АРЛОЎСКІ ТЭАТР НА КОЛАСАЎСКАЙ СЦЭНЕ
Арлоўскі дзяржаўны тэатр для дзяцей і моладзі «Свабодная прастора» не першы раз гастралюе ў Віцебску. І трэба заўважыць, што кожны прыезд гэтых расійскіх гасцей адзначаны прыемнымі сюрпрызамі. Усе спектаклі, уключаныя ў гастрольную афішу, адрознівае высокая сцэнічная культура, бездакорны эстэтычны густ. Тэатр звяртаецца да узораў сусветнай драматургіі, да выдатнай літаратуры і адыходзіць ад пэўных стэрэатыпаў, імкнецца да сучаснага прачытання гэтых твораў у адпаведнасці з новымі патрабаваннямі гледача. Сёлета арлоўскі тэатр прывёз у Віцебск тры пастаноўкі: дзве – для дарослага гледача, адну - для дзяцей.
ХАНУМА
Музычная камедыя на 2-е дзеі
А.Цагарэлі, музыка Г.Канчэлі. Рускі тэкст і вершы В.Канстанцінава, Б.Рацэра
Рэжысёр – заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Аляксандр Міхайлаў
Мастак – Марыя Міхайлава
Балетмайстары – заслужаны артыст Украіны Алег Нікалаеў, Святлана Шчакаціхіна
Адна з любімых музычных камедый «савецкай эпохі» атрымала новае дыханне на сцэне тэатра «Свабодная прастора» дзякуючы свежаму, не абцяжаранаму ранейшымі трактоўкамі, падыходу. Героі п'есы – жывыя, кранальныя, наіўныя, закаханыя ў жыццё людзі. Назіраючы за смешнымі складанасцямі сюжэту, гледачы як быццам пераносяцца ў амаль казачныя часы, калі трава была зеляней, неба больш блакітным , людзі больш добрымі…
На коласаўскай сцэне - 21 і 22 сакавіка, а 19-й гадзіне.
Іван Франко
СКРАДЗЕНАЕ ШЧАСЦЕ
Драма на 2-е дзеі
Рэжысёр – Лінас Зайкаўскас.
Мастак – Маргарыта Місюкова.
Музычнае афармленне – Вольга Селіна.
Тэатр звярнуўся да адной з лепшых п'ес сусветнага рэпертуару – драмы класіка ўкраінскай літаратуры Івана Франка «Скрадзенае шчасце». Гэта гісторыя кахання, гісторыя рэўнасці, гісторыя помсты.
У юнацтве Ганна і Міхайла былі моцна закаханыя адзін у аднаго, збіраліся ажаніцца. Але браты Ганны перашкодзілі магчымаму шлюбу, Міхайла апынуўся ў салдатах, Ганну выдалі за іншага. Яна жыве з мужам – добрым, але нялюбым Міколам, цярпліва пераносячы сваё няўдалае замужжа. І аднойчы ў іх хаце з'яўляецца былы каханы – Міхайла, які адслужыў у войску і стаў жандарам. Каханне, якое, здавалася, загінула назаўжды, успыхвае з новай сілай. Тры чалавекі аказваюцца ўцягнутымі ў вір запалу, з якога няма выйсця, таму што барацьба за каханне ідзе ўжо не на жыццё, а на смерць.
На коласаўскай сцэне - 23 сакавіка, а 19-й гадзіне.
Ганс Хрысціян Андэрсен
ПРЫНЦЭСА І СВІНАПАС
Музычная казка
Рэжысёр – заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Аляксандр Міхайлаў.
Мастак – М.Міхайлава.
Балетмайстар – С.Шчакаціхіна.
Педагог па вакале – В.Таргова.
Музыка – С. Міхайлаў
У гэтым спектаклі вас чакае сустрэча з героямі адразу некалькіх казачных гісторый Ганса Хрысціяна Андэрсена. Усё пачалося з таго, што просты Свінапас жудасна закахаўся! І ў каго – у сапраўдную Прынцэсу! Але што яшчэ больш дзіўна – Прынцэсе таксама спадабаўся Свінапас! І вядома, закаханых жорстка разлучылі: яго выгналі з краіны, а яе вырашылі тэрмінова выдаць замуж за старога суседняга караля. Але дзе там: Свінапас пераапрануўся ў ... Не, так, мабыць, вы ўсё даведаецеся загадзя і глядзець будзе нецікава. Таму скажам толькі, што Свінапас аказаўся на рэдкасць вясёлым і вынаходлівым чалавекам і пакінуў караля ў такіх дурнях, што ўвесь народ доўга-доўга смяяўся! Ну і вам, вядома, таксама будзе весела на гэтым спектаклі!
На коласаўскай сцэне - 21 сакавіка, а 10-й і а 12-й гадзіне; 22 сакавіка - а 11-й гадзіне.
Добавить комментарий