Экскурсія па тэатры

З чэрвеня Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа прапаноўвае новую форму стасункаў са сваімі любімымі і дарагімі гледачамі – экскурсію па закуліссі «ТАЯМНІЦЫ КОЛАСАЎСКАГА ТЭАТРА».
Тэатр – гэта надзвычай складаны механізм, які прыводзяць у рух любоў і прафесіяналізм дзясяткаў спецыялістаў. І мы хочам, каб нашы гледачы мелі магчымасць далучыцца да гэтай магічнай таямніцы.
Падчас экскурсіі вы:
- даведаецеся пра першыя тэатральныя будынкі ў Віцебску, якімі яны былі і чаму зніклі;
- пазнаёміцеся з творчасцю найбольш вядомых акцёраў, рэжысёраў і мастакоў, якія стваралі 100-гадовую гісторыю Коласаўскага тэатра, і ўбачыце іх партрэты ў асаблівай фотагалерэі;
- убачыце дзве сцэнічныя пляцоўкі Коласаўскага тэатра: галоўную і камерную сцэну;
- завітаеце ў месцы, дзе праходзяць асноўныя этапы стварэння спектакляў: касцюмерны, бутафорскі, рэквізітарскі, грымёрны, асвятляльны і гукааператарскі цэхі, арт-фае (прычым гэта адбудзецца ў своеасаблівай, тэатралізаванай форме);
- зможаце даведацца пра таямніцы закулісся і дэталі, з якіх складаецца кожны спектакль;
- атрымаеце магчымасць зрабіць са сваімі калегамі альбо са сваімі роднымі, знаёмымі, сябрамі арыгінальныя фотаздымкі, якія застануцца на добрую памяць.
Падарожжа па лабірынтах тэатра разлічана на паўтары гадзіны і зацікавіць як юных тэатралаў, так і дарослых аматараў Коласаўскага тэатра. Пасля такой вандроўкі вы будзеце адчуваць сябе ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа як дома ў добрых сяброў.
Мінімальная колькасць удзельнікаў экскурсіі - 10 чалавек, максімальная - 25 чалавек.
Узроставае абмежаванне - 12+.
Квіткі на экскурсіі можна набыць анлайн па спасылцы.
Або ў касе тэатра.
Адрас: горад Віцебск, вуліца Замкавая, 2.
Тэлефон (+375 212) 62-63-81.
Рэжым працы касы:
панядзелак-нядзеля – з 9:30 да 19:30,
перапынкі на абед – 12:00-12:30, 15:30-16:00.
Каса працуе без выходных.

















