АМПЛІТУДА ТВОРЧАГА ЖЫЦЦЯ ГЕОРГІЯ ЛОЙКІ

24.01.2025

24 студзеня 2025 года святкуе юбілейны дзень нараджэння – 65-годдзе – артыст, вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Георгій Мікалаевіч Лойка.

Акцёрскі лёс для Георгія Лойкі склаўся паспяхова, удала. З самага пачатку творчага жыцця ў Коласаўскім тэатры ён актыўна заняты ў рэпертуары. Першай работай быў Юнак у казцы «Пунсовая кветачка» па п’есе Л.Браўсевіч, І.Карнаухавай паводле казкі С.Аксакава. Спярша ён узнікаў у выглядзе страшыдла, а потым ператвараўся ў яснага малойца. Каб хутка пераўвасобіцца, малады артыст на кашулю апранаў кафтан, а зверху – авечую шкуру. Пакуль выходзіць на паклон, сем патоў сыходзіла.

Потым былі гады службы ў Савецкай Арміі, пасля чаго хлопец, яшчэ больш загартаваны і фізічна, і маральна, вярнуўся ў тэатр.

Напрацягу ўсяго сцэнічнага жыцця Георгій Лойка быў заняты рэжысёрамі ў многіх дзіцячых спектаклях і стварыў яркія характарныя ролі: Аўторак («Беласнежка і сем гномаў» Л.Усцінава, А.Табакова), Мухамор («Жыла-была Сыраежка» В.Зіміна), Кот («Кошчын дом» С.Маршака), Казёл («Дзень нараджэння ката Леапольда» А.Хайта), Цмок («Легенда пра Валодшу» В.Маслюка, М.Краснабаева), Трагік («Доктар Айбаліт» В.Карастылёва, Р.Быкава), Саветнік («Снежная каралева» Я.Шварца), Стэфэнсэн («Пэппі». Лібрэта Ю.Кіма паводле твораў А.Ліндгрэн), Кароль («Кот у ботах» А.Замкоўскага паводле Ш.Пэро), Дурэмар («Залаты ключык» А.Талстога), Галоўны выканаўца («Беласнежка і сем гномаў» паводле братоў Грым).

 

 

 

 

Па першым часе артыст сыграў цэлы шэраг эпізадычных або другапланавых роляў: Лейтэнант у «Радавых» А.Дударава, Цырульнік  у класічных вадэвілях «Ах, які пасаж!» У.Салагуба, П.Фёдарава, пра якога пісалі, што гэта маленькі творчы шэдэўр, Брызгалаў і Кірыл у сучасных драмах «Жаночы стол» у паляўнічай зале» і «Я – жанчына» В.Мярэжкі. 

Затым шчаслівы лёс адкрыў для артыста больш шырокую прастору для творчай рэалізацыі ў рабоце над спектаклем «Касатка», дзе Георгій Мікалаевіч сыграў ролю князя Бельскага. Так склалася, што ў тэатр прыйшоў новым мастацкім кіраўніком Барыс Эрын, які з многіх прэтэндэнтаў на гэтую ролю выбраў менавіта Георгія Лойку. Ён жа запрасіў на пастаноўку выдатнага майстра – Яўгена Весніка. Той працаваў філігранна. Колькі цікавых падказак ён даваў акцёрам! На жаль, спектакль дарабляў ужо іншы рэжысёр і ўсё пайшло ў іншым накірунку.

 

Новы паспяховы этап для артыста быў звязаны з прыходам Віталя Баркоўскага. Першай работай у яго спектаклях стаў вобраз Маладога чалавека ў пастаноўцы п’есы «Пісьменныя». Як пісала тэатральны крытык, доктар мастацтвазнаўства Таццяна Катовіч, «яго ігра ўяўляла сабой баланс на мяжы фарса і д’ябальшчыны – Лойка прадстаўляў майстра ігры ў бісер: тонкага мефістофеля, халоднага і ашчаднага, цынічнага, з натужлівым голасам, з несабранымі рухамі – змея, што абвівае і абвісае на целе таго, каго ён спакушае».

Лойка аказаўся здольным прыняць і арганічна ўвайсці ў складаную, нязвыклую стылістыку спектакляў Баркоўскага. За «Пісьменнымі» былі Чырвоны, верхавод мафіі ў сучаснай трагедыі «І нас пацалуе світанак», Найцінгейл у драме Тэнесі Уільямса «Дакрануцца вуснамі да нябёсаў» («Стары квартал»), Білер у «Тузах» Урса Відмера – бясспрэчныя ўдачы акцёра.

 

Успаміны чапляюць яго вельмі эфектны выхад у спектаклі «Блудны муж і яго жонка Варвара» па п’есе Георгія Марчука. Па дыяганалі сцэны рухаецца рад металічных кантэйнераў, у якіх у краме выстаўляюцца прадукты, а па верху гэтага доўгага раду ідзе ў светлым касцюме Георгій Лойка–Мікола, як манумент, з выцягнутай рукой і гаворыць тэкст. Акцёр лёгка сыграў фарс, які пераходзіў у фінале ў драму амаль дзіцячай безабароннасці.

 

Творчай манеры Георгія Лойкі ўласцівы адточаная тэхніка пераўвасаблення, схільнасць да гратэску, гіпербалізацыі, яркага сцэнічнага малюнка ролі. Ён быццам спалучае ў сабе рысы класічнага коміка і класічнага злодзея. Тут трэба згадаць яшчэ аднаго рэжысёра Юрыя Пахомава з Томска, які раскрыў Георгія Лойку абсалютна супрацьлеглага. Роля містэра Пігдэна са спектакля «Ён. Яна. Акно. Нябожчык» па п’есе Рэя Куні стала для артыста сапраўды зорнай. Ён зрабіўся кумірам у віцебскіх гледачоў, асабліва жанчын.

 

У «Памінальнай малітве» Рыгора Горына стварыў запамінальны вобраз дзівакаватага і смешнага бедака-няўдачніка Менахема-Мэндла, што дарэмна спрабуе знайсці сваё месца пад сонцам.

 

У спектаклі «Смешныя людзі» паводле аднаактовых жартаў Антона Чэхава зноў яркая камедыйная, нават фарсавая роля. Тут ён – Шыпучын. Гэткага расфуфыранага дырэктара банка хутчэй можна сабе ўявіць на свецкім раўце альбо дыпламатычным прыёме, чым на чале сур’ёзнай установы. Камедыйнасць якраз і ўзнікае за кошт поўнай неадпаведнасці знешніх манер ды паводзін персанажа яго сацыяльнаму статусу.

 

Пазнейшы творчы перыяд быў асабліва плённым для артыста, які пацвердзіў сваю рэпутацыю, свой імідж сур’ёзнага артыста. У спектаклі «Макбет» паводле знакамітага твора Шэкспіра ён стварыў глыбока трагедыйны вобраз Макдуфа. Гэта адзін з найбольш моцных сцэнічных характараў, увасобленых артыстам. Менавіта на яго долю выпадаюць цяжкія жыццёвыя выпрабаванні, але Макдуф аказваецца здольным іх пераадолець і ў фінале спектакля менавіта ён забівае тырана. На Міжнародным тэатральным фестывалі «Смаленскі каўчэг» за гэты вобраз Георгій Лойка быў удастоены дыплома «За лепшае выкананне ролі другога плану».

 

Другой па значэнню і маштабу работ акцёра з’яўляецца Жэром Ангюст у метафізічным трылеры «Я вольны!» па рамане Амелі Натомб. Гэта вельмі цікавы вобраз, яго нават параўноўваюць з героямі Дастаеўскага, як і сам раман з творчасцю вялікага рускага пісьменніка. Калі папярэдні персанаж быў абсалютна цэльнай натурай і там пры трагічным збегу абставін і наяўнасці знешняга ворага ўсё аказвалася значна прасцей і будавалася на эмоцыях, то тут трэба было паглыбіцца ў глыбокія псіхалагічныя нетры, унутраныя сховы абсалютна эгацэнтрычнай асобы, закончанага інтраверта. Такога цікавага сцэнічнага вобразу артысту, за якім ужо замацаваўся імідж камедыйнага артыста, даўно не ставала.

 

У сямейнай драме Максіма Горкага «Апошнія» Георгій Лойка выконвае ролю цэнтральнага персанажа – Івана Каламійцава. Ён дае сваю, адметную трактоўку гэтага вобраза. У спектаклі Каламійцаў не настолькі хітры прайдзісвет, але можа выключна таленавіта апраўдаць свае не самыя годныя ўчынкі, абвінаваціць любога, апроч самога сябе. Робіць гэта вельмі шчыра, апантана, нават пафасна. Іншым разам нават сумневы ўзнікаюць – мо рэшта сумлення ў яго ўсё-ткі засталася? У фінале, пасля смерці брата, ён разам з іншымі адмоўнымі персанажамі не імкнецца адразу пайсці са сцэны. На твары Івана – разгубленасць, агаломшанасць, нават нейкае падабенства роспачы. Магчыма, у яго душы таксама адбываецца нейкі збавенчы пералом?.. Артыст у дадзеным выпадку імкнецца адысці ад павярхоўнага, аднабокага разумення гэтага вобразу, безумоўна, не апраўдваючы яго.

 

А ў ваеннай баладзе Аляксея Дударава «Не пакідай мяне…» у вобразе Палкоўніка Георгію Лойку ўдалося перадаць драматызм лёсу гэтага мужнага і высакароднага чалавека, які павінен быць і жорсткім, і трывалым, і непахісным, і ўвесь час падаўляць (у сабе і іншых) недаравальную душэўную слабасць.

 

Уменне, здольнасць спалучаць псіхалагічную дакладнасць, праўдзівасць перажыванняў з яркасцю знешняй формы ўласцівыя таленту Георгія Лойкі і ў спектаклі «Цень думкі нашай…» па творах Францішка Аляхновіча, дзе ён стварыў цэнтральны вобраз – Сцяпана. У пачатку , калі ён з’яўляецца на сцэне на добрым падпітку, бачыш, адчуваеш яго поўны роспач і расчараванне ад асэнсавання сваёй нікчэмнасці. Узнёслыя мары, творчы ўздым не для яго, само жыццё, асяроддзе не спрыяла гэтаму, і душа абрасла нейкай набрыддзю. Першая сустрэча з Матыльдай, у якой ён бачыць сваю ўваскрэслую Ганну, – спярша пасяляе ў яго душы нейкі страх, гэта як спатканне з нейкай зданню, альбо ценем. Але потым адбываецца нейкі ўнутраны выбух, і магутнае пачуццё-жарсць, быццам віхура, ахоплівае яго. Але лёс асуджае героя на новыя пакуты. Ягоная заганная сувязь вядзе да гібелі жонкі, і хворае сумленне пачынае сточваць яго, атручваць непрацяглае шчасце, каб канчаткова забіць у фінале, калі ён даведаецца горкую праўду, што Матыльда – яго ж дачка.

 

У меладраме «Скрыпкі часам вядуць да вар’яцтва» па п’есе Франсуазы Саган Лойка іграе ролю Антуана, свецкага махляра-ўтрыманца. Цынізм, разбэшчанасць, самаўпэўненасць, прагматызм у спалучэнні са знешнім лоскам, нават арыстакратызмам – усе гэтыя якасці ў значнай ступені характарызуюць гэтага чалавека. Калі ж ён трапляе ў становішча кінутага палюбоўніка, яго ганарлівасць, закранутае самалюбства, адчуванне сваёй адзіноты, непатрэбнасці пачынаюць авалодваць, кіраваць ім, яго паводзінамі. Артыст не толькі выдатна раскрывае псіхалогію, паказвае сутнасць гэтага перарослага дэндзі, але і трапляе ў стыль ролі, стылістыку спектакля.

 

Сярод апошніх работ артыста вылучаюцца Кантузаў ў «Бальніцы на краі свету» Х.Бойчава, Кругель у «Вытанчаным падмане» паводле п’есы «Гульцы» М.Гогаля, Станцыйны наглядчык у сучасным прачытанні А. Казюханава коласаўскай спадчыны «Дзеці.Вёрсты», Кіраўнік аховы і Ён у цёмнай гісторыі са святлом у канцы тунэля «Метро» А. Савухі, Бацька Олівера ў «Гісторыі кахання» Э.Сігала, Іван Пецін і Павел («Яшчэ раз пра каханне» па В.Шукшыну, навэлы «Раскас» і «Восень»), Даменіка Сарыяна з драматычнай камедыі «Шлюб па-італьянску» па п’есе Э.дэ Філіпа «Філумена Мартурана», Курбатаў з драмы «Выбар» А.Дударава, Першы акцёр з трагедыі У.Шэкспіра «Гамлет».

 

 

У «Бальніцы на краі свету» Георгій Мікалаевіч замяніў іншага акцёра, хутка ўвайшоў ва ўжо гатовы спектакль. Такое часта здараецца ў сцэнічнай практыцы прафесійнага тэатра. Але ён зрабіў гэта настолькі арганічна, настолькі адчуў стылістыку, жанр спектакля з яго метафарычнай асацыятыўнасцю, дзе гісторыя маленькага чалавека перарастае ў гісторыю хворага свету, хворага грамадства, што ніхто (глядач альбо сцэнічны партнёр) не адчуў, што гэта ўвод. Узнікала адчуванне, што артыст працаваў ад першай чыткі да прэм’еры. Тут было і ўвасабленне вастрыні формы, і схільнасць да гратэску, і дакладнае абыгрыванне ўсіх трагікамічных сітуацый, але пры ўсім тым не гублялася ўласцівае менавіта рускай псіхалагічнай школе – увага да пражывання кожнага моманту, кожнага эпізода сцэнічнага існавання, а ў выніку – да стварэння лёсу простага чалавека, які згубіў памяць. Кульмінацыяй для Кантузава-Лойкі з’явілася сцэна з жонкай (Н.Обухава), якая неспадзявана апускае яго з нябёсаў на зямлю, а прасцей кажучы, пазбаўляе яго той мары, той фантазіі, што ўжо намалявалася ў яго чыстай свядомасці.

 

У спектаклі «Метро» Георгій Лойка моцна ўзбуйняе свае невялічкія ролі, выступаючы як сапраўдны майстар эпізоду і па-майстэрску ўскрываючы сацыяльны падтэкст п’есы. Запамінаецца яго камедыйны, вострагратэскавы Жэўжык-Пястун, міліцыянт-хабарнік, на якім, пэўна, кляйма няма дзе ставіць. У мінулым таксама, відаць, спрытнюга. А ў другім эпізодзе абсалютна супрацьлеглая роля. Яго герой (Ён) мроіць аб нейкім светлым, іншым жыцці, якое, ведае, ніколі не наступіць, але аб ім так салодка марыць, бачыць у сваіх уяўленнях, фантазіях.

 

Станцыйны наглядчык у выкананні Георгія Лойкі са спектакля «Дзеці. Вёрсты» Арцёма Казюханава паводле творчасці Якуба Коласа набывае нейкія абагульненыя, тыпізаваныя рысы чалавека, які шмат чаго ведае аб людзях і разумее ў жыцці такое, што цяжка нават выказаць у словах, ён – свайго роду дамарослы філосаф, назіральнік.

 

Нават іграючы ролі так званага другога плана, артыст імкнецца спасцігнуць характар таго ці іншага вобраза, зразумець яго індывідуальнасць, знайсці яго зерне, не чапляючыся за ўжо назапашаныя прыёмы. Такімі з’яўляюцца яго Кругель у «Вытанчаным падмане» па п’есе Мікалая Гогаля «Гульцы», Бервольд, спадар дэ Бонфуа і Рэктар у камедыі масак «Нібыта хворы» Жана-Батыста Мальера.

 

У драматычнай камедыі «Шлюб па-італьянску» Георгій Мікалаевіч выконвае цэнтральную ролю – Даменіка Сарыяна. Спярша гэта шляхотны, заможны фат, ганарлівы эгаіст, састарэлы кавалер, лавелас з адпаведным  досведам, які так і не змог набрацца жыццёвай мудрасці. Але ўсведамленне свайго бацькоўства і разрыў з Філуменай прымушаюць яго па-іншаму зірнуць на сваё мінулае і прыслухацца больш уважліва да сябе. Адбываецца маральная пераацэнка героя. Такія змены, што адбываюцца з героем бліжэй да фіналу, не так проста паказаць. Акцёр спрабуе гэта спасцігнуць, таму вобраз атрымліваецца, нягледзячы на ўсе камедыйныя і нават фарсавыя сітуацыі першай дзеі спектакля, даволі супярэчлівы, але хутчэй драматычны. Адчуваецца, што для яго не так проста зрабіць гэты крок – прызнаць усіх дзяцей Філумены таксама сваімі. Штуршком для гэтага прызнання з’яўляецца зваротны ход з іхняга боку, калі яны хорам абвяшчаюць яго татам.

У гэтай жа ролі Георгій Мікалаевіч выйдзе на бенефісе, які адбудзецца 1 лютага, а 18-й гадзіне.

 

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа
сардэчна віншуе шаноўнага Георгія Мікалаевіча з юбілейнай датай
і зычыць яму моцнага здароўя, жыццёвага аптымізму,
новых яскравых творчых дасягненняў на карысць Коласаўскаму тэатру і ўсяму сцэнічнаму мастацтву!

Юрый Іваноўскі

Комментарии

Комментарий: 
Мае самыя шчырыя зычэньні Георгію Мікалаевічу, з нагоды яго асабістага сьвята! Здароўя, новых цікавых роляў і любові гледача!

Комментарий: 
Шчырыя віншаванні Георгію Мікалаевічу з юбілеем ад былога аднакласніка па баранавіцкай школе N12! Моцнага здароўя і новых творчых поспехаў на сцэне славутага тэатра!

Добавить комментарий

Положение
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

АЦАНІЦЕ РАБОТУ НАЦЫЯНАЛЬНАГА АКАДЭМІЧНАГА ДРАМАТЫЧНАГА ТЭАТРА ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА
НА ПАРТАЛЕ
РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ ЯКАСЦІ АКАЗАННЯ ПАСЛУГ І АДМІНІСТРАЦЫЙНЫХ ПРАЦЭДУР
АРГАНІЗАЦЫЯМІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                    

                    

              

 

 

X