У КОЛАСАЎСКІМ ТЭАТРЫ – З ДЗЯЦІНСТВА. АКТРЫСА ВОЛЬГА КУЛЯШОВА АДЗНАЧАЕ ЮБІЛЕЙНУЮ ДАТУ

Добрыя прыродныя дадзеныя – прыемнага тэмбру голас, чыстае прыгожае маўленне, прывабная, яркая фактура гераіні, а таксама прывітыя выдатнымі настаўнікамі пачуццё меры і густу, адчуванне стылю спектакля і ролі, здольнасць да асваення самых разнастайных характараў – усё гэта вызначае актрысу Вольгу Куляшову, якая сёння, 8 жніўня, адзначае юбілейную дату.

Дзіцячыя гады

Нарадзілася Вольга Куляшова ў 1966 годзе, адразу пасля прыезду яе бацькоў – Уладзіміра Аляксеевіча Куляшова і Ніны Васільеўны Левашовай – у Віцебск. Усё дзяцінства прайшло ў тэатры, сярод дэкарацый, грымёрных столікаў і шумнага натоўпу акцёраў. Такі лёс усіх акцёрскіх дзяцей.

Вось як сама Вольга Куляшова ўспамінае той час: «Я вельмі сябравала з Генам Дубавым. Мы былі аднагодкамі, жылі па суседству і праводзілі шмат часу разам. Нават вучыліся разам пісаць літары. Гэта я дакладна памятаю. Тады Дубавы жылі на старой кватэры на Фрунзе і мама часта завозіла мяне туды. Мы разам чакалі бацькоў пасля спектакля. Гэта былі першыя вопыты чыстапісання і чытання. У яго была парта, гэта было вельмі прэстыжна, у мяне парты не было. У нас была з ім «вайна» за яе. Але часцей за ўсё мы сустракаліся ў тэатры. І не толькі з Генам, але і з усімі астатнімі тэатральнымі дзецьмі. Нас была цэлая армія. Усе мы раслі разам, у тэатры, за кулісамі. Дарэчы, у кожнага быў свой любімы спектакль. У мяне – «Клеменс» Казіса Саі, у Гены – «Блэз» Клода Манье».

Вядома, на фармаванне Вольгі Куляшовай як асобы асаблівы ўплыў аказаў бацька, народны артыст Беларусі Уладзімір Куляшоў: «Успамінаю, з якой любоўю і пашанай тата адносіўся да сваіх блізкіх людзей. Яго вельмі хвалявала і ўсцешвала, калі я прыходзіла глядзець спектаклі, дзе ён іграў. Сам сустракаў мяне на службовым уваходзе, чакаў, быццам рыцар. Гэта было вельмі кранальна. Я цяпер разумею, што для яго было вельмі важна ўбачыць у зале родныя вочы».

У школе Вольга хацела стаць біёлагам, любіла прыроду, займалася ў гуртку юных натуралістаў і нават атрымлівала граматы. Пра тэатр думала менш за ўсё. У старэйшых класах зацікавілася паэзіяй, вядома, не без уплыву бацькоў.  Аднойчы на ўроку яе выклікалі пачытаць Блока. Чытала 45 хвілін – выдала ўсё, што накапілася, з’явілася нейкае жаданне падзяліцца тым духоўным багажом, што прыйшоў да яе ад бацькоў. Для настаўніцы і ўсяго класа гэта стала адкрыццём. Дарэчы, педагог, сама прыхільніца коласаўскіх акцёраў, і параіла паступаць у тэатральны.

Першыя ролі

Кіраваў курсам выдатны беларускі рэжысёр Андрэй Фёдаравіч Андросік. Пасля першых крокаў на коласаўскай сцэне Вольга перайшла ў Альтэрнатыўны тэатр (Мінск), хоць і ў Віцебску былі цікавыя работы, напрыклад, Мар’я Антонаўна ў «Рэвізоры», які ставіў Барыс Эрын. Тут сышліся ўсе ўтрох: мама іграла Ганну Андрэеўну, бацька – Восіпа. Сярод іншых работ – мадам Карлье («Блэз» К.Манье). Але запрасілі ў Мінск, там фактычна сабраўся ўвесь  курс, і гэты кліч аказаўся мацнейшым. Потым, па прычынах фінансавых, тэатр быў расфарміраваны, і актрыса вярнулася ў Віцебск.

Цягам дваццаці пяці гадоў яна сыграла розныя ролі: камедыйныя, драматычныя, лірычныя, багата было казачных персанажаў. Як мяркуе сама Вольга Куляшова, артысту важна паспрабаваць розныя жанры. Калі ён іграе толькі камедыйныя ролі ды казкі, гэта ненармальна, акцёр пачынае «хварэць». У той жа час ёсць выканаўцы, якія выдатныя комікі ад Бога. Яны самі гэта разумеюць і не вельмі імкнуцца сыграць іншыя ролі. У творчасці самой Вольгі Уладзіміраўны пераважалі вобразы, дзе перапляталіся смешнае і драматычнае. Напрыклад, Даша («Сола для гадзінніка з боем» О.Заградніка), Ілона з «Метамарфоз кахання» («Гульня з кошкай») І.Эркеня, Ласкіна з «Пазычанага шчасця» Ф.Палачаніна альбо Мамаева з «Мудрацоў» А.Астроўскага.

 

Мастацкі вынік быў відавочны

У актрысы ёсць добрая ўласцівасць – гэта цудоўнае пападанне ў стылістыку спектакляў, па-мастацку асабліва вытанчаных, інтэлектуальных. Асабліва тут прыгадваюцца спектаклі Віталя Баркоўскага: «Жанна» Ж.Ануя (Агнеса), «Пісьменныя» М.Чокэ (Медсястра), «Дакрануцца вуснамі да нябёсаў» Т.Уільямса (Нёрсі), «Зямля» паводле Я.Коласа (Кветка шчасця) і іншыя.

Актрыса і па сёння з вялікай цеплынёй прыгадвае творчае супрацоўніцтва з Генадзем Шкуратавым ў спектаклі «Адэлаіда» Ж.Унгарда і Антонам Грышкевічам у «Фрэкен Юліі» А.Стрындберга. Мастацкі вынік быў відавочны, пэўна таму, што гэтыя рэжысёры ішлі ад акцёра, улічвалі яго індывідуальнасць. Вобразы Люські і Хрысціны, створаныя Вольгай Куляшовай, сталі сапраўдным творчым прарывам.

Вобраз Хрысціны («Фрэкен Юлія») для маладой актрысы быў першым сутыкненнем з матэрыялам такога ўзроўню. Выканаўца стварыла складаны, шматзначны характар, насычаны пачуццёвасцю, з высокім градусам эмоцый і жарсцяў. Кожны з герояў бачыць свой сон, які сутнасна выяўляе яго падсвядомыя жаданні. Сон Хрысціны расшыфроўваўся пластычна – дзяўчына лавіла рукамі пустое паветра.

У вобразе Люські з «Адэлаіды» актрыса Вольга Куляшова знаходзіла не толькі камедыйныя (згодна з жанрам п’есы і спектакля), але і драматычныя, тужлівыя ноткі. Люську было шкада з-за яе няўдачлівасці. У нечым яна была падобнай да гераінь Таццяны Васільевай з іх жыццёвай актыўнасцю і прыхаваным смуткам. Пэўна ж, лёс галоўнай гераіні Адэлаіды нейкім чынам праекцыяваўся і на гэты вобраз, створаны Вольгай Куляшовай.

 

Вельмі ўдзячна актрыса і Рыду Таліпаву, які разгледзеў у ёй такія рэчы, пра якія Вольга і сама не ведала. Разлічвала на сумесную работу ў далейшым, але жыццё, на жаль, унесла свае карэктывы.

Сустрэча з Астроўскім

Паводле Астроўскага, Мамаева са спектакля «Мудрацы» - гэта адзiная гераiня, якая па сваiх разумовых здольнасцях можа зраўнавацца з Глумавым, таму Ягору Дзмiтрыевiчу трэба так тонка сыграць страсць, каб самому амаль паверыць у iлюзорнае пачуццё. У спектаклi адбывалася крыху iнакш. Каханне, захопленасць Глумавым спярша асляпляюць розум Мамаевай, i яна робіцца слабой, безабароннай жанчынай. А потым помсцiць, жорстка помсцiць за сваю прынiжаную жаночую годнасць. Вольга Куляшова будавала гэты вобраз на кантрасце: у першай дзеi – гратэск, буфанада, у другой – узнiкае драматызм, i тады мы бачым моцны валявы жаночы характар.

 

У сённяшнім рэпертуары

На сёння ў Вольгі Уладзіміраўны ёсць работы як у дзіцячым, казачным рэпертуары, так і ў даволі сур’ёзнай дарослай драматургіі. Да ліку першых можна аднесці вобразы Ізольды (Вялікай Чараўніцы Кошкі) са спектакля «Усе мышы любяць сыр» па п’есе венгерскага драматурга Дзьюлы Урбана, Лісы з казкі Васіля Ткачова «Як воўк мамай быў», Воблачка з «Агнявога Льва» Андрэя Кружнова.

 

Асаблівую ўвагу звяртаюць на сябе такія персанажы з сучаснай замежнай драматургіі, як П’ерэта з дэтэктыву Рабэра Тама «Восем закаханых жанчын», Агуста з меладрамы Франсуазы Саган «Скрыпкі часам вядуць да вар’яцтва» і міс Пэціктан з камедыі «Мая жонка – падманшчыца» Маргарэт Мэё і Морыса Энэкена. Бадай, адзінае, што іх аб’ядноўвае, – гэта адзінота, жаночая неўладкаванасць, абдзеленасць каханнем, мужчынскім клопатам. Адрознівае – непадобнасць характараў. Моцная, незалежная, здольная высмеяць, пакпіць, выставіць на паказ  чалавечыя заганы, прагматычная П’ерэта.

   

Хітраватая, сабе на розуме Агуста, якая таксама не супраць урваць добры кавалак. А яшчэ яе апякае каханне-жарсць да Антуана, які далёкую сваячку свайго былога апекуна цярпець не можа. Магчыма, за яе хцівасць, крывадушнасць. У нейкім сэнсе гэта крывое люстэрка тых пачуццяў, што агортваюць пару цэнтральных герояў – Шарлоту і Леапольда.

 

У гэтых ролях актрысе спатрэбілася яе ўменне адчуваць стылістыку вобраза, стыль спектакля, калі адмоўныя, агідныя персанажы хаваюцца за прыгожай абгорткай, здольнасцю прывабна падносіць сябе праз касцюм, вытанчанасць пластыкі.

А вось зусім іншая работа – старая дзеўка міс Пэціктан з камедыі «Мая жонка – падманшчыца». Недарэчная, нягеглая, вартая жалю. Тут актрыса даказала сваю здольнасць працаваць і ў жанры камедыі становішчаў, што, натуральна, пашырыла яе дыяпазон.

 

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа
віншуе актрысу Вольгу Уладзіміру Куляшову з юбілейнай датай
і зычыць ёй моцнага здароўя, творчага даўгалецця,
далейшага ўдасканалення свайго майстэрства,
новых цікавых роляў на карысць беларускага сцэнічнага мастацтва!

Добавить комментарий

Положение
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

АЦАНІЦЕ РАБОТУ НАЦЫЯНАЛЬНАГА АКАДЭМІЧНАГА ДРАМАТЫЧНАГА ТЭАТРА ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА
НА ПАРТАЛЕ
РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ ЯКАСЦІ АКАЗАННЯ ПАСЛУГ І АДМІНІСТРАЦЫЙНЫХ ПРАЦЭДУР
АРГАНІЗАЦЫЯМІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                    

                    

              

 

 

X