Юрый ІВАНОЎСКІ
Літаратурны рэдактар
Маё ўспрыманне тэатра вызначаецца словам – Прыцягненне. Яшчэ ў дзяцінстве мяне магнітам прываблівалі афішы спектакляў, страшэнна карцела ўсё перагледзець... У 14 год я ўжо стаў сталым гледачом, не прапускаў ніводнай прэм’еры Коласаўскага тэатра.
Заспеў спектаклі з «жывой» музыкай, з аркестрам,
які прыносіў ва ўспрыманне нейкую асаблівую святочнасць: «Несцерка», «Зацюканы апостал», «Маскоўскія канікулы», «Жыла-была Сыраежка»...
У юнацтве запомніўся «Стары дом», які карыстаўся вялікай прыхільнасцю моладзі. У ім гучала тонкая, срэбная струна, прысутнічала асаблівая атмасфера.
Сапраўдным шэдэўрам лічу пастаноўку «Клеменс» Валерыя Маслюка, яна прагучала сапраўдным болем
за лёс Бацькаўшчыны, за душы беларусаў. Сучаснаму тэатру не стае такіх пранізлівых выказванняў.
Коласаўцы заўжды імкнуліся да сур’ёзнай размовы
пра духоўныя каштоўнасці. Спектаклі «Парог», «Вечар», «Востраў Алены» выходзілі на сапраўдны дыялог, задавалі пытанні: што ж адбываецца з нашымі душамі, чаму яны зачарсцвелі, заплылі тлушчам?
Шмат акцёраў, пераважна ў 90-я, рана сышлі з жыцця. Наколькі багатай была б творчая палітра тэатра,
калі б яны працавалі і зараз. Іх сёння так не хапае. Кожны з іх быў цэлы Сусвет.
ДЗЕЙНАСЦЬ У КОЛАСАЎСКІМ ТЭАТРЫ
Юрый Іваноўскі - годны знаўца беларускай і сусветнай драматургіі. Тэатральнай крытыкай пачаў займацца з 1979 года. Аўтар каля 200 артыкулаў у рэспубліканскім і абласным друку, рэспубліканскіх і міжнародных навуковых зборніках, энцыклапедыі «Тэатральная Беларусь» па пытаннях тэатральнага мастацтва (пераважна па творчасці тэатра імя Якуба Коласа - рэцэнзіі на спектаклі, творчыя партрэты майстроў сцэны, інтэрв’ю, агляды, праблемныя артыкулы).
У 2008 годзе ў якасці студэнта выпускнога курса Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў ажыццявіў пастаноўку казкі «Вядзьмарка і Дыназаўрык» па п’есе беларускага драматурга Аляксея Якімовіча, якая і па сёння знаходзіцца ў рэпертуары тэатра і мае поспех сярод юных гледачоў. Кіраўнік курса - Рыд Таліпаў.
З’яўляецца каардынатарам гарадскога конкурсу «Сцэнічныя чытанні «Школьны тэатр», склаў рэкамендацыйны спіс п’ес беларускіх драматургаў з падрабязнымі анатацыямі для кіраўнікоў школьных тэатраў.
У межах мерапрыемстваў да 90-годдзя Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа з’яўляўся арганізатарам і каардынатарам навукова-практычнай канферэнцыі «Беларускі нацыянальны тэатр: традыцыі, пошук, эксперымент», прэзентацыі кнігі вядомага віцебскага краязнаўцы Аркадзя Падліпскага «Национальный академический драматический театр имени Якуба Коласа: страницы прошлого и настоящего».
Прымаў удзел у арганізацыі праекту «Тэатр на пленэры» на пляцоўцы музея-сядзібы «Здраўнёва» у рамках XXIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», у адкрыцці мастацка-дакументальнага праекта «Маё жыццё ў мастацтве» да 70-годдзя народнай артысткі Беларусі Святланы Акружной у Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь (г.Мінск).
Адказвае за сувязь тэатра са сродкамі масавай інфармацыі.
БІЯГРАФІЯ
Нарадзіўся 8 снежня 1962 года ў горадзе Віцебску.
З 1978 па 1981 год навучаўся ў Магілёўскім культурна-асветным вучылішчы.
З 1981 па 1982 год працаваў у Курынскім сельскім доме культуры (Віцебскі раён Віцебскай вобласці).
З 1982 па 1983 год працаваў у Котаўскім сельскім клубе (Віцебскі раён Віцебскай вобласці).
З 1983 па 1984 год працаваў у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа.
З 1984 па 1985 год працаваў у Палацы культуры чыгуначнікаў г.Віцебска.
З 1986 па 1991 год навучаўся ў Віцебскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя С.М.Кірава.
З 1989 па 1995 год навучаўся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (тэатразнаўства).
С 1991 па 1992 год працаваў у віцебскай газеце «Маладзёжныя навіны».
З 1992 па 1995 год працаваў кіраўніком літаратурна-драматычнай часткі Беларускага тэатра «Лялька».
З 1996 па 2007 год працаваў карэспандэнтам, аглядальнікам, рэдактарам аддзела ў абласной газеце «Віцебскі рабочы».
З 2003 па 2009 год навучаўся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (рэжысура драмы).
З 2007 па 2008 працаваў выкладчыкам тэатральных дысцыплін у сярэдняй школе №22 г.Віцебска.
З 2008 па 2009 год працаваў выкладчыкам тэатральных дысцыплін у Віцебскім дзяржаўным каледжы культуры і мастацтваў.
З 2009 па 2014 год працаваў кіраўніком народнага калектыву «Гурт Тэатр» у Віцебскім раённым доме культуры (аграгарадок Ноўка).
З 2014 года працуе ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа.
УЗНАГАРОДЫ
1995 - Дыплом Беларускага саюза тэатральных дзеячаў за дасягненні ў галіне тэатральнай крытыкі і тэатразнаўства па выніках сезона 1994-1995 гадоў
2016 - Ганаровая грамата Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта
КАНТАКТЫ
E-mail: yurivit@mail.ru
Добавить комментарий