ЗАПРАШАЕМ НА «СЦЭНІЧНЫЯ ЧЫТАННІ «ШКОЛЬНЫ ТЭАТР-23»!

13-14 мая на камернай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа адбудзецца заключны этап гарадскога конкурсу «Сцэнічныя чытанні «Школьны тэатр-23». Творчае спаборніцтва, якое мае багатую і цікавую гісторыю, стала свайго роду першым трамплінам, стартам для таленавітых школьнікаў, якія неўзабаве пасля конкурсу выбралі для сябе адпаведную прафесію, звязаную з мастацтвам. І нават на тых, хто пайшоў іншым шляхам, конкурс таксама моцна паўплываў, захапіў тэатрам, сцэнай.

Сёлета ў фінальным туры, якому папярэднічалі раённыя конкурсы дзіцячых драматычных калектываў, прымаюць удзел 10 аб’яднанняў, з іх 9 – гэта школьныя тэатры, і адно – ад устаноў дадатковай адукацыі. Больш за іншых прадстаўлены Першамайскі раён, пяць творчых калектываў заяўлены ў праграме. Гэта школьны тэатр «Адраджэнне» СШ №25 (кіраўнік Аксана Відасава), тэатральны гурт «Пігмаліён» СШ №35 (кіраўнік Вольга Зароўская), студыя «Люстэрка» СШ №46 (кіраўнік Таццяна Кісялёва), тэатральны калектыў СШ №45 (кіраўнік Мікалай Бандарэнка) і школьны тэатр «Прыступкі» гімназіі №7 (кіраўнік Юрый Іваноўскі).

Кастрычніцкі раён прадстаўлены трыма аб’яднаннямі: «Прэм’ера» гімназіі №1 (кіраўнік Таццяна Быкава), «Шкаляр» СШ №22 (кіраўнік Алесь Замкоўскі) і тэатральным калектывам СШ №28 (кіраўнік Зоя Таранеўская).

У Чыгуначным раёне найбольш пашанцавала тэатральнаму калектыву СШ №15, якая знаходзіцца ў пасёлку Руба (кіраўнікі Валянціна Бабкова і Ларыса Гарнова), ён адзіны трапіў у фінал.

Установы дадатковай адукацыі прадстаўлены тэатральнай студыяй «Перазагрузка», якой кіруе Наталля Шлімакова.

Сёлета рэпертуар творчых калектываў даволі разнастайны. Найперш у жанравым вызначэнні: тут і прыпавесць, і легенда, і камедыя, і трагікамедыя, і драматычная балада, і фантасмагорыя, і драма. Вы зможаце ўбачыць класічныя творы. Ці не ўпершыню за ўсю гісторыю фестывалю юныя артысты звярнуліся да спадчыны выдатнага беларускага адраджэнца Вацлава Ластоўскага, які больш вядомы як навуковец і грамадскі, палітычны дзеяч, але быў таксама і таленавітым пісьменнікам... Шырока прадстаўлена сучасная праблемная беларуская драматургія: сярод аўтараў – Васіль Ткачоў, Валерый Гапееў, Аляксей Дудараў, Андрэй Жвалеўскі, Улада Альхоўская. Дзве пастаноўкі прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – «Не пакідай мяне…» і «Трыбунал».

Конкурсная праграма пройдзе 13 мая, пачатак у 9:30. Наступным днём, 14 мая, вы зможаце ўбачыць гасцявую праграму – тэатральны ўрок ад акцёрскага курса Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў (выкладчык Алесь Маханькоў). Мяркуем, што ён будзе карысным усім удзельнікам, якія вырашылі звязаць свой далейшы лёс менавіта са сцэнай. Пачатак а 14-й гадзіне. Адразу пасля гэтага адбудзецца падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў сцэнічных чытанняў «Школьны тэатр-23».

Ну а суддзі хто? Сёлета журы зноў узначаліць народная артыстка Беларусі, лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне» Святлана Акружная. У яго склад таксама ўваходзяць заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, старшыня віцебскага аддзялення Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Таццяна Ліхачова, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў, вядучы майстар сцэны Коласаўскага тэатра, актрыса і рэжысёр  Ніна Обухава, артыст, вядучы майстар сцэны Беларускага тэатра «Лялька», кіраўнік акцёрскага курса Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў Алесь Маханькоў, метадыст Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі Святлана Краўчанка, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкама Таццяна Ігнаткова.

Уваход вольны.

Жадаем удалых выступленняў юным артыстам, а вам, шаноўныя гледачы, прыемных уражанняў!

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

      

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка