УРОКІ ТЭАТРАЛЬНАЙ ЛАБАРАТОРЫІ НА «СЛАВЯНСКІМ БАЗАРЫ Ў ВІЦЕБСКУ»

14.07.2025
14 ліпеня на камернай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа адбыўся адкрыты паказ для гледачоў вынікаў тэатральнай лабараторыі. Яна ўжо чацвёрты раз праходзіла ў межах Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Кіраваў паказам педагог майстра-класа па акцёрскім майстэрстве, прафесар Расійскага інстытута тэатральнага мастацтва (ГИТИС), кандыдат мастатцвазнаўства Аляксандр Бармак.

На працягу фестывальнага тыдня маладыя артысты Коласаўскага тэатра (Аляксандр Пачкаеў, Мікалай Чарных, Надзея Радзімава і Вераніка Траяноўская) разам са студэнтамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Віцебскага, Гродзенскага і Магілёўскага каледжаў культуры і мастацтваў разбіралі вядомую п’есу класіка рускай савецкай драматургіі Аляксандра Вампілава «Паляванне на качак». Можна зазначыць, што гэты твор – лепшы ў спадчыне гэтага аўтара – даўно ўжо ўпісаны ў шэраг класічай драматургіі. На пачатку апошняга ўрока лабараторыі Аляксандр Аляксандравіч закладаў, так бы мовіць, тэарэтычны фундамент: удакладняў падзейны рад п’есы, задачы дзейных асоб, лініі паводзін герояў. Пасля гэтага ўдзельнікі лабараторыі выканалі на эцюднай аснове два ўрыўкі са знакамітай п’есы («Наваселле» і «У рэстаране», дзе жонка Зілава Галіна запэўніваецца ў здрадзе мужа), прычым другі ўрывак гледачы паглядзелі ў двух складах. Рэжысёр-педагог Аляксандр Бармак не абмяжоўваў артыстаў, таму яны даволі актыўна імправізавалі, агэтая здольнасць з’яўляецца вельмі важным складнікам акцёрскага майстэрства.

Напрыканцы лабараторыі каардынатар праекта «Адукацыйныя лабараторыі» на «Славянскім базары ў Віцебску» Алена Лаўрэнава ўручыла падзячныя лісты ад дырэкцыі фестываля педагогам і ўдзельнікам лабараторыі.



















Добавить комментарий