ВЫСТАВА «УСЁ ЖЫЦЦЁ Ў СВЯТЛЕ РАМПЫ», ПРЫСВЕЧАНАЯ СВЯТЛАНЕ АКРУЖНОЙ

17 ліпеня ў 12.00 у Віцебскім абласным краязнаўчым музеі (Ратуша) у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» пройдзе прэзентацыя выставы, прысвечанай народнай артыстцы Рэспублікі Беларусь Святлане Арцёмаўне Акружной «Усё жыццё ў святле рампы».
Святлана Арцёмаўна з'яўляецца актыўным ініцыятарам стварэння ў горадзе Віцебску Музея гісторыі тэатра, што абумоўлена багатымі традыцыямі тэатральнай культуры на Віцебшчыне. Дзякуючы яе садзейнічанню ў фондах Віцебскага абласнога краязнаўчага музея сабрана калекцыя прадметаў і дакументаў па гісторыі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. У 2017 годзе ў Мастацкім музеі прайшла персанальная выстава Святланы Акружной «Маё жыццё ў мастацтве», прысвечаная 70-годдзю з дня яе народзінаў. У 2019 годзе святкавалася 50-годдзе творчай дзейнасці артысткі. Тады ж Святлана Арцёмаўна выступіла з ініцыятывай перадачы ў фонды музея персанальнага комплексу дакументаў, фатаграфій і мемарыяльных рэчаў з умовай іх экспанавання. У выніку нарадзілася ідэя стварэння выставы, прысвечанай жыццю і творчасці актрысы на аснове перададзеных матэрыялаў.
Запрашаем!
Добавить комментарий