ВАДЗІМ АСВЯЦІНСКІ: «ДЛЯ МЯНЕ ЎСЕ РОЛІ ЛЮБІМЫЯ»

Каля 25 год творчага жыцця Вадзім Асвяцінскі аддаў Коласаўскаму тэатру. За гэты час сыграна каля 50 роляў самага рознага кшталту – вострахарактарных, камедыйных, драматычных.

Сярод найбольш значных работ – Валодзька ў трагікамедыі «Трыбунал» А.Макаёнка, Віцька ў драме «Стары дом» А.Казанцава, Хлестакоў у эксперыментальнай пастаноўцы Б.Эрына «ЧП-1»–«ЧП-2» паводле «Рэвізора» М.Гогаля, граф Рэтланд у гістарачнай хроніцы «Генры VI» У.Шэкспіра, Франсуа ў дэтэктыве «Загадка дома Вернье» А.Крысці, Ягорка з трагікамедыі «Самазабойца» М.Эрдмана, гарадскі прарок Іллюк з інсцэніроўкі рамана Ул.Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».

 

 

Асаблівае месца складаюць яго казачныя персанажы – Лесавік з «Пунсовай кветачкі» І.Карнаухавай і Л.Браўсевіч, Рыжык і Баравічок («Жыла-была Сыраежка» В.Зіміна), Нядзеля з «Беласнежкі і сямі гномаў» Л.Усцінава і А.Табакова, Алесь з «Купальскай ночы» Ю.Куліка, Певень з «Кошчынага дома» С.Маршака, Воўк з «Вядзьмаркі і Дыназаўрыка» А.Якімовіча, Жук-Рагач з «Казявачкі» Т.Уфімцавай, Аўва з «Доктара Айбаліта» Р.Быкава і В.Карастылёва, маэстра Дымуча з «Агнявога льва» А.Кружнова, Людаед з «Ката ў ботах» А.Замкоўскага паводле Ш.Пэро (апошняя па часе работа артыста) і іншыя. Напярэдадні юбілею мы сустрэліся і пагутарылі з Вадзімам Геральдавічам.

– Калі Вы ўпершыню адкрылі для сябе тэатр і што пацягнула Вас у гэтую прафесію?

– У 1966 годзе, калі мы з бацькамі пераехалі ў Віцебск. Увогуле я не думаў паступаць у тэатральны інстытут. У мяне былі сур’ёзныя дасягненні ў спорце (займаўся вялікім тэнісам), але здарылася хвароба і давялося гэтыя заняткі кінуць. Адначасова я іграў у школьным драмгуртку, і настаўніца рускай мовы і літаратуры мне параіла: «Ідзі ў тэатр, гэта тваё прызванне». Потым быў інстытут – гэта зусім іншы асяродак, дзе панавала творчасць. Артысты, мастакі, тэатразнаўцы – мы ўсе варыліся ў адным катле. З некаторымі з іх я сябрую і па сёння. Адам Глобус, Ваня Казак, Рыгор Сітніца і мае аднакурснікі – Георгій Лойка, Галіна Букаціна, Андрэй Душачкін. У інстытуцкія гады адбыліся мае першыя спробы як у тэатры, так і ў кіно.

– І якая ж была першая роля?

– Яна адбылася 7 лістапада 1977 года. Гэта быў Матрос у «Аптымістычнай трагедыі». Ставіў спектакль кіраўнік нашага курса Валерый Мікалаевіч Раеўскі. Праз два гады я трапіў і ў кіно. У фільме «Звон адыходзячага лета» сыграў ролю Аляксея, простага вясковага хлопца, што быў закаханы ў галоўную гераіню. Так здарылася, што маё прозвішча нават не трапіла ў тытры. Асістэнт рэжысёра Жанна Пекарская потым выбачалася за гэтую памылку і запрашала надалей на здымкі.

 

Больш сур’ёзны вопыт да мяне прыйшоў праз год у наступнай рабоце ў кіно: у серыяле «Дзяржаўная граніца» («Мірнае лета 21-га») выдатнага беларускага кінарэжысёра Барыса Сцяпанава я сыграў Запявалу, польскага бандыта. Я спяваў голасам Валерыя Залатухіна прыпеўкі: «По России слух прошёл – Николай с ума сошёл». А ў фільме-спектаклі Уладзіміра Арлова «Камедыянт» я ўжо сыграў адну з цэнтральных роляў – Міраслава, сына Дуніна-Марцінкевіча. Там побач са мной працавалі выдатныя беларускія артысты Генадзь Гарбук, Валерый Філатаў, Святлана Кузьміна. Гэта была вялікая школа. Хачу сказаць дзякуй Уладзіміру Аляксандравічу за тое, што выбраў мяне на гэтую ролю, што паверыў мне.

– А якія яшчэ вядомыя людзі, выдатныя майстры паўплывалі на Вашае творчае развіццё?

– Канешне, гэта ў першую чаргу Андрэй Валянцінавіч Карсакоўскі, наш педагог, куратар курса ў інстытуце. Ён прывучаў адносінам да прафесіі, да ролі. «Гэта ж сапраўднае ваша жыццё, – любіў казаць ён. – І да яго трэба ставіцца вельмі клапатліва і абачліва. Гэтаксама як і да ўсіх, хто вакол цябе– артыстаў, касцюмераў, грымёраў». На мяне паўплывала гадзінная размова з народным артыстам СССР Міхаілам Ульянавым, з якім мы сустрэліся на здымках фільма «Вайна на заходнім накірунку», дзе я сыграў ролю Васількова – ад’ютанта генерала Чумакова. На яго пытанне, над чым зараз працую ў Коласаўскім тэатры, я амаль што з гонарам адказаў:  над Хлестаковым. Мне тады было 29 год, а яму ўжо ішоў восьмы дзесятак. «Ну вось, – сказаў Ульянаў, – у тэатры – Хлестакоў. Тут, у кiно, – таксама неблагая роля». І дадаў: «Вам, маладым, падаецца, што ўвесь Сусвет круцiцца менавiта вакол вас. Гэтаксама думаў калiсьцi i я. Але гэта ўсе не так – гэта я «кручуся» суткамi ў тэатры, кірую Саюзам тэатральных дзеячаў СССР, а яшчэ і Вярхоўны Савет СССР, вырашаем, якім шляхам пойдзе наша краіна!.. І паўжартам дадаў: «Увесь Сусвет будзе круцiцца вакол артыста адзiн раз – тады, калi яго адправяць у апошнi шлях».

 

– Ваш бацька вядомая і выбітная ў беларускім мастацтве асоба. Больш за 27 гадоў ён быў дырэктарам Коласаўскага тэатра. Ці паўплываў ён на Вас і якім чынам?

– У дзяцінстве я яго рэдка бачыў. Ён у 8 гадзін раніцы сыходзіў з дому і вяртаўся ў 9 вечара, а бывала і значна пазней. Мяне больш выхоўвала вуліца, школа. Бацька быў заўсёды ў тэатры. Раскажу адзін выпадак. Выязны спектакль, артысты вяртаюцца позна, апоўначы, а можа, першая гадзіна ночы. Праязджаюць Кіраўскі мост, бачаць, а ў дырэктарскім кабінеце гарыць святло. Ён чакаў, пакуль артысты прыедуць. Бывала і такое. Проста бацька жыў тэатрам.

– А першай роляй на коласаўскай сцэне была…

– Роля Валодзькі ў «Трыбунале». Мяне толькі прынялі ў тэатр, а наступным тыднем мяне выклікае загадчык трупы і ўручае мне яе тэкст. Трэба было замяніць на выязным спектаклі асноўнага выканаўцу – Баляслава Сяўко, які паехаў на замежны фестываль. Для мяне гэта была вялікая адказнасць. У мяне былі шыкоўныя партнёры – Іосіф Матусевіч і Зінаіда Канапелька. Роля, як я лічу, атрымалася.

– Якія тры ролі – самыя любімыя, самыя знакавыя Вы маглі б вылучыць: у тэатры і ў кіно?

– Зрэшты, для мяне ўсе ролі любімыя. Калі прыступаю да працы над новым матэрыялам, то заўсёды ў яго ўлюбляюся цалкам або знаходжу некаторыя моманты, дзеля якіх ім можна захапіцца. Можа, ёсць некаторыя ролі, за якія я браўся з асаблівым імпэтам. Гэта Ягорка са спектакля «Самазабойца», які ставіў у нашым тэатры Аляксандр Смелякоў у 1986 годзе. Калі Мазынскі чытаў артыстам п’есу, мяне адразу гэтая роля зачапіла, я падумаў, што гэта мой персанаж. Хто ён такі? Камсамолец, заўзятар, які хапаецца за любую справу, але трохі з дурынкай.

 

– Гэта быў камедыйны персанаж?

– Для мяне няма «чыстага» жанру. У камедыі звычайна люблю знайсці драматычную нотку, а ў драме – камедыйную. Гэта больш падобна на жыццё. Калі ты ідзеш ад «праўды пачуццяў», калі з табой і тваім сцэнічным партнёрам нешта адбываецца, тады і сутнасць спектакля становіцца больш зразумелай. Другая роля, якая мне запомнілася, – граф Рэтланд са спектакля «Генры VI» паводле Шэкспіра таго ж рэжысёра. Гэта малодшы сын Ёрка, якога іграў народны артыст СССР Фёдар Шмакаў. Праца з мэтрам коласаўскай сцэны таксама мяне многаму навучыла. Мой герой – на самым парозе сталасці, ён быў заўсёды пад апекай бацькі, і яго забіваюць. Ну і, вядома ж, Хлестакоў у эксперыментальным спектаклі Барыса Эрына. Я лічу, што эксперымент у тэатры заўсёды патрэбен.

– Вядома, што ў гэтым спектаклі суіснавалі адразу чатыры Хлестаковы.

– Так, і ўсе былі рознымі па знешнасці, па фактуры, па характару. На жаль, гэты спектакль мала ішоў, бо цяжка было сабраць усю трупу, якая ў ім удзельнічала. Калі браць маю працу ў кіно, то з цеплынёй узгадваю Аляксея з фільма «Звон адыходзячага лета», Міраслава з «Камедыянта» і ад’ютанта з «Вайны на заходнім накірунку». Раней праца над роляй у кіно пачыналася за паўгода, як фільм запушчаны ў работу. Напрыклад, мне, каб арганічна сыграць таго ж Міраслава, трэба было навучыцца іграць на віяланчэлі. А ў мяне – ніякага досведу. І я некалькі месяцаў хадзіў у музычную школу, дзе кожны тыдзень па дзве гадзіны займаўся ў цудоўнай выкладчыцы, якая яшчэ вучыла Мікалая Яроменку. Навучыўся іграць «Чыжыка-пыжыка».

– А што з апошніх работ у кіно Вы можаце вылучыць?

– Цікавая работа была ў серыяле «Водар шыпшыны» (дарэчы, там ігралі і іншыя артысты-коласаўцы). Гэта такая сямейная сага. Я быў заняты ў першых пятнаццаці серыях. Іграў ролю ўчастковага міліцыянера. Гэта своеасаблівы знак брэжнеўскай эпохі. Прыкладам, у адной з серый ён заходзіў у кінатэатр, спыняў кінасеанс і правяраў дакументы ў гледачоў. Давялося сыграць тое, што бачыў некалі сам уласнымі вачыма. Я памятаю яшчэ ўчастковага з маёй вёскі Макуці на Гродзеншчыне, як ён ваяваў з п’янствам і самагонаварэннем пад час чарговай кампаніі.

 

Цікава было працаваць і над роляй Янкі Купалы ў фільме «Код нацыі». Я спрабаваў не капіяваць Івана Дамінікавіча, а адчуць сябе на яго месцы. Фільм быў дакументальны, таму тэксту ў мяне не было, але такія ролі заўсёды бываюць больш складаныя.

 

Зараз знаходжуся ў чаканні новых цікавых прапаноў як у тэатры, так і ў кіно. Па шчырасці, узрост свой не адчуваю, энергіі пакуль хапае. Раней жа, падлеткам, думаў, што чалавек у 60 год – гэта глыбокі стары. Цяпер па-іншаму мяркую. У вольны час люблю адправіцца ў лес, для мяне гэта найлепшы адпачынак. Нараджаюцца нейкія цікавыя задумы, напрыклад, наконт монаспектакля. Пакуль гэта круціцца яшчэ ў маёй галаве. Любы артыст марыць здзейсніць многае, але не ўсе яго мары здзяйсняюцца. Прафесія артыста залежная ад абставін, ад рэжысёра, ад часу, які імкліва збягае. Але ўсё адно жыву надзеяй.

Коласаўскі тэатр віншуе Вадзіма Геральдавіча з юбілеем
і жадае яму моцнага здароўя, невычарпальнай энергіі,
выдатнага настрою, новых цікавых роляў!

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

      

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка