«КАМЕДЫЯ ПЛАШЧА І ШПАГІ» НА КОЛАСАЎСКАЙ СЦЭНЕ

У красавіку на вялікай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа адбудзецца прэм’ера камедыі «Дурнічка» Лопэ дэ Вега. П’еса напісана ў 1613 годзе, у перыяд найвышэйшага росквіту творчасці драматурга. Яна адразу прыйшлася даспадобы рэжысёрам, акцёрам, а галоўнае – гледачам. Яшчэ пры жыцці Лопэ дэ Вега «Дурнічка» была настолькі папулярная, што знаходзіліся спрытнюгі, якія, пачуўшы арыгінал з падмосткаў, зараблялі распаўсюдам рукапісных «пірацкіх» копій камедыі.

Хуткае дзеянне тут спалучаюцца з развіццём характару галоўнай гераіні Фінэі, якая мяняецца на вачах у гледача. Вясёлы іскрысты гумар і сатырычнае выкрыванне грамадскіх нораваў, якія мала змяніліся за мінулыя 400 гадоў з часу яе напісання, зрабілі гэту п'есу вечнай і заўсёды актуальнай.

Лопэ дэ Вега – адзін з магутнейшых сусветных драматургаў эпохі Адраджэння, прадстаўнік Залатога стагоддзя Іспаніі. Ён стварыў каля 2000 п’ес, з якіх  426  захаваліся па сёння. Яго пяру належаць як драмы сацыяльна-палітычнага і гістарычнага зместу (дарэчы, ён закрануў нават падзеі гісторыі Расійскай Імперыі – у п’есах пра Ілжэдзмітрыя), так і шматлікія камедыі. Фактычна Лопэ дэ Вега, а потым яго паслядоўнікі Цірса дэ Маліна і Педро Кальдэрон, паклалі пачатак так званаму жанру «камедыя плашча і шпагі», дзе галоўнымі героямі з’яўляліся ідальго – іспанскія дваране XVII стагоддзя.

У гэтых камедыях паказана і змаганне моладзі з дамастроеўскімі звычаямі, і новы пагляд на каштоўнасць чалавека, што не залежыць ад яго паходжання, і імкненне жанчыны абараніць свае чалавечыя правы. Тут гучыць гімн разняволенай чалавечай прыродзе, яе прыгажосці, волі, энергіі. Не выпадкова вялікае месца адводзіцца ў гэтых п'есах жанчынам, якія часцяком з'яўляюцца ініцыятарамі і вядучымі складанай інтрыгі. Асобная роля ў камедыях адводзіцца слугам, гісторыя якіх стварае паралельную інтрыгу п’ес.

Творы Лопэ дэ Вегі былі надзвычай папулярныя ва ўсе часы. Яны актыўна ставяцца на самых розных сцэнах і сёння. Многія з іх экранізаваны.

На коласаўскай сцэне п’еса ставілася яшчэ ў 1968 годзе. Рэжысёр-пастаноўшчык Віктар Каралько, мастак Аляксандр Салаўёў. Галоўныя ролі выконвалі Тамара Шашкіна і Ніна Левашова (Фінэя), Галіна Каралькова (Ніса), Уладзімір Куляшоў (Лаўрэнсьё).

Сёлета п’есу «Дурнічка» ўвасабляе мастацкі кіраўнік Коласаўскага тэатра Міхась Краснабаеў. Сцэнаграфія і касцюмы галоўнага мастака тэатра Святланы Макаранка, музыка Руслана Стаброўскага, харэаграфія Дзіяны Юрчанка, тэксты песень Алеся Замкоўскага.

Галоўныя ролі выконваюць: Святлана Сухадолава (Фінэя), Юлія Крашэўская (Ніса), Арцём Герак (Лаўрэнсьё), Цімур Жусупаў (Лісэа), заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Рыгор Шацько (Актаўё).

Чакаем вас у тэатры!

Сачыце за афішай!

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                        

 

X