У ТЭАТРЫ ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА ІДУЦЬ РЭПЕТЫЦЫІ СПЕКТАКЛЯ «СОТНІКАЎ»

 

Вялікая Айчынная вайна – адна са знакавых падзей гісторыі сучаснай Беларусі. Водгулле яе яшчэ доўга будзе чуваць у сэрцах беларускага народа і, вядома, у творчасці і мастацтве. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа таксама перыядычна звяртаецца да ваеннай тэматыкі. І зараз на вялікай сцэне тэатра ідуць рэпетыцыі спектакля «СОТНІКАЎ» паводле аднайменнай аповесці народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава.

Прэм’ера ваеннай драмы адбудзецца 10 мая і будзе прысвечаная Дню Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Варта ўзгадаць і сёлетнія юбілеі: 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 100-годдзе Васіля Быкава. Ён адзін з тых беларускіх пісьменнікаў, хто адкрыў чытачам горкую праўду вайны, даследаваў трагедыю праз катэгорыі абавязку і маральнага выбару, глыбока паказаў пакуты чалавека і антыгуманную сутнасць вайны.

Пастаноўку і музычнае афармленне спектакля «Сотнікаў» ажыццяўляе малады рэжысёр Канстанцін Ганчароў. На пачатку гэтага тэатральнага сезона, у кастрычніку 2023 года, ён паспяхова дэбютаваў на коласаўскай сцэне са спектаклем «Выбар» па п’есе Аляксея Дударава. Дарэчы, таксама на ваенную тэматыку. Сцэнаграфію і касцюмы стварае Святлана Макаранка. Над інсцэніроўкай працаваў Алесь Замкоўскі.

Многія памятаюць «Сотнікава» са школьнай праграмы. Люты 1942-га. Беларусь. Вялікая Айчынная вайна. Двое партызан – Барыс Сотнікаў і Мікалай Рыбак – па заданні камандзіра атрада ідуць шукаць правізіі ў бліжэйшыя вёскі. Пасля перастрэлкі з паліцаямі яны трапляюць у палон да фашыстаў. Для хворага, параненага Сотнікава і больш прыстасаванага да жахлівай ваеннай рэальнасці Рыбака ўзнікае маральны выбар. Яны павінны скарыцца перад гітлераўскай машынай або годна змірыцца са смерцю і такім чынам атрымаць незалежнасць ад ворагаў. Вырашыць, ці жыццё каштоўнае само па сабе, ці ўчынкі і прынятыя вырашэнні вызначаюць яго каштоўнасць для сябе і для людзей навокал? У бесчалавечных абставінах вайны адказаць на пытанне вымушаны не толькі байцы, абавязаныя прысягай перад Радзімай, але і простыя людзі – бацька чырвонаармейца, стараста вёскі Пётра Качан, маці чацвярых дзетак Дзёмчыха, дзяўчынка Бася...

У новым спектаклі занятыя: Яўген Бераснеў (Барыс Сотнікаў), Уладзіслаў Жураўлёў / Дзмітрый Філімоненкаў (Мікалай Рыбак), заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Галіна Букаціна / Святлана Жукоўская (Кабета з вёскі Лясіны), Дар’я Французава (Бася, яўрэйская дзяўчынка), уладальнік медаля Францыска Скарыны Пятро Ламан / уладальнік медаля Францыска Скарыны Юрась Цвірка (Пётра Качан, стараста ў вёсцы Лясіны), Валянціна Багданава / Вольга Куляшова (Жонка старасты), Ніна Обухава (Дзёмчыха), уладальнік медаля Францыска Скарыны Генадзь Гайдук / заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў (Следчы Партноў), Вадзім Асвяцінскі (Першы паліцай Тарасюк), Антон Бараноўскі (Другі паліцай Стась Піліпёнак-Гаманюк), Міхаіл Асанаў (Кат-паліцай Будзіла), Ілля Блыкін (Фашысцкі афіцэр).

Запланавана, што інсцэніроўка, напісаная на дзве дзеі, будзе рэалізавана ў спектакль без антракту. Узроставае абмежаванне –16+.

Квіткі на прэм’еру ваеннай драмы «Сотнікаў» можна набыць у касе тэатра
(тэлефон 62-63-81),
у аператара квіткоў kvitki.by.

Да пастаноўкі «Сотнікава» коласаўцы ўжо тройчы звярталіся да творчасці Васіля Быкава. У 1997 годзе Валерый Маслюк, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, інсцэніраваў і ажыццявіў пастаноўку аповесці «Пакахай мяне, салдацік». Сцэнаграфія і касцюмы Святланы Макаранка, кампазітар Уладзімір Кандрусевіч, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі і прэміі імя Л.Мазалеўскай, уладальнік медаля Францыска Скарыны.

У 2002 годзе Міхась Краснабаеў паставіў на камернай сцэне спектакль «Стрэл у тумане» паводле аповесці «У тумане». Сцэнаграфія і касцюмы Святланы Макаранка, музычнае афармленне Аляксандра Крыштафовіча.

У 2016-м актрыса Зінаіда Гурбо падрыхтавала монаспектакль «Незагойная рана», адной з частак якога з’яўляецца апавяданне Быкава, якое дало назву спектаклю. Сцэнаграфія і касцюмы Андрэя Жыгура. Гэтая пастаноўка паспяхова прыняла ўдзел у VII Міжнародным тэатральным фестывалі «Театральное вече», прысвечаным 75-годдзю вызвалення Вялікага Ноўгарада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (Вялікі Ноўгарад, Расія, 2018).

Акрамя таго, у 1989-м народны артыст Беларусі Яўген Шыпіла зняўся ў галоўнай ролі – Івана Валокі ў кінафільме «Адна ноч» паводле аднайменнага твора, а ў 1995-м народны артыст Беларусі Уладзімір Куляшоў сыграў ролю Казака ў фільме «На чорных лядах» пра Слуцкае паўстанне паводле быкаўскіх апавяданняў.

Спадзяёмся, што і сёлетняя прэм’ера будзе паспяховай і адкрые для гледачоў неспазнаныя старонкі творчасці народнага пісьменніка Беларусі.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                        

 

X