105-я гадавіна З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ СЛАВУТАГА АКЦЁРА-КОЛАСАЎЦА, НАРОДНАГА АРТЫСТА СССР ФЁДАРА ІВАНАВІЧА ШМАКАВА

Імкліва і хуткаплынна бяжыць час. Здаецца, зусім нядаўна мы адзначалі 100-годдзе з дня нараджэння легенды коласаўскай сцэны Фёдара Шмакава. Тады на камернай сцэне артысты зладзілі юбілейны вечар, дзе прыгадалі асноўныя вехі творчага жыцця гэтага выдатнага майстра сцэны, спрабавалі адчуць сябе ў «вопратцы» ягоных персанажаў – ігралі ва ўрыўках са спектакляў, у якіх калісьці ён прымаў удзел. І вось новая нагода, каб успомніць светлае імя, - 105-годдзе з дня нараджэння.

Фёдар Іванавіч атрымаў тэатральную адукацыю ў Ленінградзе, на курсе славутага акцёра Васіля Мяркур’ева, але так сталася, што апынуўся ў Беларусі: спярша ў Магілёве, куды трапілі і іншыя яго аднакурснікі, а потым у Віцебску, дзе працавала яго жонка Зінаіда Канапелька. Яго запрашалі ў Мінск, у славуты купалаўскі, калі там яшчэ зіхцелі мёны Глебава і Платонава, збіраліся паклікаць у Маскоўскі мастацкі тэатр (пасля гастроляў коласаўцаў) з яго славутымі карыфеямі – Грыбавым і Прудкіным, Ліванавым і Яншыным. Яму былі б рады і ленінградскія тэатры, у чым запэўніваў Васіль Мяркур’еў, бо ведалі артыста па выдатных работах у кіно. Але Фёдар Іванавіч не пакінуў Віцебск, родны яму Коласаўскі тэатр. Увесь яго акцёрскі лёс быў звязаны са славутым творчым калектывам.

Першая роля ў Віцебску, тады яшчэ ў БДТ-2, – служка Пана ў «Несцерцы». Пазней гэты спектакль стане лёсавызначальным у яго біяграфіі. Неўзабаве ён прымерыць на сябе вобраз Юрася, а ў 60-я гады, калі Аляксандру Ільінскаму будзе ўжо складана сядзець у мяшку, сыграе цэнтральнага героя. Вось як параўноўвала гэтых двух выканаўцаў ролі Несцеркі вядомая беларуская тэатразнаўца Клара Кузняцова:
«Калі Несцерка карыфея коласаўскай сцэны караніўся ў мастацтве скамарохаў, народных блазнаў, чые кпіны і смех развенчвалі багацеяў, сцвярджалі спрадвечны розум і кемлівасць простага чалавека, – вытокі шмакаўскага Несцеркі ў цяжкай долі селяніна-гаротніка. Не, і ягоны Несцерка кпіць і смяецца з паноў, нясе людзям надзею і веру. Але ў гэтай весялосці і гумары адчувальная і драматычная нота…»

 

На працягу 40 гадоў Фёдар Іванавіч выходзіў на сцэну ў гэтым вобразе. Дарэчы, не толькі сам выходзіў, але і ажыццяўляў увод новых выканаўцаў. У 2006 годзе, пасля генеральнай рэканструкцыі спектакля, за Шмакавым пакінулі статус «ганаровага Несцеркі».

І яшчэ адна роля, якая ў многім вызначыла яго высокае месца на тэатральным алімпе. Гэта вобраз Леніна, які Фёдар Іванавіч стварыў у чатырох пастаноўках, пачынаючы з маладога юнака Валодзі Ульянава ў п’есе Іосіфа Папова «Сям’я», потым былі спектаклі «Вечная крыніца» Дзмітрыя Зорына, «Шостага ліпеня» Міхаіла Шатрова і «Трэцяя, патэтычная» Мікалая Пагодзіна. Гэтая роля прынесла акцёру і Дзяржаўную прэмію БССР, а ў 1975 годзе паспрыяла прысваенню ганаровага звання «народны артыст СССР». Як распавядаў сам акцёр, работа вызначалася складанасцю найперш таму, што вобраз Леніна нельга было прыдумаць, яго неабходна было ўвасобіць на сцэне і гістарычна дакладна. І так, каб кожны глядач сказаў: «Менавіта так я яго сабе і ўяўляў».

 

Наўрад ці магчыма пералічыць усе тыя ролі, якія сыграў Фёдар Іванавіч на коласаўскай сцэне. Іх колькасць перасягае далёка за 200. Але не было ніводнай з іх, якая б не прыцягнула ўвагі гледача. У часы маладосці, калі тэатр быў у эвакуацыі, гэта Сяргей Горлаў у «Фронце» А.Карнейчука, Перагуд у «Пробе агнём» К.Крапівы, у пасляваенныя 40-50-я гады вялікі поспех у гледача мелі спектаклі «Авадзень» Э.Войніч, дзе Шмакаў іграў Артура, «Закон Лікурга» («Амерыканская трагедыя») Т.Драйзера (Клайд). Дарэчы, гэтыя ролі Фёдар Іванавіч адносіў да сваіх любімых нават напрыканцы жыцця. Як быццам не валодаючы знешнімі асаблівасцямі лірычнага альбо сацыяльнага героя (у дыпломе яго амплуа вызначалася як герой-прасцяк), ён змог значна рассунуць  акцёрскія межы, яўна пашырыць свой дыяпазон.

Нямала стварыў Фёдар Іванавіч вобразаў маладых сучаснікаў, якія вызначаліся актыўнай жыццёвай, грамадзянскай пазіцыяй. Гэта і Астап у «Алазанскай даліне» К.Губарэвіча і І.Дорскага, і Верас – «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы, і Сяргей Сугробін з «Бітвы ў дарозе» Г.Нікалаевай, і Андрэй Лабанаў з інсцэніроўкі рамана «Шукальнікі» Д.Граніна, і Сяргей з «Іркуцкай гісторыі» А.Арбузава (як бы цяпер сказалі, хіт пракату на пачатку 60-х).

 

Маладыя героі з класічных твораў таксама вызначаліся абаяльнасцю і прыцягальнасцю, станавіліся ўлюбёнцамі гледачоў: Пётр з «Лесу» , Платон Зыбкін («Праўда добра, а шчасце – лепш») і Гаўрыла з «Гарачага сэрца» А.Астроўскага, Эдгар з шэкспіраўскага «Караля Ліра», Сінцоў з «Ворагаў» М.Горкага.

З гадамі талент раскрыўся на поўную сілу, з’явіліся вобразы больш буйнога маштабу: Прысыпкін у «Клапе» У.Маякоўскага, Берклі ў «Марыі Сцюарт» Ф.Шылера, Акім ва «Уладзе цемры» Л.Талстога, Васкоў – «А зоры тут ціхія» Б.Васільева, Каравай з «Таблеткі пад язык» А.Макаёнка, Бяссеменаў з «Мяшчан» М.Горкага, Гараднічы з «ЧП-1» – «ЧП-2» паводле «Рэвізора» М.Гогаля.

 

 

Ягоны Васіль Бессяменаў – не простая акцёрская ўдача, а выдатнае дасягненне вядомага майстра беларускай сцэны. Па сваёй прыродзе гэтая энергічная натура – «грамадзянін у нулявой ступені» – фанатычна адданы адной ідэі: непарушнасці строгага парадку рэчаў. Паняцце дому вырастае ў яго свядомасці да касмічных маштабаў. Артыст ствараў у спектаклі асаблівае поле напружання. Пры яго з’яўленні на сцэне дзеянне адразу набывала вострую дынаміку. Кульмінацыяй спектакля з’яўлялася сцэна сыходу Ніла з бессяменаўскага дома.

Дзівосна, але факт: акцёр адчуваў сябе як рыба ў вадзе ў эксперыментальным спектаклі Барыса Эрына паводле «Рэвізора». Хітрасць, езуіцкае крывадушша, прыстасавальніцтва, нахабнасць, цынізм, пачуццё сваёй поўнай беспакаранасці – усе гэтыя агідныя чалавечыя якасці выдатна раскрываў Фёдар іванавіч у хрэстаматыйным вобразе Гараднічага, адбітака мікалаеўскай эпохі.

Калі нават у яго рэпертуары трапляліся і адмоўныя ролі, Шмакаў надзяляў герояў адметнымі сатырычнымі характарыстыкамі, што рабіла іх пазнавальнымі і ў той жа час пазбаўленымі прымітыўнага дыдактызму. Альховік з «Трывогі» А.Петрашкевіча і Мураўёў з «Кастуся Каліноўскага» Ул.Караткевіча, Малахаў з «Апошняй інстанцыі» і Салавейчык з «Амністыі» М.Матукоўскага, Разаеў са «Старога дома» А.Казанцава і Грушэўскі з «Блытаных сцежак» К.Крапівы.

 

Калі прыгадаць ролі апошніх год, то варта ўспомніць яго Фірса з «Вішнёвага саду», Сілу Гразнова з п’есы «Праўда добра, а шчасце – лепш» і Маргарытава з «Позняга кахання» А.Астроўскага, Старога з «Зямлі» паводле Я.Коласа, Пэна з «Ружы ў чыстым полі» У.Драздова, Светлавідава з «Лебядзінай песні» А.Чэхава.

 

Усе выхады Фёдара Шмакава ў трагікамедыйнай ролі Гразнова з камедыі Астроўскага ішлі пад нязменныя апладысменты і смех глядзельнай залы. Акцёру ўдалося перадаць і слаўную баявую біяграфію старога ваякі, і яго мінулыя поспехі ў жанчын, і гаротні цяперашні лёс. Усё ў мінулым: без дому, блізкіх і сродкаў да існавання дажывае век гэты адстаўны унтэр-афіцэр. Але ён не губляецца. Хоць і ўладкоўвае лёс маладой закаханай пары, але і пра сябе не забывае. І зусім іншая роля – вострадраматычная па гучанню, трагедыйная па зместу «Ружа ў чыстым полі». Юдэль Пэн – славуты віцебскі мастак. Якраз тут і спатрэбілася Фёдару Шмакаву яго ўменне жыць унутраным светам персанажа, здольнасць прыцягнуць увагу гледача да працэсу мыслення на сцэне. Пэн-Шмакаў быццам адчужаны ад тых страшных калізій, перыпетый часу, што адбываюцца за сценамі яго жытла (на двары 1937-ы год). Ён быццам прадчувае, ведае, што зямное жыццё адлічвае апошнія гадзіны, хвіліны. І мабыць, і таму існуе ў нейкім сваім свеце памяці, кіруецца згадкамі, успамінамі ў далёкі час сваёй маладосці, свайго няспраўджанага кахання.

У далёкія 50-я гады мінулага стагоддзя адна за другой выйшлі на экраны стужкі з удзелам Фёдара Іванавіча, прычым далёка не ў эпізадычных ролях: «Бессмяротная песня» (1957), «Качубей» (1958), «Каханнем трэба даражыць» (1959), крыху пазней «Балтыйскае неба» (1960-61). Ну і , вядома ж, «Узнятая цаліна» (1959–1961), дзе ён стварыў выдатны вобраз Размётнава. Сярод беларускіх кінастужак самыя яскравыя ролі сыграў у фільмах «Анюціна дарога» (дзядзька Фёдар), «Тартак» (цэнтральная роля – Баганчык), «Доўгія вёрсты вайны» (Крывашэеў), «Палеская хроніка» (Зайчык). Вельмі запомніўся гледачу па вобразу Афанасія Іванавіча ў фільме украінскіх кінематаграфістаў «Міргарад і яго насельнікі».

Сышоў з жыцця Фёдар Іванавіч 1 мая 2009 года.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

  

ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

           

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

           
          

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка