ЗАПРАШАЕМ НА АДКРЫЦЦЁ СЕЗОНА. 100-га, ЮБІЛЕЙНАГА!

19.09.2025

У нядзелю, 21 верасня, а 18-й гадзіне, адчыніцца заслона, і коласаўцы пачнуць юбілейны, 100-ы, тэатральны сезон легендарным спектаклем «Несцерка».

Неўміручая камедыя Віталя Вольскага з’яўляецца візітоўкай Коласаўскага тэатра. І, мабыць не знойдзецца акцёра нашай трупы, які б не выходзіў на сцэну ў гэтай пастаноўцы. У наступным годзе мы будзем адзначаць 85 год з дня першага, прэм’ернага паказу спектакля.

  

Над пастаноўкай у 1941 годзе працавалі рэжысёр-пастаноўшчык, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР Навум Лойтар, мастак Ліпа Кроль, кампазітар, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР Ісак Любан.

У 2006 годзе адбылося капітальнае аднаўленне спектакля. Рэжысёрам яго рэканструкцыі быў заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віталь Баркоўскі. Мастаком аднаўлення – Пятро Анашчанка. Мастакі па касцюмах – Пятро Анашчанка і Ніна Бабровіч. Музычную рэдакцыю падрыхтаваў Аляксандр Крыштафовіч. Балетмайстар Мікалай Падаляк.

Сюжэт камедыі вельмі просты. Бедны, але сумленны і працавіты хлопец Юрась кахае Насту, дачку ганчара Мацея. Дзяўчына адказвае юнаку ўзаемнасцю. Але маці Насты, строгая і ўладарная кабета Мальвіна прыгледзела для яе іншага жаніха – недарэчнага, смешнага і дурнаватага кар’ерыста – Шкаляра. І тут на дапамогу маладым з’яўляецца Несцерка. Нямала перашкод яму давядзецца пераадолець: абхітрыць пана, перамагчы ў дыспуце Шкаляра, ашукаць Суддзю, «адправіць» жаніха-прайдзісвета ў «замежныя краіны» і ўрэшце схіліць непахісную Мальвіну да шлюбу Насты з Юрасём.

  

21 верасня, на адкрыцці сезона, у вобразе Несцеркі выйдзе вядучы майстар сцэны, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Пятро Ламан. Пані Мальвіна – вядучы майстар сцэны Раіса Грыбовіч. У ролях закаханай пары Настачкі і Юрася выступяць вядучы майстар сцэны Ульяна Ацясава і артыст Антон Бараноўскі. Шкаляром Самахвальскім будзе вядучы майстар сцэны Яўген Бераснеў, уладальнік прыза «Крыштальная зорка» Беларускага саюза тэатральных дзеячаў. У вобразе пана Бараноўскага выступіць уладальнік медаля Францыска Скарыны, вядучы майстар сцэны Юрась Цвірка. Ролю Мацея, мужа Мальвіны будзе іграць уладальнік медаля Францыска Скарыны, вядучы майстар сцэны Генадзь Гайдук. Суддзёй стане заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў. У ролі Першага шляхцюка выйдзе заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, вядучы майстар сцэны Георгій Лойка, Другога шляхцюка – упершыню – артыст Аляксей Анісеня.

  

Варта назваць і выканаўцаў эпізадычных роляў. Так, у вобразе жонкі Суддзі ўпершыню выйдзе артыстка, вядучы майстар сцэны Вольга Куляшова. Свахай будзе заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, вядучы майстар сцэны Таццяна Ліхачова. У ролі слугі пана Бараноўскага дэбютуе Мікалай Чарных. Скамарох – вядучы майстар сцэны Цімур Жусупаў.

Больш падрабязна з гісторыяй гэтай пастаноўкі вы можаце азнаёміцца на нашым сайце ў раздзеле «Рэпертуар».

100-ы сезон адзначаны шматлікімі прыемнымі падзеямі і сюрпрызамі для гледачоў.

Найперш, гэта прэм’еры. Яшчэ да Новага года іх будзе чатыры: «Вяселле-буф» па п’есе сусветна вядомага нямецкага драматурга і рэфарматара тэатра Бертольта Брэхта «Мяшчанскае вяселле», «Тытанавая ведзьма» сучаснага беларускага аўтара, лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі Улады Альхоўскай, «Засмучаная радня» класіка сербскай драматургіі Браніслава Нушыча і «Чараўнік ізумруднага горада» па казцы амерыканскага пісьменніка Л.Ф.Баума «Дзівосны чараўнік краіны Оз».

Вядома, будуць фестывалі, на якія адправяцца коласаўцы, гастролі, творчыя сустрэчы з гледачамі, бенефісы і многае іншыя. Мы абавязкова будзем усе гэтыя падзеі адлюстроўваць на старонках сайта і садзейнічаць асвятленню іх у сродках масавай інфармацыі.

А тэатр чакае сваіх любімых гледачоў у нядзелю, 21 верасня,
на адкрыцці 100-га, юбілейнага, тэатральнага сезона!

Квіткі - у касе тэатра (тэлефон +375 212 62-63-81)
і на сайце megavenue.by.

Прыемных вам уражанняў!

 

Добавить комментарий

Положение
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

АЦАНІЦЕ РАБОТУ НАЦЫЯНАЛЬНАГА АКАДЭМІЧНАГА ДРАМАТЫЧНАГА ТЭАТРА ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА
НА ПАРТАЛЕ
РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ ЯКАСЦІ АКАЗАННЯ ПАСЛУГ І АДМІНІСТРАЦЫЙНЫХ ПРАЦЭДУР
АРГАНІЗАЦЫЯМІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                    

                    

              

 

 

X