ЗАПРАШАЕМ У НОВЫ СЕЗОН!

Па даўняй традыцыі Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа адкрывае новы, 96-ы сезон, камедыяй Віталя Вольскага «Несцерка», паказ якой адбудзецца 12 верасня. І традыцыйна адбываецца сустрэча з прадстаўнікамі віцебскіх і рэспубліканскіх СМІ. Ад Коласаўскага тэатра ў прэс-канферэнцыі ўдзельнічалі дырэктар Аляксандр Старых, мастацкі кіраўнік Міхась Краснабаеў і кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі Алесь Замкоўскі.

Алесь Замкоўскі:
– Тэатр развіваецца, тэатр жыве, тэатр імкнецца. Гэты сезон адкрываецца спектаклем, які, нягледзячы, на вялікую гісторыю, можна лічыць і прэм’ерным. Бо ўводзіцца цэлы шэраг новых выканаўцаў. Сярод іх – Аляксандр Казлоў, які сыграе ролю шкаляра, Генадзь Гайдук увойдзе ў вобраз Мацея, Юрась Цвірка стане панам Бараноўскім, а Уладзіслаў Жураўлёў – Другім шляхцюком. Апрача таго, наша акцёрская моладзь, якая нядаўна прыйшла ў тэатр, і мы яе ўводзім у гэты спектакль у якасці масоўкі...

У гэтым годзе спектакль адзначыў юбілей – 80-годдзе першага паказу. Ці будуць з гэтай нагоды праводзіцца нейкія мерапрыемствы?

Алесь Замкоўскі:
– Такіх планаў у нас няма. Галоўнае адзначэнне – гэта сам спектакль.

– У вас у будучым сезоне многа юбілеяў. Але галоўны – 95-годдзе тэатра. Чым, акрамя новага спектакля “Ціль”, вы яго збіраецеся адзначаць?

Алесь Замкоўскі:
– Магчыма, як і ў мінулы юбілей, будзе арганізавана ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі выстава. Ёсць папярэдняя дамова пра мерапрыемствы з Віцебскай абласной бібліятэкай і гарадской бібліятэкай імя Горкага.

Міхась Краснабаеў:
– У нас вельмі загружаная восень. 22-23 верасня мы едзем на гастролі ў Магілёў са спектаклямі «Доктар філасофіі», «Восем закаханых жанчын» і «Сіўкай-Буркай», 10 кастрычніка на фестывалі «Ліпецкія тэатральныя сустрэчы» паказваем спектакль «Гульня ў джын».
16-17 кастрычніка ў Мінску на купалаўскай сцэне у рамках Нацыянальнай тэатральнай прэміі – спектаклі «Бальніца на краі свету» і
«Ваўкалак».

12-16 лістапада едзем на Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі ў Бабруйск са спектаклем «Метро», а 19-20 кастрычника на гастролі ў Гомель, дзе пакажам пастаноўкі «Доктар філасофіі», «Ваўкалак» і «Усе мышы любяць сыр». У канцы кастрычніка пакажам у Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі спектакль «Шагал…Шагал…». Можна было б, вядома, да юбілею падрыхтаваць адмысловы вечар, але вырашылі, што лепш спектакль, у якім будзе занятая ўся трупа.

– Ці папоўнілася трупа новымі акцёрамі?

Міхась Краснабаеў:
– Так. Яшчэ і ў мінулым сезоне ў нас пачалі працаваць Дар’я Французава, Ксенія Камінская і Антон Бараноўскі. Усе яны выпускнікі Віцебскага каледжа культуры і мастацтваў, дзе я ўжо тры гады вяду акцёрскі курс. Гэта дае мне магчымасць больш грунтоўна адбіраць выпускнікоў для працы ў тэатры, чым толькі пасля прагляду дыпломных спектакляў. Усе яны паступілі сёлета на завочны курс у Беларускую акадэмію мастацтваў. Акрамя іх, туды залічана і Паліна Крашэўская, якая мае, можа, ужо з дзесятак роляў.

– У новым сезоне шмат юбілеяў. Ці мяркуеце вы праводзіць бенефісы вядомых артыстаў-коласаўцаў?

Алесь Замкоўскі:
– Свае юбілейныя даты будуць адзначаць народная артыстка Беларусі Святлана Акружная, вядучыя майстры сцэны Анжаліка Баркоўская і Святлана Жукоўская, пазней, восенню – заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова. Ці будуць яны праводзіць свае бенефісы? Гэта будзе відаць па абставінах. Дарэчы, у снежні гэтага года 50-годдзе адзначыць дырэктар тэатра Аляксандр Аляксандравіч Старых. Думаю, што для вас, журналістаў, гэта добрая нагода, каб сустрэцца і пагутарыць з ім. Усё ж такі ён ужо сем гадоў кіруе тэатрам.

– Ужо многа год таму ішла размова пра стварэнне тэатральнага музея. Ці ёсць нейкія зрухі ў гэтым напрамку?

Міхась Краснабаеў:
– З гэтым вам лепш звярнуцца да Святланы Арцёмаўны Акружной. Яна многа гадоў і сіл паклала на ўвасабленне гэтай ідэі.

– Але гэты праект не адбыўся?

Аляксандр Старых:
– Пакуль, на жаль, не.

– Ці будзе адбывацца нейкая мадэрнізацыя тэатра?

Аляксандр Старых:
– Так, мы працуем над заменай даху тэатра. Цяпер ужо ідзе другая чарга гэтых работ. Павінны іх закончыць да пачатку снежня. Хацелася б аднавіць гукавое і светлавое абсталяванне. Усё гэта будзе залежыць ад нашых фінансавых магчымасцей.

– Што б вы маглі распавесці пра новы спектакль «Ціль»?

Міхась Краснабаеў:
Як вы ведаеце, гэта адзін з першых спектакляў, з якіх пачынаў Марк Захараў у Ленкоме. У цэнтры п’есы Рыгора Горына звычайны просты чалавек, які становіцца здольным згуртаваць вакол сябе людзей. Дзесьці ён блазан, дзесьці герой. У яго складаны шлях. Думаю, што Яўген Бераснеў як вопытны артыст будзе здольным годна ўвасобіць гэты вобраз.

Алесь Замкоўскі:
– Адметна, што ў новым спектаклі вялікую ролю сыграе  і народны артыст Беларусі Тадэвуш Кокштыс. Думаю, ён будзе добрым прыкладам для маладых артыстаў, якія за ім пацягнуцца.

Добавить комментарий

Положение
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

АЦАНІЦЕ РАБОТУ НАЦЫЯНАЛЬНАГА АКАДЭМІЧНАГА ДРАМАТЫЧНАГА ТЭАТРА ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА
НА ПАРТАЛЕ
РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ ЯКАСЦІ АКАЗАННЯ ПАСЛУГ І АДМІНІСТРАЦЫЙНЫХ ПРАЦЭДУР
АРГАНІЗАЦЫЯМІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                    

                    

              

 

 

X