ЯГО ДУША, ЯК ЯСТРАБ ДЗІКІ... ПЯТРУ ЛАМАНУ – 70!

11 ліпеня святкуе юбілей Пятро Ламан – артыст, вядучы майстар сцэны тэатра імя Якуба Коласа, а таксама вядомы паэт, перакладчык, сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў, уладальнік медаля Францыска Скарыны. Яму спаўняецца 70 гадоў.

Юнацкія гады

Нарадзіўся Пятро Аляксандравіч у вёсцы Маласенцы Карэліцкага раёна, непадалёку ад Мірскага замка, там жа прайшлі яго дзіцячыя гады. Побач Загор’е – радзіма выдатнага беларускага пісьменніка Янкі Брыля, якога добра ведаў бацька будучага артыста і які, можна сказаць, быў хросным Пятра Аляксандравіча ў літаратуры. Будучы юнаком, паказаў таму сшытак з вершамі. Брыль адразу звязаўся з Міколам Аўрамчыкам, загадчыкам аддзела паэзіі ў часопісе «Маладосць» і параіў звярнуць на юнака асаблівую ўвагу. У хуткім часе з’явілася сур’ёзная падборка яго вершаў у гэтым рэспубліканскім выданні.

Пасля заканчэння школы Пятро адпрацаваў год трактарыстам, бо, дзякуючы бацьку, ужо валодаў неабходнымі навыкамі. А потым даведаўся, што аднакласнік, будучы вядомы артыст Тэатра юнага гледача Анатоль Жук, паступіў у тэатральны-мастацкі інстытут, падумаў: «А чым я горшы?». І таксама рушыў у Мінск. Вытрымаў вялікі конкурс і стаў студэнтам на курсе выдатнага майстра Уладзіміра Андрэевіча Маланкіна, які не толькі вучыў прафесіі, але і займаўся выхаваннем асобы. На размеркаванні Пятру прапаноўвалі некалькі тэатраў (Брэст, Магілёў і Віцебск), але ён выбраў Коласаўскі, бо той працаваў выключна на роднай мове. Пасяліўся ў тым пакойчыку, дзе зараз знаходзіцца літаратурна-драматычная частка, глядзеў спектаклі гастралёраў і чакаў адкрыцця сезона.

Першыя ролі

Першая роля была невялікая, у спектаклі «Снежныя зімы» паводле І.Шамякіна іграў брата галоўнага героя, яго персанаж маладым загінуў у партызанах. Так што як след і разгарнуцца не выпадала. Потым была цэнтральная роля – Тэймураза Джакелі з добрай грузінскай камедыі «Не трывожся, мама!». Спектакль ставіў выдатны рэжысёр Барыс Эрын, якога Пётр Ламан таксама лічыць сваім настаўнікам у прафесіі. Спектакль доўга трымаўся ў рэпертуары, яго тройчы аднаўлялі. Ён распавядаў пра жыццё маладога хлопца. Пра яго мары, планы, каханне, жаданні. Пра тое, як ён з'ехаў у войска, дзе яго накіравалі на граніцу, як ён служыў там. Якія цяжкасці яму сустракаліся  і як змяняўся яго погляд на свет і жыццё.

 

Потым быў Юрась у «Несцерцы». Як прызнаецца сам артыст, яму заўсёды было вельмі хораша, цёпла і ўтульна ў гэтым спектаклі. Ён ведаў на памяць усе ролі. Спярша яго, як і ўсіх маладых артыстаў, увялі ў масоўку. Пазней прызначылі на ролю Юрася, якога ён іграў аж да 50 гадоў. Аднойчы выйшаў у вобразе Шкаляра. Доўга іграў Мацея, бацьку Настачкі. І нарэшце, пры апошнім, капітальным узнаўленні спектаклі, быў прызначаны на ролю самога Несцеркі, якога іграе па сёння. Праўда, па першым часе яго выхад у вобразе так упадабанага гледачамі героя выклікаў шмат спрэчак: усе звыкліся з абліччам ранейшых выканаўцаў – гарэзлівых, шпаркіх камедыйных акцёраў. А тут – артыст, знешне падобны на Янку Купалу, Максіма Багдановіча...

 

 

Дарэчы,  ён сыграў і нашых знакамітых песняроў: Купалу - у спектаклі «Сон на кургане», пастаўленым заслужаным дзеячам мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віталем Баркоўскім, Багдановіча – у тэлеспектаклі «Мая душа, як ястраб дзікі», сцэнар якога напісаў сам акцёр.

З лепшых ранніх вобразаў, створаных Пятром Ламанам, – Марцыян Ропат, завадатар паўстання гараджан са «Званоў Віцебска» Ул.Караткевіча; Міхась Дабрынеўскі з драмы А.Петрашкевіча «Трывога», які, абараняючы нявесту, забівае п’янага аднавяскоўца; бязродны музыка Скалнас з «Клеменса» К.Саі, што ўвасабляў сабой духоўнае багацце дзевяцібедаўцаў, якое яны прамянялі на сытае, рабскае жыццё.

 

Дарэчы, у спектаклі «Клеменс», апрача вершаў Алеся Разанава і Уладзіміра Караткевіча, гучалі і радкі самога Пятра Ламана:

Зямля мая,
Ты ўсё ж такі існуеш
І будзеш
Існаваць
Давеку,
Каб абуджаць…
Каб шанаваць…
Каб клікаць…
Каб клікаць
Чалавека
Ў чалавеку.

І яшчэ раз ён сыграе вельмі блізкую яму па духу і ўнутранай сутнасці ролю. Гэта будзе малады паэт Раман, вясковы талент, самародак, крыштальна чысты і патрабавальны да сябе і іншых (спектакль «Востраў Алены» па апошняй п’есе Я.Шабана).

Творчая сталасць

Пазней будуць вострадраматычныя ролі - Рудольф («Такое дзіўнае каханне» – «Рудольфіо» В.Распуціна), Ігар («Адпачынак пасля ранення» В.Кандрацьева), Афганец («І быў дзень…» А.Дударава), Макіявелі («Мандрагора» Н.Макіявелі), Краўзе («Тузы» У.Відмера), Бураў («Стрэл у тумане» В.Быкава), Радзівіл Руды («Чорная нявеста» А.Дударава).

 

 

Яшчэ адна знакавая роля, у якой Пятро Ламан заявіў пра сябе як шматгранны выканаўца, што доўгія гады проста не меў свайго рэжысёра. Гэта Жан з драмы Аўгуста Стрындберга «Фрэкен Юлія» (пастаноўка Антона Грышкевіча). Герой Ламана пастаянна знаходзіцца ў стане ўнутранай раздвоенасці. Ён падыгрывае заляцанням Юліі, бо яму імпануе ўвага гаспадыні-арыстакраткі, і адначасова абачліва асцярожнічае, прыніжана адчуваючы сваю няроўнасць. Ён лакей па складу душы, таму і няздольны ўзняцца да заманлівай вышыні. Мяжа яго магчымасцей – Хрысціна, не столькі роўная па становішчы, колькі падобная па натуры. Невыпадкова абодва яны спакойна і абачліва штурхаюць Юлію да самагубства.

Да свайго 50-годдзя артыст і пісьменнік Пятро Ламан падрыхтаваў аўтарскі монаспектакль «Радзіма душы», паказаны на камернай сцэне. Тут глядацкая энергетыка асаблівая, і таму перад акцёрам стаіць задача заваяваць прыхільнасць публікі. Спектакль складаўся з чатырох частак: маналога пра сябе, аповеду пра бацьку і маці, легенды пра Каложскую царкву і ўласных вершаў юбіляра. У ім артыст і паэт кажа: «Чалавек нараджаецца двойчы. Цела – у мацярынскім улонні, а дзе і калі нараджаецца душа?» Тэатральны крытык Таццяна Катовіч заўважала, што «спектакль ствараўся як споведзь, як духоўная гісторыя аўтара і самога героя, як асэнсаванне сябе ў прасторы і часе жыцця нацыі – праз яе сакральныя матывы і архетыпы». Спектакль сапраўды ўзрушаў, бо артыст гаварыў з гледачом пра самае блізкае, самае кранальнае.

З найбольш цікавых работ апошняга часу трэба вылучыць вобразы Гаспадара («Вельмі простая гісторыя» М.Ладо), Федзі («Я чакаю сапраўднага мужчыну» Э.Радзінскага), Дзеда («Пахавайце мяне за плінтусам» П.Санаева, за яе атрымаў Дыплом у намінацыі «Лепшая мужчынская роля другога плану» на Міжнародным фестывалі камерных тэатраў і монаспектакляў «LUDI» у Арле), Максіма Кутаса («Жарты» («Прымакі» Я.Купалы), Арганта («Хітрыкі Скапэна» Ж.Б.Мальера), Сімы, муж Сойкі («Доктар філасофіі» Б.Нушыча), Актаўё («Дурнічка» Лопэ дэ Вегі).

 

 

 

З задавальненнем і вялікай аддачай артыст працуе ў казачных спектаклях «Прыгоды Чыпаліна» А.Бадуліна, А.Чутко (кум Гарбуз), «Пэппі» Юлія Кіма паводле Астрыд Ліндгрэн (Паліцэйскі), «Агнявы Леў» А.Кружнова (Ратавальнік).

 

Другая прафесія

Няможна  абмінуць літаратурную і перакладніцкую дзейнасць Пятра Аляксандравіча.

Першы зборнік «Споведзь агню» выйшаў у 1979-м. Наступныя дзесяць гадоў сталі для яго асабліва плённымі, выйшлі тры кнігі: вершаваныя – «Зерне імгненняў» і «Стары млын», зборнік прозы «Астравы». Пра што яго творы? Пра чалавека, родную зямлю, каханне, жыццё, такія няпростыя лёсы.

Актыўна працуе Пятро Ламан і як перакладчык. Дзякуючы яму прагучалі на беларускай мове творы, пастаўленыя на коласаўскай сцэне: «Апошнія сведкі» С.Алексіевіч, «Квартэт» Р.Харвуда, «Пахавайце мяне за плінтусам» П.Санаева, «Да трэціх пеўняў» В.Шукшына, «Хітрыкі Скапэна» Ж.-Б.Мальера, «Загадкавыя варыяцыі» Э.-Э.Шмітта, «Прыгоды Чыпаліна» А.Бадуліна, А.Чутко паводле Д.Радары, «Пэппі» Ю.Кіма паводле А.Ліндгрэн, «Экстрасэнсы» («Феномены») Р.Горына і многія іншыя.

У юбілейны дзень
родны тэатр жадае паважанаму Пятру Аляксандравічу
моцнага здароўя, творчага плёну яшчэ на доўгія гады!

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

      

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка