У МАІ НА КОЛАСАЎСКАЙ СЦЭНЕ – ГАСТРОЛІ МАГІЛЁЎСКАГА АБЛАСНОГА ДРАМАТЫЧНАГА ТЭАТРА

17-18 мая на коласаўскай сцэне адбудуцца гастролі заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра. Госці з горада на Дняпры пакажуць спектаклі для дарослых і дзяцей.
17 мая (19:00) – вадэвіль «БЯДА АД ПЯШЧОТНАГА СЭРЦА».

Вадэвіль – кароль тэатральных падмосткаў. Рэжысёр Міхась Лашыцкі прадстаўляе акцёрскую імправізацыю на тэму старога добрага вадэвіля. А дакладней, двух вадэвіляў – «Бяда ад пяшчотнага сэрца» Уладзіміра Салагуба і «Аз і ферт, ці Вяселле з вензелямі» Паўла Фёдарава.
Першы сюжэт – пра сватанне сына багатага адкупніка, які прыязджае з Тамбова ў Пецярбург. Юнак ніяк не можа вызначыцца з выбарам нявесты, яго пяшчотнае сэрца адклікаецца на кожны заклік – яму падабаюцца абсалютна ўсе дзяўчаты. А ў нявестаў і іх матуль – свой разлік: мільённая спадчына!
Другі вадэвіль – таксама пра сватанне, тут абшарнік шукае прыдатнага жаніха для сваёй дачкі. Галоўны крытэрый – ініцыялы будучага зяця, бо пасаг ужо пазначаны вензелем «А.Ф.» – не прападаць жа дабру! Нявеста, вядома ж, з планамі ашчаднага таткі не згодна і ўжо завяла раман з бедным мастаком…
Гумар, кураж і музыка – усё гэта застанецца пры вадэвілі. Мы пераніцуем даўнейшы жанр і напоўнім яго зусім новым, сучасным сэнсам і зместам, зробім максімальнае блізкім сённяшняму гледачу і абсалютна дэмакратычным!
У спектаклі гучыць музыка інды-рок гурта «ili-ili».

У вадэвілі «Бяда ад пяшчотнага сэрца» галоўныя ролі выконваюць Мікалай Раманоўскі / Дзмітрый Дудкевіч (Залатнікоў), Вадзім Арціменя (Аляксандр), Вольга Мацюшка (Дар'я Сямёнаўна), Ульяна Захарава (Маша), Юлія Ладзік (Насценька), Алена Крыванос (Кубыркіна), Амалія Старавойтава /Лізавета Кароткая (Каця), Андрэй Корзан /Павел Зароўскі (Слуга).
У вадэвілі «Аз і Ферт» галоўныя ролі выконваюць Аляксей Цыбін (Мардашоў), Наталля Калакустава (Марфа Сямёнаўна), Лізавета Кароткая (Любачка), Аляксандр Куляшоў / Аляксандр Мацюшка (Фіш), Андрэй Корзан / Павел Зароўскі (Фадзееў), Яўгенія Белацаркоўская (Акуліна).
Узроставае абмежаванне – 12+. Спектакль ідзе на рускай мове.
Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81)
і на сайтах kvitki.by і 24afisha.by.
18 мая (19:00) – рамантычная камедыя «Я БЯРУ ГЭТАГА ХЛОПЦА» Джэка Шаркі.

Кажуць, што добрыя хлопцы на дарозе не валяюцца. Амерыканскі драматург Джэк Шаркі з бляскам аспрэчвае гэта сцверджанне! У яго п'есе ўсё ідзе з дакладнасцю да наадварот. Гідэон Холіс, чароўная жыхарка сучаснага Бостана, раптам знаходзіць сваё каханне… проста ў сябе пад нагамі. Шчаслівай знаходкай аказваецца малады красун Брэт (ён жа – Антоніа), што страціў памяць падчас марафону. Але мала знайсці шчасце – яго яшчэ трэба ўтрымаць. Цямлівая Гідзі пускае ў ход усю фантазію, розум і жаночыя чары, багаты арсенал хітрыкаў і інтрыг, каб заваяваць каханне Брэта.
Ці атрымаецца ў разумніцы Гідзі, заручыўшыся падтрымкай адданай сяброўкі, абвесці вакол пальца акружаючых: жаніха сяброўкі, паслужлівага паліцыянта і, галоўнае, свайго закаханага? Пра гэта вы даведаецеся з камедыі, якую паставіў рэжысёр і артыст Магілёўскага тэатра драмы Уладзімір Пятровіч. З вялікім запалам працуе ў спектаклі акцёрскі склад – галоўным чынам, гэта моладзь.

У спектаклі занятыя: Аляксандр Мацюшка / Часлаў Вількін (Брэт), Вераніка Баранава / Юлія Ладзік (Гідэон / Гідзі), Вольга Ліфпуц / Анастасія Іваненка (Шарлен), Максім Чарнюк / Данііл Самкнулаў (Дэкс), Мікалай Раманоўскі / Аляксей Цыбін (паліцыянт Джад).
Узроставае абмежаванне – 16+. Спектакль ідзе на рускай мове.
Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81)
і на сайтах kvitki.by і 24afisha.by.
Для юных гледачоў у гастрольныя дні будзе паказана музычная казка «ЦАРЭЎНА-ЖАБКА» па матывах рускай народнай чароўна казкі.

…У нейкім царстве, у нейкай дзяржаве жыў-быў мудры цар. Загадаў ён сваім сынам нявестаў шукаць. Пусцілі браты Пётр ды Іван з лука кожны па страле: куды страла трапіць, там і нарачоная. Страла малодшага брата трапіла ў балота да жабкі.
Вось тут і пачаліся сапраўдныя дзівосы! А яшчэ – прыгоды і выпрабаванні. Усім давялося падужацца: цару-бацюхну – за будучыню сваіх сыноў і царства-дзяржавы, царэвічам і іх нявестам – за шчасце ды каханне.
Следам за Іванам-царэвічам мы адправімся на пошукі Васілісы. Пралезем нязведанымі сцежкамі ў зачараваны цёмны лес, дзе жывуць нязнаныя звяры – і яны абавязкова прыйдуць на дапамогу нашаму герою!
Казка Магілёўскага тэатра – пра пошук свайго шчасця і доўгую чараду выпрабаванняў на шляху да яго. Але ж знайсці шчасце – гэта яшчэ не ўсё, трэба здолець яго ўсцерагчы! А для гэтага давядзецца змагацца са сваімі страхамі, навучыцца рабіць выбар паміж дабром і злом, праўдай і хлуснёй, вычынам і здрадай.

Рэжысёр, аўтар інсцэніроўкі – Каміля Хусаінава. Мастак Ала Сарокіна. Кампазітар Аляксандр Баль. Харэограф Дзмітрый Мураўёў.
Ролі выконваюць: Вадзім Арціменя / Максім Чарнюк (Іван-Царэвіч), Юлія Ладзік / Вольга Мацюшка (Васіліса), Аляксей Цыбін / Андрэй Корзан (Пётр), Алена Крыванос, Ірына Дунчанка (Агаф'я), заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Васіль Галец / Аляксандр Куляшоў (Цар), Аляксандр Мацюшка, Аляксандр Палішчук, Павел Зароўскі, Ягор Шабетнік, Борыс Шумілін, Цімур Карэпін (Блазны).
Узроставае абмежаванне – 6+. Спектакль ідзе на рускай мове.
Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81).
Чакаем вас 17 і 18 мая ў Коласаўскім тэатры
на гастролях Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра!


















Добавить комментарий