У НАТАЛЛІ АЛАДКІ – ЮБІЛЕЙ!

30 сакавіка адзначае юбілейную дату Наталля Аляксандраўна Аладка – адна з вядучых майстроў коласаўскай сцэны. Яна артыстка таго пакалення, якое прыйшло ў тэатр імя Якуба Коласа ў сярэдзіне 80-х гадоў і ўпэўнена, плённа заявіла пра сябе. Яе аднакурснік Міхась Краснабаеў, а зараз мастацкі кіраўнік Коласаўскага тэатра, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Рыгор Шацько і Валянцін Салаўёў, вядучы майстар сцэны Генадзь Гайдук. На іх фоне Наталля Аладка здолела ярка раскрыць сябе.

У 1985 годзе яна скончыла Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (курс народнай артысткі СССР Аляксандры Клімавай і Андрэя Карсакоўскага), год адпрацавала ў Брэсцкім абласным драматычным тэатры імя ЛКСМБ. Там даведалася, што ў Віцебску шукаюць выканаўцу на ролю Настачкі ў новай рэдакцыі «Несцеркі», якую збіраўся ўвасобіць Валерый Мазынскі, колішні галоўны рэжысёр Коласаўскага тэатра. Спектакль у новай рэдакцыі так і не выйшаў, але Наталля Аладка ўсё ж сыграла Настачку ў 1990 годзе, праўда, у старой рэдакцыі, якую ўзнавіў народны артыст СССР і  БССР Фёдар Шмакаў.

Каля 70 роляў увасобіла Наталля Аладка на коласаўскай сцэне. Пачынала з лірычных гераінь - Асоль з «Ветразяў» (інсцэніроўка Валянціна Лукшы паводле Аляксандра Грына), Пыжова з «Каманды» і Волечка са «Сцэн ля фантана» Сямёна Злотнікава, Верачка з аднайменнай п’есы Андрэя Макаёнка, пазней была Хрысціна са «Сродку Макропуласа» Карэла Чапека, Б’янка з «Утаймавання наравістай» Уільяма Шэкспіра, Раіса з «Касаткі» Аляксея Талстога. Актрыса ніколі не задавальнялася знешнім пластам ролі, а імкнулася павярнуць яе іншым бокам, выцягнуць нешта глыбока прыхаванае ў ёй. Пераломнай для сябе сама актрыса лічыць вобраз Марысі з «Залётаў» Дуніна-Марцінкевіча. Гэта быў шлях да роляў іншага плану – характарных, камедыйных, а пазней і драматычных. Сярод першых можна вылучыць Ірыну з «Аднакласнікаў» Юрыя Куліка, Джэйн са спектакля «Ён. Яна. Акно. Нябожчык.» Рэя Куні, Жаклін з «Лекара мімаволі» Мальера, Дораці з «Перабору» Херберта Бергера, Дар’я з «Жартаў» паводле беларускіх вадэвіляў, сярод больш складаных, якія патрабавалі больш тонкай псіхалагічнай распрацоўкі – Верачка з «…таму што люблю...» паводле Алены Паповай, Мышка з «Метамарфозаў кахання» Іштвана Эркеня, Ганна з драмы Юліі Чарняўскай «Ліфт», Служанка з «Дома Бернарды Альбы» Лоркі…

Паспрабавала сябе актрыса не толькі ў традыцыйнай, але і ў эксперыментальнай форме дзякуючы Віталю Баркоўскаму, які ўвасобіў на камернай сцэне фантазіі па Кантару «Так знікае каханне». Гэта быў чыста пластычны спектакль, абсалютна без тэксту.

Пэўнай нечаканасцю для актрысы стала запрашэнне яе на цэнтральную ролю мадмуазэль Русэ – Пышкі ў мюзікле «Дыліжанс» Уладзіміра Кандрусевіча паводле навелы Гі дэ Мапасана. Быў моцны ўнутраны супраціў. Але рэжысёру Сяргею Кулікоўскаму ўдалося пераканаць актрысу, што яму, спектаклю патрэбна менавіта такая выканаўца, здольная прыўнесці ў вобраз драматызм, паказаць складаны жыццёвы лёс гераіні.

Асаблівую вядомасць і папулярнасць прынеслі актрысе музычна-паэтычныя вечары, ініцыятарам, пастаноўшчыкам і адной з выканаўцаў якіх яна выступіла разам з вядучым майстрам сцэны Святланай Жукоўскай. За пяць год выйшла чатыры праграмы. Адным з такіх вечароў – «Как я люблю глубину твоих ласковых глаз…» – адкрыўся ў Маскве Дзелавы і культурны цэнтр Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі. Потым нарадзіўся спектакль «Калісь глядзеў на сонца я…», прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Сама актрыса выступіла не толькі сааўтарам інсцэніроўкі, адным з рэжысёраў, але і выканала ролю Марыі Апанасаўны, маці паэта. Летась спектакль таксама ўбачыла маскоўская публіка і годна ацаніла. У творчых планах Наталлі Аладкі і Святланы Жукоўскай – вечар беларускага раманса.

У апошнія сезоны сярод роляў, сыграных актрысай, вылучаюцца: Людміла Сяргееўна з «Афінскіх вечароў» Пятра Гладзіліна, Марыя з фантазіі паводле твораў Францішка Аляхновіча «Цень думкі нашай…», спадарыня Проціч з «Доктара філасофіі» Браніслава Нушыча, Клара з «Дурнічкі» Лопэ дэ Вегі, але найперш Раксана з камедыі Сяргея Гіргеля «Самая жаданая» – яе Наталля Аладка іграе ў творчым тандэме з народным артыстам Беларусі Тадэвушам Кокштысам.

У гэты святочны дзень мы віншуем з юбілеем Наталлю Аляксандраўну!
Зычым ёй моцнага здароўя, святочнага настрою, ажыццяўлення самых смелых планаў і задум,
новых яскравых роляў і цікавых музычных праграм!

Свой юбілей Наталля Аладка адзначыць на коласаўскай сцэне 2 красавіка!
Запрашаем усіх на спектакль «Самая жаданая»!

Квіткі на спектакль можна набыць
у касе тэатра (тэлефон 62-63-81)
ці на сайце КВІТКІ.БАЙ.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

      

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка