З ЮБІЛЕЕМ, УЛАДЗІМІР СІВІЦКІ!
13 мая акцёр Коласаўскага тэатра Уладзімір Сівіцкі адзначыў свою 65-гадовы юбілей. Вядома, віншавалі калегі – сціпла, без залішняга пафасу, на сцэне. Ды і сам Уладзімір Сівіцкі чалавек спакойны, засяроджаны, ветлівы. І вобразы, якія ён стварае на сцэне, – гэткія ж: стрыманыя і разважлівыя. Ягоны Кат ў спектаклі «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» Ул.Караткевіча – не злосны, а хутчэй захоплены, да болю натхнёны сваёю «працай». Віктар у «Восеньскай санаце» І.Бергмана – рахманы і рацыянальны. Толя з трагікамедыі «Пахавайце мяне за плінтусам» П.Санаева – упэўнены ў сабе, маральна дужы. Працягваць можна і далей!..
Уладзімір Афанасьевіч не адмаўляецца да прапанаваных роляў. Вось і зараз: толькі што адбылася здача дзіцячага спектакля «Казявачка» Т.Уфімцавай, дзе ён выконвае ролю злоснага Жука-рагача. А зараз з усёй натхнёнасцю працуе ў пастаноўцы спектакля «Рамэа і Джульета» У.Шэкспіра над даволі складанай роллю – сіньёр Мантэкі.
Коласаўцы шчыра віншуюць Уладзіміра Сівіцкага з юбілеем!
Жадаем Вам нястомнасці ў трывожнай акцёрскай працы, новых незабыўных і актуальных роляў, моцнага здароўя. Няхай не згасае вашая добрая ўсмешка і цешаць сэрца вашыя ўтульныя, цёплыя словы! Няхай на душы як мага часцей будзе лагодна і сонечна!
Да віншаванняў далучаецца наш любімы Якуб Колас!
Наперад, вандроўнік! А шлях так багаты
Якія разлогі навокал, зірні!
Усходняе сонца запаліць агні,
Рассее праменні, як сейбіт зярняты.
Вітай жа дарогі і новыя далі,
I вечнага руху святыя скрыжалі,
I юнасць людскую, і мудрае слова,
I ясную радасць дабра, перамог,
I гэты шырокі, чароўны разлог,
Дзе заўжды прыгожа ўсё, молада, нова.
Добавить комментарий