ВАЛЯНЦІНА БАГДАНАВА. ПАЎСТАГОДДЗЯ З КОЛАСАЎСКІМ ТЭАТРАМ

28.01.2026
28 студзеня юбілей адзначае Валянціна Багданава, артыстка, вядучы майстра сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Яна аддала служэнню сцэнічнаму мастацтву больш за 50 год. У свой дзень нараджэння актрыса выйдзе ў ролі Бабулі ў спектаклі «Пахавайце мяне за плінтусам» паводле аднайменнай аповесці П.Санаева. Чакаем усіх на бенефісе!

Акцёрскія здольнасці ў Валянціны Багданавай выявіліся ўжо ў дзіцячым узросце. Магчыма, тады, калі навучалася ў Пастаўскай школе-інтэрнаце, куды дзяўчынку аддалі бацькі. Там Валянціна і спявала, і танцавала, і займалася спортам, і была важатай.
Потым было Наваполацкае нафтавае вучылішча, дзе дзяўчына таксама была ўсім, і інакш, як артысткай ніхто яе не называў. Тады ж і зразумела, што павінна займацца тэатрам, а не тэхнікай. У інстытут паступіла толькі з другой спробы. Першы раз яе папрасілі прайсціся пад музыку, і дзіўна: раней жа магла якія заўгодна рухі вырабляць, а тут пайшла звычайнаю хадой. І не прайшла. Але ў другі раз з першага імгнення ведала, што паступіць. Так яно і выйшла.
Мастацкім кіраўніком курса быў выдатны тэатральны педагог і рэжысёр Уладзімір Маланкін. Разам з ёй у Коласаўскі тэатр прыйшлі і яе аднакурснікі Валерыя Войчанка, Ігар Нікалаеў, Юрый Засядацелеў, на год пазней Сяргей Шульга.
Валянціна Багданава ні разу не пашкадавала, што выбрала менавіта гэты тэатр. Да яе ніколі не прыходзіла думка, каб пайсці адсюль альбо памяняць яго на якісьці іншы. Яна лічыць Коласаўскі тэатр сваім другім домам. Тут яна стварыла больш за 80 сцэнічных вобразаў.
З ліку першых – Акуліна ва «Уладзе цемры» Талстога. Як напісана ў аўтара, дзяўчына крыху прыдуркаватая, да таго ж яшчэ тугая на вуха. Мікіта, галоўны герой п’есы і спектакля, хоць і жэніцца на Аніссі (маці Акуліны), але заводзіць адносіны з яе дачкой, у выніку чаго нараджаецца дзіця. А потым адбываецца жудаснае злачынства – забойства немаўляці. Тады гэта быў легендарны спектакль, дзе ігралі выдатныя майстры коласаўскай сцэны Анатоль Шэлег, Фёдар Шмакаў, Анатоль Трус, маладыя Леанід Трушко і Святлана Акружная. Вобраз Акуліны трапіў да Валянціны ад яшчэ адной цудоўнай актрысы Галіны Бальчэўскай, якая перайшла ў Купалаўскі тэатр. Увод дапамагала рабіць народная артыстка Беларусі (выканаўца ролі Аніссі) Галіна Маркіна, з якой потым Валянціну Антонаўну звязвалі доўгія гады сяброўства.

У актрысы былі розныя па маштабу ролі: і цэнтральныя, і, так бы мовіць, другога плану, і эпізадычныя, і выхады ў масоўцы. Пераважалі лірычныя ці лірыка-псіхалагічныя. Адну з такіх роляў – Юльку са спектакля «Чужы» па п’есе Л.Ніканенкі – актрыса і зараз згадвае з незвычайнай цеплынёй. Гэты спектакль прайшоў больш за 500 разоў. У ім было рэальнае жыццё, што, зрэшты, і патрэбна гледачу.

Актрысу прываблівалі моцныя, валявыя жаночыя характары, якія яна стварала пераважна ў спектаклях па творах сучаснай драматургіі. Такімі былі яе Вера з «Трох мяшкоў засмечанай пшаніцы» У.Цендракова, Лайма з «Клеменса» К.Саі, Ніна з дудараўскага «Парога», Таццяна з «Любові па перапісцы» Л.Вашка, Жэня з «Блуднага мужа і яго жонкі Варвары» Г.Марчука, Пэпіта з «Блэза» К.Манье, Жэнька з драмы «Пад сонцам» В.Маслюка.


Увогуле Валянціна Багданава была актыўна занятая ў рэпертуары. Ёй казалі: табе патрэбны свой рэжысёр і крыху шанцавання. А ў яе ніколі не было такога рэжысёра-сябра, які б рухаў.
На жаль, не так многа іграла ў класіцы: Паліна Андрэеўна ў «Чайцы» Чэхава, Люба са спектакля «І смех, і слёзы, і Любоў» паводле У.Набокава.

Паліна Андрэеўна – адна з любімых роляў актрысы. Гэта было ўпершыню за гісторыю тэатра, калі класіка ішла на камернай сцэне. Валянціна Багданава існавала ў спектаклі лёгка, роля адбылася. А над вобразам Любы актрыса працавала самастойна. Так ужо сталася, што былі зацверджаны іншыя выканаўцы, але Валянціна Антонаўна таксама падала сваю заяўку і іграла нароўні з другімі актрысамі.

У спектаклі «Маленькі свет», пастаўленым па п’есе Алены Паповай, актрыса сыграла адну з цэнтральных роляў. Яе Жанна як быццам самадастатковая, як можа здацца на першы погляд, даволі паспяховая сучасная жанчына. Хоць і асабістае жыццё не вельмі склалася. Вельмі хацелася самастойнасці, уяўнага самасцвярджэння ў адносінах з мужам. А ў выніку набыла адзіноту. Спектакль, якому, на жаль, было суджана нядоўгае сцэнічнае жыццё, атрымаўся пра дэфіцыт чалавечнасці, дабрыні, пра дэфармацыю душэўных якасцей у сучасным чалавеку.

У спектаклі «Пазычанае шчасце» па п’есе Фёдара Палачаніна актрыса стварыла пераканаўчы вобраз Маці. Гэтага персанажа першапачаткова не было ў п’есе, але з’яўленне, прысутнасць у спектаклі вобраза матулі надае твору асабліва цёплую, душэўна-шчымлівую інтанацыю.

Тонкім псіхалагізмам, глыбокім асэнсаваннем вобраза вылучаецца адна з апошніх работ Валянціны Багданавай – роля Бабулі ў спектаклі «Пахавайце мяне за плінтусам» паводле аповесці Паўла Санаева. Перад намі жанчына досыць дэспатычная, уладарная, амаль звар’яцелая на глебе любві да ўнука. Актрыса спрабуе зразумець гэты вобраз, знайсці псіхалагічную матывіроўку яе паводзін. Гераіня Багданавай не настолькі жорсткая, як у аднайменным фільме, а хутчэй патрабавальная і нагадвае строгую настаўніцу, абдзеленую ўласным жаночым лёсам.

Сярод апошніх работ актрысы – Старая ў драматычнай камедыі «Бальніца на краі свету» Х.Бойчава, Фея дажджу з казкі «Агнявы Леў» А.Кружнова і Лідзі з яшчэ аднаго дзіцячага спектакля «Усе мышы любяць сыр» Д.Урбана.
Старая з «Бальніцы на краі свету» нагадвае такіх жа простых, беларускіх вясковых кабет, якія ўмеюць і працаваць, і дзяцей нараджаць, і за вострым слоўцам у кішэню не палезуць. Сцэны, у якіх удзельнічала актрыса, адзначаны і цёплым гумарам, і нейкай шчымлівай тугой. Асабліва ж уражвала іх заключная сцэна, дзе яна злучаецца са Старым у нейкай іншай рэальнасці. Разам яны ідуць насустрач бясконцасці і зорнаму небу.

У спектаклі «Усе мышы любяць сыр» Валянціна Багданава іграе Лідзі – маці аднаго з мышаняткаў, вельмі клапатлівую, руплівую «жанчыну», якая паспявае і за хатняй гаспадаркай пасачыць, і недарэку-мужа падштурхнуць, і пра сына паклапаціцца. Прыемна назіраць, як актрыса ў даволі сталым узросце добра рухаецца, спявае, танчыць, як можа актыўна і цікава існаваць на сцэнічнай пляцоўцы.

Нават іграючы эпізадычныя ролі, актрыса напаўняе іх глыбокім драматычным (альбо камедыйным) зместам. У спектаклі «Сотнікаў» паводле аднайменнай аповесці Васіля Быкава яна стварыла вобраз Жонкі старасты Пятра Качана. Актрыса дакладна паказвае душэўны стан сваёй гераіні, яе трывогу і боль за блізкага чалавека, жыццё якога пастаянна вісіць на валаску ад смерці.

Псіхалагічна дакладны вобраз Яўлампіі Захараўны Валянціна Багданава стварае ў спектаклі «Кара-ціці-кара» («Удовін параход») па п’есе І.Грэкавай і П.Лунгіна, пастаўленым да 80-годдзя Вялікай Перамогі. На гэты раз яе гераіня – дырэктар Дома дзіцяці. Яе літаральна разрываюць на часткі клопаты пра гадаванцаў. Тут і нястача малака, і рамонт памяшкання, і недахоп спецыялістаў. Актрыса добра паказвае чалавечую сутнасць Яўлампіі, якая праяўляецца, між іншым, у дабрыні, спачуванні, чуласці і нейкім шчымлівым адчуванні цудоўнага. Менш за ўсё яна клапоціцца пра саму сябе. Гэта не проста мастацкі вобраз, гэта вобраз-абагульненне.
Не так ужо многа было ў творчай біяграфіі актрысы камедыйных вобразаў, і вось, нарэшце, напаткала яе ўдача. У спектаклі «Вяселле-буф» па п’есе Бертольда Брэхта яна віртуозна сыграла ролю Маці жаніха. Працуючы ў крыху нязвыклай стылістыцы буфанады і падтрымліваючы сваёй ігрой малюнак спектакля, зададзены рэжысёрам, актрыса нясе і сваю тэму – бязмежнай, часам фанатычнай мацярынскай любові, заклапочанасці будучым дабрабытам, шчасцем свайго сына.

Творчыя дасягненні Валянціна Антонаўна высока ацэнены на рэспубліканскім і абласным узроўнях, кіраўніцтвам грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз тэатральных дзеячаў». Яна адзначана Ганаровымі граматамі Віцебскага абласнога і гарадскога выканаўчых камітэтаў, граматай і Ганаровай граматай, а таксама нагрудным знакам «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, дыпломам і Ганаровай граматай Беларускага саюза тэатральных дзеячаў, Ганаровымі граматамі Рэспубліканскай і абласной арганізацый работнікаў культуры.
Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатра імя Якуба Коласа шчыра віншуе
актрысу, вядучага майстра сцэны Валянціну Антонаўну Багданаву з юбілеем
і зычыць ёй толькі светлых, радасных дзён, моцнага здароўя,
жыццёвага аптымізму, бадзёрасці і добрага настрою!



















Добавить комментарий