УНУТРАНЫ ДУШЭЎНЫ ЗАПАЛ ГЕОРГІЯ ЛОЙКІ

24 студзеня вядучы майстар сцэны Коласаўскага тэатра, уладальнік медаля Францыска Скарыны Георгій Мікалаевіч Лойка святкуе 60-гадовы юбілей! Гэтага артыста няма патрэбы прадстаўляць гледачу. Гэта адзін з найбольш папулярных у Віцебску прадстаўнікоў коласаўскай трупы. Спектаклі з яго ўдзелам карыстаюцца попытам, на іх (асабліва на камедыі) з задавальненнем ходзяць гледачы.

З найбольш цікавых роляў Георгія Лойкі, якія на слыху ў кожнага прыхільніка мастацтва – Альберт («Псіхааналітык для псіхааналітыка» Д.Балыка), Ігар («Аднакласнікі» Ю.Куліка), Кочкін («Адэлаіда» Ж.Унгарда), Яўмень («Жарты» (вечар беларускіх вадэвіляў), Філіп Дэбні («Перабор» Х.Бергера), Рыспаложанскі («Банкрут» А.Астроўскага), Джордж Пігдэн («Ён. Яна. Акно. Нябожчык.» Р.Куні), Менахем («Памінальная малітва» Р.Горына), Шыпучын («Смешныя людзі» па аднаактовых п'есах А.Чэхава), Жэронт («Хітрыкі Скапэна» Ж.-Б.Мальера), Сондэрс («Шукаем тэнара!» К.Людвіга). Патэнцыял папулярнага акцёра не абмяжоўваецца рамкамі камедыйнага амплуа. Яго шырокі творчы дыяпазон неаднойчы адзначала крытыка. Гэта пацвердзілі ролі апошніх сезонаў - Макдуф («Макбет» У.Шэкспіра), Жэром Ангюст («Я вольны!» паводле рамана А.Натомб «Касметыка ворага»), Палкоўнік («Не пакідай мяне…» А.Дударава), Сцяпан («Цень думкі нашай...» паводле твораў Ф.Аляхновіча), Іван Каламійцаў («Апошнія» М.Горкага), Антуан («Скрыпкі часам вядуць да вар’яцтва» па п’есе Ф.Саган «Скрыпкі часам»), Іван Пецін і Павел («Яшчэ раз пра каханне» паводле апавяданняў В.Шукшына).

Дзяцінства і юнацтва: першы вопыт, першыя ўражанні

Дзіцячыя гады будучага акцёра прайшлі ў Баранавічах. Прафесійнага тэатра там не было, і галоўныя мастацкія ўражанні складалі кнігі, кіно, тэлебачанне... Бацька працаваў машыністам, таму Георгій запісаўся ў чыгуначную бібліятэку. Перачытаў усе кніжкі пра партызан. З фільмаў асабліва ўпадабаў казкі «Кароль Дроздабарод», «Кароль-алень», камедыю «Тры плюс два» з Андрэем Міронавым. У больш сталым узросце ўразіў Смактуноўскі ў «Гамлеце» і Юрскі – Астап Бэндар у «Залатым цяляці». Дарэчы, гэтую ролю ён пазней сыграе ў інстытуце. Да самадзейнасці ў юнака ніколі асаблівай цягі не было. Але ў дзявятым класе, калі прыйшоў час выбіраць прафесію, звярнуўся да кіраўніцы народнага тэатра Марыі Пячонкінай, каб ведаць, як лепш падрыхтавацца. І яна дапамагла.

Кіраўніком акцёрскага курса ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце быў Валерый Мікалаевіч Раеўскі, галоўны рэжысёр Купалаўскага тэатра. Моладзь у захапленні слухала яго лекцыі, бо ён праходзіў стажыроўку ў самога Юрыя Любімава, паставіў на Таганцы некалькі спектакляў. Майстар вучыў студэнтаў адрозніваць акцёрскі штамп ад сапраўднага мастацтва. З першага курса Георгій браў удзел у масавых сцэнах спектакляў Купалаўскага тэатра: «Аптымістычная трагедыя», «Ажаніцца – не журыцца», «Паўлінка».

Першыя ролі на коласаўскай сцэне

У Коласаўскім тэатры Георгій Лойка пачаў працаваць у 1981 годзе. Першая роля - Юнак у казцы «Пунсовая кветачка». Спачатку ён узнікаў у вобразе пачвары, а потым ператвараўся ў гожага малойца. Каб хутка пераўвасобіцца, на кашулю апранаў каптан, а зверху авечую шкуру. Пакуль выходзіў на паклон, сем патоў сыходзіла.

Дарэчы, на працягу ўсяго сцэнічнага жыцця, як і зараз, Георгій Лойка быў заняты ў многіх дзіцячых спектаклях і стварыў яркія характарныя ролі: Аўторак («Беласнежка і сем гномаў» Л.Усцінава, А.Табакова), Мухамор («Жыла-была Сыраежка» В.Зіміна), Кот («Кошчын дом» С.Маршака), Казёл («Дзень нараджэння ката Леапольда» А.Хайта), Цмок («Легенда пра Валодшу» В.Маслюка, М.Краснабаева), Трагік («Доктар Айбаліт» В.Карастылёва, Р.Быкава), Саветнік («Снежная каралева» Я.Шварца), Стэфэнсэн («Пэппі». Лібрэта Ю.Кіма паводле твораў А.Ліндгрэн), Кароль («Кот у ботах» А.Замкоўскага паводле Ш.Пэро).

 

 

А першай работай, дзе малады артыст даказаў сваю прафесійную годнасць у спектаклях для дарослых, быў князь Бельскі ў «Касатцы» А.Талстога. Пачынаў яе ставіць Яўген Веснік, выдатны майстар Малога тэатра Расіі, акцёр і рэжысёр. Колькі цікавых падказак ён даваў артыстам пад час рэпетыцый! На жаль, потым вымушаны быў з’ехаць на кіназдымкі, дарабляў спектакль ужо другі рэжысёр, і ўсё пайшло ў іншым накірунку.

 

Работы ў кіно

Дарэчы, і сам Георгій Мікалаевіч таксама здымаецца ў кіно. На яго рахунку чатыры мастацкія стужкі. У фільме пра Юрыя Пэна іграў следчага НКУС, які вёў справу пра яго забойства. У расійскім серыяле «Сапраўднае жыццё» зняўся ў 98-й серыі пад назвай «Дзядуля». Галоўны герой, каб не замінаць сыну, сыходзіць у дом састарэлых, знаходзіць там жанчыну свайго ўзросту і жэніцца. Лойка іграў ролю сына. Трэцяя сустрэча з кіно адбылася ў артыста на здымках фільма «Шагал-Малевіч», якія праходзілі ў Віцебску і Санкт-Пецярбургу. Ставіў яго выдатны кінарэжысёр Аляксандр Міта. Георгій Мікалаевіч сыграў ролю камісара НКУС. Па словах артыста, пад час здымак ён пачарпнуў многа цікавага, карыснага для сябе, бо працаваў з сапраўднымі майстрамі. Апошняя з кінаработ – вобраз Якуба Коласа ў стужцы «Янка Купала», прэм’ера якой адбудзецца ў хуткім часе ў Беларусі.

 

Ролі ў спектаклях Баркоўскага – бясспрэчныя ўдачы

У тэатры артыст браўся за самыя розныя сцэнічныя вобразы – камедыйныя, драматычныя, трагедыйныя. Паспрабаваў сябе нават у трагігратэску – вобраз Маладога чалавека ў пастаноўцы Віталя Баркоўскага п’есы «Пісьменныя». Як пісала тэатральны крытык, доктар мастацтвазнаўства Таццяна Катовіч, «яго ігра ўяўляла сабой баланс на мяжы фарса і д’ябальшчыны – Лойка прадстаўляў майстра ігры ў бісер: тонкага мефістофеля, халоднага і ашчаднага, цынічнага, з натужлівым голасам, з несабранымі рухамі – змея, што абвівае і абвісае на целе таго, каго ён спакушае». Лойка аказаўся здольным прыняць і арганічна ўвайсці ў складаную, нязвыклую стылістыку спектакляў Баркоўскага.

За «Пісьменнымі» былі Чырвоны, верхавод мафіі ў сучаснай трагедыі «І нас пацалуе світанак», Найцінгейл у драме Тэнесі Уільямса «Дакрануцца вуснамі да нябёсаў» («Стары квартал»), Мікола ў камедыі «Блудны муж і яго жонка Варвара» Георгія Марчука, Білер у «Тузах» Урса Відмера – бясспрэчныя ўдачы акцёра.

 

Тандэм з Юрыем Пахомавым

Творчай манеры Георгія Лойкі ўласцівыя адточаная тэхніка пераўвасаблення, схільнасць да гратэску, гіпербалізацыі, яркага знешняга малюнка ролі. Ён быццам спалучае ў сабе рысы «класічнага злодзея» і «класічнага коміка». У жыцці зазвычай знешне спакойны, але калі размова пачынае ісці пра ролі, пра творчасць, ён быццам пераўтвараецца, у ім высвечваецца вялікі жар душы.

Варта ўзгадаць яшчэ аднаго рэжысёра – Юрыя Пахомава, які раскрыў Георгія Лойку абсалютна рознабакова. Роля містэра Пігдэна са спектакля «Ён. Яна. Акно. Нябожчык.» паводле камедыі Рэя Куні стала для артыста сапраўды зорнай. Яго герой, стрыманы англійскі джэнтльмен, зацяты халасцяк, які больш за ўсіх на свеце любіць маму, раптам разнявольваецца і пачынае спакушаць усіх жанчын.

 

У «Памінальнай малітве» Рыгора Горына артыст стварыў запамінальны вобраз дзівакаватага і смешнага бедака-няўдачніка Менахема-Мэндла, што марна спрабуе знайсці сваё месца пад сонцам.

 

У апошняй рабоце рэжысёра «Яшчэ раз пра каханне» Георгій Лойка ў першай навеле («Раскас») выходзіць у вобразе цэнтральнага героя Івана Пеціна, якога няверная жонка ахрысціла «пяньком», а ён жа па-сапраўднаму, горача кахае і шчыра, глыбока перажывае яе здраду. У навеле «Восенню» ён – Павел, які ўсё жыццё адпакутаваў нялюбым мужам у сваёй Мар’і.

 

Апошні перыяд – асабліва плённы

Апошні творчы перыяд - асабліва плённы для артыста, які пацвердзіў сваю рэпутацыю, свой імідж сур’ёзнага сцэнічнага творцы. У спектаклі «Макбет» (рэжысёр Валерый Анісенка)  паводле знакамітага твора Шэкспіра ён стварыў глыбока трагедыйны вобраз Макдуфа. Гэта адзін з найбольш моцных сцэнічных характараў, увасобленых артыстам. Менавіта на яго долю выпадаюць цяжкія жыццёвыя выпрабаванні, але Макдуф аказваецца здольным іх пераадолець і ў фінале спектакля менавіта ён забівае тырана. На Міжнародным тэатральным фестывалі «Смаленскі каўчэг» за гэты вобраз Георгій Лойка быў узнагароджаны дыпломам «За лепшае выкананне ролі другога плану».

 

Яшчэ адной значнай работай акцёра з’яўляецца Жэром Ангюст у метафізічным трылеры «Я вольны!» па рамане Амелі Натомб (рэжысёр Аляксандр Дольнікаў). Гэта вельмі цікавы вобраз, яго нават параўноўваюць з героямі Дастаеўскага, як і сам раман з творчасцю вялікага рускага пісьменніка. Калі папярэдні персанаж быў цэльнай натурай і там пры трагічным збегу абставін і наяўнасці знешняга ворага ўсё аказвалася значна прасцей і будавалася на эмоцыях, то тут трэба было паглыбіцца ў глыбокія псіхалагічныя нетры, унутраныя сховы эгацэнтрычнай асобы, закончанага інтраверта. Георгію Лойку, за якім замацаваўся імідж камедыйнага артыста, даўно не ставала такога цікавага сцэнічнага вобраза.

 

У сямейнай драме Максіма Горкага «Апошнія» (рэжысёр Міхась Краснабаеў) Георгій Лойка выконвае ролю цэнтральнага персанажа – Івана Каламійцава. Ён дае сваю, адметную трактоўку гэтай ролі. У спектаклі Каламійцаў не настолькі хітры прайдзісвет, але можа выключна таленавіта апраўдаць свае не самыя годныя ўчынкі, абвінаваціць любога, апроч самога сябе. Робіць гэта вельмі шчыра, апантана, нават пафасна. Іншым разам нават сумневы ўзнікаюць – мо рэшта сумлення ў яго ўсё-ткі засталася? У фінале, пасля смерці брата, ён разам з іншымі адмоўнымі персанажамі не імкнецца адразу пайсці са сцэны. На твары Івана – разгубленасць, агаломшанасць, нават нейкае падабенства роспачы. Магчыма, у яго душы таксама адбываецца нейкі збавенчы пералом?.. Артыст у дадзеным выпадку імкнецца адысці ад павярхоўнага, аднабокага разумення гэтага вобраза, безумоўна, не апраўдваючы яго.

 

А ў ваеннай баладзе Аляксея Дударава «Не пакідай мяне…» (рэжысёр Валерый Анісенка) у вобразе Палкоўніка Георгію Лойку ўдалося перадаць драматызм лёсу гэтага мужнага і высакароднага чалавека, які павінен быць і жорсткім, і трывалым, і непахісным, і ўвесь час падаўляць (у сабе і іншых) недаравальную душэўную слабасць. Кульмінацыйным у існаванні персанажа падаецца эпізод, калі Палкоўнік распавядае Міхасёву пра смерць свайго сына. Толькі на імгненне ён дазваляе сабе быць слабым і разгубленым, але гэтае імгненне напоўніцу паказвае яго гора і душэўную роспач. Слёзы стаяць у ягоных вачах, калі ён п’е за памін душы. І раптам «зрываецца», выліваючы спірт, быццам выплюхвае сваё гора. Сцэна выдатна вырашана рэжысёрам і псіхалагічна дакладна, падрабязна увасоблена акцёрам, сапраўдным майстрам сцэны.

 

Уменне, здольнасць спалучаць псіхалагічную дакладнасць, шчырасць перажыванняў з яркасцю знешняй формы ўласцівыя таленту Георгія Лойкі і ў спектаклі «Цень думкі нашай…» па творах Францішка Аляхновіча (рэжысёр Ніна Обухава), дзе ён стварыў цэнтральны вобраз – Сцяпана. У пачатку, калі ён з’яўляецца на сцэне на добрым падпітку, бачыш, адчуваеш яго поўную роспач і расчараванне ад асэнсавання сваёй нікчэмнасці. Узнёслыя мары, творчы ўздым не для яго, само жыццё, асяроддзе не спрыяла гэтаму, і душа абрасла нейкай набрыддзю. Першая сустрэча з Матыльдай, у якой ён бачыць сваю ўваскрэслую Ганну, – спярша пасяляе ў яго душы нейкі страх, гэта як спатканне з нейкай зданню альбо ценем. Але потым адбываецца ўнутраны выбух, і магутнае пачуццё-жарсць, быццам віхура, ахоплівае героя. Аднак лёс асуджае на новыя пакуты. Ягоная заганная сувязь вядзе да гібелі жонкі, і хворае сумленне пачынае сточваць яго, атручваць непрацяглае шчасце, каб канчаткова забіць у фінале, калі ён даведаецца горкую праўду, што Матыльда – ягоная дачка. Душа Сцяпана трапляе ў клетку назаўсёды, адкуль выбавіцца фактычна немагчыма.

 

У меладраме «Скрыпкі часам вядуць да вар’яцтва» па п’есе Франсуазы Саган Лойка (рэжысёр Дар’я  Марчанка) іграе ролю Антуана, свецкага махляра-ўтрыманца. Цынізм, разбэшчанасць, самаўпэўненасць, прагматызм у спалучэнні са знешнім лоскам, нават арыстакратызмам – усе гэтыя якасці ў значнай ступені характарызуюць героя. Калі ж ён трапляе ў становішча кінутага палюбоўніка, яго ганарлівасць, закранутае самалюбства, адчуванне адзіноты, непатрэбнасці пачынаюць авалодваць, кіраваць яго паводзінамі. Артыст не толькі выдатна раскрывае псіхалогію, паказвае сутнасць перарослага дэндзі, але і выдатна трапляе ў стыль ролі, стылістыку спектакля.

 

Лойка – акцёр запатрабаваны

Сёння Георгій Лойка – адзін з найбольш запатрабаваных артыстаў коласаўскай трупы. Прычына тут палягае ў асаблівай універсальнасці гэтага артыста, у яго вялікім унутраным, творчым патэнцыяле.

Коласаўскі тэатр віншуе вядучага майстра сцэны Георгія Мікалаевіча Лойку
з юбілеем – 60-годдзем з дня нараджэння!
Жадае яму і надалей творчай няўрымслівасці, натхнення, духоўнай моцы, здароўя,
сямейнага дабрабыту, новых яскравых роляў і заслужаных узнагарод!

 

Усіх прыхільнікаў творчасці Георгій Лойкі запрашаем сёння, 24 студзеня, у 19:00,
на спектакль «Бальніца на краі свету»,
дзе артыст іграе галоўную ролю – Кантузава.

Квіткі на спектакль у касе тэатра (тэлефон 62-63-81)
і на сайце kvitki.by.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

           

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка