НАС УРАТУЕ ГАРАЧАЕ СЭРЦА! У КОЛАСАЎСКІМ ТЭАТРЫ – «СНЕЖНАЯ КАРАЛЕВА»

Напярэдадні навагодніх і калядных святаў коласаўцы прапануюць вам сапраўдны падарунак – музычную казку «Снежная каралева» паводле п’есы выдатнага дзіцячага драматурга Яўгена Шварца. Ягоныя творы не сыходзяць са сцэнічных пляцовак Беларусі, Расіі ды іншых краін. Дарэчы, Шварц у свой час пазычыў сюжэтную аснову ў знакамітага дацкага казачніка Ханса Крысціяна Андэрсена.
…Аднойчы, у марозны зімовы вечар, Снежная Каралева ператварае чулае добрае сэрца Кая ў кавалак лёду і забірае хлопчыка ў ледзяны палац. Герда, верная яго сяброўка, адважна адпраўляецца на пошукі названага брата. Ёй давядзецца прайсці мноства выпрабаванняў. Што дапаможа Гердзе вызваліць хлопчыка з ледзянога царства? Вядома, гарачая любоў, надзея, вера ў тое, што любое зло можна перамагчы.
Паставіў «Снежную каралеву» рэжысёр тэатра Міхась Краснабаеў, на яго творчым рахунку нямала яркіх, відовішчных, захапляльных пастановак, адрасаваных менавіта юнаму гледачу.Таму ёсць спадзеў, што і новая работа прыдасца даспадобы ў першую чаргу дзецям. Бо тут ёсць і цікавы захапляльны сюжэт, дынамічная дзея, яскравая сцэнічная форма: шыкоўныя касцюмы, багатае святло, адмысловыя пластычныя нумары. Музыку да спектакля стварыў кампазітар Арцём Краснабаеў, тэксты песень напісаў Алесь Замкоўскі, харэаграфію прыдумала і ўвасобіла з артыстамі балетмайстар Дзіяна Юрчанка. Аўтарам сцэнаграфіі і касцюмаў выступіла галоўны мастак тэатра Святлана Макаранка.
Галоўныя ролі выконваюць маладыя артысты – Настасся Веранёва (Герда), Аляксей Анісеня і Дзмітрый Каваленка (Кай). У спектаклі таксама занятыя заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова і артыстка Анжаліка Баркоўская (Бабуля), Юрась Цвірка (Кароль), Георгій Лойка (Саветнік), Святлана Жукоўская і Вольга Куляшова (Атаманша), Яўген Лук’янаў (прынц Клаус), Тамара Краснабаева-Чарняк і Святлана Сухадолава (прынцэса Эльза), Раман Салаўёў (Крумкач), Юлія Крашэўская (Варона), Юлія Цвікі (Маленькая Разбойніца), Арцём Блахін (Паўночны Алень). У ролі самой Снежнай каралевы гледачы ўбачаць Ірыну Цішкевіч і Алену Шарэпчанка.
Шаноўныя юныя гледачы, а таксама паважаныя дарослыя!
Прэм’ерныя паказы спектакля «Снежная каралева» адбудуцца
19 снежня ў 11.30 і 20 снежня ў 12.00.
Пасля спектакля гледачоў чакае навагодняе прадстаўленне ў тэатральнай гасцёўні з удзелам Дзеда Мароза (Юрась Цвірка і Валянцін Цвяткоў) і Снягуркі (Ульяна Ацясава і Анастасія Рэўчанка).
Чакаем вас у тэатры! Сачыце за афішай!
Любіце Коласаўскі тэатр, як ён любіць вас!
Добавить комментарий