АКТРЫСА КОЛАСАЎСКАГА ТЭАТРА, ВЯДУЧЫ МАЙСТАР СЦЭНЫ СВЯТЛАНА ЖУКОЎСКАЯ АДЗНАЧАЕ ЮБІЛЕЙ

 

Сёння, 25 мая, у юбілейны дзень свайго нараджэння выйдзе на сцэну актрыса, вядучы майстар сцэны, уладальніца прыза Беларускага саюза тэатральных дзеячаў «Крыштальная зорка» Святлана Жукоўская. Яе голас загучыць адкрыта на камернай сцэне ў прэм’еры музычнага вечара «Душэўная размова». А пасля - віншаванні, падарункі, цёплыя, шчырыя словы...

 

ПАЧАТАК

У сям’і Святланы Жукоўскай усе займаліся тэатрам, нягледзячы на тое, што жылі не ў вялікім горадзе, не ў сталіцы, а ў маленькім мястэчку Астрыно на Гродзеншчыне. Бацька нават нейкі час кіраваў народным тэатрам Дома культуры, мама там жа была суфлёрам, танцавала, спявала (пэўна ж, гэтыя якасці перадала і дачцэ) і выходзіла на сцэну ў невялічкіх ролях. Спрабаваў сябе як самадзейны артыст і старэйшы брат Святланы. У спектаклі «Ганка» па п’есе Уладзіслава Галубка ёй, тады яшчэ дзіцяці, даручылі ролю дачкі галоўнай гераіні, што пасля смерці матулі прыходзіць з дзедам на могілкі. Мабыць, юная актрыса штосьці сабе напрыдумляла, толькі чамусьці стала баяцца свайго «дзеда», на адной з рэпетыцый нават страціла прытомнасць (а можа, і зрабіла гэта знарок?) «Што ж ты ў мяне за баязліўка такая?» – дзівілася маці. З таго часу Святлана вырашыла выхоўваць у сабе смеласць, рашучасць. Але ж няўпэўненасць доўгі час замінала і вымушала страчваць мноства шанцаў, што дарыў лёс. У шаснаццаць год дзяўчына з цудоўным голасам атрымлівае прапанову паступаць на трэці курс Маскоўскай кансерваторыі, але ж не адважваецца.

Пазней было Гродзенскае культасветвучылішча, тэатральнае аддзяленне. Яе першымі выкладчыкамі былі Зоя Піткевіч (сцэнічная мова) і Уладзімір Трушко (рэжысура і акцёрскае майстэрства). Уладзімір Сцяпанавіч навучыў яе бачыць сябе з боку, выбудоўваць сцэны. А Зоя Пятроўна казала, што трэба шмат працаваць. У многім дзякуючы ёй дзяўчына і патрапіла ў Віцебск, у Коласаўскі тэатр.

У 1982 годзе разам са Святланай Жукоўскай у паўночную культурную сталіцу адправілася і сяброўка Раіса Грыбовіч. Дырэктар Геральд Асвяцінскі і галоўны рэжысёр Валерый Мазынскі шукалі новую выканаўцу на ролю Настачкі ў «Несцерцы». У Віцебску праслухалі дзвюх кандыдатак у актрысы і ўзялі ў тэатр абедзвюх. Праўда, сыграла Святлана гэтую гераіню толькі праз восем год. У тэатры яна знайшла добрую падтрымку з боку старэйшых акцёраў, асабліва Зінаіды Ігнатаўны Канапелькі і Георгія Савельевіча Дубава.

ПЕРШЫЯ РОЛІ

Першыя ролі былі не такія ўжо і прыкметныя, але ў тэатры яна займела аўтарытэт. Бо вельмі сур’ёзна адносілася да любой працы, літаральна за тры дні магла ўвайсці ў незнаёмы спектакль. Пашчасціла сыграць галоўную ролю Наташы ў камедыі «Вярніце бабулю!», дзе працавала ў тандэме з народнай артысткай Беларусі Зінаідай Канапелькай. Многаму навучылася ў яе. Як кажуць, спасцігала і жыццёвыя, і творчыя ўрокі. Спрыяла гэтаму і тое, што спектакль быў разлічаны для выязных паказаў, найперш для абслугоўвання жыхароў аддаленых раёнаў Віцебшчыны, таму часу для такіх бясконцых гутарак у двух актрыс было дастаткова.

На той час, маючы адпаведную фактуру, добрыя знешнія дадзеныя, шмат іграла роляў маладых, закаханых гераінь. Гэта і Алёнка ў «Пунсовай кветачцы» І.Карнаухавай, Л.Браўсевіч, і Васіліса ў «Дарозе з чорнага царства» А.Вербеца, і Тоня ў «Паядынку» М.Матукоўскага, і Каця Круглова з «Маскоўскіх канікул» А.Кузняцова.

За два гады работы ў тэатры Жукоўская і Грыбовіч неаднойчы чулі за спінай колкія кпіны: «А, гэта ж культпрасвет!» Гэта сыграла пэўную ролю ў тым, што яны ўдвох вырашылі паступаць у Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва ў Маскве (ГІТІС) на курс знакамітай актрысы Малога тэатра, народнай артысткі СССР Эліны Быстрыцкай. Вучобу сумяшчалі з работай у тэатры.

У 1984 годзе Святлана пабралася шлюбам з Георгіем Лойкам, які на той час вярнуўся са службы ў войску. У адным з казачных спектакляў яны былі заняты разам. Пасля прэм’еры, як водзіцца, рабіўся банкет. Георгій увесь час танцаваў са Святланай, а потым наважыўся праводзіць яе да інтэрната. Праз некалькі месяцаў маладыя артысты ажаніліся.

Першай значнай роляй у тэатры была Суяніта ў спектаклі «14 чырвоных хацінак» па п’есе Андрэя Платонава, які паставіў Аляксандр Дольнікаў. Вобраз патрабаваў ад актрысы пэўных якасцей, якія яна мусіла перадаць у ролі: жалезную волю, сабранасць, рашучасць, здольнасць уплываць на людзей. То ж была 17-гадовая дзяўчына, старшыня калгаса, на плечы якой лягла задача не проста змагацца за станаўленне савецкай улады, але і за яднанне душ сваіх аднасяльчан. Разам з ёй у спектаклі іграў майстар коласаўскай сцэны Уладзімір Куляшоў. Праца з ім, як і раней з Зінаідай Канапелькай, у многім дапамагла актрысе ў спасціжэнні акцёрскай прафесіі. Святлана на той час да такой ступені растваралася ў вобразе, што потым з цяжкасцю прыходзіла ў сябе. Потым ужо навучылася раздзяляць: вось гэта – сцэна, а гэта – жыццё. Тады ж ляцела, як у бездань, бо вопыту ніякага. За вобраз Суяніты атрымала дыплом «За лепшае выкананне жаночай ролі» на рэспубліканскім конкурсе.

«СВЕТА, ІДЗІ Ў НАРОД!»

Як і ў кожнага акцёра, так і ў Святланы Мікалаеўны таксама былі перыяды актыўнай працы над ролямі і творчага прастою. Тады яна ўспамінала словы, сказаныя ёй некалі Зінаідай Канапелькай: «Света, хочаш быць сапраўднай актрысай? Тады ідзі ў народ!» І сапраўды, Святлана Жукоўская пачала актыўна праводзіць творчыя сустрэчы з гледачамі, на якіх брала ў рукі гітару і спявала ўлюбёныя песні і рамансы. У яе гэта добра атрымлівалася.

Тройчы актрыса брала ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе «Спяваюць артысты тэатра і кіно», на апошнім з іх заняла нават першае месца. З цягам часу пачала разам з актрысай тэатра Наталляй Аладкай ажыццяўляць шэраг творчых праектаў, дзе спатрэбіліся яе вакальныя здольнасці. Найперш гэта музычна-паэтычныя вечары на камернай сцэне тэатра: «Не искушай меня без нужды…», «Ты мне сказал: люблю – и верить я готова…», «Как я люблю глубину твоих ласковых глаз…». Артысты-коласаўцы выступалі нават у Маскве, у Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі.

 

А былі ж яшчэ і паўнавартасныя спектаклі, дзе Святлана Мікалаеўна разам з Наталляй Аляксандраўнай выступалі і ў якасці аўтараў сцэнару, і рэжысёраў. Гэта расповяд пра Максіма Багдановіча «Калісь глядзеў на сонца я…» альбо музычны вечар «Хто цябе выдумаў?..» Песні кіно».