СВЯТЛАНА АКРУЖНАЯ. ЯНА ЗАСТАЛАСЯ ВЕРНАЙ АДЗІНАМУ ТЭАТРУ

26 студзеня народная артыстка Беларусі, лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне» Святлана Арцёмаўна Акружная адзначае свой юбілей – 70-годдзе з дня нараджэння. У гэты дзень яна запрашае ўсіх сваіх прыхільнікаў на творчы вечар «Сцэна – тэрыторыя любові», які адбудзецца а 19-й гадзіне на вялікай сцэне Коласаўскага тэатра. У праграме вечара – ўспаміны актрысы, мастацкія нумары з удзелам артыстаў і гасцей, ну і вядома ж – віншаванні, віншаванні...

«Хараство, прыгажосць – гэта адбітак, гэта пячатка, якой Усявышні адзначае дабрадзейную душу…» Менавіта гэты афарызм Ральфа Эмерсана скарыстаў знакаміты крытык Барыс Бур’ян для азначэння творчасці народнай артысткі Беларусі Святланы Акружной. Ён пісаў: «Колькі гадоў ведаю яе, надзвычай чуйную да тонкіх нюансаў жаночых памкненняў, грэшных і праведных, пажадлівых і высакародных, і заўсёды, спрабуючы выказаць сваё ўражанне ад яе сцэнічнага ўвасаблення, вымаўляю: «хараство, прыгажосць…»

Ужо ў студэнцкія гады ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце на курсе Дзмітрыя Арлова адзначыліся галоўныя рысы яе індывідуальнасці – уменне стварыць псіхалагічна ёмісты вобраз, зазірнуць у «душу» ролі, надаць ёй сапраўды трагічнае гучанне, не  шкадаваць уласных нерваў. 47 гадоў (амаль паўстагоддзя) аддадзена коласаўскай сцэне. Хоць былі запрашэнні ў іншыя, не менш знакамітыя творчыя калектывы (і нават у Маскву, у тэатр на Малой Броннай, калі ім кіраваў славуты Анатоль Эфрас), Святлана Акружная засталася вернай першаму і адзінаму, на берагах Заходняй Дзвіны.

З ёй працавалі многія вядомыя рэжысёры: Барыс Эрын, Сямён Казіміроўскі, Мікалай Пінігін, Аляксандр Смелякоў, Валерый Маслюк, Валерый Мазынскі, Валерый Раеўскі, Віталь Баркоўскі, Рыд Таліпаў, Уладзімір Савіцкі. Больш за 60 роляў на Коласаўскай сцэне! А яшчэ ж работы ў кіно! Найбольш папулярныя кінастужкі з удзелам Акружной – «Другая восень» (Алена), «Зацюканы апостал» (Дачка), «Плач перапёлкі» (Ганна Карпілава), «Падзенне ўверх» (Маці).

Акружная ўвасаблялася ў мноства гераінь, самых розных, але бліжэй усяго яе душы – моцныя асобы. Ні ў адной ролі не паўтаралася, не пераносіла цэлую валізку назапашаных штампаў з аднаго спектакля ў другі. Акружная не проста стварала адметныя вобразы, але прапускала праз сябе лёсы жанчын, якіх зламалі жыццёвыя буры або якія вытрывалі збег драматычных абставін. Прыгадаем яе Інгу ў «Салаўінай ночы» В.Яжова, Катрын у «Матухне Кураж» Б.Брэхта, Дануту ў «Клеменсе» К.Саі, Волю Разаеву ў «Старым доме» А.Казанцава, Ніку ў «Хуткіх цягніках» А.Паповай, Таню Рэпнікаву ў «Развітанні ў чэрвені» А.Вампілава, Фларынскую з драмы М.Яблонскай «Плюшавая малпачка ў дзіцячым ложку». Этапнай для актрысы стала роля Жанны д’Арк у спектаклі па п’есе Жана Ануя «Жаваранак», аб якой яна марыла доўгія гады.

Вобразы Лауры і Кацярыны Іванаўны ў спектаклях «Бацька» і «Кацярына Іванаўна», створаныя Святланай Акружной з вялікім майстэрствам, высока ацэнены крытыкай на Міжнародным тэатральным фестывалі ў Турцыі (Трабзон, 2004 і 2005 гады), за іх актрыса атрымала дыпломы «За лепшую жаночую ролю» на «Славянскіх тэатральных сустрэчах» у 2003-м і «Белай вежы» ў 2004-м гадах.

Святлана Арцёмаўна набыла вялікі аўтарытэт у нашым горадзе, дзякуючы і сваёй акцёрскай працы, і вялікай грамадскай дзейнасці. Невыпадкова летась яна атрымала ганаровае званне «Віцябчанін года».

Пад час працы ў парламенце (а яна выбіралася членам Савета Рэспублікі на працягу двух тэрмінаў) Святлане Акружной удалося таксама зрабіць шмат карыснага, найперш у дачыненні інвалідаў. Многія сотні маладых людзей, пацярпелых пад час выканання воінскага абавязку, пазбаўлены вельмі неабходнага ім сродку рэабілітацыі. Шмат часу яна аддала і абароне інтарэсаў ваеннаслужачых ды іх бацькоў: дапамагла пацярпелым выйграць тры судовыя працэсы. Вырашала жыллёвыя пытанні. Ні адзін зварот да яе не застаўся без адказу, будзь то маці-адзіночка, ветэран вайны, працы альбо інвалід. Дапамогу атрымліваў кожны.

Шмат часу аддае і сёння Святлана Арцёмаўна свайму роднаму тэатру. Тут я маю на ўвазе не толькі творчую працу, але і грамадскую. Пры яе непасрэдным удзеле і актыўным умяшанні ўдалося дабіцца павышаючага каэфіцыента да заробкаў супрацоўнікаў у сувязі з прысваеннем калектыву звання «Нацыянальны». Шмат намаганняў патрабавала яшчэ адна яе ініцыятыва – стварэнне музея тэатра ў родным Віцебску. Больш за 15 год актрыса збірала матэрыялы па яго гісторыі. Гэта і газетныя публікацыі, і фотаздымкі, праграмкі, афішы, рэквізіт. Спадзяемся, што гэтая ідэя атрымае належную падтрымку віцебскіх чыноўнікаў і знойдзе сваё ўвасабленне.

Тэатр імя Якуба Коласа рыхтуецца да юбілею Святланы Акружной і запрашае ўсіх на яе творчы вечар.

 

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                      

 

X