ЗОРКІ НА КОЛАСАЎСКАЙ СЦЭНЕ

16.05.2025
15 красавіка, пасля паказу камедыі масак «Нібыта хворы», на вялікай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне віцебскіх людзей тэатра. Граматы і прызы Беларускага саюза тэатральных дзеячаў уручала старшыня БСТД, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вераніка Ярмалінская.
Граматай БСТД за яскравы дэбют – ролю Рыбака ў спектаклі «Сотнікаў» паводле аднайменнай аповесці Васіля Быкава – узнагароджаны малады артыст Дзмітрый Філімоненкаў. Ён парадаваў гледачоў майстэрскім выкананнем роляў Клеанта і Палішанэля. Прыз «Крыштальная зорка» і дыплом за вялікі ўклад ў тэатральнае мастацтва Беларусі атрымаў вядучы майстар сцэны тэатра імя Якуба Коласа Яўген Бераснеў, які выконваў галоўную ролю Аргана. Ён больш за 20 год іграе на коласаўскай сцэне і з'яўляецца адным з самых запатрабаваных артыстаў, дзякуючы сваёй працавітасці і высокаму акцёрскаму майстэрству.

Дарэчы, у спектаклі «Нібыта хворы» ігралі актрысы, якія летась атрымалі прызы БСТД. У 2024 годзе «Крыштальнай Паўлінкай» ўзнагароджаная Таццяна Ліхачова, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі БСТД. «Крыштальную зорку» атрымала адна са старэйшых артыстак тэатра Зінаіда Гурбо.
Прыемнай нечаканасцю для гледачоў быў выхад на сцэну заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Віктара Клімчука, мастацкага кіраўніка заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Беларускі тэатр «Лялька». Па рашэнні саюза тэатральных дзеячаў ён узнагароджаны прызам «Крыштальны анёлак» і дыпломам за яркае і таленавітае жыццё ў тэатры лялек. Коласаўскі тэатр для рэжысёра Віктара Ігнатавіча таксама з'яўляецца родным. Бо пад яго кіраўніцтвам трупа артыстаў-лялечнікаў пачала працаваць тут у 1985 годзе, а потым стварылі і свой тэатр. Зараз «Лялька», яго акцёры і сам Віктар Клімчук вядомыя сваімі спектаклямі далёка за межамі Беларусі, чым прынеслі славу і гонар роднаму Віцебску.

«Сёння ў Коласаўскім тэатры зоркі сышліся», – адзначыла Вераніка Ярмалінская і падзякавала гледачам за іх шчырыя пачуцці да тэатральнага мастацтва, да творчасці легендарнага тэатра імя Якуба Коласа. «Я думаю, што вы любіце тэатр, бо гэта такое мастацтва, якое нельга не любіць», – падкрэсліла яна.


















Добавить комментарий