ВЯРТАННЕ «ШАГАЛА...»
Спектакль «Шагал… Шагал…» паводле п’есы Уладзіміра Драздова «Прамы цягнік да Парыжа з усімі прыпынкамі» вяртаецца да віцебскага гледача ў сотую гадавіну вяселля Марка Шагала і Бэлы Розенфельд. Гэта не зусім аднаўленне драматычнага твора, бо яго не паказвалі ўсяго некалькі сезонаў. Цяпер «Шагал… Шагал…» перанесены з малой на вялікую сцэну, уведзена некалькі новых выканаўцаў роляў другога плану.
Нагадаем, што спектакль пастаўлены ў 1999-м годзе заслужаным дзеячам мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віталем Баркоўскім (на той час мастацкім кіраўніком Коласаўскага тэатра). У 2000-м быў адзначаны галоўным прызам Эдынбургскага фестывалю, паказаны на прэстыжных міжнародных тэатральных фестывалях у Італіі, Францыі, Германіі, Малдове, Літве. Гэтая пастаноўка – гімн Віцебску, гораду маладосці мастака, услаўленаму ім у многіх палотнах і малюнках.
Да творчага калектыву – выканаўцам галоўных роляў Генадзя Гайдука (Шагал), Анжалікі Баркоўскай (Іда), заслужаных артыстаў Рэспублікі Беларусь Рыгора Шацько (Камісар) і Тамары Скварцовай (Сцяпанаўна) ды іншых – далучыліся і маладыя. Так, вобраз Волечкі, першай каханай Марка, стварыла Анастасія Чыстабаева, вобраз Фатографа – Дзмітрый Каваленка. Нагадаем, што ў спектаклі гучаць вершы самога Шагала ў перакладзе на беларускую мову Рыгора Барадуліна.
Упершы раз абноўлены спектакль «Шагал… Шагал…» віцебскія гледачы ўбачаць на вялікай сцэне Коласаўскага тэатра 5 красавіка. Пачатак а 19-й гадзіне.
Добавить комментарий