У СПЕКТАКЛЯХ РЫДА ТАЛІПАВА АДЧУВАЛАСЯ ДУША

 

Рыд Сяргеевіч Таліпаў. Яркая, адметная асоба ў беларускім сцэнічным мастацтве. Адзін са стваральнікаў студыйнага руху на Беларусі, пік якога прыйшоўся на 80–90-я гады XX стагоддзя.

Тэатр–студыя  «На плошчы Перамогі» – гэты творчы калектыў быў добра знаёмыя мінскім тэатралам. Адметныя рысы - вытанчанасць стылю (яшчэ нядаўна званага «буржуазным»), эстэтыка абсурду і парадоксу, акцэнтаваная вобразнасць мізансцэн, эратычнасць, падкрэсленая пачуццёвасць, смеласць асобных натуралістычных дэталяў. Эстэтычную канцэпцыю свайго тэатра мастацкі кіраўнік, рэжысёр, сцэнограф і музычны афармляльнік Рыд Таліпаў вызначаў як прыгажосць адносін, свету, цела і душы кожнага чалавека. Актыўна ставілася абсурдысцкая драматургія, міма якой беларускі тэатр фактычна прайшоў у мінулыя часы. Славамір Мрожак. «Стрыптыз».  Тадэвуш Ружэвіч. «Картатэка». Патрык Зюскінд. «Кантрабас».  З рускай класікі – «Яма» Аляксандра Купрына.

 

Рыд Сяргеевіч быў чалавекам надзіва адораным. Пачынаў працаваць у Свярдлоўску мастаком-мультыпліккатарам на кінастудыі. Марыў стаць спеваком і вучыўся на вакальным аддзяленні Ніжнекамскага музычнага вучылішча. Захапленне спевамі і прывяло яго ў Мінск, дзе на той час адкрываўся тэатр музычнай камедыі. Потым захапіўся рэжысурай.

Напачатку Рыд Таліпаў адкрыў сваю аматарскую тэатральную студыю ў падвальным памяшканні аднаго з мінскіх ЖЭСаў,  пазней студыйцам выдзелілі клас, а затым і спартыўную залу ў суседняй школе. Спектакль «А зоры тут ціхія…» атрымаў адразу некалькі прызавых месцаў на розных конкурсах і нават быў паказаны на сцэне Тэатра юнага гледача. На заняткі прыходзілі і дзеці, і дарослыя. Многія гадаванцы пазней сталі вядомымі артыстамі. А ён на самым піку поспеху раптам з’язджае ў Маскву, дзе паступае на рэжысёрскі факультэт у Шчукінскае, а пазней пераводзіцца ў Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва (ГИТИС). Яго выкладчыкамі былі выдатны вахтангавец Яўген Сіманаў, пазней славутыя Анатоль Эфрас, Міхаіл Туманішвілі, Сяргей Арцыбашаў. Дыпломным спектаклем у Рыда Таліпава быў «Кароль Лір».

Пазней зноў вяртаецца ў Мінск, дзе з групай аднадумцаў стварае Тэатр-студыю «На плошчы Перамогі». Пэўны адрэзак часу быў звязаны з работай за мяжой краіны. Гэта Польшча (Люблінскі тэатр імя Астэрвы), Славенія (гарады Крань, Ліственіца, Любляны), Германія (Карлсруэ), Аўстрыя (Інсбрук). Там ён ставіць «Служанак» Жана Жэнэ, «Караля Ліра» Уільяма Шэкспіра, «Стомленага д’ябла» Сяргея Кавалёва. Аўстрыйская прэса параўноўвала яго спектаклі з фільмамі Федэрыка Феліні.

 

Рыд Сяргеевіч увесь час шукаў свой тэатр. Шукаў і не знаходзіў. А таму ставіў спектаклі ў розных тэатрах краіны. І гэта былі надзвычай цікавыя пастаноўкі, адзначаныя дыпломамі і прызамі на розных міжнародных фестывалях. Напрыклад, спектакль Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі «Стомлены д’ябал» атрымаў Гран-пры на «Белай вежы» ў Брэсце. Сярод іншых пастановак – «Камедыянт» Алеся Асташонка пра Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, аднаго з заснавальнікаў беларускага тэатра і драматургіі, у бабруйскім тэатры, што носіць яго імя, «Такая доўгая навальніца» Святланы Бартохавай у Гомельскім маладзёжным тэатры, «Чайка» Антона Чэхава, «Вечны Фама» паводле Ф.Дастаеўскага і «Пяць вечароў» Аляксандра Валодзіна ў Гомельскім абласным драматычным, «Месяц у вёсцы» ў Брэсцкім тэатры драмы, «Шэсць персанажаў у пошуках аўтара» Луіджы Пірандэла ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры, «Галубчык» Калет у Мінскім тэатры-студыі кінаакцёра, «Іванаў» Антона Чэхава ў сталічным тэатры-студыі «Дзе-я?», «Тарцюф» Жана-Батыста Мальера і «Таццяна» Наталлі Птушкінай у Гродзенскім абласным драмтэатры.

 

 

Запрашэнне Рыда Таліпава ў Коласаўскі тэатр было спачатку на разавыя пастаноўкі. А потым і на сталую працу ў якасці мастацкага кіраўніка. Немалую ролю ў гэтым сыграла знаёмства майстра з народнай артытскай Беларусі Святланай Акружной, якая падарыла Таліпаву двухтомнік п’ес Леаніда Андрэева. Адну з іх  – «Кацярыну Іванаўну» – рэжысёр пазней узяў для пастаноўкі.

 

У спектаклі рэжысёр стварыў выдатны акцёрскі ансамбль, але першая скрыпка ў ім належала, вядома, Святлане Акружной. Яна здолела агаліць самыя таемныя бакі жаночай псіхалогіі, прычым рабіла гэта на ўзроўні падсвядомасці, кіруючыся асабліва вытанчанай інтуіцыяй. Рыд Таліпаў падарыў тады віцебскім тэатралам твор, у якім панавала «татальная» прыгажосць. Яго сцэнаграфія – мінімалізм дэкарацый, супрэматычная графічнасць, гульня трох колераў – белага, чорнага, чырвонага - і арыстакратычная жывапіснасць.

Другая сустрэча коласаўцаў з Таліпавым адбылася ў спектаклі «Васа».  Ён даводзіў, што сапраўднага Горкага глядач яшчэ не бачыў, бо за савецкім часам спектаклі па яго творах або забаранялі, альбо рэжысёры наўмысна змякчалі даволі рэзкія акцэнты ў п’есах.

 

У сцэнічнай трактоўцы «Васы» Рыду Таліпаву ўдалося зблізіць Максіма Горкага з яго ідэйным антаганістам Фёдарам Дастаеўскім, у выніку чаго рэжысёр і выканаўца галоўнай ролі Святлана Акружная не выкрывалі гераіню, а ў нечым апраўдвалі, па-чалавечы разумеючы яе. Так, яна рабіла чорны ўчынак, але рабіла гэта, ахвяруючы сваім сумленнем, дзеля дачок, унука. І памірала Васа не з-за хворага сэрца,  а таму што здзейсніла забойства і гэтым самым забіла ў сабе чалавека і жанчыну.

Вось што Святлана Акружная распавядае пра свайго любімага рэжысёра:

«Рыд Таліпаў адносіцца да кагорты цудоўных рэжысёраў, з кім мне пашчасціла працаваць (сюды ж я б аднесла Казіміроўскага, Эрына, Пінігіна).Але Рыд Сяргеевіч займае асобае месца. Ён быў прыхільнікам класікі, хоць яму былі падуладны ўсе жанры розных часоў і эпох. Таліпаў быў тонкім, інтэлігентным чалавекам, не баяўся быць шчырым іадкрыта захапляцца творчасцю іншых рэжысёраў, акцёраў. А вось ствараць інтрыгі, рабіць некаму падножку было не ў яго духу. У яго была цёплая, уразлівая душа. Ён умеў і любіць, і смуткаваць, і перажываць па няздзейсненаму. Таліпаў быў цікавы і глыбокі ў сваіх ведах і сваіх пачуццях. У нашым тэатры яго мастацтва стала ўнікальнай з’явай, непаўторным. Гэта быў проста чалавек-тэатр. Усю сваё жыццё без рэшты ён прысвяціў яму. Рэжысёр, сцэнограф, мастак па касцюмах, аўтар музычнага афармлення – ён мог усё.

Наша сутворчасць пачалася з вельмі незвычайнай пастаноўкі – «Кацярына Іванаўна». І ў Віцебску, і на міжнародных фестывалях гэты спектакль прымалі стоячы, авацыямі. У турэцкім горадзе Трабзоне яго прызналі лепшым спектаклем фестываля. Апошні спектакль, над якім мы разам працавалі, быў «Квартэт». У ім асабліва адчувалася душа самога пастаноўшчыка. Гэта была як туга пра мінулае і невядомае будучае. Ён нібы развітваўся. Бо спектакль – гэта жывы арганізм. Што ў яго ўкладзеш, тое і атрымаеш. Застаецца памяць тых, хто бачыў і атрымліваў асалоду ад магіі тэатра. Потым і гэта сыходзіць. У наш тэатр ён прыйшоў нечакана і гэтак жа нечакана пакінуў, не паспеўшы ажыццявіць задуманае. Але парадуемся таму, што Таліпаў паспеў зрабіць столькі цудоўных спектакляў і пакінуць пасля сябе незабыўныя ўражанні ад яго творчасці. У памяці ён застанецца як асоба, якая захавала чалавечнасць у найцяжкіх умовах тэатральнага жыцця. Таліпаў многа мог зрабіць, але навакольная жорсткасць разбіла яго ўразлівае сэрца».

У 2009 годзе Рыд Таліпаў быў прызначаны мастацкім кіраўніком Коласаўскага тэатра. На гэтай пасадзе ён праслужыў менш за два гады. Паспеў ажыццявіць дзве пастаноўкі – «Мудрацы» паводле п’есы Аляксандра Астроўскага «На ўсякага мудраца даволі прастаты» і ўжо памянёны «Квартэт»  Рональда Харвуда.

У першым з іх сваю канцэпцыю рэжысёр падаваў у назве, у вырашэнні прасторы, у стварэнні візуальнага вобраза спектакля, мастаком якога ён сам і з’яўляўся. Усё трымалася ні на чым: пустыя карцінныя рамы, палогавыя гадзіннікі (адзін з іх – пясочны), мармуровыя бюсты ў пакоях Круціцкага, валізкі ў доме Глумавых стваралі метафару хуткаплыннага часу, што, як пясок, паглынае і рэчы, і людзей. На роўных уступаючы ў дыялог з аўтарам, Таліпаў дазволіў сабе паглыбіць філасофскую канцэпцыю п’есы, пашырыць яе мастацкую прастору. У стылі, манеры ігры, спосабе існавання большасці выканаўцаў можна было заўважыць іранічныя ці нават саркастычныя адносіны да сваіх персанажаў, згушчанасць камедыйных фарбаў, набліжанасць да гратэску, гіпербалізацыі. Асабліва гэта было ўласціва Юрыю Гапееву (Глумаў), Анжаліцы Баркоўскай і Вользе Куляшовай (Мамаева), Ніне Обухавай (Машачка), Віктару Дашкевічу (Мамаеў), Тадэвушу Кокштысу (Круціцкі).

 

У «Квартэце», жанр якога быў вызначаны рэжысёрам як кранальная камедыя, адносіны да персанажаў былі іншыя, больш паблажлівыя, тут уладарыла мякая іронія, добрая ўсмешка, дасціпны гумар. Тут празрыстыя, акварэльныя  таны, амаль чэхаўскія нюансы ў перадачы пачуццяў, духоўнага стану персанажаў.

 

Будучы моцным рэжысёрам, выдатным педагогам, Рыд Таліпаў з 2000 года перадаваў свой вопыт маладому пакаленню ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Ён выпусціў толькі адзін рэжысёрскі курс, але ў Рыда Сяргеевіча хацелі вучыцца ўсе, і гэта зразумела. Апрача ўнікальных ведаў, багатага інтэлекту, інтэлігентнасці, чалавечай абаяльнасці, непадробнага густу і бясспрэчнай творчай інтуіцыі, ён цудоўна валодаў метадам карпатлівай работы з акцёрам і мог перадаць іншым гэтыя асновы. У сваёй педагагічнай практыцы ён быў адданы прыхільнік сістэмы Станіслаўскага ў рабоце рэжысёра з акцёрам, заўсёды раіў студэнтам ісці ад жыцця, працаваць па метаду, а не па паняццях, глыбока распрацоўваць драматургічны матэрыял, імкнуцца зразумець аўтара п’есы, а не ісці ва ўсім насуперак яму. Некаторыя яго практычныя напрацоўкі, рэжысёрскі вопыт быў выкладзены ў яго артыкуле «Аб рабоце акцёра над біяграфіяй ролі», ён быў апублікаваны ў часопісе «Мастацтва».

Закончыць артыкул хочацца выказваннямі, шчырымі прызнаннямі самога Рыда Сяргеевіча, сабранымі з розных інтэрв’ю з майстрам.

«Усе пражэктары і сафіты тэатра павінны скіраваць свае прамені ў душу, каб разабрацца ў сутыкненні пачуццяў і зразумець бяду, няшчасце сучасных людзей і са спачуваннем паставіцца да Вялікай адзіноты… Калі я чытаю лісты гледачоў, я разумею, колькі людзей пакутуюць — не могуць выказаць сябе да канца. Мне пішуць, а я не магу ні дапамагчы, ні адпавядаць…»

«Тэатр і каханне — гэта як правая і левая рука… І ўсё-такі я аддаў бы перавагу правай. Кожны мой спектакль ёсць унутранае прысвячэнне некаму, кожны — аповед пра маё каханне… Часам у дзень прэм'еры мне робіцца ніякавата ад таго, што я гэтак адкрыты ў сваіх пастаноўках».

«Калі я ўлюбляюся - гэта падобна на хваробу… Мая трагедыя ў тым, што ніхто не здольны вытрымаць сілу майго кахання. І я выдатна ўсведамляю, што гэта — велізарны груз. Каханыя ідуць ад мяне… і толькі па маёй віне. Тут, як і ў тэатры, я патрабую поўнага падначалення, мне неабходны ўлада і ўладанне… Можа, калі б мы памяняліся месцамі, мяне б гэта таксама палохала. Самае страшнае, што я буду ўлюбляцца да ста гадоў, калі дажыву, вядома, — бо тады маё каханне наўрад ці будзе карыстацца ўзаемнасцю».

«Мне здаецца, што сублімацыя — гэта не пра мяне. Закаханасць — як генератар, матор — дае мне нейкае найвысокае разуменне, дзякуючы якому нараджаюцца выявы і ідэі. А няшчаснае каханне… Хочацца замкнуцца ў кватэры, апусціць шторы, адключыць тэлефон і нават забыцца пра тэатр. У тэатр, праўда, ізноў іду, і там пра ўсё забываю. Але наколькі лепшымі былі б мае спектаклі, калі б я быў шчаслівы…»

Знаходзячыся ў Мінску, ён лячыўся ад запалення лёгкіх у 9-й клінічнай бальніцы, дзе 16 лютага 2011 года ў яго здарыўся інсульт. 21 лютага каля 17:00 рэжысёр Рыд Таліпаў, які апярэдзіў свой час, раптоўна пайшоў з жыцця.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                      

 

X