ВЯДУЧАМУ МАЙСТРУ КОЛАСАЎСКАЙ СЦЭНЫ, УЛАДАЛЬНІКУ МЕДАЛЯ ФРАНЦЫСКА CКАРЫНЫ ЮРАСЮ ЦВІРКУ – 55

БУДУ АРТЫСТАМ… ЦІ АГРАНОМАМ
Нарадзіўся будучы акцёр Юрась Цвірка 27 верасня 1967 года ў невялікай вёсцы Шчарбіны Капыльскага раёна Мінскай вобласці. А дзяцінства правёў у Амлынцах Нясвіжскага раёна.
Калі Юрасю было прыкладна чатыры гадкі, яму далі першае сур'ёзнае творчае заданне: прачытаць верш перад Дзедам Марозам. Хлопчык так спалохаўся грознага барадатага дзядзьку ў касцюме вядомага навагодняга персанажа, што пазабываў усе словы. Толькі першую палову і смог прамовіць: «Я павук-крыжавiк…» Вось і дражнілі яго доўга ў роднай вёсцы тым самым павуком. Тая ж нясмеласць здаралася з Юрасём і ў школе, калі ён выступаў на сцэне.
«Затое ў класе восьмым, калі мяне запрасілі на раённы агляд у Нясвіж, – успамінае Юрый Браніслававіч, – ужо мог пераадолець нясмеласць і прачытаў доўгі верш ад пачатку і да канца. Потым у выпускным, 10-м класе, на экзамене па літаратуры, таксама чытаў без запінкі. У выніку атрымаў я пяцёрку, а тэарэтычныя пытанні, што былі ў квітку, мне гэтак і не задалі. І вось выйшаў я на школьны ганак і задумаўся: кім жа я хачу быць? Класная кіраўніца даслала артыкул з газеты «Знамя юности», дзе быў абвешчаны прыём у тэатральную вну. Але мама прапанавала пайсці вучыцца на агранома».
Так Юрась прыехаў здаваць уступныя экзамены ў сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках. Як ён сам расказвае, дапамаглі яму нейкія містычныя сілы. Прыкладам, на экзамене па біялогіі хлопец выцягнуў квіток, дзе першых двух пытанняў проста не ведаў, а пра трэці (селекцыя жывёлін) меў паняцце вельмі туманнае. Але ўсё ж рызыкнуў, папрасіў камісію дазволіць адказаць на беларускай мове. І пачаў: «У сувязi з харчовай праграмай селекцыя жывёл мае вялiкае значэнне…» Яго тут жа перапыталі: «А вы выконваеце пастановы харчовай праграмы?» І тут Юрась з гонарам адказаў, што проста не вылазіць з калгаснага поля, а мама яго нават узяла гадаваць парсючка. Ці то парсючок, ці то незвычайны артыстычны дар уразілі камісію, але абітурыенту Цвірку паставілі найвышэйшы бал. Атрымалася выкруціцца і на хіміі, зарабіўшы добрую адзнаку.
Далей былі гады студэнцтва, калі Юрась актыўна выступаў на сцэне акадэміі, беручы ўдзел у разнастайных КВЗ і тэатральных пастаноўках. У Горках яго клікалі галоўным артыстам і давалі спускі на экзаменах. Дарэчы, потым калегі па сцэне пыталіся ў артыста рады: калі лепш садзіць бульбу? І ў працоўнай кніжцы, як жартуе сам Цвірка, у яго запіс: «навуковы аграном». Паўнапраўным чальцом трупы акцёр стаў 31 мая 1991 года.
ПЕРШЫЯ РОЛІ. ПАКУЛЬ ЭПІЗАДЫЧНЫЯ
«У тэатры, куды трапіў пасля конкурснага прагляду, – расказвае Юрась, – мяне ацэньвалі на мастацкай радзе. Заявілі, што я проста выліты Ельцын, што такая фактура сапраўды патрэбна! Узялі, але граў я спачатку ролю эпізадычную, стражніка, які ахоўваў палі маркіза Карабаса. Але я так хацеў быць артыстам, аж пішчаў...»
Першыя гады працы прыносілі пераважна эпізадычныя ролі. Такія, як Беппа ў «Бабскіх плётках» К.Гальдоні, Ціт у «Залётах» В.Дуніна-Марцінкевіча, Буфрон са «Школы блазнаў» М.дэ Гільдэрода і іншыя.

Вучыўся працаваць у ансамблі, знаходзіць нейкую адну цікавую фарбу, дзякуючы якой вобраз станавіўся цікавым, заманлівым для гледача.
ПЕРШЫЯ ГАЛОЎНЫЯ РОЛІ
Першай галоўнай роляй стаў Святаслаў Мазоль са спектакля «Любоў па перапісцы» Л.Вашко. Галоўны герой, зацяты халасцяк, шукае сяброўку жыцця па рэкламных аб'явах і, вядома ж, трапляе ў самыя неверагодныя сітуацыі. Ён знаёміцца з учэпістай прадаўшчыцай Таццянай, экзальтаваным урачом Наталі і нарэшце сустракае сціплую, разумную Марыю Кулачок. Здаецца, сапраўднае каханне напаткала нашага адзінокага героя. Раптам камедыя робіць нечаканы драматычны зігзаг. Цяжкахворая Марыя памірае, пакінўшы каханаму развітальны ліст.

Годам пазней быў Менцікаў у «Кацярыне Іванаўне» па п'есе Леаніда Андрэева. Маючы на ўвазе і гэтага персанажа аўтар пісаў: «Яна прагне пакарання смерцю і шукае яго, але з кожным разам шукае ўсё новую атруту і кожны раз сыходзіць усё больш бруднай і зганьбаванай». Герой пры пэўным знешнім лоску павінен быў выклікаць агіду сваёй маральнай нізасцю, які вырашае свае праблемы з пункту гледжання ўласнага прагматызму.

КАМЕДЫЯ – ГЭТА ЯГО СТЫХІЯ
Вядома ж, асноўнае месца ў творчай палітры акцёра замаюць камедыйныя вобразы. Некаторыя з іх – Першы шляхцюк, потым пан Бараноўскі ў «Несцерцы» В.Вольскага, Галахвасты – «За двума зайцамі» М.Старыцкага, Ласкін з «Пазычанага шчасця» Ф.Палачаніна, Гаспадар з «Жартаў» М.Чарота, Л.Родзевіча, Я.Купалы, Сондэрс – «Шукаем тэнара!» К.Людвіга, Жывата Цвіёвіч з «Доктара філасофіі» Б.Нушыча, Сцяпан у «Што баліць?» Л.Агулянскага і многія іншыя.



Дырэктар правінцыйнага тэатра Сондэрс з амерыканскай камедыі «Шукаем тэнара!» пры ўсёй знешняй праставатасці – хітры прайдзісвет, добра біты праныра, які выдатна зведаў свет і людзей. Ён вельмі добра ўмее прыстасоўвацца да розных абставін, недзе можа прагінацца, а недзе паказваць сябе ўладаром, дэспатам. Выканаўца карыстаецца адкрыта тэатральнымі прыёмамі, блізкімі да фарсу і нават буфанады. Разам з тым акцёр з яго выбуховым тэмпераментам задае неабходны рытм спектаклю, сцэны з яго ўдзелам праходзяць дынамічна. Маладыя і менш вопытныя выканаўцы атрымліваюць добры імпульс.

Спадар Жывата з камедыі «Доктар філасофіі» апантаны ідэяй сцвердзіць сябе ў шляхетным грамадстве, а можа і трапіць на самы верх сацыяльнай лесвіцы. З гэтай мэтай ён пад імем сына-лайдака пасылае вучыцца за мяжу іншага чалавека, які бліскуча заканчвае ўніверсітэт. Глядач смяецца з дарэмных намаганняў Жываты, ды разам з тым шкадуе і па-чалавечы разумее яго, бо трэба ж неяк выжываць у рацыянальным свеце, дзе ўсё прадаецца і ўсё купляецца, а чалавек вымяраецца тытуламі, званнямі, багаццем. Так падае яго выканаўца, мажліва, так выпісаў гэты вобраз і аўтар, бо не дарэшты ён сапсаваны, не зусім ён згубіў сумленне і чалавечую аснову, пра што сведчыць фінал, калі герой прымае чужое дзіця як сваё. Да таго ж, артыст, які мае вялікі досвед сыграных камедыйных роляў, выдатна адчувае жанр спектакля, вытрымлівае ў «сваіх» сцэнах рытм дзеяння, злучае акцёрскі ансамбль.

І ДРАМА, І ТРАГЕДЫЯ
Поруч з гэтымі работамі ў паслужным спісе акцёра і ролі характарныя, драматычныя, нават трагедыйныя. Такім уяўляецца вобраз Макбета з аднайменнай трагедыі У.Шэкспіра, які не пабаяўся артысту даручыць рэжысёр-пастаноўшчык Валерый Анісенка. Ён то ахоплены жарсцю, то паглыбляецца ў філасофскія разважанні, то раптоўна на вачах змяняецца тварам і прадстае хлуслівым д’яблам, якога яшчэ нядаўна ўсе лічылі сапраўдным героем. Шматаблічнасць Макбета ў выкананні Цвіркі ўражвае і падаецца пераканаўча. Спектакль пабываў на Міжнародным фестывалі «Мельпамена Таўрыі», дзе быў надзвычай цёпла прыняты гледачом і крытыкай. А пад час «Славянскага базару ў Віцебску» ён быў паказаны пад адкрытым небам у музеі-сядзібе Іллі Рэпіна ў Здраўнёве.

Буйнымі, яркімі мазкамі малюе Юрась Цвірка вобраз манаха Ларэнца з «Рамэа і Джульеты». У яго выкананні персанаж зусім не адступае на другі план, а становіцца прыцягальным, можна сказаць, эмацыянальным цэнтрам сцэн з яго ўдзелам. А ў фінале спектакля артыст нечакана ўзвышае свой вобраз да трагічных вышынь, калі пры ўсім натоўпе карае, вінаваціць сябе за смерць маладых. Айцец пакутна прыціскаецца да сцяны, спрабуе гаварыць, але слёзы душаць яго і ўжо не зразумець апошніх слоў гэтага пакаяння.

І яшчэ адзін святар. Гэта айцец Гансага са спектакля «Стары-стары сеньёр з вялізнымі крыламі» паводле Г.Г.Маркеса. Галоўная яго рыса – самаўлюбёнасць пры мізэрным аўтарытэце. Яго служэнне Богу – уяўнае. Насамрэч гэта служэнне царкве, сваім апекунам-заступнікам у сістэме царкоўнай іерархіі. Калі ён атрымлівае ліст з Рыма, то ў літаральным сэнсе кідаецца на калені і ледзь не гатовы расцалаваць гэты канверт. У фінале менавіта ён адпраўляе анёла падалей ад людзей. Хай усё застанецца, як і было. Так спакайней.

ДЗІЦЯЧЫ РЭПЕРТУАР
Актыўна задзейнічаны Юрась Цвірка ў спектаклях для дзяцей і падлеткаў. Сярод цікавых роляў: Вадахлёб («Кацігарошак» В.Маслюка), Комік («Доктар Айбаліт» Р.Быкава і В.Карастылёва), Свіння («Кошчын дом» С.Маршака), Сабака-доктар («Дзень нараджэння ката Леапольда» А.Хайта), Фарлаф («Руслан і Людміла» паводле А.Пушкіна), Цокала («Легенда пра Валодшу» В.Маслюка, М.Краснабаева), Кадук («Прыгоды вандроўнага рыцара» Л.Рублеўскай), Забаўнік («Знікненне прынцэсы Фяфёлы» А.Стараторжскага, Л.Цітовай), Кабан («Афрыка» Л.Пранчака), Дзік («Як воўк мамай быў» В.Ткачова), Кароль («Снежная каралева» Я.Шварца), Крот («Прыгоды Дзюймовачкі» П.Ісайкіна), пан Яўхімоўскі («Чароўны хлопчык» А.Замкоўскага).



ЗАСЛУГІ ГОДНА АЦЭНЕНЫ
Праца, творчыя здабыткі артыста годна ацэнены. У 2006 годзе Юрась Цвірка адзначаны Падзякай Міністра культуры Рэспублікі Беларусь і Ганаровай граматай аддзела культуры Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта, у 2011 годзе – Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і ўнесены на Дошку гонару Кастрычніцкага раёна г.Віцебска, у 2015 годзе – ганаровым знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі», у 2017 годзе – Граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, у 2021 годзе – медалём Францыска Скарыны.
Калектыў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа,
а таксама ўсе ўлюбёныя гледачы
віншуюць Юрася Браніслававіча з юбілейным днём нараджэння
і зычаць яму творчага плёну, новых яскравых роляў,
моцнага здароўя і выдатнага настрою, здзяйснення ўсяго задуманага!


















Добавить комментарий