ЗАПРАШАЕМ НА БЕНЕФІС НІНЫ ОБУХАВАЙ!

Ніна Обухава – вядомая актрыса, вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, дасведчаны рэжысёр-пастаноўшчык. У жніўні яна адзначыла юбілей – 50-годдзе з дня нараджэння. А 28 верасня выйдзе да гледачоў на вялікую сцэну ў галоўнай ролі Раксаны ў спектаклі «Самая жаданая».

На рахунку Ніны Аляксандраўны такія ролі, як Маша і Вара ў чэхаўскіх «Чайцы» і «Вішнёвым садзе», Наталля з «Васы» М.Горкага, Элен Дзюкас з п’есы «Прывітанне, Альберт!» Ю.Сохара, Машачка з «Мудрацоў...» А.Астроўскага, Ева з «Восеньскай санаты» І.Бергмана, Ангустыяс з «Дома Бернарды Альбы» Ф.Г.Лоркі, Еўдакія з «Пса Белага вострава» А.Дударава, Соф’я з меладрамы «Саня, Ваня, з імі Рымас» і іншыя.
Глядач памятае, з задавальненнем наведваў і наведвае яе таленавітыя пастаноўкі – «Казявачка» Т.Уфімцавай, «Цень думкі нашай…» Ф.Аляхновіча, «Самая жаданая» С.Гіргеля, «Дзядзечкаў сон» паводле Ф.Дастаеўскага.
28 верасня Ніна Обухава запрашае сваіх прыхільнікаў правесці гэты вечар у цёплай утульнай атмасферы тэатральнай залы. Глядач зможа ацаніць яе ў двух іпастасях – як актрысы і як рэжысёра. У спектаклі «Самая жаданая» таксама занятыя народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Тадэвуш Кокштыс (Мацье), артысты Міхаіл Асанаў (Дэвід) і Дзмітрый Філімоненкаў (Нікаля).

Спектакль распавядае пра пошукі кахання і пра тое, што ніякія жыццёвыя вабікі не заменяць творчай душы блізкага, дарагога табе чалавека. Немалады пісьменнік, кінасцэнарыст Мацье шукае сюжэт для новага фільма. І адначасова спадзяецца знайсці шлях да сэрца Раксаны, ягонай натхняльніцы. Мацье прыдумляе для каханай усё новыя прыгоды. На гэты раз ён запрашае Дэвіда – забяспечанага, але вельмі цынічнага юнака, які спрабуе купіць пачуцці жанчыны за немалыя грошы. Адбываецца неверагоднае: у сэрцы Дэвіда нараджаецца сапраўднае каханне да Раксаны. Каму ж з дваіх мужчын гераіня аддасць перавагу?
Пасля спектакля адбудзецца віншавальная частка. Гледачоў чакаюць прыемныя нечаканасці і сюрпрызы. Якія? Пра гэта даведаюцца тыя, хто прыйдзе на бенефіс. Запрашаем!
Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
у аператараў квіткоў 24afisha.by, ticketpro.by, kvitki.by.



















Добавить комментарий