ЯНІНА ГЛЕБАЎСКАЯ. ДА 120-ГОДДЗЯ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ

21 лістапада 1926 года ў Віцебску ўрачыста адкрыўся Беларускі дзяржаўны тэатр другі (БДТ-2), такая была першапачатковая назва будучага славутага творчага калектыву – Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Вялікая каманда акцёрскай моладзі прыехала ў сярэдзіне чэрвеня ў горад над Дзвіной. Выпускнікі Беларускай драматычнай студыі ў Маскве, дзе вучыліся пад кіраўніцтвам рэжысуры Маскоўскага мастацкага тэатра, прыехалі са сваімі педагогамі – Валянцінам Смышляевым і Барысам Афоніным. Сярод 35 маладых артыстаў была і Яніна Глебаўская, будучая народная артыстка БССР.

 

Нарадзілася Яніна Казіміраўна 24 кастрычніка 1901 года ў Мінску ў сям'і сакратара жаночай гімназіі. Пасля заканчэння сярэдняй школы ўладкавалася на працу памочнікам пісьмавода ў кіраўніцтве Паўднёвай чыгункі. Мары пра тэатральную кар’еру не пакідалі дзяўчыну. Акцёрскую працу яна пачала ў 1919 годзе ў Першым таварыстве беларускай драмы і камедыі, дзе сыграла ролю Жонкі пісара ў «Пісаравых імянінах» У.Галубка. У 1920-м паступіла ў маладзёжную студыю пры БДТ-1 (будучым Купалаўскім тэатры) у якасці артысткі балета. Таленавітую дзяўчыну прыкмецілі, адзначылі і накіравалі вучыцца ў Маскву, адкуль яна трапіла на сталую працу ў Віцебск.

Творчую дзейнасць пачала з маленькіх эпізадычных роляў, у якіх яна не магла яшчэ праявіць свае тэатральныя магчымасці. Здольнасць актрысы ствараць цікавыя, разнапланавыя вобразы і ў той жа час нідзе не паўтарацца раскрылася ў пастаноўцы «Разлом» па п'есе Б. Лаўранёва, пастаўленай тэатрам у 1928 годзе. Яніна Глебаўская выконвала ролю жонкі капітана Бярсенева. Вобраз атрымаўся цікавы, жыццёва пераканаўчы.

У спектаклі па п'есе А. Карнейчука «Гібель эскадры» актрыса выступіла ў ролі Аксаны, гераічнага камісара-жанчыны часоў Грамадзянскай вайны. У гэтым вобразе праявіліся багатыя сцэнічныя дадзеныя Глебаўскай. Затым была галоўная роля ў п'есе К.Транёва «Любоў Яравая». За гады работы ў тэатры Яніна Глебаўская пражыла столькі жаночых лёсаў, столькі розных пачуццяў і адценняў кахання, што можна скласці своеасаблівую энцыклапедыю жаночага сэрца. Усе гераіні актрысы – жанчыны са складаным лёсам, якім давялося прайсці праз вялікія выпрабаванні на шляху да свайго ўласнага шчасця.

Найбольш актрыса праявіла сябе як стваральніца каларытных народных характараў, што выявілася ўжо з першых год работы ў Коласаўскім тэатры. Даміцэля ў купалаўскіх «Прымаках» – адзін з такіх вобразаў. Спектакль увайшоў у «Вечар беларускіх вадэвіляў», пастаўлены Паўлам Малчанавым. Дарэчы, на адным з паказаў прысутнічаў і сам народны паэт Беларусі Янка Купала, аўтар гэтых сцэнічных твораў. Пастаноўка атрымала высокую ацэнку з яго боку.

 

Але найбольш поўна індывідуальнасць актрысы раскрылася ў вобразе Мальвіны ў спектаклі «Несцерка» па п’есе Віталя Вольскага ў пастаноўцы Навума Лойтара. У тым, што пастаноўка так доўга існуе ў рэпертуары коласаўцаў і мае нязменны поспех у гледачоў, ёсць заслуга і Яніны Глебаўскай. Актрыса іграла жанчыну ўладарную, фанабэрыстую, ахвочую да пашаны. Яна жадае ўзняцца да панства. Выканаўца выдатна раскрывала характар сваёй гераіні. Яніна Казіміраўна іграла гэтую ролю з 1941 года і да свайго выхаду на пенсію ў 1973 годзе. Адзін з артыстаў Коласаўскага тэатра Іван Вашкевіч успамінаў, як пад час гастроляў у Смаленску актрысе паведамілі пра смерць мужа, мастака дэкаратыўнага цэха тэатра. Але гэта вялікае асабістае гора не паўплывала на філігранную, непаўторную ігру Яніны Казіміраўны, не адбілася на якасці спектакля. У фінале адбыўся сапраўдны трыумф. Зала вітала артыстаў па-беларуску: «Шчыра дзякуем! Ма-лай-цы!»

 

Сярод лепшых народных вобразаў, створаных актрысай, варта таксама назваць Югасю ў спектаклі «Навальніца будзе» А.Звонака паводле трылогіі Якуба Коласа «На ростанях», Гарпіну ў «Алазанскай даліне» К.Губарэвіча і І.Дорскага, Антаніну Цімафееўну з камедыі А.Макаёнка «Выбачайце, калі ласка!», Паўлючыху з «Лявоніхі» П.Данілава, старую Жыгоцкую з «Вайны пад стрэхамі» А.Адамовіча, Сухадол з «Сэрца на далоні» І.Шамякіна.

Глебаўская – актрыса вельмі нацыянальная, беларуская. Водсвет яе творчай індывідуальнасці бачны ў самых розных сцэнічных вобразах – латышкі Орты ў пастаноўцы драмы Я.Райніса «Ветрык, вей!», у спектаклях па творах А.Астроўскага, Л.Талстога, М.Горкага.

Адной з найбольш буйных работ, створаных актрысай, з’яўляецца Васа Жалязнова з аднайменнай драмы Максіма Горкага. Спектакль з такой назвай паставіў у 1953 годзе на коласаўскай сцэне Мікалай Міцкевіч. У пастаноўцы паказвалася непрымірымая барацьба за новае пакаленне, за тое, якім яму быць, чыю эстафету яно панясе ў жыццё. Васа зацята адстойвае свае пазіцыі, яна гатова на любы несумленны ўчынак, любую подласць, толькі б выгадаваць з унука нашчадка сваіх капіталаў і сваёй справы, а Рашэль (яе іграла Марыя Бялінская) страсна і бескампрамісна змагаецца за свае правы на сына, яна не хоча дапусціць уплыву на яго чужых ёй поглядаў. У акцёрскім выкананні выразна адчувалася немагчымасць ні разумення, ні прымірэння дзвюх супрацьлеглых пазіцый, была відавочна маральная перавага разумнай і чалавечнай Рашэль над жорсткай і бессардэчнай Васай.

Думка пра тое, як няўмольная ўлада грошай калечыць чалавечыя душы, сцвярджаў і вобраз Матруны, маці Мікіты ў славутай, легендарнай пастаноўцы Барыса Эрына драмы Льва Талстога «Улада цемры». З вялікім майстэрствам раскрыла Яніна Глебаўская сутнасць гэтай цёмнай, злавеснай жанчыны, якая штурхае свайго сына на злачынства – забойства дзіцяці. Вось яна, сквапная і раз’юшаная Матруна, шэпча Мікітку: «Мікітачка, сынок, ну, бяры лапату і толькі выкапай ямку, а ўсё астатняе мы самі зробім». Роля, сыграная народнай артысткай, па сведчанню крытыкаў, з’явілася ўзорам пранікнення ў самыя глыбокія таямніцы непаўторнага сцэнічнага характару.

А поруч зусім іншы, супрацьлеглы вобраз Орты, створаны Янінай Глебаўскай у спектаклі «Ветрык, вей!». Вобраз маці-мадоны, якая ахвяруе ўсім набыткам і будучыняй дзеля шчасця сваёй «Байбалынькі-чарамшынкі ў поўным квеце», дзяўчыны-сіроткі.

   

 

Сярод іншых вобразаў, створаных выдатнай беларускай актрысай, можна назваць Паліну ў «Ворагах» і Маланню з «Ягора Булычова і іншых» М.Горкага, Атуеву з «Вяселля Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна, Унтэр-афіцэрскую ўдаву з «Рэвізора» М.Гогаля, Уліту, Кураслепаву і Феліцату з п’ес А.Астроўскага «Лес», «Гарачае сэрца», «Праўда – добра, а шчасце лепш», Дандальскую з «Дамаў і гусараў» А.Фрэдры.

Усяго ў спісе народнай артысткі Беларусі каля 200 роляў – цэнтральных і эпізадычных, камедыйных, вострахарактарных, драматычных.

 

Пайшла з жыцця Яніна Казіміраўна Глебаўская 16 снежня 1978 года. Яе творчасць з’яўляецца яркай старонкай у гісторыі Коласаўскага тэатра і беларускага сцэнічнага мастацтва.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

АЦАНІЦЕ РАБОТУ НАЦЫЯНАЛЬНАГА АКАДЭМІЧНАГА ДРАМАТЫЧНАГА ТЭАТРА ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА
НА ПАРТАЛЕ
РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ ЯКАСЦІ АКАЗАННЯ ПАСЛУГ І АДМІНІСТРАЦЫЙНЫХ ПРАЦЭДУР
АРГАНІЗАЦЫЯМІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

НФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                      

 

X