«ГЛЯДЗІШ НА ВАС – І ХОЧАЦЦА ЖЫЦЬ!» БЕНЕФІС ТАДЭВУША КОКШТЫСА
85 год жыцця. 61 год у адным тэатры. Больш за 150 роляў, многія з якіх увайшлі ў залаты фонд Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа і ўсяго беларускага тэатральнага мастацтва. Народны артыст БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Тадэвуш Антонавіч Кокштыс жыве тэатрам і зараз і выходзіць на сцэну з усёй мудрасцю і прафесійным майстэрствам.
30 лістапада адбыўся бенефіс старэйшага артыста Коласаўскага тэатра. Гледачы смяяліся і спачувалі галоўнаму герою Мацье з рамантычнай камедыі «Самая жаданая». Пасля адбылася ўрачыстая віншавальная частка, у ролі вядучай выступіла загадчык коласаўскай трупы Святлана Дашкевіч.
На пачатку на сцэну выйшла Першы намеснік Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Карчэўская і зачытала віншаванне ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. «Ваша багатая творчая біяграфія і адданае служэнне сцэне выклікаюць шчырую павагу і ўдзячнасць шматлікіх прыхільнікаў. Яркі талент і высокі прафесіяналізм заўсёды знаходзяць водгук у сэрцах гледачоў і з'яўляюцца сапраўдным гонарам знакамітай коласаўскай сцэны, – гаварылася ў віншаванні. – Няхай і ў далейшым ваша невычэрпная энергія дорыць радасныя хвіліны аматарам тэатральнага мастацтва, напаўняе скарбніцу айчыннай культуры».
За шматгадовую плённую працу, высокае прафесійнае майстэрства, значны асабісты ўклад у развіццё беларускага тэатральнага мастацтва Тадэвушу Кокштысу аб’яўлена Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Ад імя абласных уладаў юбіляра віншаваў начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Пётр Падгурскі. «Тадэвуш Антонавіч – вялікі артыст, які аддаў тэатру ўсё сваё жыццё. Ён прыйшоў у тэатр 61 год таму, але гэты малады час застаўся з ім назаўсёды, – адзначыў Пётр Мікалаевіч. – Вы паглядзіце, як ён працуе! Нягледзячы на шаноўны ўзрост, ён працуе так, што можа даць фору маладым. Больш за тры пакаленні гледачоў прайшлі ў гэты час пра тэатр. Яны прыходзілі сюды, глядзелі на яго і станавіліся лепшымі».
За шматгадовую добрасумленную працу, высокае прафесійнае майстэрства і значны асабісты ўклад у развіццё беларускага тэатральнага мастацтва Тадэвуш Кокштыс узнагароджаны Ганаровай граматай Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў.
Ад імя гарадскіх уладаў добрыя словы карыфею коласаўскай сцэны выказвалі намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктар Глушын і начальнік аддзела культуры Віцебскага гарвыканкама Наталля Шыянок. «Вы шчаслівы чалавек! Шчаслівы таму, што пражылі на гэтай сцэне больш за 150 жыццяў, – адзначыў Віктар Валер’евіч. – Я ўпэўнены, што кожная вашая роля запомнілася. Вы шчаслівы, таму што побач з вамі гледачы, вашыя лепшыя сябры».
Далучыўся да віншаванняў і Віцебскі абласны камітэт прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. Яго старшыня Алена Сабірава адзначыла: «У вас такі цудоўны, складаны, цікавы лёс! Вы заўсёды радуеце сваім аптымізмам, актыўнай жыццёвай пазіцыяй».
За шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, актыўную грамадскую дзейнасць і ў сувязі з 85-годдзем народны артыст Тадэвуш Кокштыс узнагароджаны Ганаровай граматай Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры.
Віншавалі Тадэвуша Кокштыса старшыня прафсаюзнага камітэта тэатра Кацярына Мураўёва і скарбнік прафсаюзнага камітэта тэатра, вядучы майстар сцэны Анжаліка Баркоўская. «Глядзіш на вас – і хочацца жыць!» – узнёсла выказалася Анжаліка Купрыянаўна.
Канешне, віншавалі Тадэвуша Кошктыса і коласаўцы. «Ад усёй душы хачу пажадаць вам аптымізму, каб вы заўсёды былі жыццярадасным, каб глядач прыходзіў і любаваўся вамі. Ад вас ідзе такая станоўчая энергія, таму вялікі вам дзякуй. І каб такіх вашых бенефісаў было яшчэ шмат – таму здароўя, здароўя, здароўя!» – пажадаў дырэктар тэатра Аляксандр Старых. «Коласаўцы вас любяць і шануюць. Яны жадаюць вам плённай працы. Выходзьце на сцэну і далей, каб любаваліся, глядзелі і вучыліся ў вас», – адзначыў мастацкі кіраўнік Міхась Краснабаеў.
За вялікі ўнёсак у нацыянальнае тэатральнае мастацтва Беларусі, шматгадовае, адданае, плённае служэнне Нацыянальнаму акадэмічнаму драматычнаму тэатру імя Якуба Коласа, за высокі прафесіяналізм, гонар і годнасць Тадэвуш Кокштыс узнагароджаны Ганаровай граматай Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Па выніках Рэспубліканскага фестывалю беларускай драматургіі Тадэвушу Кокштысу ўручаны спецыяльны дыплом – «За таленавітае жыццё ў мастацтве і выкананне роляў Старога – Курылы – Жабрака – Дзеда Данілы ў спектаклі «Сымон-музыка».
Пасля асноўных віншаванняў гледачы пабачылі рэтраспектыву роляў Тадэвуша Кокштыса, багатую вобразную дарогу артыста. 20 лепшых, знакавых для артыста сцэнічных жыццяў. Яны не сышлі ў запаснікі тэатра, не засталіся ў архіве ці проста на фотаздымках – яны ўсе ў памяці, у душы народнага артыста. Вось яны – лепшыя ролі Тадэвуша Кокштыса: Другі шляхцюк («Несцерка» В.Вольскага, 1958), Улдыс Дыдзіс («Ветрык, вей!» Я.Райніса, 1965), Труфальдзіна («Слуга двух гаспадароў» К.Гальдоні, 1965), Благае («Доктар філасофіі» Б.Нушыча, 1972), Жабрак («Сымон-музыка» Якуба Коласа, 1976), Жамгуліс («Клеменс» К.Саі, 1980), Расплюеў («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна, 1981), Шаргаёў («Парог» А.Дударава, 1982), Гастрыт («Вечар» А.Дударава, 1983), Салянік («Радавыя» А.Дударава, 1984), Ютка Казубоўскі («Вежа» А.Дударава, У.Някляева, 1990), Качкароў («Жаніцьба» М.Гогаля, 1996), Сыракваш («Плошча Перамогі» А.Паповай, 2004), Суэцін («Апошнія сведкі» С.Алексіевіч, 2009), Сганарэль («Лекар мімаволі» Ж-Б.Мальера, 2005), Арцыбіскуп Іосіф III («Кракаўскі студэнт» Г.Марчука, 2008), Круціцкі («Мудрацы» А.Астроўскага, 2010), Стары («Бездань» Р.Брэдберы, 2014), Мацье («Самая жаданая» С.Гіргеля, 2017), Стары («Сымон-музыка» Я.Коласа, 2018).
Віншаванні працягваліся і паміж часткамі рэтраспектывы вобразаў. Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза тэатральных дзеячаў, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова зачытала віншавальны ліст ад старшыні саюза, драматурга Аляксея Дударава: «Уявіць наш родны беларускі тэатр без вас немагчыма. Вы сапраўдны народны талент, сапраўдны народны характар. Вы – існая Беларусь! Усё, да чаго датыкаецца ваша душа, ззяе па-новаму і незвычайнымі фарбамі».
Віншавалі юбіляра Беларускі тэатр «Лялька» і яго мастацкі кіраўнік, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віктар Клімчук, лаўрэат Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі (IFMC-2019), народны тэатр-студыя сучаснай харэаграфіі і яго кіраўнік Дзіяна Юрчанка, знакаміты віцебскі мастак Фелікс Гумен. А віцебскі паэт Уладзімір Папковіч нават напісаў верш, прысвечаны Тадэвушу Кокштысу.
Тадэвуш Кокштыс –
Імя гучыць важка, прыстойна і годна.
Мы хочам вітанне сваё далучыць
Паважна і прынародна.
Твае героі жывыя заўжды
У тэатральнай прасторы,
А Ты між намі такі малады
І моцны, каб зрушыць горы.
Жыццё-тэатр, тэатр-жыццё.
Сусвет жа б’е весела у бубен...
Няхай жа грэе цябе пачуццё,
Што Кокштыса любяць Папковіч і Гумен.
Радасна, што на юбілей прыехалі і родныя Тадэвуша Кокштыса. На коласаўскай сцэне яго віншавалі сястра Аліна Кандрацюк і пляменнік Раман Кандрацюк.
Напрыканцы віншавальнай часткі бенефіса «капуснымі» тэатральнымі нумарамі Тадэвуша Кокштыса радавалі самыя яго родныя сцэнічныя людзі – коласаўцы: народная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Святлана Акружная, вядучы майстар сцэны тэатра, рэжысёр спектакля «Самая жаданая» Ніна Обухава, жаночы хор актрыс на чале з вядучым майстрам сцэны Святланай Жукоўскай.
Заключным словам Тадэвуш Кокштыс звярнуўся да свайго любімага гледача словамі Блазна з шэкспіраўскага «Караля Ліра».
На развітанне скажу вам прароцтва:
Калі папоў не будуць людзі слухаць,
А карчмары ваду у піва бухаць,
Калі ў судах звядзецца ашуканства
I беднякоў не будзе крыўдзіць панства,
Падавіцца на слове злоязыкі,
Скасуюць і арэнды і пазыкі,
Калі зладзеі перастануць красці,
А ліхвяры у куфар грошы класці,
Калі паліць не будуць недаверкаў
I шлюхі ў складчыну збудуюць цэркаў —
Тады ўвесь Альбіён ахопіць змрок,
Зямля павернецца у іншы бок,
Запалыхае неба дзіўным знакам —
Хто дажыве, не будзе поўзаць ракам.
Гэта вам прадкажа чарадзей Мерлін, які народзіцца пасля мяне.
Добавить комментарий