ЮРАСЬ ЦВІРКА. НЕ ТОЛЬКІ КОМІК.

Паўстагоддзя таму ў вёсцы Язвіна Капыльскага раёна Мінскай вобласці нарадзіўся Юрась Цвірка, будучы вядомы артыст Коласаўскага тэатра.

Ужо ў школьныя гады ён таленавіта выступаў у спектаклях і хацеў паступаць ў тэатральны інстытут. Але мама прапанавала вучыцца на агранома. Юрась рушыў у Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Там быў цудоўны студэнцкі тэатр пад кіраўніцтвам акцёра, рэжысёра, выпускніка Маскоўскай тэатральнай вучэльні імя Шчукіна Рыгора Траяноўскага. І малады Цвірка знайшоў сябе. Пасля акадэміі Юрась зноў збіраўся ў тэатральна-мастацкі інстытут, але Траяноўскі, добра знаёмы з кіраўніцтвам Коласаўскага тэатра, параіў іншы шлях. У трупу Коласаўскага тэтра маладога акцёра прымаў народны артыст СССР і БССР Фёдар Іванавіч Шмакаў.

Першыя ролі былі эпізадычныя, напрыклад, Вартавы з «Ката ў ботах» С.Пракоф’евай і Г.Сапгіра. Пазней – іншыя казачныя персанажы: Вадахлёб з «Кацігарошка» В.Маслюка, Свіння з «Кошчынага дома» С.Маршака, Сабака-доктар з «Дня нараджэння ката Леапольда» А.Хайта, Фарлаф з «Руслана і Людмілы» А.Пушкіна...

З «дарослых» роляў першай вялікай работай быў Святаслаў Мазоль з камедыі «Любоў па перапісцы» Л.Вашко, саракагадовы навуковец-халасцяк, які ў пошуках нявесты трапляе ў розныя недарэчныя сітуацыі. У фінале сваіх пошукаў сустракае каханую дзяўчыну, ды тая, на жаль, аказваецца невылечна хворай.

Сярод яскравых камедыйных вобразаў, што стварыў Юрась Цвірка, – Другі шляхцюк з «Несцеркі» В.Вольскага, Б’яндэла з «Утаймавання наравістай» У.Шэкспіра, Мікола ў «Ліфце» Ю.Чарняўскай, Сцяпан у «Што баліць?» Л.Агулянскага. Галоўны герой «Што баліць?» — кіроўца карэты «хуткай дапамогі». Ён пераапрануўся ў медыцынскі халат і замяняе лекара... Сцяпан, канешне, не ведае медыцынскіх тэрмінаў і не ўмее ставіць дыягназы. Гэты сцэнічна-эстрадны кактэйль карыстаецца вялікім поспехам у гледача.

Юрась Цвірка выконвае не толькі камедыйныя ролі. Самае яскравае пацверджанне здольнасці артыста працаваць у розных жанрах – вобраз Макбета з аднайменнай трагедыі Шэкспіра, пастаўленай заслужаным дзеячам мастацтваў Рэспублікі Беларусь Валерыем Анісенкам. Выканаўца мусіў паказаць трансфармацыю высакароднага, але маральна хісткага чалавека ў агіднага і жорсткага тырана, сапраўднага вылюдка. Акцёр спрабуе пранікнуць у псіхалогію, унутраны свет складанага вобраза, спасцігнуць матывацыю яго ўчынкаў. І яшчэ адзін сапраўды драматычны вобраз-характар – манах Ларэнца ў трагедыі «Рамэа і Джульета». У выкананні артыста ён становіцца эмацыйным цэнтрам сцэн з яго ўдзелам. У фінале спектакля выканаўца ўздымае свой вобраз да трагічных вышынь, калі пры ўсім натоўпе карае, вінаваціць сябе за смерць маладых.

У апошнія сезоны Юрый Браніслававіч стварыў новыя, найперш камедыйныя вобразы: спадар Луазо («Дыліжанс» У.Кандрусевіча паводле навелы Мапасана «Пышка«), Сондэрс («Шукаем тэнара!» К.Людвіга), Жывата Цвіёвіч («Доктар філасофіі» Б.Нушыча). У вобразе дырэктара тэатра Сондэрса ён карыстаецца адкрыта тэатральнымі прыёмамі, блізкімі да фарсу і буфанады. Пры знешняй праставатасці гэты персанаж паказаны як хітры прайдзісвет і добра біты праныра.

У «Доктары філасофіі» Юрась Цвірка нечакана апраўдвае свайго, здавалася б, не вельмі прывабнага персанажа Жывату Цвіёвіча. Глядач смяецца з яго дарэмных намаганняў і разам з тым шкадуе і па-чалавечы разумее героя, бо трэба ж неяк выжываць у рацыянальным свеце, дзе ўсё прадаецца і ўсё купляецца, а чалавек вымяраецца тытуламі, званнямі, багаццем. Так падае яго выканаўца, мажліва, так выпісаў гэты вобраз і аўтар, бо не да рэшты ён сапсаваны, не зусім згубіў сумленне, пра што сведчыць фінал, калі герой прымае чужое дзіця як сваё.

Выконваючы галоўныя ролі ў камедыях, Юрась Цвірка са сваім выбуховым тэмпераментам задае неабходны рытм спектаклю, сцэны з яго ўдзелам праходзяць дынамічна пад несціханы смех глядзельнай залы.

У дзень свайго юбілею, 27 верасня, а 19-й гадзіне, вядучы майстар сцэны Юрась Цвірка выйдзе на сцэну Коласаўскага тэатра 
ў ролі Жываты Цвіёвіча з «Доктара філасофіі».
Пасля спектакля адбудзецца віншавальная частка, у якой прымуць удзел прадстаўнікі улады, калегі, сябры.

Чакаем вас у тэатры!

Комментарии

И стоило это променять на Деда Мороза в ТЮЗе?

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                      

 

X