«ВАЎКАЛАК» НА ФЕСТЫВАЛІ Ў СМАЛЕНСКУ

1 кастрычніка Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа прымае ўдзел у Міжнародным тэатральным фестывалі «Смаленскі каўчэг»: Пераможцы і лаўрэаты мінулых гадоў». Яго праводзяць Смаленскі дзяржаўны акадэмічны драматычны тэатр імя А.С.Грыбаедава і Смаленскае рэгіянальнае аддзяленне «Cаюза тэатральных дзеячаў Расійскай Федэрацыі».

На вялікай сцэне тэатра імя А.С.Грыбаедава будзе паказаны спектакль «Ваўкалак» паводле аднайменнага апавядання з кнігі Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, альбо Беларусь у фантастычных апавяданнях». Пастаноўка з’явілася лаўрэатам «Смаленскага каўчэга» ў 2020 годзе ў намінацыі «Лепшы спектакль мало формы».
Апавяданне «Ваўкалак» са знакамітай кнігі «Шляхціц Завальня», напісанай адным з заснавальнікаў беларускай літаратуры, пісьменнікам Янам Баршчэўскім, узнімае спрэчнае маральнае пытанне – пытанне помсты. Стваральнікі пастаноўкі ў Коласаўскім тэатры дакладна паказваюць ўздзеянне гэтага пачуцця на чалавека. Да чаго можа прывесці выгадаванае ўнутры зерне зла? Ці прыносіць помста спакой? Як пазбавіцца ад цемры, якая знішчае душу?
У спектаклі артысты багата выкарыстоўваюць беларускі фальклор: абрады, прыказкі, вясельныя пажаданні, замовы, народныя аўтэнтычныя песні, у тым ліку ў апрацоўцы вядомага этна-трыа «Троіца».
Інсцэніроўка, пастаноўка і музычнае афармленне Ірыны Цішкевіч. Сцэнаграфія і касцюмы Юліі Карымавай. Пластыка і харэаграфія Дзіяны Юрчанка.
Ролю Ваўкалака выконваюць Дзмітрый Каваленка і Пятро Ламан. У спектаклі занятыя: Ульяна Ацясава, Яўген Бераснеў, Арцём Блахін, Раіса Грыбовіч, Святлана Жукоўская, Паліна Крашэўская, Юрась Цвірка, Алёна Чыстабаева.
У конкурснай праграме будуць прадстаўлены спектаклі тэатральных калектываў Беларусі і Расійскай Федэрацыі: тэатры з Пінска, Гомеля, Кастрамы, Ліпецка, Мічурынска і Смаленска.
Журы ўзначальвае доктар філасофскіх навук, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, тэатральны крытык, галоўны навуковы супрацоўнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Вадзім Салееў.
Жадаем удачы нашым артыстам-коласаўцам на «Смаленскім каўчэгу»!



















Добавить комментарий