УЛАДЗІМІР КУЛЯШОЎ. ЁН НАРАДЗІЎСЯ ДЛЯ ТЭАТРА

Сярод майстроў, карыфеяў Коласаўскага тэатра Уладзімір Куляшоў і яго творчасць, вялікая галерэя яго вобразаў займаюць асаблівае месца. Менавіта асоба выканаўцы з’яўляецца, па словах выдатнага расійскага рэжысёра Анатоля Эфраса, ці не галоўным чыннікам поспеху спектакля, яго мастацкай якасці. Гэтага артыста пазнавалі на вуліцы: высокую постаць Уладзіміра Аляксеевіча і яго нізкі бархатны голас немагчыма было зблытаць ні з чым... Прасілі аўтограф, у 60-80-я гады многія віцябляне ведалі артыстаў па прозвішчах... А ён, максімальна засяроджаны на сцэнічным вобразе, думаў, як зусім хутка выйдзе на падмосткі, да сваіх дарагіх гледачоў.

ПАЧАТАК

Уладзімір Аляксеевіч Куляшоў нарадзіўся 26 чэрвеня 1941 года ў шолахаўскіх мясцінах, у станіцы Ніжня-Чыркскай (цяпер Растоўскай вобласці). У дзяцінстве Валодзя вельмі любіў слухаць вершы, якія чытала старэйшая сястра, пачаў цікавіцца літаратурай. Будучы падлеткам, неаднаразова ўдзельнічаў і перамагаў у раённых і гарадскіх конкурсах юных чытальнікаў. Пасля заканчэння школы ў юнака не было сумневаў, куды паступаць. Але вучоба на аддзяленні рускай мовы і літаратуры Валгаградскага педагагічнага інстытута яго не задаволіла. Зразумеў гэта, калі пачаў займацца ў студэнцкім драмгуртку. Ён прыняў смелае рашэнне. Праз 2 гады на філфаку, у 1960-м, паехаў паступаць на акцёра ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут.

Акцёрскі эксперыментальны курс набіраў тады яшчэ малады педагог Аляксандр Іванавіч Бутакоў, а курыравалі яго ўжо тады знакамітыя народныя артысты Беларусі Канстанцін Мікалаевіч Саннікаў (былы коласавец) і Дзмітрый Аляксеевіч Арлоў. У інстытуте пазнаёміўся з Нінай Левашовай, таксама студэнткай, яго будучай жонкай і таксама актрысай.

«Куляшоў нарадзіўся для тэатра», – сцвярджаў Аляксандр Бутакоў. І сапраўды, выдатныя знешнія дадзеныя, зайздроснае ўменне раскрываць знешнюю і ўнутраную сутнасць вобраза, высокая гуманітарная падрыхтоўка, вылучалі яго сярод аднакурснікаў. Яго разам з жонкай запрашалі многія тэатры, але яны выбралі Коласаўскі ў Віцебску.

Маладых акцёраў трупа прыняла з радасцю. Бо ў тэатры якраз не хапала артыста з такімі знешнімі дадзенымі. Высокі рост, статная постаць, абаяльнасць – усе якасці, неабходныя на ролі станоўчых герояў. А такіх у тагачаснай драматургіі было шмат. Яго адразу закідалі ролямі. І ўжо праз чатыры гады Уладзімір Куляшоў стаў заслужаным артыстам БССР.

З ПЕРШЫХ РОЛЯЎ АКЦЁР ЗАЯЎЛЯЕ ПРА СЯБЕ

Першай роляй, сыгранай на коласаўскай сцэне, быў Максім у сучаснай драме Віктара Лаўрэнцьева «Шануй бацьку свайго» (1964). Іграў яе ў пары з народным артыстам СССР Аляксандрам Ільінскім, што спрыяла асаблівай адказнасці.

У сям’і пажылога рабочага Трафіма Кічыгіна трывога. Прыязджаюць у госці  бацька Гардзей Паўлавіч і яго сябар Капітон Ягоравіч. Гардзей – каб пажывіцца чым-небудзь, а Капітон збіраецца паведаміць унуку Максіму, што яго бацькі яму няродныя. Хаця вобраз Максіма быў выпісаны драматургам даволі схематычна, малады артыст Уладзімір Куляшоў здолеў зрабіць яго жывым, абаяльным, па-сапраўднаму драматычным. Дадатковы псіхалагічны пласт дадавала ролі і мінулае героя. Максім з-за радыяцыі не можа мець дзяцей, што ўскладняе яго адносіны з каханай жанчынай. Мужчынскае самалюбства не дазваляе яму сказаць усю праўду Тамары, і ён ідзе на маўклівы разрыў з ёй.

Сярод роляў пачатковага перыяду можна вылучыць вобразы Леанідзіка («Мой бедны Марат» А.Арбузава), Эдмонда («Кароль Лір» У.Шэкспіра), Аскольда («Чатыры крыжы на сонцы» А.Дзялендзіка), Стывена («Гарачае лета ў Берліне» Д.К’юсак), Вайса («Шчыт і меч» В.Кажэўнікава, У.Токарава).

 

Не ўсё, што іграў Куляшоў па першым часе, яму падабалася. Былі ролі, што называецца, «на завал». Начальнікі, чыноўнікі, партыйныя кіраўнікі розных рангаў... Але артыст быў здольны ажывіць, удыхнуць душу нават у схематычныя ролі. Яго героі адрозніваліся ўдумлівасцю, разважлівасцю. На гледача глядзелі са сцэны разумныя, дапытлівыя людзі.

Пераломнай для акцёра стала роля Казіка Жыгоцкага ў інсцэніроўцы рамана Алеся Адамовіча «Вайна пад стрэхамі» (1967), якую паставіў на той час галоўны рэжысёр тэатра Юрый Шчарбакоў. Само прызначэнне артыста на ролю здалося яму поўнай нечаканасцю. Выканаўца прачытаў персанажа з той палкасцю, калі ігра доўга застаецца ў памяці і сведчыць пра значнасць асобы акцёра.

Людзі, падобныя да Казіка, ніколі не былі рэдкасцю. Яны пражылі б жыццё гэтакімі паўфабрыкатамі баязліўца, здрадніка і лакея, так і не выявіўшы сябе, бо не прыйшлося на іх долю добрага і жорсткага агню, здольнага давесці іх да кандыцыі. Для Казіка такім агнём стала вайна, калі смяротная небяспека, страх за сваё жыццё выявілі сапраўдную сутнасць яго – мілягі-гітарыста, філосафа-аматара і прыемнага суседа. І Казік паварочваецца сапраўдным тварам здрадніка, які здраджвае са словамі вернасці на вуснах. Сутнасць сацыяльнага і псіхалагічнага тыпу была схоплена дакладна. Куляшоў сыграў Казіка нечакана востра, бязлітасна да свайго героя. Стала бязвольнай і мехаватай зграбная фігура, ад вечнай боязі голас цьмяны, задушаны, зрываецца ў істэрыцы на нейкі віск (куды дзеўся ранейшы бархат?). Пасля гэтай ролі Куляшоў заявіў пра сябе як пра вострахарактарнага акцёра, у яго быццам адкрылася другое дыханне і вобразы сталі больш аб’ёмнымі, маштабнымі.

Звярнуў на сябе ўвагу артыст і ў эпізадычнай, здавалася б, ролі Вовы-Нікаціна ў спектаклі «Сталявары»  Г.Бокарава (1970). Вова, якога іграў Куляшоў, з былых сталявараў, працаўнікоў, нават проста прыстойных людзей. Свет яго цяпер звузіўся да самага мізэрнага – да піўнушкі. Тут ён свой хлопец. Але на гэтым вузенькім пятачку Вова ўсё ж адчувае сябе няўтульна. Ён прыціскаецца да сцяны, дрыжыць ад холаду. Зарослы, азызлы твар перакошваецца, вочы становяцца пустымі...

Вова ўвесь час бавіць у чаканні. Ён чакае, калі іншыя будуць ісці са змены ці вяртацца сюды ж. Ён з кожным рады ўступіць у кампанію, саслужыць, каб потым нямым позіркамі прасіць сваю «долю». Вова стаў звычайным пабірахам. Але Куляшоў пашырыў драматургічную аснову ролі. Яго герой бярэ ў рукі гітару і спявае песню сталявараў, пра тое, што ля доменных печаў стаяць ужо другія людзі, што цяпер адмянілі гудкі, а некалі па іх звяралі не проста гадзіны, а свае лёсы. І раптам нешта ўздрыганулася ў душы Вовы, якая, здавалася, ужо спіць вечным сном. Роля дзівосным чынам зацямніла некаторыя цэнтральныя вобразы спектакля.

СУСТРЭЧА З КАРАТКЕВІЧАМ – ГАЛОЎНЫ ЭТАП У АКЦЁРСКАЙ БІЯГРАФІІ КУЛЯШОВА

Найбольш яскрава праявіў сябе Уладзімір Аляксеевіч у спектаклях паводле твораў Уладзіміра Караткевіча. Яны былі асабіста знаёмыя і нават сябравалі. Караткевіч вельмі дакладна ацэньваў людзей і з тымі, хто фальшывіў, стараўся трымацца на адлегласці. Куляшоў разумеў, што стварыў аўтар, а Караткевіч разумеў, што іграе артыст. Упершыню яны сустрэліся ў 1974 годзе на рэпетыцыях «Званоў Віцебска».

 

Вось як пісала пра вобраз, створаны выдатным артыстам, кандыдат мастацтвазнаўства, вядомы тэатральны крытык Тамара Гаробчанка: «Апантаны ідэямі уніяцтва, Кунцэвіч–Куляшоў у доўгай чорнай сутане спачатку нагадвае небяспечнага і бязлітаснага фанатыка. Вострыя, пранізлівыя вочы, суровы, мужны твар, велічная стрыманасць – усё выяўляла жорсткі, валявы характар. Але вось Кунцэвіч–Куляшоў застаецца сам-на-сам са сваімі думкамі, са сваім сумленнем. І раптам мы пачынаем адчуваць, што велічны спакой біскупа ўяўны, што за маскай ката хаваецца чалавечая істота, раздзіраемая хістаннямі, якія ледзь прыкметна выяўляюцца ў хвіліны пакутлівага роздуму. Іасафат Кунцэвіч у выкананні Куляшова вырастае ў велічную і трагічную асобу, што нясе на сабе адбітак гістарычных і сацыяльных супярэчнасцей  сваёй эпохі».

 

Прыгадаем таксама сведчанне доктара мастацтвазнаўства Таццяны Катовіч: «Нягледзячы на тое, што Кунцэвіч успрымаўся і дэклараваўся аўтарамі спектакля як вораг горада і веры, ён быў цэнтральным персанажам. Акцёр Уладзімір Куляшоў, высокі, незвычайна прыгожы знешне, з вялікага дыяпазону аксамітным голасам цэнтраваў гэты спектакль, усе астатнія персанажы канцэнтрычнымі кругамі размяшчаліся і множыліся вакол яго фігуры як вакол галоўнай восі. І трагедыя Іасафата Кунцэвіча не проста ўпляталася ў трагедыю горада і паўстання, а яшчэ і станавілася раўназначнай антычнай трагедыі».

А праз тры гады Куляшоў сустрэўся з другім магутным вобразам – Кастуся Каліноўскага ў аднайменнай трагедыі. Артысту імпанавала тая рамантычная ўзнёсласць, да якой ён цягнуўся здаўна, імкнуўся да вялізнай сілы вобраза, да бяздоннай чысціні гэтага чалавека, вымяраў па ім свае думкі, болі, намаганні. «Наступнае пакаленне будзе бліжэй да сонца на вышыню нашых магіл», – з такімі словамі Кастусь Каліноўскі, ні ў чым не здрадзіўшы сабе, сыходзіў у небыццё. За 35 год Куляшоў стварыў больш за 100 сцэнічных вобразаў, але прайшоўшы частку творчага шляху поруч з Караткевічам, зразумеў, што ён, чалавек з берагоў Волгі, невыпадкова апынуўся тут, на гэтай зямлі, у гэтым тэатры. Да апошніх дзён яго жыцця ў яго рабочым кабінеце вісеў партрэт Кастуся Каліноўскага. Прыгожы чалавек з адкрытым тварам і адкінутай назад пасмай валасоў. Яны былі сапраўды вельмі падобныя. Каліноўскі быў свайго роду сімвалам, які звязваў выдатнага артыста з гэтай зямлёй, з гэтай сцэнай.

 

Вось як пісала пра вобраз, створаны акцёрам, выдатны рэжысёр беларускага радыётэатра Соф’я Гурыч: «Мы бачым адухоўленага, інтэлігентнага чалавека, з чыім гераічным і нават трагічным лёсам знаёміць нас спектакль. Ацэньваючы работу выканаўцы ролі галоўнага героя спектакля, варта сказаць: коласаўцы могуць ганарыцца тым, што выхавалі артыста, які здольны ўвасобіць такую складаную па ўнутранаму і знешняму малюнку ролю. Уладзімір Куляшоў у гэтым спектаклі выяўляе складаны комплекс пачуццяў. Ёсць у яго і мажорныя, светлыя сцэны, ёсць драматычныя, якія перадаюць яго адчай, прадчуванне катастрофы. Кастусь Каліноўскі – Куляшоў вабіць сваёй узнёсласцю, самабытнасцю, праўдай».

КЛАСІЧНЫ РЭПЕРТУАР

Вядома ж, артыста такіх магчымасцей, такога шырокага дыяпазону не маглі не задзейнічаць у класічным рэпертуары. Пералічым толькі некаторыя з такіх вобразаў: Лаўрэнсьё («Дурнічка» Лопэ дэ Вегі), Бенедыкт («Многа шуму з нічога» У.Шэкспіра), Лейстэр («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера), князь Валкоўскі («Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.Дастаеўскага), у больш позні перыяд – Крачынскі («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна), Князь («Сымон-музыка» Я.Коласа), Пан («Несцерка» В.Вольскага), Павел («Хам» Э.Ажэшка), Мураў («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага), Прэзідэнт фон Вальтэр («Каварства і любоў» Ф.Шылера), Глостэр і граф Кент («Генры VI» і «Кароль Лір» У.Шэкспіра), Падкалесін і Восіп («Жаніцьба» і «Рэвізор» М.Гогаля), Гаеў («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Эфраім Кэбат («Любоў пад вязамі» Ю.О’Ніла).

   

 

На некаторых спынімся. Бенядзікт у шэкспіраўскай камедыі «Многа шуму з нічога» (1971). Паказаць гэты вобраз ва ўсёй складанасці і шматграннасці – задача цяжкая. Бенядзікт у выкананні Куляшова – мужны, сумленны, разумны, высакародны. Ён шчыры і эмацыянальны ў перадачы пачуццяў – ад вострай іроніі да ахапіўшага яго кахання да Беатрычэ.

Крачынскі ў Куляшова (1981) і халодны арыстакрат, і ганарлівы пан, і імпазантны кумір салонаў і жанчын. Але ва ўсіх інтанацыях гулякі, які ведае, што такое крах, у манеры насіць фрак, у звыклых для яго прыёмах спакушэння праслізгваюць прыкметы былога, зашмальцаванага чалавека. Хоць глядач гэта заўважае і не адразу. Часцей герой Куляшова – спрактыкаваны майстар ашуканства, правакацыі, спакусы і дэмагогіі. Здаецца, усё ў ім адрэпеціравана і стала амаль механічным. Павярнуўся ён – і пастава дуэлянта, гатовага даць удар у адказ. Вось ён рыхтуецца да скачка. Драпежнік, але з ветлівай усмешкай. Праз мінуту ад ветлівасці нічога не застаецца, той жа бляск халодных вачэй высочвае ў суперніку ахілесаву пяту.

Зусім нечакана атрымаў для сябе ролю Паўла ў «Хаме» Э.Ажэшка (1989). Вельмі хваляваўся перад рэпетыцыямі. Некалькі разоў перагортваў аповесць, п’есу. «Не маё гэта!» – у роспачы гаварыў акцёр. І потым, пад час гастроляў у Калінінградзе, не раз узнікалі сумненні. Але побач быў вопытны рэжысёр, цудоўны педагог Барыс Эрын. Добра ведаючы Уладзіміра Куляшова па сумеснай рабоце ў спектаклях «Вяселле Крачынскага», «Філумена Мартурана», «Без віны вінаватыя», рэжысёр усведамляў, што роля Паўла для артыста – эксперымент. Але ж акцёру карысна паспрабаваць сябе ў нязвыклым матэрыяле.

Крытыкі з Масквы, абмяркоўваючы спектакль, адзначылі, што вельмі трапна прызначаны акцёр на ролю Паўла. Маўляў, адчуваецца, што Уладзіміру Аляксеевічу нічога не трэба іграць, ён сам «ад зямлі». А калі рэжысёр зазначыў, што амплуа акцёра – «фрачны герой», ніяк не маглі паверыць.

«Калі б усе былі здольнымі дараваць, як Павел! – шкадаваў акцёр. – Мы часта пад верай разумеем нейкі збор царкоўных законаў, магчымасць пайсці ў царкву, каб пакаяцца за грахі свае і атрымаць дараванне. У Паўла іншая вера – яна як вясёлка, як сама прырода, непадзельная з сусветам, і праз яе ён адчувае сваю сувязь з нечым вышэйшым. І гэта сілкуе яго мужнасць у цяжкія гадзіны».

У спектаклі «Філумена Мартурана» Э.дэ Філіпа (1983) майстар сцэны ў ролі Даменіка Сарыяна паказваў чалавека, падманутага сваім жыццём і галоўнай гераіняй, прадажнай жанчынай. Віртуозна ў спектаклі была сыграна сцэна сваркі Даменіка Сарыяна з Філуменай (народная артыстка БССР Галіна Маркіна). Акцёры дабіваліся поўнай злітнасці з вобразамі герояў, у выніку чаго мы назіралі непадабенства двух розных поглядаў на жыццё. Калі Даменіка даведваецца, што адзін з сыноў Філумены іх агульны, ён ператвараецца. Рухі страчваюць былую свецкую манернасць і паказушнасць. Сарыяна замыкаецца ў сабе. Гэта штуршок, пасля якога ў Даменіка прабуджаецца пачуццё бацькоўства. Магчыма, страх перад адзінотай і быў адзіным берагам душы гэтага чалавека, да якога здолела пракласці мосцік Філумена.

Яго Падкалесін у гогалеўскай «Жаніцьбе» быў мяккім, пластычна пяшчотным, жэсты яго былі плаўнымі, гэта вялікі, высокі і прыгожы чалавек, падобны да дзіцяці і таму як бы не бачны сярод іншых персанажаў. Падкалесін увесь пластылінавы. Але аказваецца, што гэтага чалавека нельга ўзяць нічым. І не таму, што ён непрыстойны і нібы ртуць выслізгваў з рук. Дзіцячасць, наіўнасць героя ўратоўваюць яго ад жаху акаляючага свету. Ён баіцца ўсіх і ўсяго, ва ўсім яму мроіцца пасяганне на яго жыццё. Ён абсалютна безабаронны. І Куляшоў стварыў менавіта такі вобраз чалавека, які бяжыць ад усяго, абсалютнага інтраверта. У пары з народным артыстам Тадэвушам Кокштысам (Качкароў) яны ўяўлялі псіхалагічны і пластычны дуэт антыподаў у бясконцай бітве.

 

ГАЛЕРЭЯ СУЧАСНЫХ ГЕРОЯЎ

За 35 галоў сцэнічнага жыцця народны артыст парадаваў прыхільнікаў і калег вялікай колькасцю надзвычай цікавых разнапланавых работ. Сярод выдатных роляў, сыграных у спектаклях па творах сучаснай драматургіі – Віктар у «Варшаўскай мелодыі» Л.Зорына, Анзор з драмы «Не трывожся, мама!» Н.Думбадзе, Раміз і Здаравяк з драмы «Падобны да льва» Р.Ібрагімбекава, Максім Дракін у «Лёнушцы» Л.Лявонава, Просты чалавек у «Энергічных людзях» В.Шукшына, Таіраў з «Мезазойскай гісторыі» М.Ібрагімбекава, Анчугін і Шаманаў з «Правінцыяльных анекдотаў» і «Летась у Чулімску» А.Вампілава, хірург Галубовіч у «Блытаных сцежках» К.Крапівы, бацька Алега ў «Старым доме» А.Казанцава, прафесар Кірсанаў з «Жыдоў горада Піцера» А.і Б. Стругацкіх, пісьменнік Бачана Рамішвілі з драмы «Закон вечнасці» Н.Думбадзе, Барні Кэшмэн у «Гэтым страсна закаханым» Н.Саймана.

               

У любой ролі – і характарнай, і рэзанёрска-інтэлектуальнай – лёгка знаходзіў і выяўляў схаваную ў яе нетрах супярэчлівую раздвоенасць і шматпланавасць.

Вось, прыкладам, следчы Шаманаў з драмы Вампілава «Летась у Чулімску». Нейкае падабенства сучаснага Пячорына. Страціўшы веру ў справядлівасць (яму настойліва прапанавалі не чапаць сынка ўплывовых бацькоў, які ўчыніў злачынства), ён уцёк ад сябе і людзей ў невялічкі гарадок Чулімск. Ды, здаецца, жыццём сваім не даражыць. У палоне зухаватасці дае ў чужыя рукі ўласны пісталет, і раз’юшаны следчым хлопец страляе. І толькі асечка ўратоўвае яго ад смерці. Такі Шаманаў у першых сцэнах спектакля. Але раптоўна для сябе ён даведваецца пра каханне да сябе маладой Валянціны (Таццяна Ліхачова). Шаманаў паспешліва і здзіўлена хавае палахлівасць перад яе юнай чысцінёй і шчырасцю. Ён баіцца таго незвычайнага, што нясе з сабой каханне Валянціны, бо яно непазбежна парушыць уяўны спакой. З гэтага моманту пачынаецца духоўнае адраджэнне Шаманава. Як сведчыла крытыка, Уладзіміру Аляксеевічу ўдалося стварыць у спектаклі жыццёва дакладны і па-мастацку абагульнены характар.

Да шэрагу станоўчых персанажаў адносіцца пісьменнік Бачана Рамішвілі ў спектаклі «Закон вечнасці». Ён прайшоў вялікі шлях са сваёй краінай, народам. Асабістая крыўда не азлобіла яго (бацькі героя былі рэпрэсаваны пад час сталінскага культу). Прыроджаны розум і гістарычнае разуменне дыялектыкі жыцця загартавалі яго. Спектакль разгортваўся як вялікі маналог-споведзь галоўнага героя, які выяўляў, што галоўны «бог» Бачаны – боль за чалавека і справядлівасць.

Цікавай атрымалася і роля Бары Кэшмэна ў спектаклі «Гэты страсна закаханы». Узорны мужчына ўжо больш за палову жыцця жанаты. Яго спакойнае існаванне стамляе яго. Ён раптам разумее, што заўсёды робіць толькі так, як належыць, і ніколі так, як хацелася б яму самому. Герой хоча змяніць аднастайнасць і спешна пачынае дзейнічаць. Спачатку ён знаёміцца з італьянкай, потым з нейкай правінцыялкай. І самай галоўнай у яго новай гісторыі робіцца жонка сябра Жанэт. Жанчыны раскрываюць вочы на жыццё і яе сэнс. Куляшоў дадаваў да вобраза некаторую наіўнасць, амаль дзіцячую непасрэднасць чалавека, які пачынае адкрываць іншыя бакі жыцця, што дагэтуль былі яму незразумелымі і невядомымі.

РОЛІ Ў КІНО

Вельмі актыўна здымаўся майстар і ў кіно. Сыграў больш за 30 роляў, прычым былі і галоўныя. Напрыклад, у фільме «Чорная бяроза» ён стварыў драматычны вобраз Макара Жураўля, спярша партызанскага камандзіра, а потым дырэктара Мінскага аўтазавода. Запомніліся яго Пархомаў у стужцы «Фруза», Юрый Радамчук у драме «Жыў-быў Пётр».

 

А якія выдатныя, па-акцёрску распрацаваныя былі ў Куляшова ролі другога плана альбо эпізоды! Некаторыя з іх былі сапраўднымі мастацкімі шэдэўрамі (напрыклад, памешчык Іван Ільіч з «Зацішша» Віталя Чацвярыкова ці цыганскі барон з «Чорнага бусла», Родзька са «Шляхціца Завальні» рэжысёра Віктара Турава). Апошняй работай у кіно была роля казака ў фільме пра слуцкае паўстанне «На чорных лядах» паводле Васіля Быкава.

 

 

Восень 1999 года стала трагічнай. 22 верасня не стала народнага артыста Беларусі Уладзіміра Аляксеевіча Куляшова, выдатнага майстра, акцёра выдатных магчымасцей, шырокага інтэлекту і вялікага дыяпазону. Яго ўнёсак у сцэнічнае мастацтва Беларусі неацэнны.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
          

           

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка