ВАЛЯНЦІНА БАГДАНАВА: КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР – МОЙ ДРУГІ ДОМ

28 студзеня юбілей адзначае Валянціна Багданава, артыстка, вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Яна аддала служэнню сцэнічнаму мастацтву больш за 45 год.

ПАЧАТАК

Акцёрскія здольнасці ў Валянціны Антонаўны Багданавай (а тады яшчэ Валі Лаберка) выявіліся ўжо ў дзіцячым узросце. Магчыма, тады, калі навучалася ў Пастаўскай школе-інтэрнаце, куды дзяўчынку аддалі бацькі. Сям’я была вялікая (дзесяць дзяцей) і складана было старэйшым усіх утрымліваць. Ім параілі аддаць малодшых у інтэрнат. Там Валянціна і спявала, і танцавала, і займалася спортам, і была важатай. Настаўнікі былі выдатныя, магчыма, у сваёй роднай вёсцы такіх ведаў, такой падрыхтоўкі яна не атрымала б.

Потым было Наваполацкае нафтавае вучылішча, дзе дзяўчына таксама была ўсім, і інакш, як артысткай ніхто яе не называў. Тады ж і зразумела, што павінна займацца тэатрам, а не тэхнікай. У інстытут паступіла толькі з другой спробы. Першы раз яе папрасілі прайсціся пад музыку, і дзіўна: раней жа магла якія заўгодна рухі вырабляць, а тут пайшла звычайнаю хадой. І не прайшла. Але ў другі раз з першага імгнення ведала, што паступіць. Так яно і выйшла.

Мастацкім кіраўніком курса быў выдатны тэатральны педагог і рэжысёр Уладзімір Маланкін. Разам з ёй у Коласаўскі тэатр прыйшлі і яе аднакурснікі Валерыя Войчанка, Ігар Нікалаеў, Юрый Засядацелеў, на год пазней Сяргей Шульга.

ЛЕГЕНДАРНЫ СПЕКТАКЛЬ

Валянціна Багданава ні разу не пашкадавала, што выбрала менавіта гэты тэатр. Да яе ніколі не прыходзіла думка, каб пайсці адсюль альбо памяняць яго на якісьці іншы. Яна лічыць Коласаўскі тэатр сваім другім домам. Тут яна стварыла каля 80 сцэнічных вобразаў.

 

З ліку першых – Акуліна ва «Уладзе цемры» Талстога. Тады гэта быў легендарны спектакль, дзе ігралі выдатныя майстры коласаўскай сцэны Анатоль Шэлег, Фёдар Шмакаў, Анатоль Трус, маладыя Леанід Трушко і Святлана Акружная. Вобраз Акуліны перайшоў да Валянціны ад яшчэ адной цудоўнай актрысы Галіны Бальчэўскай, якая перайшла ў Купалаўскі тэатр. Уводзілі Валянціну, дапамагалі асвоіць складаны талстоўскі вобраз знакамітыя калегі, і найперш народная артыстка Беларусі Галіна Маркіна, з якой Валянціну потым звязалі доўгія гады сяброўства. Рэжысёр легендарнага спектакля Барыс Эрын правёў толькі адну прагонную рэпетыцыю і ўхваліў работу дэбютанткі.

УКЛАДАЛА ЧАСЦІНКУ ДУШЫ

Потым былі розныя па маштабу ролі: і цэнтральныя, і, так бы мовіць, другога плану, і эпізадычныя, і выхады ў масоўцы. Пераважалі лірычныя ці лірыка-псіхалагічныя, і гэта не дзіва, бо рэжысёры звярталі ўвагу на прывабную, з чыста беларускімі рысамі твару знешнасць і здольнасць актрысы закласці ў вобраз асабісты вопыт, укласці часцінку сваёй душы.

Адну з такіх роляў – Юльку са спектакля «Чужы» па п’есе Л.Ніканенкі – актрыса і зараз згадвае з незвычайнай цеплынёй. Гэты спектакль прайшоў больш за 500 разоў. У ім было рэальнае жыццё, зрэшты, гэта і патрэбна гледачу.

 

Актрысу прываблівалі моцныя, валявыя жаночыя характары, якія яна стварала пераважна ў спектаклях па творах сучаснай драматургіі. Такімі былі яе Вера з «Трох мяшкоў засмечанай пшаніцы» У.Цендракова , Лайма з «Клеменса» К.Саі, Ніна з дудараўскага «Парога», Таццяна з «Любові па перапісцы» Л.Вашка, Жэня з «Блуднага мужа і яго жонкі Варвары» Г.Марчука, Пэпіта з «Блэза» К.Манье, Жэнька з драмы «Пад сонцам» В.Маслюка.

 

 

 

 

Увогуле Валянціна Багданава была актыўна занятая ў рэпертуары. Ёй казалі: табе патрэбны свой рэжысёр і крыху шанцавання. А ў яе ніколі не было такога рэжысёра-сябра, які б штурхаў.

На жаль, не так многа іграла ў класіцы: Паліна Андрэеўна ў «Чайцы» Чэхава, Люба са спектакля «І смех, і слёзы, і Любоў» паводле У.Набокава.

 

Паліна Андрэеўна – адна з любімых роляў актрысы. Гэта было ўпершыню за гісторыю тэатра, калі класіка ішла на камернай сцэне. Валянціна Багданава існавала ў спектаклі лёгка, роля адбылася. А над вобразам Любы актрыса працавала самастойна. Так ужо сталася, што былі зацверджаны іншыя выканаўцы, але Валянціна Антонаўна таксама падала сваю заяўку і іграла нароўні з другімі актрысамі.

 

РОЛІ АПОШНІХ ГАДОЎ

У спектаклі «Маленькі свет», пастаўленым па п’есе Алены Паповай, актрыса сыграла адну з цэнтральных роляў. Яе Жанна як быццам самадастатковая, як можа здацца на першы погляд, даволі паспяховая сучасная жанчына. Хоць і асабістае жыццё не вельмі склалася. Вельмі хацелася самастойнасці, уяўнага самасцвярджэння ў адносінах з мужам. А ў выніку набыла адзіноту. Спектакль, якому, на жаль, было суджана нядоўгае сцэнічнае жыццё, атрымаўся пра дэфіцыт чалавечнасці, дабрыні, пра дэфармацыю душэўных якасцей у сучасным чалавеку.

 

У спектаклі «Пазычанае шчасце» па п’есе Фёдара Палачаніна актрыса стварыла пераканаўчы вобраз Маці. Гэтага персанажа першапачаткова не было ў п’есе, але з’яўленне, прысутнасць у спектаклі вобраза матулі надае твору асабліва цёплую, душэўна-шчымлівую інтанацыю.

 

Тонкім псіхалагізмам, глыбокім асэнсаваннем вобраза вылучаецца адна з апошніх работ Валянціны Багданавай – роля Бабулі ў спектаклі «Пахавайце мяне за плінтусам» паводле аповесці Паўла Санаева. Перад намі жанчына досыць дэспатычная, уладарная, амаль звар’яцелая на глебе любві да ўнука. Актрыса спрабуе зразумець гэты вобраз, знайсці псіхалагічную матывіроўку яе паводзін. Гераіня Багданавай не жорсткая і патрабавальная, а хутчэй нагадвае строгую настаўніцу, абдзеленую ўласным жаночым лёсам.

 

Сярод апошніх работ актрысы – Старая ў драматычнай камедыі «Бальніца на краі свету» Х.Бойчава, Фея дажджу з казкі «Агнявы Леў» А.Кружнова і Лідзі з яшчэ аднаго дзіцячага спектакля «Усе мышы любяць сыр» Д.Урбана.

 

Старая з «Бальніцы на краі свету» нагадвае такіх ж простых, беларускіх вясковых кабет, якія ўмеюць і працаваць, і дзяцей нараджаць, і за вострым слоўцам у кішэню не палезуць. Сцэны, у якіх удзельнічае актрыса, адзначаны і цёплым гумарам, і нейкай шчымлівай тугой. Асабліва ж уражвае іх заключная сцэна, дзе яна злучаецца са Старым у нейкай іншай рэальнасці. Разам яны ідуць насустрач бясконцасці і зорнаму небу.

У спектаклі «Усе мышы любяць сыр» Валянціна Багданава іграе Лідзі – маці аднаго з мышаняткаў, вельмі клапатлівую, руплівую «жанчыну», якая паспявае і за хатняй гаспадаркай пасачыць, і недарэку-мужа падштурхнуць, і пра сына паклапаціцца. Прыемна назіраць, як актрыса добра рухаецца, спявае, танчыць, як можа актыўна і цікава існаваць на сцэнічнай пляцоўцы.

 

УЗНАГАРОДЫ

Творчыя дасягненні Валянціны Антонаўны высока ацэнены на рэспубліканскім і абласным ўзроўнях, кіраўніцтвам грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз тэатральных дзеячаў». Яна адзначана Ганаровай граматай аблвыканкама, граматай і Ганаровай граматай, а таксама нагрудным знакам «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатра імя Якуба Коласа
шчыра віншуе актрысу, вядучага майстра сцэны Валянціну Антонаўну Багданаву
з юбілеем і жадае ёй толькі светлых, радасных дзён,
моцнага здароўя, жыццёвага аптымізму, бадзёрасці і добрага настрою!

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

           

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка