СВЯТЛАНА АКРУЖНАЯ – АКТРЫСА З ВЯЛІКАЙ ЛІТАРЫ
24 студзеня ў віцебскім Мастацкім музеі адкрылася выстава «Маё жыццё ў мастацтве», прымеркаваная да 70-годдзя народнай артысткі Беларусі, лаўрэата прэміі «За духоўнае адраджэнне», вядучага майстра сцэны Коласаўскага тэатра Святланы Акружной. На ёй прадстаўлены работы фотамайстроў– Уладзіміра Базана, Сымона Кохана, Ганны Жыгур, Аляксея Вронскага, Юрыя Іванова, партрэты мастакоў Антона Валатовіча (які адлюстраваў яшчэ студэнцкую ролю Святланы Арцёмаўны – Ларэнцача), Вікенція Ральцэвіча, Уладзіміра Напрэенкі, Нінэль Шчаснай, скульптуры Валерыя Магучага. Выстава працуе да 19 лютага.
Фота з адкрыцця выставы - У ГАЛЕРЭІ.
26 студзеня у вялікай зале тэатра імя Якуба Коласа. як кажуць, яблыку недзе было ўпасці. Сотні прыхільнікаў таленту народнай артысткі Беларусі Святланы Арцёмаўны Акружной завіталі на яе юбілейны вечар «Сцэна – тэрыторыя любові». І яна выйшла перад сваім гледачом. Першая частка – мастацкая – уяўляла сабой маналог актрысы, складзены з яе ўспамінаў. На экране паўставалі архіўныя фотаздымкі, на якіх глядач убачыў бацькоў Святланы Арцёмаўны, яе педагога па інстытуту, прафесара Дзмітрыя Арлова, які даў ёй пуцёўку ў жыццё. А далей – першыя самастойныя творчыя крокі на коласаўскай сцэне, першыя ролі – Анютка ва «Уладзе цемры», Зізі і Інга у «Салаўінай ночы», Дачка ў «Зацюканым апостале», Каця Круглова з «Маскоўскіх канікул». Нібы цікавую змястоўную кнігу, перагортвала Святлана Акружная старонкі сваёй жыццёвай і творчай біяграфіі, уступала ў дыялог са сваім выдатным сцэнічным партнёрам Пятром Ламанам. Пра свае ўражанні ад сустрэч з актрысай дзяліліся з экрана знакамітыя рэжысёры Ігар Дабралюбаў і Мікалай Пінігін. Рэжысёр мастацкай часткі вечара – Міхась Краснабаеў.
Пра выдатны талент актрысы. яе магутныя творчыя ўзлёты, вялікую грамадскую дзейнасць казалі выступоўцы ў другой віншавальнай частцы вечара. Першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга зачытала і ўручыла юбілярцы віншавальны адрас ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. І яшчэ дадала, што Святлану Арцёмаўну чакае яшчэ адна ўзнагарода, якая неўзабаве будзе ўручана ёй у Мінску. Старшыня Віцебскага абласнога савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў пашкадаваў, што ў пашпарце няма такой графы. як прафесія і прызванне. Калі б такая была, то без сумневу, Святлана Акружная на ўсе сто адпавядала б гэтай графе. Ён жа ўручыў актрысе ганаровую грамату Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта. А намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Пётр Падгурскі, адзначыў, наколькі лёгка з ёй вырашаць усе складаныя пытанні, наколькі простая яна ў зносінах з людзьмі. «Вы не проста геніяльная актрыса, – заўважыў ён, – але і чалавек з вялікай літары». А таксама ўручыў ганаровыя граматы Віцебскага гарвыканкама і адміністрацыі Кастрычніцкага раёна.
Юбілярку таксама віншавалі першы намеснік генеральнага сакратара Рэспубліканскага таварыства Чырвонага Крыжа Віктар Калбанаў (ён уручыў спецыяльную ўзнагароду «Гуманнае сэрца»), старшыня віцебскага абласнога аддзялення Беларускага саюза жанчын Галіна Жаланава, старшыня праўлення Віцебскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Таццяна Туманава (з гэтымі грамадскімі арганізацыямі Святлана Арцёмаўна актыўна супрацоўнічае), старшыня Міёрскага раённага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава, дырэктар тэатра імя Якуба Коласа Аляксандр Старых, многія выбітныя творчыя асобы і, вядома ж, калегі па сцэне.
Фота з юбілейнага вечара – У ГАЛЕРЭІ.
Добавить комментарий