АКТРЫСА КОЛАСАЎСКАГА ТЭАТРА, ВЯДУЧЫ МАЙСТАР СЦЭНЫ СВЯТЛАНА ЖУКОЎСКАЯ АДЗНАЧАЕ ЮБІЛЕЙ
Сёння, 25 мая, у юбілейны дзень свайго нараджэння выйдзе на сцэну актрыса, вядучы майстар сцэны, уладальніца прыза Беларускага саюза тэатральных дзеячаў «Крыштальная зорка» Святлана Жукоўская. Яе голас загучыць адкрыта на камернай сцэне ў прэм’еры музычнага вечара «Душэўная размова». А пасля - віншаванні, падарункі, цёплыя, шчырыя словы...
ПАЧАТАК
У сям’і Святланы Жукоўскай усе займаліся тэатрам, нягледзячы на тое, што жылі не ў вялікім горадзе, не ў сталіцы, а ў маленькім мястэчку Астрыно на Гродзеншчыне. Бацька нават нейкі час кіраваў народным тэатрам Дома культуры, мама там жа была суфлёрам, танцавала, спявала (пэўна ж, гэтыя якасці перадала і дачцэ) і выходзіла на сцэну ў невялічкіх ролях. Спрабаваў сябе як самадзейны артыст і старэйшы брат Святланы. У спектаклі «Ганка» па п’есе Уладзіслава Галубка ёй, тады яшчэ дзіцяці, даручылі ролю дачкі галоўнай гераіні, што пасля смерці матулі прыходзіць з дзедам на могілкі. Мабыць, юная актрыса штосьці сабе напрыдумляла, толькі чамусьці стала баяцца свайго «дзеда», на адной з рэпетыцый нават страціла прытомнасць (а можа, і зрабіла гэта знарок?) «Што ж ты ў мяне за баязліўка такая?» – дзівілася маці. З таго часу Святлана вырашыла выхоўваць у сабе смеласць, рашучасць. Але ж няўпэўненасць доўгі час замінала і вымушала страчваць мноства шанцаў, што дарыў лёс. У шаснаццаць год дзяўчына з цудоўным голасам атрымлівае прапанову паступаць на трэці курс Маскоўскай кансерваторыі, але ж не адважваецца.
Пазней было Гродзенскае культасветвучылішча, тэатральнае аддзяленне. Яе першымі выкладчыкамі былі Зоя Піткевіч (сцэнічная мова) і Уладзімір Трушко (рэжысура і акцёрскае майстэрства). Уладзімір Сцяпанавіч навучыў яе бачыць сябе з боку, выбудоўваць сцэны. А Зоя Пятроўна казала, што трэба шмат працаваць. У многім дзякуючы ёй дзяўчына і патрапіла ў Віцебск, у Коласаўскі тэатр.
У 1982 годзе разам са Святланай Жукоўскай у паўночную культурную сталіцу адправілася і сяброўка Раіса Грыбовіч. Дырэктар Геральд Асвяцінскі і галоўны рэжысёр Валерый Мазынскі шукалі новую выканаўцу на ролю Настачкі ў «Несцерцы». У Віцебску праслухалі дзвюх кандыдатак у актрысы і ўзялі ў тэатр абедзвюх. Праўда, сыграла Святлана гэтую гераіню толькі праз восем год. У тэатры яна знайшла добрую падтрымку з боку старэйшых акцёраў, асабліва Зінаіды Ігнатаўны Канапелькі і Георгія Савельевіча Дубава.
ПЕРШЫЯ РОЛІ
Першыя ролі былі не такія ўжо і прыкметныя, але ў тэатры яна займела аўтарытэт. Бо вельмі сур’ёзна адносілася да любой працы, літаральна за тры дні магла ўвайсці ў незнаёмы спектакль. Пашчасціла сыграць галоўную ролю Наташы ў камедыі «Вярніце бабулю!», дзе працавала ў тандэме з народнай артысткай Беларусі Зінаідай Канапелькай. Многаму навучылася ў яе. Як кажуць, спасцігала і жыццёвыя, і творчыя ўрокі. Спрыяла гэтаму і тое, што спектакль быў разлічаны для выязных паказаў, найперш для абслугоўвання жыхароў аддаленых раёнаў Віцебшчыны, таму часу для такіх бясконцых гутарак у двух актрыс было дастаткова.
На той час, маючы адпаведную фактуру, добрыя знешнія дадзеныя, шмат іграла роляў маладых, закаханых гераінь. Гэта і Алёнка ў «Пунсовай кветачцы» І.Карнаухавай, Л.Браўсевіч, і Васіліса ў «Дарозе з чорнага царства» А.Вербеца, і Тоня ў «Паядынку» М.Матукоўскага, і Каця Круглова з «Маскоўскіх канікул» А.Кузняцова.
За два гады работы ў тэатры Жукоўская і Грыбовіч неаднойчы чулі за спінай колкія кпіны: «А, гэта ж культпрасвет!» Гэта сыграла пэўную ролю ў тым, што яны ўдвох вырашылі паступаць у Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва ў Маскве (ГІТІС) на курс знакамітай актрысы Малога тэатра, народнай артысткі СССР Эліны Быстрыцкай. Вучобу сумяшчалі з работай у тэатры.
У 1984 годзе Святлана пабралася шлюбам з Георгіем Лойкам, які на той час вярнуўся са службы ў войску. У адным з казачных спектакляў яны былі заняты разам. Пасля прэм’еры, як водзіцца, рабіўся банкет. Георгій увесь час танцаваў са Святланай, а потым наважыўся праводзіць яе да інтэрната. Праз некалькі месяцаў маладыя артысты ажаніліся.
Першай значнай роляй у тэатры была Суяніта ў спектаклі «14 чырвоных хацінак» па п’есе Андрэя Платонава, які паставіў Аляксандр Дольнікаў. Вобраз патрабаваў ад актрысы пэўных якасцей, якія яна мусіла перадаць у ролі: жалезную волю, сабранасць, рашучасць, здольнасць уплываць на людзей. То ж была 17-гадовая дзяўчына, старшыня калгаса, на плечы якой лягла задача не проста змагацца за станаўленне савецкай улады, але і за яднанне душ сваіх аднасяльчан. Разам з ёй у спектаклі іграў майстар коласаўскай сцэны Уладзімір Куляшоў. Праца з ім, як і раней з Зінаідай Канапелькай, у многім дапамагла актрысе ў спасціжэнні акцёрскай прафесіі. Святлана на той час да такой ступені растваралася ў вобразе, што потым з цяжкасцю прыходзіла ў сябе. Потым ужо навучылася раздзяляць: вось гэта – сцэна, а гэта – жыццё. Тады ж ляцела, як у бездань, бо вопыту ніякага. За вобраз Суяніты атрымала дыплом «За лепшае выкананне жаночай ролі» на рэспубліканскім конкурсе.
«СВЕТА, ІДЗІ Ў НАРОД!»
Як і ў кожнага акцёра, так і ў Святланы Мікалаеўны таксама былі перыяды актыўнай працы над ролямі і творчага прастою. Тады яна ўспамінала словы, сказаныя ёй некалі Зінаідай Канапелькай: «Света, хочаш быць сапраўднай актрысай? Тады ідзі ў народ!» І сапраўды, Святлана Жукоўская пачала актыўна праводзіць творчыя сустрэчы з гледачамі, на якіх брала ў рукі гітару і спявала ўлюбёныя песні і рамансы. У яе гэта добра атрымлівалася.
Тройчы актрыса брала ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе «Спяваюць артысты тэатра і кіно», на апошнім з іх заняла нават першае месца. З цягам часу пачала разам з актрысай тэатра Наталляй Аладкай ажыццяўляць шэраг творчых праектаў, дзе спатрэбіліся яе вакальныя здольнасці. Найперш гэта музычна-паэтычныя вечары на камернай сцэне тэатра: «Не искушай меня без нужды…», «Ты мне сказал: люблю – и верить я готова…», «Как я люблю глубину твоих ласковых глаз…». Артысты-коласаўцы выступалі нават у Маскве, у Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі.
А былі ж яшчэ і паўнавартасныя спектаклі, дзе Святлана Мікалаеўна разам з Наталляй Аляксандраўнай выступалі і ў якасці аўтараў сцэнару, і рэжысёраў. Гэта расповяд пра Максіма Багдановіча «Калісь глядзеў на сонца я…» альбо музычны вечар «Хто цябе выдумаў?..» Песні кіно».
ЛЮБІМЫ РЭЖЫСЁР
У адну з сумных хвілін (а гэта было на пачатку 90-х) яна не стрывала і вырашыла пазваніць свайму былому аднакурсніку Юрыю Пахомаву ў Томск, дзе той працаваў галоўным рэжысёрам: «Юра, выручай!» І ён адгукнуўся. Прыляцеў за тысячы кіламетраў з далёкай Сібіры, каб ажыццявіць у Віцебску мюзікл «Утаймаванне наравістай» па Шэкспіру. Святлана Жукоўская – Катарына. Яна была рухавая, спяваючая, прыгожая – проста купалася ў стыхіі музыкі, лёгкага рытму, свабоды, карнавальнага вяселля, касцюмнай феерыі. Яе Катарына пазнавала каханне, прайшоўшы адзіноту і ўласны нясцерпны характар. Яе жаніх (у яго ролі бліскуча выступаў Генадзь Шкуратаў) чыніў з ёй нешта накшталт шокавай тэрапіі.
Праз некалькі год яе чакае новая сустрэча з Юрыем Пахомавым ужо ў рабоце над спектаклем «Чума на вашы дзве сям’і!» па п’есе Рыгора Горына, своеасаблівы працяг «Рамэа і Джульеты». Святлана Жукоўская – Разаліна. Ізноў яе сцэнічным партнёрам быў Генадзь Шкуратаў. Разаліна, пляменніца Капулеці, трапіла ў рукі заможных нягоднікаў, зганьбаваўшых яе. Менш за ўсё актрыса іграла слабую, няшчасную жанчыну. Абняслаўленая, ды нязломленая, яна ўпарта даводзіць свае правы. Чым, зрэшты, нагадвае Катарыну з «Утаймавання наравістай». Разам з тым актрыса не паўтарае сваю ранейшую ролю, а знаходзіць у новай рабоце жывыя, непаўторныя рысы. Праз яе знешнюю грубасць, праставатасць у першай дзеі адразу заўважаеш даверлівасць, чуласць, жаноцкасць. Працуючы далей над роллю, актрыса здолела выразна, ёміста паказаць шлях сталення гераіні: ад нехлямяжай дзяўчынкі да сталай жанчыны, якая свядома ідзе на гібель. Бо, накшталт Джульеты, няздольная жыць у свеце маны, хцівасці, прыстасаванства, у свеце, пазбаўленым духоўнасці і любові.
І ў наступных сваіх пастаноўках Юрый Пахомаў часцей за ўсё займаў Святлану Жукоўскую, хай нават у ролях другога плану. Але і яны былі даволі прыкметныя. Напрыклад, Памэла ў камедыі «Ён. Яна. Акно. Нябожчык.» па п’есе Рэя Куні, альбо Аграфена Кандрацьеўна ў пастаноўцы «Банкрут» паводле Аляксандра Астроўскага.
Запомнілася актрыса і ў драматычнай ролі місіс Пэдзі ў меладраматычнай камедыі Дзіўная місіс Сэвідж» па п’есе Джона Патрыка. Яе гераіня на працягу амаль усёй дзеі маўчыць. Гэта свайго роду яе пратэст. Але якім выразным робіць актрыса гэтае маўчанне.
АД ЛЁГКАЙ КАМЕДЫІ ДА МЕТАФІЗІЧНАГА ТРЫЛЕРА
Актрыса даўно пацвердзіла сваю здольнасць працаваць у самых розных жанрах: ад высокай класікі, дзе патрабуецца ўменне паглыбіцца ў псіхалогію персанажаў іншых часоў і эпох, да сучаснай драмы альбо бытавой камедыі, ці вадэвіля. У спектаклі Рыда Таліпава «Васа» па п’есе М.Горкага Жукоўская стварае псіхалагічна дакладны вобраз Ганны – сакратаркі і памагатай Жалязновай. За яе маўклівым блуканнем па сцэне, нягнуткай, роўнай постаццю, нейкім парадаксальным спалучэннем гонару і прыніжальнай ліслівасці чыталася біяграфія гераіні, яе няпросты жаночы лёс.
Яскрава раскрылася творчая індывідуальнасць актрысы і ў пастаноўках Віталя Баркоўскага, асабліва ў камедыі «Блудны муж і яго жонка Варвара» Георгія Марчука, дзе Жукоўская сыграла цэнтральную ролю. П’еса ўздымае праблемы сям’і, становішча жанчыны ў сучасным грамадстве. Сюжэт і характары маюць пазнавальныя прыкметы сённяшняга дня. Вясковы мужык Мікола пасля доўгіх год сумеснага жыцця пакідае жонку, каб паспытаць шчасця ў камерцыі. Варвара не разумее гандлярскіх інтраэсаў любага Міколы і шчыра перажывае разлуку. У фінале яе цярплівасць і дабрыня перамагаюць – блудны муж, які пацярпеў поўнае фіяска ў сферы бізнесу, вяртаецца дадому.
Святлана Жукоўская здолела ўзняцца над бытавізмам п’есы і раскрыць нечаканую глыбіню характару. У выкананні актрысы шматколерна высвятляецца і драматызм лёсу гераіні, кінутай мужам, і разгубленасць перад жыццём, і нязгасная надзея, што жыве ў яе сэрцы. У спектаклі выразна прасочвалася тэма адзіноты жанчыны, вымушанай несці на сваіх плячах увесь цяжар сямейнага бязладдзя і побытавых клопатаў.
Да вострадраматычных роляў у рэпертуары Святланы Мікалаеўны адносяцца і вобразы Рэганы з «Караля Ліра» У.Шэкспіра, Джэйн з «Дакрануцца вуснамі да нябёсаў» Т.Уільямса, каралевы Боны з «Ладдзі Роспачы» Ул.Караткевіча, Марыі з «Любові па перапісцы» Л.Вашко, і асабліва Ганны з сучаснай гісторыі «Ліфт» Ю.Чарняўскай.
У апошняй з названых работ Святлана Жукоўская стварае вобраз настаўніцы, які, відаць, добра зразумелы актрысе. У яе доме знешне як быццам усё прыстойна, але гэта для чужых вачэй. На самай справе, пастаянныя сваркі, сыход з дому і канчатковы разрыў з сям’ёй мужа, непаразуменне і адчужанасць з сынам гавораць зусім пра іншае. Да таго ж, яна трапляе ў пастку: жанчына нечакана засела ў ліфце з маладым рабаўніком. Гэтая сітуацыя спрыяе перагляду яе адносін з блізкімі людзьмі, пераасэнсаванню яе мінулага і сучаснага. Актрыса даволі глыбока даследуе псіхалагічны стан сваёй гераіні на момант разрыву адносін з блізкім ёй чалавекам: яе дэпрэсія «накладаецца» на новую, цяпер ужо «пагранічную», сітуацыю паміж жыццём і смерцю і дазваляе ёй не губляцца.
Сярод камедыйных роляў глядач добра памятае яе Адэлю з «Залётаў» В.Дуніна-Марцінкевіча, Веру Андрэеўну з «Псіхааналітыка для псіхааналітыка» Д.Балыка, Таццяну з «Аднакласнікаў» Ю.Куліка, Даміцэлю з «Жартаў», Сваццю з «Ветрагонаў» У.Галубка.
А вось зусім іншы і нечаканы матэрыял – спектакль «Я вольны!», метафізічны трылер паводле рамана Амелі Натомб «Касметыка ворага», пастаўлены адмыслова для яе і Георгія Лойкі рэжысёрам Аляксандрам Дольнікавым, з якім Святлана Жукоўская некалі пачынала свой творчы шлях у Коласаўскім тэатры. Вобраз Тэкстор Тэксэль – вельмі незвычайны. Хаця б таму, што ён існуе унутры пратаганіста Жэрома Ангюста, якога бліскуча іграе Георгій Лойка. Гэта – ягоны міфічны двайнік, матэрыялізаванае сумленне галоўнага героя. Да таго ж гэта яшчэ і мужчына. Праца над роллю ішла вельмі цікава, і вынік быў станоўчы. Спектакль на працягу дзевяці год паспяхова трымаецца ў рэпертуары і прыцягвае ў глядзельную залу найперш інтэлектуальную публіку, якая цікавіцца не толькі традыцыйнымі, але і эксперыментальнымі пастаноўкамі.
НА СУЧАСНЫМ ЭТАПЕ. РОЛІ АПОШНІХ СЕЗОНАЎ
Сёння Святлана Мікалаеўна актыўна занятая ў бягучым рэпертуары. Сучасны глядач можа ўбачыць яе ў спектаклях: «Восем закаханых жанчын» па дэтэктыву Рабэра Тама (Шанэль), класічнай камедыі «Доктар філасофіі» Браніслава Нушыча (пані Драга), інтэрактыўнай камедыі «Пёс Белага вострава», дзе яна стварыла сатырычны вобраз Ліліі Канстанцінаўны, казцы «Папялушка» Тамары Габэ ў ролі Мачахі і іншых спектаклях.
За выдатныя заслугі ў сцэнічным мастацтве Святлана Жукоўская мае шмат узнагарод. Гэта Грамата Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2006), нагрудны знак Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» ( 2010), прыз Беларускага саюза тэатральных дзеячаў «Крыштальная зорка» (2012), Падзяка Міінстра культуры Рэспублікі Беларусь (2017).
Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа
віншуе шаноўную Святлану Мікалаеўну з юбілеем
і зычыць моцнага здароўя, новых цікавых роляў
і творчых праектаў, натхнення і жыццёвага аптымізму!


















Добавить комментарий