У ЛІСТАПАДЗЕ - ГАСТРОЛІ КАМЕРНАГА ДРАМАТЫЧНАГА ТЭАТР З МІНСКА
19 і 20 лістапада на вялікай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа адбудуцца гастролі Камернага драматычнага тэатра з Мінска, створанага на аснове Тэатральнай лабараторыі Наталлі Башавай. Сталічныя артысты пакажуць два спектаклі для дарослых і адзін для дзяцей.
19 лістапада, 19:00, - лірычная камедыя «МУЖЧИНА В ПОДАРОК» па п'есе Аляксандра Галіна «Сірэна і Вікторыя».
Невыпадкова сустракаюцца дзве гераіні. Сірэна — паспяховая бізнес-лэдзі. Вікторыя — сціплая настаўніца англійскай мовы. Невыпадкова Вікторыя расказвае Сірэне пра тое, што разышлася з мужам. Сірэна запрашае для Вікторыі мужчыну па выкліку. Невыпадкова адна няправільна набраная лічба на тэлефоне вырашае ўсё і... тут пачынаецца самае цікавае! З'яўляецца сучасны доктар астранамічных і фізіка-матэматычных навук, які падзарабляе стрыжкай сабак. Вось так на сцэне сустракаюцца тры адзінокія чалавекі. І пры такой сустрэчы, вядома, павінен здарыцца цуд.
Іскрамётны гумар, камічны сюжэт, новыя непрадказальныя павароты любоўнай гісторыі, памножаныя на цудоўную працу рэжысёра, выдатную гульню акцёраў – усё гэта спектакль «Мужчина в подарок». Усе выпадковасці ў жыцці невыпадковыя!
Рэжысёр Наталля Башава.
Узроставае абмежаванне - 16+. Спектакль ідзе на рускай мове.
Квіткі - у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) і ў аператара квіткоў kvitki.by.
20 лістапада, 19:00, - трагікамедыя «ЕХАЙ!» па п'есе Ніны Садур.
Жыццё — гэта чарада дзіўных падзей! Пачынаючы з моманту нараджэння, чалавек спазнае свет: падае, узнімаецца і зноў падае, наракае на лёс альбо атрымлівае асалоду, дзякуе, прымае гэтае цудоўнае Імгненне, у якім і ёсць само Жыццё! І кожны чалавек штодзень робіць выбар: быць шчаслівым ці не быць.
Аднойчы, у сцюдзёную зімовую пару, чалавек, які страціў не толькі сябе, але і сэнс жыцця, просты экскаватаршчык, выйшаў на чыгуначныя шляхі, каб легчы на рэйкі і назаўжды сысці з гэтага свету. Але так проста жыццё яго не адпусціла...
Спектакль «Ехай!» прымусіць задумацца кожнага. Пераплятаюцца лёсы трох людзей, якія думаюць пра жыццё пад рознымі вугламі, якія ўсімі сіламі спрабуюць зразумець меркаванне суразмоўцы. У кожнага ёсць свае праблемы і прычыны рухацца далей. У рэшце рэшт з трох меркаванняў складаецца адна агульная карціна свету, дапоўненая кожным з герояў. І ўсё гэта адбываецца пасярод поля ля чыгуначных шляхоў, што, безумоўна, таксама дадае сваю атмасферу.
Рэжысёр Тамара Суфрункова. Мастак Аляксандр Гранстрэм.
Узроставае абмежаванне - 12+. Спектакль ідзе на рускай мове.
Квіткі - у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) і ў аператара квіткоў kvitki.by.
Для дзяцей Камерны драматычны тэатр прадставіць музычны спектакль «КАРЛИК НОС» паводле знакамітай казкі Вільгельма Гаўфа.
Злая вядзьмарка ператварае Якаба, сына гандляркі, у выродлівага карліка. Доўгія гады хлопчык шукае спосаб вярнуць сабе ранейшае аблічча. За гэты час шмат што змяняецца: бацька пастарэў, а маці не пазнае ўласнага сына. І толькі знаёмства з Гусыняй дае Якабу ключ да разгадкі.
На спектаклі Вы даведаецеся ці бываюць на свеце чараўнікі?.. Ці ўмеюць гусыні размаўляць?.. А вавёркі?
У чым сакрэт караля ўсіх страў – паштэта Сюзэрэн?
Гаўф — шматгранны аўтар, ён кажа пра вечныя каштоўнасці, неабходныя ў кожнай сям'і для выхавання дзіцяці, каб той вырас добрым чалавекам.
Спектакль «Карлик Нос» у свой час быў прызнаны лепшым у праекце Лазараўскага Незалежнага тэатра «Летнія гастролі» ў Сочы.
Чакаем вас на спектаклях Камернага драматычнага тэатра з Мінска!
Добавить комментарий