МІКАЛАЙ МІЦКЕВІЧ. ЁН СТАЯЎ ЛЯ САМЫХ ВЫТОКАЎ…

Да 115-годдзя з дня нараджэння заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Мікалая Міцкевіча,
аднаго з заснавальнікаў Коласаўскага тэатра

Хто такі Мікалай Міцкевіч? Славуты беларускі рэжысёр і акцёр. Адзін з заснавальнікаў БДТ-2 (тэатра імя Якуба Коласа). Ён нарадзіўся 16 студзеня 1901 года.

Па сведках сучаснікаў, весялун і адначасова чалавек з адбіткам прыхаванай тугі-самоты. Ён любіў крыху расквечваць рэчаіснае жыццё, надаваць ёй сцэнічны каларыт. Знаўца народнай мовы, ведаў безліч прымавак і прыказак, жартаў, анекдотаў. Паслухаўшы ягоныя тырады ў хвіліну натхнення, чакаеш, што і пад час звычайнай размовы будзе сыпаць дыяментамі дасціпнай гаворкі, а Мікалай Антонавіч выглядаў засяроджаным. Праз якую хвіліну, як застаўваўся з вамі сам-насам, ён мог адразу ж пераключыцца на жартаўлівы тон.

Паслухаўшы показкі, рабіўся зразумелым сэнс яго літаратурна-рэжысёрскай работы ў першых спектаклях Другога БДТ: «Цар Максімільян» і «Сон у летнюю ноч». Гэта Міцкевічу належалі ўключаныя ў іх дасціпныя інтэрмедыі, рызыкоўныя жарты, трапныя афарыстычныя рэплікі, якімі ўзбагачаліся беларускамоўныя тэксты. Асабліва ў шэкспіраўскай камедыі «Сон у летнюю ноч». Віцебскія гледачы браліся за жываты, ад смеху і з прычыны пазнавальнасці персанажаў, па-народнаму блізкай мовы іхніх выказванняў.

Мікалай Міцкевіч пачаў сваю дзейнасць акцёрам у Першым беларускім таварыстве драмы і камедыі пад кіраўніцтвам Фларыяна Ждановіча ў 1918 годзе, але хутка адчуў, што яго прызванне – рэжысура. Гэтаму спрыяла вучоба ў Беларускай драматычнай студыі ў Маскве ў выдатных дзеячаў МХАТа-2: Валянціна Смышляева, Аляксандра Гейрата, Барыса Афоніна, Віктара Громава, што знаходзіліся пад уплывам Міхаіла Чэхава. Спярша ён быў асістэнтам ці другім рэжысёрам у знакамітых настаўнікаў, поруч з імі працаваў над спектаклямі «У мінулы час» І. Бэна (якім 21 лістапада 1926 года адкрыўся БДТ-2), «Эрас і Псіхея» Л.Жулаўскага.

Першая самастойная работа Міцкевіча – пастаноўка п’есы Ю.Юр’іна «Калі спяваюць пеўні» (1928). У творы расказвалася, як нямецкую рабочую дэлегацыю, што наведала краіну Саветаў, на радзіме жорстка праследуюць за словы праўды пра СССР. П’еса не вызначалася мастацкімі вартасцямі, была даволі схематычная. Перад рэжысёрам стаяла задача пераадолець недахопы. Міцкевіч імкнуўся максімальна завастрыць канфлікт паміж прадстаўнікамі розных сацыяльных груп. Станоўчыя персанажы трактаваліся строга рэалістычна, а адмоўныя – гратэскава. Пазней гэты прыём стане адным з найбольш блізкіх яму.

Пачатак творчага шляху Міцкевіча як рэжысёра патрапіў на складаны перыяд. Палітычнае жыццё негатыўна ўплывала на творчасць у тэатры, на яго ўнутраную атмасферу. Ідэолагі дыктавалі маладому калектыву, па якім шляху рухацца. Пастаноўкі беларускіх аўтараў аб’яўляліся шкоднай нацдэмаўшчынай, пячатка забароны лягла і на класічныя творы. Тэатр павінен быў абслугоўваць класавыя інтарэсы пралетарскага гледача. Не было іншага выбару, як ставіць тэндэнцыйныя п’есы сучасных расійскіх аўтараў пра жыццё рабочага класа, падзеі рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. Такімі былі спектаклі Міцкевіч ў канцы 20-х– пачатку 30-х: «На захадзе бой», «Простыя сэрцы», «Напор», «Качагары». Як прызнаваўся потым ці то жартам, ці то ўсур’ёз, ставіў іх па «метаду дыялектычнага матэрыялізму».

У 1933 годзе Міцкевіча знялі з пасады мастацкага кіраўніка за «фармалізм», ён паехаў у Харкаў, працаваў у розных трупах да пачатку Вялікай Айчыннай. Потым быў франтавы тэатр, а ў 1942-м Мікалай Міцкевіч вяртаецца да віцебскіх таварышаў і не расстаецца з імі да апошніх дзён жыцця. Памёр ён даволі рана – у лютым 1954-га.

Сярод адметнасцяў рэжысуры Міцкевіча аддаваў перавагу імправізацыйнаму метаду: пастаноўшчык вызначаў агульныя абрысы спектакля, раскрываў характары і ўзаемаадносіны герояў, абмалёўваў мізансцэны. Часам з залы магло здавацца, быццам акцёры непасрэдна на сцэне знаходзяць інтанацыі. Але пэўная «свабода дзеяння» заставалася. Пакрысе Міцкевіч робіцца прыхільнікам дакладнасці на сцэне. На рэпетыцыях ён мог выкрэсліваць сказы з п’есы або дазволіць акцёру ўвесці дасціпны афарызм, самастойна распрацаваць нямую сцэну (на гэта былі вельмі здатныя Аляксандр Ільінскі і Цімох Сяргейчык), затое знойдзенае потым замацоўвалася і ігралася арганічна.

«Рэжысёр, наогул, павінен трошкі хітрыць з акцёрамі, – смяяўся Мікалай Антонавіч. – Паспрабуй скажы ім: хлопцы, рабіце, што хочаце, – яны такога накруцяць! І нельга забараніць – выконвайце толькі тое, што я хачу! Кінеш ім нітачку, а потым сачы, каб яны ішлі далей і далей…»

Можна прыгадаць эпізод у спектаклі «Цэнтральны ход» па п’есе Губарэвіча. Канстанцін Заслонаў даведаўся пра ўрадавую ўзнагароду. Яго віншуюць сябры-партызаны. І раптам камбрыг пускаўся ў скокі, танчыў лезгінку з такім запалам, што гэта выглядала дывертысментам у лясным лагеры народных мсціўцаў. Зала заўсёды сустракала эпізод у выкананні народнага артыста СССР Паўла Малчанава гучнымі апладысментамі.

«Сакрэту» не выдам, – сказаў Мікалай Антонавіч,– але скажу, што Паўла Сцяпанавіча трэба было далікатна падвесці да такога «выбуху» тэмпераменту». На рэпетыцыях Мікалай Міцкевіч выглядаў дарадчыкам артыстаў. Акцёр і не заўважаў, як сам прыходзіў да таго, чаго хацеў рэжысёр.  

Лірычныя фарбы Міцкевіч знаходзіў і тады, калі ставіў камедыю («Алазанская даліна» Губарэвіча і Дорскага, «Песня нашых сэрцаў» Палескага, «Пяюць жаваранкі» Крапівы) або маштабнае гісторыка-рэвалюцыйнае палатно («Блуканне па пакутах» па рамане А.Талстога). Ва ўзаемаадносінах паміж людзьмі рэжысёр «лавіў» хвіліны шчырасці, якой і яны самі трошкі баяцца, і тады на сцэне гучала споведзь чалавечага сэрца.

Рэжысёр імкнуўся да глыбокай распрацоўкі характараў і дасягаў плённых вынікаў у спектаклях «Васа Жалязнова», «Праўда добра, а шчасце – лепш». У апошнім спектаклі Міцкевіч праявіў сябе як знаўца творчасці А.Астроўскага і тонкі яго тлумачальнік. У кожнай рабоце рэжысёр раскрываўся па-новаму.Ён не паўтараўся ў прыёмах, лічыў пастаўлены спектакль пройдзеным этапам, быў наватарам у самым глыбокім разуменні гэтага слова.

Такім быў і застаўся ў памяці сучаснікаў выдатны рэжысёр і артыст-коласавец Мікалай Міцкевіч.

На здымку зверху (злева направа):
- сцэна са спектакля «Алазанская даліна» К.Губарэвіча, І.Дорскага (у ролі Галі – народная артыстка Беларусі З.Канапелька, у ролі Астапа - народны артыст СССР Ф.Шмакаў)
-
сцэна са спектакля «Крамлёўскія куранты» М.Пагодзіна (у ролі гадзіннікавага майстра - М.Міцкевіч; у ролі Леніна – народны артыст СССР П.Малчанаў, пастаноўка М.Міцкевіча)
- спектакль «Праўда добра, а шчасце -лепш» А.Астроўскага (у вобразе Гразнова - народны артыст СССР А.Ільінскі)
- сцэна са спектакля «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы (у ролі Пытляванага - народны артыст СССР А.Ільінскі, у ролі Туміловіча - народны артыст БССР А.Шэлег)

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                        

 

X