«АКЦЁР ПАКІДАЕ ЧАСЦІНКУ ДУШЫ…»
Пад такой назвай 27 сакавіка, у Міжнародны дзень тэатра, на вялікай сцэне адбудзецца вечар памяці. Мы прапануем сабрацца разам і прыгадаць выдатных коласаўцаў, якіх ужо няма з намі, але памяць пра іх жыве ў нашых сэрцах. На жаль, сыходзіць няўмольны час, і маладое пакаленне гледачоў (а часам і артыстаў) мала ведае пра тых, хто некалі ствараў гонар нацыянальнага сцэнічнага мастацтва. Мы прапануем звярнуцца да жыцця і творчасці некаторых з іх…
…Яго імя было сапраўды знакавым для ўсіх віцяблян. Нездарма ж ён стаў ганаровым грамадзянінам абласнога цэнтра. Наш незабыўны Несцерка, народны артыст СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Фёдар Шмакаў…
…Упадабаная артыстамі і гледачамі за мудрую прастату, чалавечнасць, узнёсласць і праўдзівасць як на сцэне, так і ў жыцці Зінаіда Канапелька. Коласаўцаў заўсёды захапляла яе высакародства, чалавечая велікадушнасць. Яна ўмела шчыра радавацца чужому поспеху, таму што ўспрымала тэатр як адзіную сям’ю.
…Вядучы «герой» коласаўскай сцэны , незабыўны выканаўца вобраза Кастуся Каліноўскага і цэлага шэрагу сацыяльных, лірычных, вострахарактарных, трагедыйных роляў Уладзімір Куляшоў.
…Выдатны комік, яркі імправізатар Георгій Дубаў, якога параўноўвалі са знакамітым Аляксандрам Ільінскім.
…Бліскучы стваральнік народных характараў на сцэне, а ў жыцці надзіва добразычлівы, праніклівы, шчодры на душэўную цеплыню чалавек – Яўген Шыпіла.
…Майстар эпізоду, але разам з тым стваральнік яскравых макаёнкаўскіх вобразаў Цярэшкі Калабка з «Трыбунала» і дзеда Цыбулькі з «Таблеткі пад язык» Іосіф Матусевіч…
Пра кожнага з іх - і многіх іншых - у тэатра знойдуцца добрыя, пранікнёныя словы. Прагучаць успаміны калег, музычныя і паэтычныя творы, прысвечаныя вядомым дзеячам нашага тэатра, вы ўбачыце відэазапісы з удзелам карыфеяў коласаўскай сцэны.
Вечар памяці «Акцёр пакідае часцінку душы…» адбудзецца 27 сакавіка, а 19-й гадзіне.
Чакаем вас у тэатры!
Добавить комментарий