МАГУТНЫ ТАЛЕНТ АЛЯКСАНДРА ІЛЬІНСКАГА

 

11 лістапада 2023 года адзначаецца 120-годдзе з дня нараджэння Аляксандра Ільінскага, народнага артыста СССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР, аднаго з пачынальнікаў Коласаўскага тэатра.

     

Калі гартаеш старонкі гісторыі Коласаўскага тэатра, занатаваныя ў розных кнігах – манаграфіях, падручніках, газетных артыкулах, калі слухаеш успаміны старэйшын творчага калектыву, першае імя, якое заўсёды прыгадваецца – Аляксандр Канстанцінавіч Ільінскі. Тыя, хто яго бачыў на сцэне, кантактаваў з ім у жыцці, успамінаюць гэтыя хвіліны з захапленнем. Ён быў кумірам для гледачоў, якія звычайна пыталіся ля касы: «А сёння Ільінскі іграе?» Калі ж не, то некаторыя расчаравана адыходзілі ўбок і спыняліся ў моцным задуменні, разважаючы, а ці варта сёння ісці на спектакль. Ільінскі быў узорам калі не для пераймання, то вернасці, адданасці тэатру, высокага прафесіяналізму для маладых акцёраў. А яшчэ ён быў вельмі сціплым і простым чалавекам. Былыя яго калегі і сёння прызнаюцца, што ні ценю фанабэрыстасці, ніякіх прыкмет зорнай хваробы ён ніколі не меў. Магутны талент у спалучэнні са сціпласцю, мудрасцю і дабрынёй.

Нарадзіўся ён у гарадку Мір Навагрудскага павета Гродзенскай губерніі. Творчы шлях яго, як і многіх знакамітых у далейшым артыстаў, пачынаўся са школьнай самадзейнасці. А пазней – Мінск, які на той час становіцца цэнтрам росквіту беларускай культуры і мастацтва. Тут у першыя гады пасля рэвалюцыі арганізуюцца новыя тэатры, студыі, гурткі самых розных накірункаў. У адзін з такіх маладых творчых калектываў пад назвай «Сучасны тэатр» трапляе Шура Ільінскі ў якасці пачынаючага акцёра. Неўзабаве ён (разам з братам Мікалаем, у будучым вядомым драматургам) паступае ў Першае беларускае таварыства драмы і камедыі на чале з Фларыянам Ждановічам. З адкрыццём БДТ-1 (будучага купалаўскага тэатра) пераходзіць туды. Там былі перайграныя ўсе маленькія, даступныя яму, былому артысту-аматару, ролі. Ён прыходзіць да высновы пра неабходнасць атрымаць спецыяльную тэатральную адукацыю. І паступае ў 1922 годзе ў Беларускую драматычную студыю ў Маскве. Выкладчыкамі студыі былі вядомыя артысты і рэжысёры Маскоўскага мастацкага тэатра ды іншых сталічных калектываў Валянцін Смышляеў, Соф’я Гіяцынтава, Барыс Афонін і іншыя, што імкнуліся зрабіць са студыйцаў сапраўных мастакоў.

Сярод будучых артыстаў, што пасяліліся ў вялікім фае кінатэатра «АРС» на Арбаце, выдзяляўся чарнявы, лёгкі і гнуткі, нібы гутаперчывы юнак – Шура Ільінскі. Ён чамусьці аблюбаваў сабе для пражывання білетную касу, што знаходзілася побач з фае. Хлопец жартаўліва казаў: «Жыву я з усімі выгодамі. Сплю, скурчыўшыся ў тры пагібелі, накрываюся дзіравым кажушком, затое магу кожную ноч чытаць да ачмурэння».

У 1926 годзе група студыйцаў прыязджае ў Віцебск і складае ядро БДТ-2 (так спярша называўся будучы Коласаўскі тэатр). Адной з першых роляў Ільінскага быў Чорт з камедыі Францішка Аляхновіча «Чорт і Баба». Яго выкананне рабіла на гледачоў незабыўнае ўражанне. Стары, аблезлы, абшарпаны, задрыпаны, але абаяльны, таварыскі і надзвычай выразны. Мізэрны і разам з тым, такі хатні, свойскі, што хацелася пашкадаваць яго. Ільінскі ачалавечыў яго. Акцёр выдатна раскрыў у гэтай ролі свой самабытны камедыйны талент і паказаў дасканалае ўменне валодання ўласным целам.

У новым тэатры Ільінскі паступова развіваўся і рос як творчая асоба. Спачатку іграў маленькія, эпізадычныя ролі: Пецю Хваткіна ў «Разломе» Б.Лаўранёва, Палітрука ў «Першай коннай» У.Вішнеўскага. Але іграў бліскуча, ствараючы яркія, змятоўныя вобразы. Паступова артысту сталі давяраць больш буйныя ролі. З вялікім майстэрствам ён сыграў Швандзю ў «Любові Яравой» К.Транёва. Там ён спалучыў камедыйныя элементы з гераічнай накіраванасцю вобраза. Сярод класічных вобразаў таго часу вылучым яго Фігара з «Жаніцьбы Фігара» Ж.-Б.Бомаршэ. Рэжысёру спектакля Паўлу Антакольскаму спатрэбіліся пластычнасць акцёра, здольнасць да імправізацыі.

   

Пазней Ільінскі створыць цэлую галерэю класічных вобразаў. Сярод іх – Хлестакоў у «Рэвізоры» М.Гогаля, Расплюеў з «Вяселля Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна, Рабінзон з «Беспасажніцы» і Шчасліўцаў у «Лесе» А.Астроўскага. Фатаваты, малады, свавольны, «без цара ў галаве» – такі Хлестакоў Ільінскага. Рабінзон і Шчасліўцаў былі аб’яднаны ў выкананні Аляксандра Канстанцінавіча адной тэмай – «маленькага чалавека». У вобразе Расплюева, як пісалі сучаснікі, артыст падымаўся да давыдаўскай трагічнай вышыні ў вытлумачэнні гэтай ролі і разам з тым быў смешны, варты жалю і страшны. Гэта была цэлая гама ўзлётаў і падзенняў чалавечага духу, разбэшчанага золатам і прагнасцю. Прыніжаны і зняважаны правінцыяльны акцёр – не штукар-забаўнік у выкананні Ільінскага, а растаптаная тагачасным грамадствам асоба, якая стаіць па той бок закону.

Асобнае месца ў вялікім шэрагу яго роляў займае работа над шэкспіраўскімі вобразамі. У «Гамлеце» артыст іграў Палонія і Першага магільшчыка. Іграў на такім узроўні перавасаблення, што глядач, толкі зірнуўшы ў праграмку, мог распазнаць, што гэтыя ролі іграліся адным акцёрам. Палоній – гэта хітры царадворац, прыніжаны паслугач. Грым, паходка, лісіныя манеры і інтанацыі, цынічныя адносіны да чалавечых пачуццяў былі злучаны ў гэтым вобразе. А Першы магільшчык быў прастадушны клоун, поўная супрацьлегласць Палонію, увесь зямны і народны.

 

Ільінскі ўмеў ствараць складаныя чалавечыя характары ў складаных сітуацыях. Такімі былі яго вобразы ў творах беларускай драматургіі. У п’есе Якуба Коласа «Вайна вайне» Аляксандр Канстанцінавіч іграў Дзямяна Дзяменю, простага салдата з беларускіх сялян. Ні шэры шынель, ні армейская муштра, ні франтавыя нягоды не знішчылі ў ім прыроднага аптымізму, народнага гумару і знаходлівасці. Гэтыя рысы характару простага чалавека былі перададзены Ільінскім з выключнай задушэўнасцю і жыццёвай пераканальнасцю.

Рэалізм і народнасць Якуба Коласа былі вельмі блізкія артысту, што выявілася ў вобразе дзеда Талаша ў спектаклі «У пушчах Палесся». У газетных рэцэнзіях на гэты спектакль адзначалася яго патрыятычнасць, глыбокая народнасць і гераічны характар Талаша ў выкананні Ільінскага. Цікавы факт, што Аляксандр Канстанцінавіч прыязджаў на радзіму Талаша, на Палессе, і жыў там колькі часу, вывучаючы і паглыбляючыся ў гэты характар.

Найвялікашй удачай артыста стаў вобраз Несцеркі ў аднайменнай камедыі Віталя Вольскага. Пасля Ільінскага змянілася многа выканаўцаў, але нікому так і не ўдалося перасягнуць, пераўзысці першага выканаўцу па той абаяльнасці, мудрасці і гумару, закладзенымі артыстам. Яшчэ сёння ў тэатры працуюць майстры, якія бачылі гэтую работу. Па іх сведчанні гэта быў вельмі цёплы вобраз. Вось гэтыя абаяльнасць і цеплыня рабілі яго блізкім, нейкім сваім, родным для тысяч гледачоў. За ролю Несцеркі артыст быў удастоены Дзяржаўнай прэміі СССР.

 

Амаль напрыканцы творчага шляху Аляксандр Ільінскі стварае яшчэ адзін знакавы вобраз (на гэты раз глыбока трагедыйны) – Тэўе-малочніка з інсцэніроўкі аднайменнага рамана Шолам-Алейхема. Гэта было яшчэ задоўга да знакамітай «Памінальнай малітвы» Рыгора Горына. Спектакль коласаўцаў меў як у Вцебску, так і за яго межамі ашаламляльны поспех (тым больш, што гэта тэма ў тыя часы не асабліва віталася). Былая актрыса Коласаўскага тэатра Людміла Заграбельная, якая сама іграла ў спектаклі, сёння ўспамінае, як на гастролях у Бабруйску гледачы нават на інвалідных калясках імкнуліся патрапіць на гэты спектакль. Не толькі сама глядзельная зала, але і праходы паміж крэсламі былі шчыльна запоўнены людзьмі. Праводзілі Ільінскага і іншых артыстаў доўгімі авацыямі.

 

У чым жа быў сакрэт поспеху сапраўды народнага артыста? Напэўна, у тым, што гэта быў самабытны, прыродны, непаўторны талент. Ён да самазабыцця любіў сваю прафесію, аддаваў сябе ёй цалкам. А любоў, як і мастацтва, не ведае кампрамісаў.

У 1966 годзе пра Ільінскага быў зняты фільм «Жыццё на сцэне» (Беларусьфільм).

Пайшоў з жыцця Аляксандр Канстанцінавіч Ільінскі 28 сакавіка 1967 года. Пахаваны на Мазурынскіх могілках. Помнік-стэла уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Віцебска.

 

Усталявана мемарыяльная шыльда на вуліцы Суворава на доме №23, дзе артыст жыў з 1952 па 1967 гады.

У 1976 годзе у яго гонар вуліца Верхненаберажная была перайменаваная ў вуліцу Ільінскага. На сёння ён з’яўляецца адзіным з артыстаў-коласаўцаў, чыё імя носіць адна з вуліц горада Віцебска.

У 2023 годзе на тэлеканале «Віцебск» у межах перадачы «Віцебскія партрэты», прысвечанай 85-годдзю Віцебскай вобласці, быў зняты фільм пра Аляксандра Ільінскага.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                      

 

X