ВЯДУЧЫ МАЙСТАР КОЛАСАЎСКАЙ СЦЭНЫ, ПАЭТ, ПЕРАКЛАДЧЫК ПЯТРО ЛАМАН АДЗНАЧАЕ ЮБІЛЕЙ! 75 ГОД З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ!

 

Вялікі творчы шлях за плячыма ў вядучага майстра коласаўскай сцэны, уладальніка медаля Францыска Скарыны Пятра Аляксандравіча Ламана. Больш за 130 сыграных роляў! Сёння, 11 ліпеня 2024 года, ён адзначае 75-годдзе з дня нараджэння.

Пятро Аляксандравіч вядомы таксама як паэт, перакладчык. Ён выдаў тры паэтычныя зборнікі, адзін празаічны. Пераклаў дзясяткі п’ес, па якіх створаны спектаклі як у родным Коласаўскім, так і ў Беларускім тэатры «Лялька». Сярод іх – «Квартэт» Р.Харвуда, «Пахавайце мяне за плінтусам» П.Санаева, «Да трэціх пеўняў» В.Шукшына, «Хітрыкі Скапэна» і «Нібыта хворы» Ж.-Б.Мальера, «Загадкавыя варыяцыі» Э.-Э.Шмітта, «Прыгоды Чыпаліна» А.Бадуліна, А.Чутко паводле Д.Радары, «Пэппі» Ю.Кіма паводле А.Ліндгрэн, «Экстрасэнсы» («Феномены») Р.Горына, «Саня, Ваня, з імі Рымас» У.Гуркіна. А зусім нядаўна закончыў пераклад інсцэніроўкі паэмы «Васіль Цёркін» А.Твардоўскага на беларускую мову.

«Хросны бацька» – Янка Брыль

Увогуле яму з дзяцінства пашанцавала. Бо нарадзіўся ў такіх мясцінах, якія спрыялі творчаму развіццю асобы. Родная вёска Маласенцы Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці зусім непадалёк ад Мірскага замка.А яшчэ ў 5 кіламетрах ад яе – Загор’е, радзіма класіка беларускай літаратуры, народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля. Хоць той жыў у Мінску, але часцяком заязджаў да роднага брата Мішы, чый дом быў па суседству з хатай Ламанаў. Прыязджаў працаваць. Падабалася яму ў Маласенцах, бо ніхто не замінаў: бацькі цэлы дзень на працы, дзеці ў школе. Калі гаварыць па сутнасці, то Янка Брыль стаў хросным бацькам Пятра ў літаратуры.

Пісаць вершы ён пачаў у тэатральна-мастацкім інстытуце. Хадзіў у літаб’яднанне пры газеце «Чырвоная змена», якім кіраваў вядомы паэт Валянцін Лукша (аўтар тэксту папулярнай на той час песні «Брыганціны»). Ужо ў хлопца было некалькі падборак у «Чырвонцы», калі Лукша прапанаваў: «У цябе ж зямляк ёсць – Янка Брыль. Хай ён табе ў добрым выданні зробіць публікацыю. Вершы ў цябе неблагія.» Пятро так і зрабіў, пазваніў славутаму земляку. Народны пісьменнік запрасіў яго да сябе ў госці. Малады паэт перапісаў усё лепшае, што толькі было, у асобны сшытак. Брыль пачытаў, пагаварыў з Пятром. Сшытак сабе пакінуў. Праз некаторы час перадаў вершы Міколу Аўрамчыку, загадчыку аддзела паэзіі часопіса «Маладосць». І толькі праз паўгода Пятро атрымлівае паштоўку з запрашэннем прыйсці ў рэдакцыю. А яшчэ праз нейкі час у «Маладосці» з’явіліся вершы Пятра Ламана.

Дарэчы, вакол аднаго з іх потым у перыёдыцы разгарнулася цэлая дыскусія. Камусьці не спадабалася параўнанне механізатара з богам і Праметэем. За пачаткоўца тады заступіўся Рыгор Барадулін: «Вы паглядзіце, які верш, вобразна як напісана». Пазней, калі ўжо назбіралася вершаў на цэлую кніжку, ізноў прыйшоў па дапамогу да Брыля. Ізноў зямляк дапамог, сам асабіста звярнуўся ў выдавецтва «Мастацкая літаратура». Рэдактарам першага зборніка папрасіў быць Уладзіміра Караткевіча. Той прыслаў рэцэнзію з падрабязнымі заўвагамі. У адным з вершаў ён пакінуў толькі першую і апошнюю страфу і зрабіў прыпіску: «Пятро, трэба пісаць так, каб чытач, прачытаўшы, сказаў сабе: «Гэх! Мала!» Але потым Караткевіч захварэў і першым рэдактарам зборніка «Споведзь агню» стаў Рыгор Барадулін.

На гэтым сяброўскія кантакты Пятра з Брылём не супыніліся. Ужо будучы акцёрам-коласаўцам, у адпачынак прыязджаў да сябе на радзіму і абавязкова трапляў на дзень народзінаў да славутага празаіка. І неяк пісьменнік звярнуўся да яго з пытаннем: «Пятро, а ты прозу не спрабаваў пісаць?» Пасля гэтага неўзабаве ўзнікла задума першай аповесці «Купалінка», якая пазней выйшла ў «Маладосці», а пасля і ў празаічным зборніку «Астравы».

Першы выхад на сцэну. Стасункі з «Несцеркам»

На выпускным курсе, перад размеркаваннем, Пятро Ламан атрымаў запрашэнні ад трох тэатраў – Брэсцкага, Магілёўскага і Коласаўскага. Праўда, з Віцебска, у адрозненне ад іншых гарадоў, у інстытут прыехаў сам галоўны рэжысёр Сямён Казіміроўскі і пачаў настойліва ўгаворваць Ламана: «Вы ж падумайце, у нас тэатр дзяржаўны, больш высокі па статусу, а там абласныя. Да таго ж нам вельмі патрэбна моладзь, а вы – малады герой. Мы вам і кватэру зробім». І Пятро Аляксандравіч прыехаў у Віцебск, у Коласаўскі тэатр, з якім звязаў усё астатняе жыццё.

Ён добра памятае свой першы выхад на сцэну. Гэта быў хлопец з масоўкі ў славутым спектаклі «Несцерка». Якія зведаў эмоцыі, пачуцці? Памятае, што было вельмі цёпла, утульна, радасна, што працуе ў такім спектаклі. І тут ён зразумеў, што трапіў менавіта ў той тэатр, які яму патрэбен. Між тым, масоўка адыграла і пайшла па грымёрках, а малады артыст Пятро Ламан глядзеў увесь спектакль. І так было на кожным паказе. Пакуль не запомніў увесь тэкст, ролі ўсіх выканаўцаў. І гэта яму хутка спатрэбілася.

Ролю Юрася іграў Аляксандр Кацельнікаў, які часта скардзіўся, магчыма, і беспадстаўна, на сваё здароўе. Тут павінен быў адбыцца выезд з «Несцеркам» у Наваполацк. І ўжо па дарозе артыст пачаў ныць. Шмакаў слухаў гэта і раптам скамандаваў шафёру: «Дзіма, стой!». «Ламан, ты тэкст ведаеш?» – «Ведаю». – «Аляксандр, выходзьце, ідзіце лячыцеся. А раптам з вамі што здарыцца ў дарозе? Нам адказваць». І фактычна без аніякіх рэпетыцый Ламан увайшоў у ролю Юрася. А Кацельнікаў больш яе не іграў, нават у пары.

А ўвогуле стасункі Пятра Ламана з «Несцеркам» ідуць праз усё жыццё. Хлопец у масоўцы, потым Юрась, якога акцёр іграў аж да пяцідзесяці гадоў, Мацей і, нарэшце, сам галоўны герой – Несцерка. Аднойчы нават сыграў Шкаляра, бо адзін з артыстаў пераблытаў час паказу і трэба было ўратоўваць сітуацыю. Прычым нават сам Шмакаў не заўважыў «падмены». Дарэчы, зараз у спектаклі гучыць некалькі рэплік, якія сам Ламан і прыдумаў, бо схільны да імправізацыі. А потым яны былі замацаваны рэжысёрамі аднаўлення. Напрыклад, у фінальнай сцэне Насцерка чытае ліст Шкаляра з такімі словамі: «Вінум эрга ёсць віно, то вядома нам даўно». А людзі пытаюцца: што? якое віно? На што нехта з масоўкі адказвае: «Вяселле, вось і віно». Тут можна прыгадаць яшчэ адзін смешны выпадак, звязаны са спектаклем ва ўспамінах акцёра. Жонка разам з малой дачкой Алесяй глядзелі «Несцерку». Ламан на той час яшчэ іграў Юрася. Ужо адскакалі «Лявоніху», спектакль ідзе да фіналу. І раптам Алеся кажа: «Ну ўсё, мама. Тата замуж выйшаў».

 

Настаўнікі

На пытанне пра настаўнікаў Пятро Ламан найперш называе Уладзіміра Маланкіна, кіраўніка курса ў тэатральна-мастацкім інстытуце. У яго была любімая фраза: «З чалавека зрабіць артыста не надта складана, а вось з артыста чалавека – вельмі няпроста». Ён выдатна вучыў прафесіі. Сярод яго вучняў былі Валерый Раеўскі, Барыс Луцэнка, Валерый Мазынскі, з артыстаў Вольга Клебановіч, Вячаслаў Грушоў, Юрый Засядацелеў, Валерыя Войчанка. А таксама Маланкін займаўся выхаваннем асобы. Застацца чалавекам у любых умовах, любых абставінах – вельмі цяжка, заўсёды казаў ён.

Але ж і ў коласаўскім тэатры было ў каго вучыцца. У той час (на пачатку 1970-х гадоў) у сіле былі Анатоль Шэлег, Анатоль Трус, Фёдар Шмакаў. А потым педагагічнай работай з Пятро Ламанам займаўся Барыс Эрын, калі ставіў з ім інсцэніроўку аповесці «Не трывожся, мама!», дзе малады артыст сыграў сваю першую галоўную ролю – грузінскага хлопца Тэймураза Джакелі.

 

Складанасць работы была ў тым, што ў тэксце ролі два вялікія маналогі. Першая дзея пачыналася з маналога героя, калі ён едзе паступаць у інстытут, а другая, калі ідзе служыць у армію. Паўтары старонкі тэксту. І тут важна было ўзяць з самага пачатку гледача. Адзінае, што ратавала – багаты і сакавіты грузінскі гумар. І гэта былі апорныя моманты. На кожным прагоне артыст глядзеў у вочы Эрыну і маналогі расказваў яму. А потым рэжысёр некуды знік з поля зроку акцёра… і нешта не пайшло. Эрын «вярнуўся» і пытае: «Ламан, што адбываецца?» – «Я вачэй вашых не бачу». І атрымаў адпавяданне: «Не, так не пойдзе. Асвойвайце ролю. Я на кожным спектаклі сядзець не буду».

Лепшыя раннія вобразы

З лепшых ранніх вобразаў, створаных Пятром Ламанам, – Марцыян Ропат, завадатар паўстання гараджан са «Званоў Віцебска» Ул.Караткевіча; Міхась Дабрынеўскі з драмы А.Петрашкевіча «Трывога», які абараняючы нявесту, забівае п’янага аднавяскоўца; бязродны музыка Скалнас з «Клеменса» К.Саі, што ўвасабляў сабой духоўнае багацце дзевяцібедаўцаў, якое яны прамянялі на сытае, ды рабскае жыццё.

 

 

Дарэчы, у спектаклі «Клеменс», апрача вершаў Алеся Разанава і Уладзіміра Караткевіча, гучалі і радкі самога Пятра Ламана.

Зямля мая,
Ты ўсё ж такі існуеш
І будзеш
Існаваць
Давеку,
Каб абуджаць…
Каб шанаваць…
Каб клікаць…
Каб клікаць
Чалавека
Ў чалавеку.

І яшчэ раз ён сыграе вельмі блізкую яму па духу і ўнутранай сутнасці ролю. Гэта будзе малады паэт Раман, вясковы талент, самародак, крыштальна чысты і патрабавальны да сябе і іншых (спектакль «Востраў Алены» па апошняй п’есе Я.Шабана).

«Не бывае маленькіх роляў»

Калі Казіміроўскі пакінуў тэатр, для артыста наступілі складаныя часы. Новы галоўны рэжысёр чамусьці не хацеў наладзіць з акцёрам творчыя стасункі. Спярша ішлі галоўныя ролі, а тут даводзілася іграць «пяты куст за сёмым дубам». Аднойчы здарыўся такі выпадак. Ішла чарговая атэстацыя. За сталом сядзяць члены камісіі на чале з галоўным рэжысёрам. Адна з актрыс, Галіна Маркіна сказала вельмі добрыя словы пра юнака. А рэжысёр выказаўся такім чынам: «Ламан, вы не працуеце над сабой». На што Пятро Аляксандравіч устаў і сказаў: «Акцёр можа працаваць над сабой, калі ў яго ёсць канкрэтны матэрыял. А я хачу паказаць, як я не працую над сабой». І дастаў з сумкі толькі што выдадзены зборнік «Зерне імгненняў». Галоўны рэжысёр пайшоў плямамі. Гэта была для яго моцная аплявуха.

А ўвогуле акцёр любіць іграць у эпізодах і поўнасцю згодзен са Станіслаўскім, які казаў, што «няма маленькіх роляў, ёсць маленькія акцёры». З асаблівым задавальненнем іграе ў спектаклі «Доктар філасофіі» Сіму, мужа Сойкі. Менавіта на рэпетыцыях і нарадзілася заіканне і коснаязыкасць героя: «Жо…жо…жо…жонка мая», якія надаюць яму асаблівую камедыйную сакавітасць, раскрываюць яго характар, на які ўплывае яго «прафесійная» своеасаблівасць.

Творчая сталасць

Пазней будуць вострадраматычныя ролі: Рудольф («Такое дзіўнае каханне» – «Рудольфіо» В.Распуціна), Мікола і Афганец («Парог», «І быў дзень…» А.Дударава), Макіявелі («Мандрагора» Н.Макіявелі), Краўзэ («Тузы» У.Відмера), Бураў («Стрэл у тумане» В.Быкава), Радзівіл Руды («Чорная нявеста» А.Дударава), Янка Купала («Сон на кургане» Я.Купалы).

 

 

 

Сярод апошніх – Дзед («Пахавайце мяне за плінтусам» П.Санаева, работа адзначана на Міжнародным фестывалі «LUDI» у Арле як лепшая роля другога плану), Ваўкалак з аднайменнага спектакля паводле Я.Баршчэўскага, Курбатаў з «Выбару» А.Дударава.

 

  

 

І яшчэ адна знакавая роля, у якой Пятро Ламан заявіў пра сябе як пра шматграннага выканаўцу, што доўгія гады проста не меў свайго рэжысёра. Гэта Жан з драмы Аўгуста Стрындберга «Фрэкен Юлія» (пастаноўка Антона Грышкевіча). Герой Ламана пастаянна знаходзіўся ў стане ўнутранай раздвоенасці. Ён падыгрываў заляцанням Юліі, бо яму імпануе ўвага гаспадыні-арыстакраткі, і адначасова абачліва асцярожнічае, прыніжана адчуваючы сваю няроўнасць. Ён лакей па складу душы, таму і няздольны ўзняцца да заманлівай вышыні. Мяжа яго магчымасцей – Крыстына, не столькі роўная па становішчы, колькі падобная па натуры. Невыпадкова абодва яны спакойна і абачліва штурхалі Юлію да самагубства.

 

Сярод камедыйных, гратэскавых вобразаў варта прыгадаць яго Максіма Кутаса з «Жартаў» («Прымакі» Я.Купалы), Актаўё з «Дурнічкі» Лопэ дэ Вегі, Глова-старэйшага з «Вытанчанага падману» паводле «Гульцоў» М.Гогаля і асабліва Першага магільшчыка з «Гамлета» У.Шэкспіра (апошняя работа пацвярджае высокі ўзровень майстэрства акцёра).

 

 

Ствараў свае сусветы

Без сумневу, літаратурная творчасць дапамагала працы ў тэатры і наадварот, сцэнічныя вобразы, вопыт ужывання ў незнаёмую табе асобу ўзбагачалі яго як пісьменніка. Калі работы не хапала ці яна нечым не задавальняла, уратоўвала прыгожае пісьменства – паэзія, проза. Плён такога ўзаемадзеяння некалі выліўся ў монаспектакль «Радзіма душы», створаны на камернай сцэне і паказаны да 50-годдзя Пятра Аляксандравіча.

Спектакль складаўся з чатырох частак: маналога пра сябе, аповеду пра бацьку і маці, легенды пра Каложскую царкву і ўласных вершаў юбіляра. У ім артыст і паэт кажа: «Чалавек нараджаецца двойчы. Цела – у мацярынскім улонні, а дзе і калі нараджаецца душа?» Тэатральны крытык Таццяна Катовіч заўважала, што «спектакль ствараўся як споведзь, як духоўная гісторыя аўтара і самога героя, як асэнсаванне сябе ў прасторы і часе жыцця нацыі – праз яе сакральныя матывы і архетыпы». Спектакль сапраўды ўзрушаў, бо артыст гаварыў з гледачом пра самае блізкае, самае кранальнае.

Быкаўскія вобразы

З героямі Васіля Быкава Пятро Ламан сустракаўся тройчы. У спектаклі «Пакахай мяне, салдацік!» Валерыя Маслюка сыграў ролю Скібіна, гэта была выключна эпізадычная работа.

Больш важкі вобраз – камандзіра разведкі Бурава – ён стварае ў «Стрэле ў тумане», пастаўленым Міхасём Краснабаевым. Жалезны, прынцыповы, непахісны – ён цвёрда ўпэўнены, што Сушчэня здраднік і неабходна яго пакараць смерцю. Бураў паказаны на выгляд суровым, але ён аказваецца больш чалавечным, чым здаецца спярша.Для яго існуюць маральныя табу – дзіця Сушчэні, жонка (яе, відаць, калісьці кахаў), цераз якія яму перайсці няпроста. І таму Бураў вядзе Сушчэню не ў балотную затоку, а ў лес, дзе можна пахаваць па-людску, па-хрысціянску. Ды толькі сам нарываецца на кулю, што падпільноўвае яго ў туманным паўзмроку. Толькі на парозе смерці Бураў робіцца здольным выслухаць, зразумець і паверыць Сушчэні. Ды занадта позна.

У апошняй прэм’еры тэатры – ваеннай драме «Сотнікаў» Пятро Ламан выконвае ролю Пятра Качана, старасту вёскі Лясіны, куды заблукалі ў пошуках харчу для атрада галоўныя героі – партызаны Сотнікаў і Рыбак. Фактычна, ён становіцца адной з тых нявінных ахвяр, якім суджана загінуць. Наканаванасць лёсу, прымірэнне са страшнай, але немінучай неабходнасцю памерці, загінуць – адчуванне ўсяго гэтага перадае выканаўца ў вобразе старасты. У тым, як ён паводзіць сябе ў вязніцы, штосьці збліжае яго з Сотнікавым, такім, як ён выведзены найперш у аповесці. Відаць, што жыццё пражыў чэсна, сумленна, прыстойна, для яго галоўнае цяпер – не апаскудзіцца, не запэцкацца, не стаць вылюдкам. І ў тым ён аказваецца маральна значна вышэй за Рыбака. Хрысціянскі пачатак, тыя асновы, што закладзены ў самой ментальнасці беларусаў, выдатна перадае майстар сцэны, пашыраючы межы вобраза, робячы яго сапраўды трагедыйным.

 

Знакавыя ролі апошніх гадоў

У спектаклі «Яшчэ раз пра каханне», пастаўленым Юрыем Пахомавым паводле шукшынскіх апавяданняў, Пятро Ламан іграе ролю старога паромшчыка Піліпа Цюрына (навэла «Восенню»). Ён жыве пастаяннымі ўспамінамі пра першае каханне — Мар’ю Ярмілаву. У маладосці яны разышліся толькі праз ягоную ўпартасць: не захацеў Піліп вянчацца, бо быў прыхільнікам новай улады і іншых поглядаў на бацькоўскія традыцыі. Мар’я выйшла за другога, а пасля і Цюрын сам ажаніўся. Яны бачыліся ўсяго некалькі разоў за жыццё. Асабліва кранальная сцэна апошняй сустрэчы Піліпа і Мар’і. Колькі пяшчоты ў іх словах і рухах, дотыках адно да аднаго, спачування, шкадавання аб незваротным! І вось лёс карае Піліпа за дурны малады ўчынак: ён бачыць, як Павел — муж Мар’і — вязе былую каханую ў апошні шлях... Пятро Ламан вельмі дакладна перадае вялікую ўнутраную драму свайго героя. У нейкія моманты ён імкнецца апраўдаць сябе, абвінаваціць Паўла ва ўсім, але ўзнікае адчуванне, што тым самым ён імкнецца заглушыць свой душэўны боль. Час раскідваць камяні, час іх збіраць. Вось гэтая біблейская мудрасць ляжыць у аснове фінальнай часткі спектакля.

 

Самая буйная і найбольш удалая работа апошняга часу– гэта, безумоўна Марцін Уэлер з трагікамедыі «Гульня ў джын». Яго герой – у мінулым паспяховы бізнесмен, якому здрадзілі партнёры. У доме для састарэлых ён выпадкова знаёміцца з Фонсіяй Дорсі – такой жа адзінокай істотай, якая напрыканцы жыцця засталася нікому непатрэбнай, нават сваім дзецям.Яны сустракаюцца і бавяць час за гульнёй у карты. У двух супрацьлеглых па характары людзей – усё ў мінулым, і аб’ядноўвае іх толькі адсутнасць будучыні. У нейкі момант няхітрая забава гульнёй у джын, простыя лекі ад маркоты робяцца для іх сэнсам і нават метафарай жыцця. Гульня напаўняецца ўспамінамі і шкадаваннямі пра згубленыя гады, пра тое, што не змаглі знайсці агульную мову з дзецьмі і цяпер вымушаны застацца адно на адно з самімі сабой. Ламан вядзе сваю ролю ў мяккай далікатнай манеры. У ім нішто не нагадвае нягодніка альбо брутальнага хама. Нават у тых сцэнах, дзе персанаж выбухова сварыцца з партнёркай, гэта адбываецца неяк па-дзіцячы непасрэдна: ён хутка страчвае раўнавагу і гэтак жа хутка жадае прымірэння. Аднак не патрапляе схаваць, на чым грунтуюцца яго выбрыкі, – ён не можа дапусціць жаночай перавагі, бо гэта ўціскае ягонае пачуццё мужчынскай годнасці. Выйгрыш у гульні, які так і не адбыўся, – гэта пэўны, хоць і нікчэмны спосаб апраўдаць сваё жыццё, ужо дашчэнту прайгранае. Адсюль такая апантанасць, такая заўзятасць.

 

Спектакль «Гульня ў джын» быў паказаны на VIII Міжнародным тэатральным фестывалі «Смаленскі каўчэг» у 2022 годзе і стаў лаўрэатам у намінацыі «Лепшы спектакль малой формы», а таксама на VII Міжнародным фестывалі «Пагаворым пра каханне» ў Новашахцінску (2023 год) і атрымаў разам з Анжалікай Баркоўскай спецыяльны дыплом у намінацыі «Лепшы дуэт».

Сёння Пятро Аляксандравіч Ламан – адзін з самых запатрабаваных акцёраў коласаўскай трупы. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2016), Граматай Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь (2011), Граматай (2006) і нагрудным знакам «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» (2009) Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Хочацца верыць, што ў яго наперадзе яшчэ больш яскравыя работы, здольныя ўпрыгожыць мастацкую палітру беларускага сцэнічнага мастацтва.

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа
шчыра віншуе Пятра Аляксандравіча з юбілеем
і зычыць яму моцнага здароўя, жыццёвага аптымізму,
моцы для ажыццяўлення новых праектаў, новых выдатных роляў!

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                        

 

X