» чалавекам. Цікавы ў гэтым плане яго анекдот, як ён збіраўся на імяніны, а трапіў на пахаванне. У гэтым ёсць нешта ад споведзі і расказвае Князь яго не Мар’і Аляксандраўне, не гасцям, і нават не Мазглякову, а самому сабе, застаючыся сам-на-сам. Насамрэч ён імкнецца хоць чымсьці дапамагчы Зіне – чыстай душы, як ён яе ўспрымае, дапамагчы вызваліцца з гэтага смуроду. Паміж імі ўзнікае паразуменне, магчыма, нейкі духоўны кантакт.
Нельга яшчэ прамінуць шэраг кінаработ, створаных Тадэвушам Кокштысам у розных стужках: Яўхім («Знак бяды»), Станіслаў Іосіфавіч («Маленькі баец»), Іосіф Станіслававіч («Зорка Венера»), пан Хлапніцкі («Талаш»), Аператар («Нядзеля ў жаночай лазні»), Цімафей Паўлавіч («Фабрыка мараў»).

За сваё вялікае творчае жыццё Тадэвуш Антонавіч удастоены шэрагу ўзнагарод, у тым ліку і дзяржаўных. Сярод іх – ордэн Францыска Скарыны, Дзяржаўная прэмія БССР, ордэн «Знак Пашаны», нагрудны знак Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі», імянны прыз Беларускага саюза тэатральных дзеячаў «Крыштальная Паўлінка».
Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа віншуе дарагога Тадэвуша Антонавіча з юбілеем,
зычыць яму моцнага здароўя, трываласці духу, жыццёвага аптымізму, новых яскравых роляў, нязменнага поспеху ў гледача!
Прыхільнікаў яго таленту запрашаем на бенефіс шаноўнага артыста-коласаўца, які адбудзецца 2 лістапада на вялікай сцэне Коласаўскага тэатра. Ён выйдзе ў ролі Князя ў спектаклі «Дзядзечкаў сон». Па заканчэнні бенефісу адбудзецца ўрачыстае віншаванне.
Квіткі - у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
у аператараў квіткоў kvitki.by, ticketpro.by і 24afisha.by.


















Добавить комментарий