ЮБІЛЕЙНЫЯ СЦЭНІЧНЫЯ ЧЫТАННІ. ВЫНІКІ ПАДВЕДЗЕНЫЯ

 

25 і 26 красавіка ў Віцебску, на камернай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, адбыліся юбілейныя, 25-я сцэнічныя чытанні «Школьны тэатр». Яго заснавальнікамі сёлета, як і ўсе апошнія гады, з’явіліся аддзелы па адукацыі, ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага гарвыканакама, і, канешне  ж, сам Коласаўскі тэатр. У праграме конкурсу былі заяўлены сцэнічныя работы 12 тэатральных калектываў школ, гімназій і Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Віцебска. Гэта быў фінальны тур, якому папярэднічалі раённыя конкурсы школьных тэатраў, на якіх прысутнічалі і адбіралі лепшыя спектаклі творчыя прадстаўнікі тэатра імя Якуба Коласа, выкладчыкі каледжа культуры і мастацтваў, метадысты аддзелаў па адукацыі.

Пераможцаў вызначыла журы фінальнага тура, у складзе якога працавалі рэжысёр-пастаноўшчык Коласаўскага тэатра Андрэй Жыгур (старшыня), заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Таццяна Ліхачова, літаратурны рэдактар Коласаўскага тэатра, тэатразнаўца, рэжысёр сёлетніх сцэнічных чытанняў Юрый Іваноўскі, выкладчык акцёрскага майстэрства Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў Кацярына Кацар-Трахіменка і метадыст Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Святлана Краўчанка,

Гран-пры конкурсу атрымаў тэатральны калектыў СШ №45 (кіраўнік Канстанцін Ганчароў) за спектакль «Цені» па п’есе Францішка Аляхновіча. Перад рэжысёрам стаялі вельмі складаныя задачы. Найперш - зацікавіць сваіх акцёраў дастаткова дарослым матэрыялам, у якім спалучаны і сімвалісцкія элементы, і псіхалагічная падрабязнасць пражыванняў герояў, іх пачуцці і жарсці. Рэжысёр зусім не імкнецца прыкрыць выканаўцаў-аматараў пластыкай, альбо музыкай, якія б у нечым ім дапамаглі. Усё сканцэнтравана на акцёрах, якія максімальна наблізіліся да той плыні, якая называецца псіхалагічным тэатрам.

I месца падзялілі паміж сабой два калектывы: узорная тэатральная студыя «Дарослыя дзеці» гімназіі №8 (кіраўнік – вядомы віцебскі рэжысёр Уладзіслава Цвікі) і тэатральная студыя «Т-21» СШ №21 (кіраўнік – актрыса Коласаўскага тэатра Ульяна Ацясава). Гімназісты паказалі монаспектакль «Я хачу лятаць…» па п’есе, якую стварыла сама Уладзіслава Анатольеўна разам з мастаком Надзеяй Бараноўскай. Монаспектаклем згаданую работу можна назваць вельмі ўмоўна, бо поруч з асноўнай ігравой прасторай, на якой працуе адзіная выканаўца, існуе яшчэ і другая – так званы ценявы тэатр, які ствараюць іншыя артысты студыі. Спектакль пра падлеткавую адзіноту (а яна бывае і ў такім узросце), пра мару, пра супярэчлівыя пошукі сваёй чалавечай і творчай сутнасці, пра тое, якім можа быць складаным унутраны свет юнай незамутнёнай душы, якая імкнецца да палёту.

У спектаклі «На Купалле» паводле класічнай п’есы Міхася Чарота значнае месца займае распрацаваная пластычная партытура. Вялікую ролю таксама іграе этнаграфічны бок пастаноўкі, які арганічна спалучаецца з асноўным сюжэтным дзеяннем – гісторыяй трагічнага кахання простай дзяўчыны-найміткі Алесі і Уладзіка – сына пана і прыгоннай жанчыны. Радасць іх кахання гарманіруе з радасцю мноства людзей, з багатай і шчодрай прыродай, такой прыгожай у гэту купальскую ноч. Але не ўсім тут было радасна. Дачка пана Ядзя, якая ўжо даўно кахае Уладзіка, адчувае пагрозу для свайго пачуцця. Яна штурхае сваю саперніцу ў рэчку. Рэжысёр спектакля, у адрозненне ад п’есы з яе трагічным фіналам (там  галоўныя героі гінуць), завяршае спектакль на шчаслівай ноце: ніякая заздрасць, каварства, саслоўная няроўнасць, ніякія чорныя сілы не могуць стаць перашкодай на шляху да сапраўднага кахання.

II месца падзялілі два калектывы: узорны тэатр «ТэСт» СШ №4 (кіраўнік Марына Філенка) і ўзорны тэатральны калектыў «Прэм’ера» Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (кіраўнік Наталля Шлімакова). Першы з іх паказаў сваю пастаноўку п’есы Валерыя Гапеева «Сертыфікат». Яна пра падлеткаў, пра іх захапленні, пра дачыненні дзяцей і настаўнікаў (якія не заўсёды бываюць маральным узорам, прыкладам для падражання), а яшчэ пра складаныя праблемы, з якімі даводзіцца сустракацца сучаснай школе. Адметна, што паставіў спектакль школьнік Уладзіслаў Навумаў, для яго гэта ўжо не першы вопыт рэжысёрскай работы, прычым даволі ўдалы.

Калектыў «Прэм’еры» таксама звярнуўся да творчасці Валерыя Гапеева, зрабіўшы інсцэніроўку яго аповесці «Усё добра… або Урокі бяспечнага кахання». Праблемы там узнімаюцца падобныя да папярэдняй работы. Толькі тут на сцэнічнай пляцоўцы, апрача настаўнікаў, з’яўляюцца яшчэ і бацькі. Падлеткі не згаджаюцца з некаторай беспрынцыповасцю, крывадушшам, двайной мараллю старшага пакалення і пачынаюць па-свойму, па-дзіцячы гэтаму супраціўляцца.

III месца падзялілі тэатральны калектыў «Прэм’ера і К» гімназіі №1 (кіраўнік – таксама коласавец Алесь Замкоўскі) і тэатральны гурток «Вясёлка» СШ №23 (кіраўнік Святлана Падстаўленка).

Гімназісты паказалі спектакль «Пацалунак ночы» паводле казкі-прыпавесці Сяргея Кавалёва. Сярод яго герояў невылечна хворыя дзеці і тыя дарослыя, якія часцяком ахвяруючы сабой, імкнуцца ім дапамагчы. Казачныя матывы падарожжа ў іншую рэальнасць тут спалучаюцца з даволі дарослым пасылам у глядзельную залу, тымі глабальнымі пытаннямі, якія ўздымае спектакль.

Тэатральны гурток «Вясёлка» прадставіў сваё прачытанне п’есы Улады Альхоўскай «Ма-Сін-Сін. Гісторыя аднаго сяброўства». Аўтар гэтай гісторыі ставіць сваю юную гераіню Ірыну ў псіхалагічна складаную сітуацыю нават для дарослага чалавека (а для падлетка асабліва): катаючыся на роліках, гіне яе лепшая сяброўка Насця (гэта ў яе такая незвычайная мянушка – Ма-Сін-Сін). І цяпер яна з’яўляецца да дзяўчыны  жывым чалавекам, з ёй яна вядзе размовы, гутаркі, спрэчкі, слухае яе парады. Сітуацыя ўскладняецца даволі няпростымі адносінамі Ірыны са сваімі аднакласнікамі, якія яе цкуюць. І тут з’яўляецца хлопец Косця, які дапамагае вызваліцца дзяўчыне з гэтай унутранай і знешняй пасткі, у якой яна апынулася. Ён проста паставіў яе твар у твар перад праўдай, якой бы жорсткай яна ні была. Застаецца толькі пытанне, чаму гэтага не здолела зрабіць маці Ірыны, з якой падлетак згубіў узаемаразуменне і проста чалавечы кантакт?

Былі яшчэ і іншыя ўзнагароды ў розных намінацыях. Так, дыпломам глядацкіх сімпатый адзначана творчая група «Дэбют» СШ №9 (кіраўнік Маргарыта Барадаўкіна) за спектакль «Жабкі і Чарапашка» паводле казкі Уладзіміра Караткевіча. Ён жа атрымаў спецыяльны дыплом і прыз ад віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза тэатральных дзеячаў. Лепшым спектаклем для юнацтва названая маладзёжная пастаноўка «Усё добра… або Урокі бяспечнага кахання». Дыпломам у намінацыі «Лепшае ўвасабленне п’есы на грамадзянска-патрыятычную тэматыку» ўганараваны тэатральны калектыў «Амплуа» СШ №28 за спектакль «Нелюдзі». Аўтар п’есы і выканаўца адной з цэнтральных роляў Багдан Кузьмін.

Лепшай рэжысёрскай работай названы спектакль «На Купалле» (дыплом атрымала Ульяна Ацясава). Яна ж адзначана дыпломам «Лепшае музычнае афармленне». За лепшую работу мастака-пастаноўшчыка (сцэнаграфія) узнагароджана Надзея Бараноўская (спектакль «Я хачу лятаць…»). У той жа намінацыі, але за лепшыя касцюмы адзначаны Алесь Замкоўскі і Галіна Ліпская (спектакль «Пацалунак ночы»).

Традыцыйна былі адзначаны і лепшыя юныя выканаўцы. За лепшую галоўную мужчынскую ролю ўганараванны Ілля Гусакоў за ролю Селяніна ў спектаклі «Камедыя пра нешчаслівага селяніна…» (СШ № 17). Такую ж узнагароду атрымаў і Дзяніс Карнякоў за ролю Бацькі ў спектаклі «Нелюдзі».

За лепшую галоўную жаночую ролю ўзнагароджана Дар’я Спінава за ролю Рышкі ў спектаклі «Я хачу лятаць…». У гэтай жа намінацыі дыплом атрымала Ганна Сініцкая за ролю Насці ў спектаклі «Ма-Сін-Сін».

У намінацыі «Лепшая мужчынская роля другога плану» дыпломы атрымалі Аляксандр Машук (за ролю клоўна Клаўса ў спектаклі «Пацалунак ночы») і Багдан Кузьмін (за ролю Зубава ў спектаклі «Нелюдзі»).

У намінацыі «Лепшая жаночая роля другога плану» ўзнагароджаны Кацярына Знудава (за ролю маці Тані ў спектаклі «Усё добра…або Урокі бяспечнага кахання») і Наталля Кузняцова (за ролю Смерці ў спектаклі «Пацалунак ночы»).

У намінацыі «Лепшы дэбют» адзначаны: Данііл Бутрын (за ролю Жабы ў спектаклі «Жабкі і Чарапашка»), Кірыл Паўлоўскі (за ролю Толі ў спектаклі «Выратаваны» па п’есе Алеся Махнача «Прабач, пляменнічак») і Ксенія Друнчанка за ролю Леры ў спектаклі «Белая варона» па п’есе Маргарыты Івановай.

Шэраг артыстаў быў узнагароджаны дыпломамі аддзела па адукацыі Віцебскага гарвыканкама за яскравае выкананне роляў. Іх атрымалі:

- Яўген Новік за ролю Лёшыка і Вікторыя Дзікусарава за ролю Вікторыі Міхайлаўны ў спектаклі «Сертыфікат»
- Максім Сяткоўскі за ролю Алхіміка ў спектаклі «Пацалунак ночы»
- Глеб Ніжнікаў за ролю Салаўя ў спектаклі «Жабкі і Чарапашка»
- Ксенія Сільчанка за ролю Алены ў спектаклі «Белая варона»
- Карына Караткевіч за ролю Алесі і Ганна Цуранава за ролю Ядзі ў спектаклі «На Купалле»
- Уладзіслаў Дзямко за ролю Алёшы ў спектаклі «Выратаваны»
- Ксенія Салдатава за ролю Ірыны ў спектаклі «Ма-Сін-Сін. Гісторыя аднаго сяброўства»
- Тэатральны калектыў «Прэм’ера» атрымаў дыплом «За лепшы акцёрскі ансамбль»

За значны асабісты ўклад у развіццё сцэнічных чытанняў «Школьны тэатр-25» дыплом аддзела па адукацыі атрымала Святлана Дашкевіч, асістэнт рэжысёра Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.

Віншуем усіх пераможцаў і зычым далейшага творчага плёну!

Фота са спектакляў і ўзнагароджання можна будзе пабачыць
у афіцыйных групах Коласаўскага тэатра ў сацыяльных сетках.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

  

ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

           

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

           
          

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка