З ДЫНАСТЫІ КУЛЯШОВЫХ

У школе Вольга хацела стаць біёлагам, любіла прыроду, займалася ў гуртку юных натуралістаў і нават атрымлівала граматы. Пра тэатр думала менш за ўсё. У старэйшых класах зацікавілася паэзіяй, вядома, не без уплыву бацькоў – народнага артыста Беларусі Уладзіміра Аляксеевіча Куляшова і актрысы коласаўскага тэатра Ніны Левашовай. Аднойчы на ўроку яе выклікалі пачытаць Блока. Чытала 45 хвілін – выдала ўсё, што накапілася, з’явілася нейкае жаданне падзяліцца тым духоўным багажом, што прыйшоў да яе ад бацькоў. Для настаўніцы і ўсяго класа гэта стала адкрыццём. Дарэчы, педагог, сама прыхільніца коласаўскіх акцёраў, і параіла паступаць у тэатральны.

Кіраваў курсам выдатны беларускі рэжысёр Андрэй Фёдаравіч Андросік. Пасля першых крокаў на коласаўскай сцэне Вольга перайшла ў Альтэрнатыўны тэатр (Мінск), хоць і ў Віцебску былі цікавыя работы, напрыклад, Мар’я Антонаўна ў «Рэвізоры», які ставіў Барыс Эрын. Тут сышліся ўсе ўтрох: мама іграла Ганну Андрэеўну, бацька – Восіпа. Але запрасілі ў Мінск, там фактычна сабраўся ўвесь курс, і гэты кліч аказаўся мацнейшым. Потым, на жаль, па прычынах фінансавых, тэатр быў расфарміраваны, і актрыса вярнулася ў Віцебск. Цягам дваццаці гадоў яна сыграла розныя ролі: камедыйныя, драматычныя, лірычныя, багата было казачных персанажаў. Як мяркуе сама Вольга, артысту важна паспрабаваць розныя жанры. Калі ён іграе толькі камедыйныя ролі ды казкі, гэта ненармальна, акцёр пачынае хварэць. У той жа час ёсць выканаўцы, якія выдатныя комікі ад Бога. Яны самі гэта разумеюць і не вельмі імкнуцца сыграць іншыя ролі. У творчасці самой Вольгі Уладзіміраўны пераважалі вобразы, дзе перапляталіся смешнае і драматычнае.Напрыклад, Ілона з «Метамарфоз кахання» («Гульня з кошкай») І.Эркеня, Ласкіна з «Пазычанага шчасця» Ф.Палачаніна альбо Мамаева з «Мудрацоў» А.Астроўскага.

У актрысы ёсць добрая ўласцівасць – гэта цудоўнае пападанне ў стылістыку спектакляў, па-мастацку асабліва вытанчаных, інтэлектуальных. Асабліва тут прыгадваюцца спектаклі Віталя Баркоўскага: «Жанна» Ж.Ануя (Агнеса), «Пісьменныя» М.Чокэ (Медсястра), «Дакрануцца вуснамі да нябёсаў» Т.Уільямса (Нёрсі), «Зямля» паводле Я.Коласа (Кветка шчасця) і іншыя.

Актрыса і па сённяшні дзень з вялікай цеплынёй прыгадвае творчае супрацоўніцтва з Генадзем Шкуратавым ў спектаклі «Адэлаіда» Ж.Унгарда і Антонам Грышкевічам у «Фрэкен Юліі» А.Стрындберга. Мастацкі вынік быў відавочны, пэўна таму, што гэтыя рэжысёры ішлі ад акцёра, улічвалі яго індывідуальнасць. Вобразы Люські і Хрысціны, створаныя Вольгай Куляшовай, сталі сапраўдным творчым прарывам. Вельмі ўдзячна актрыса і Рыду Таліпаву, які разгледзеў у ёй такія рэчы, пра якія Вольга і сама не ведала. Разлічвала на сумесную работу ў далейшым, але жыццё, на жаль, унесла свае карэктывы.

Сёння Вольгу Куляшову можна ўбачыць у ролях Агурцовай і Забалоцкай у спектаклі «Што баліць?» Л.Агулянскага, Лісы («Залатое сэрцайка» С.Навуменка) і Атаманшы («Снежная каралева» Я.Шварца).

Пажадаем актрысе ў дзень юбілею (8 жніўня ёй спаўняецца 50) моцнага здароўя, духоўнай моцы, натхнення і абавязкова новых цікавых роляў.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                      

 

X