ЗАГАДЧЫК МУЗЫЧНАЙ ЧАСТКІ АЛЯКСАНДР КРЫШТАФОВІЧ АДЗНАЧАЕ ЮБІЛЕЙ! 60 год!

 

7 ліпеня 2023 года юбілей – 60-годдзе з дня нараджэння – адзначае загадчык музычнай часткі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, кампазітар Аляксандр Маркавіч Крыштафовіч. На яго творчым рахунку арыгінальная музыка і падбор музычнага афармлення больш чым 80 спектакляў. Музыка з’яўляецца адным з найбольш яркіх складнікаў атмасферы спектакля, яна дапамагае рэжысёру рухаць дзеянне, надае пастаноўцы пэўную жанравую адметнасць і акрэсленасць. І ў гэтым вялікая заслуга тэатральнага кампазітара, які адчувае драматургію твора і рэжысёрскую задуму.

   

 

Усё пачалося… з вяселля

Захапленне музыкай для маленькага Сашы пачалося з пяці год. Менавіта тады ён у родных Чашніках трапіў на вяселле. І яго ўразіла, як нейкі дзядзька граў на гармоніку. Захацелася навучыцца самому. І навучыўся. Вядома ж, дарослыя дапамаглі. Наступны музычны інструмент, што юнак асвоіў, была труба. Граць на ёй ён вучыўся ў мясцовай музычнай школе. Паралельна пачаў захапляцца спортам, удзельнічаў у многіх лыжных спаборніцтвах. Аднаго разу ўрачы выявілі праблемы з сэрцам. Бацькі думалі, што гэта з-за трубы. І перавялі яго на клас баяна. Пасля заканчэння школы Аляксандр едзе паступаць у Віцебскае музычнае вучылішча.

Лёс, звязаны з тэатрам

У 1984 годзе Аляксандр Крыштафовіч прысутнічаў на сустрэчы з амерыканцамі ў тэатральнай кавярні, выступаў у складзе фолк-поп-рок-групы «Крыніца». На той час яна была дастаткова вядомай, тройчы станавілася лаўрэатам фестывалю польскай песні ў Віцебску. На сустрэчы былі галоўны рэжысёр Коласаўскага тэатра Валерый Мазынскі і дырэктар Геральд Асвяцінскі. Валерый Яўгенавіч запрыкмеціў таленавітага юнака (яму вельмі спадабалася беларуская праграма) і запрасіў на гутарку. Прагучала прапанова ўзначаліць аркестр тэатра. Аляксандр на той час быў яшчэ студэнтам і не рызыкнуў пагадзіцца. Але ўсё роўна Мазынскі пазнаёміў яго з артыстамі аркестра. Яны прапанавалі прыйсці на рэпетыцыі і паіграць разам з імі. Юнак  валодаў і баянам, і ў той жа час лірай, гармонікам, гітарай, клавішнымі. Дырыжор аркестра Яфім Сандамірскі прапанаваў працаваць музычнай частцы ў якасці музыканта. І Аляксандр Крыштафовіч пачаў іграць на разавых спектаклях. Адначасова  працягваў вучобу ў вучылішчы, выкладаў у музычнай школе і іграў у «Крыніцах» беларускія песні – рэкруцкія, вясельныя ў сваёй аранжыроўцы.

У 1986 годзе Аляксандр Крыштафовіч прыйшоў у Коласаўскі тэатр на сталую работу артыстам аркестра. Тады музычнай часткай кіраваў Генадзь Шэмет. У 1991 годзе Аляксандр Крыштафовіч узначаліў музычную частку тэатра.

 

Неўзабаве аркестр скарацілі, але вясёлыя гісторыі, звязаныя з ім, дагэтуль жывуць. Адна з іх распавёў Аляксандр Маркавіч: «Ідзе спектакль, аркестр грае ў жывую. Адна з артыстак (не буду называць прозвішча) сядзела на авансцэне і мусіла заспяваць сваю партыю. Я папярэдзіў, каб глядзела на маю руку: калі трэба ўступаць – пакажу. Не паглядзела… І не ўступіла. Чую, шэпча: «Саша, пачні спачатку!» А я шапчу ў адказ: «Плач!» І падымаю аркестр на два фортэ! А што рабіць?! Аркестр не будзеш «разварочваць» перад усёй залай. І артыстка плакала. Гэтак выйшлі са становішча».

У якасці кампазітара

Першым спектаклем, для якога Аляксандр Маркавіч стварыў арыгінальную музыку, была «Вераб’іная ноч» паводле пралогу да рамана «Нельга забыць» У.Караткевіча. Гэта была і першая рэжысёрская работа Міхася Краснабаева. Далейшае супрацоўніцтва двух творцаў было актыўным і плённым. І мела паспяховыя вынікі – «Леаніды не вернуцца на Зямлю» па Караткевічу, «Школа блазнаў» па Гельдероду, «Вар’яцкае танга кахання» С.Шэпарда, «Плач, саксафон!» Сідарука, «Стрэл у тумане» па В.Быкаву, і «Доктар Айбаліт» В.Карастылёва, Р.Быкава і многія іншыя спектаклі.

Знакавая частка творчасці юбіляра – пастаноўкі заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віталя Баркоўскага. Гэта быў сапраўдны ўздым, у далейшым высока ацэнены на розных тэатральных фестывалях. Музыка да спектакля «…Таму што люблю…» А.Паповай узнагароджаная дыпломам «За лепшае музычнае афармленне» на Першым нацыянальным фестывалі ў Бабруйску і тэатральным фестывалі «Надзея-2000» у Гродна. Музыка да спектакляў «Пісьменныя» М.Чокэ і «Тузы» У.Відмера – дыпломамі на фестывалях нямецкамоўнай драматургіі ў Мінску ў 1998 і 2002 гадах, музыка да спектакля «Шагал... Шагал…» – на фестывалі «Усход-Захад» (Англія, 2000).

Прыкметнай старонкай у гісторыі беларускага тэатра сталі пастаноўкі па творах нашых песняроў – «Зямля» паводле творчасці Якуба Коласа і «Сон на кургане» паводле драматычнай паэмы Янкі Купалы. Тут Аляксандру Маркавічу вельмі спатрэбіўся яго досвед па аранжыроўцы беларускіх народных песнь, набыты яшчэ пад час работы ў «Крыніцы».

Сумесна з ансамблем салістаў «Класік-Авангард» пад кіраўніцтвам У.Байдава Аляксандр Крыштафовіч зрабіў музычную рэдакцыю спектакля «Несцерка» В.Вольскага, адноўленага ў 2006 годзе без жывога аркестра, што запатрабавала сур'ёзнай карэкціроўкі вакальных нумароў.

Загадчыку музычнай часткі неаднойчы даводзілася і самому ў якасці акцёра і музыканта выходзіць на сцэнічную пляцоўку. У спектаклі Мазынскага – «Плюшавая малпачка ў дзіцячым ложку» выкарыстоўвалася жывое гучанне гітары, кларнета і скрыпкі. Пазней – у пастаноўках Баркоўскага «Шагал… Шагал…» (Зюся, дзядзька Шагала) і «Дадому» (Вулічны музыкант).

 

 

Сам Аляксандр Маркавіч любіць розныя накірункі ў музыцы, ад фольку і класікі да поп-року і авангарднай музыкі. Любімыя кампазітары – Філіп Глас, Альфрэд Шнітке, Жан Мішэль Жар...

За выдатныя творчыя заслугі, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Аляксандр Крыштафовіч неаднойчы ўзнагароджваўся граматамі ўпраўлення культуры Віцебскага аблавыканкама, а таксама ганаровай граматай Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў, граматай Міністэрства культуры і Падзякай Міністра культуры  Рэспублікі Беларусь.

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа
віншуе шаноўнага Аляксандра Маркавіча з юбілеем
і зычыць яму добрага здароўя, толькі светлых дзён,
трываласці, натхнення,
новых цікавых творчых работ на карысць беларускага мастацтва!

Добавить комментарий

Положение
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

АЦАНІЦЕ РАБОТУ НАЦЫЯНАЛЬНАГА АКАДЭМІЧНАГА ДРАМАТЫЧНАГА ТЭАТРА ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА
НА ПАРТАЛЕ
РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ ЯКАСЦІ АКАЗАННЯ ПАСЛУГ І АДМІНІСТРАЦЫЙНЫХ ПРАЦЭДУР
АРГАНІЗАЦЫЯМІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                    

                    

              

 

 

X